Быцень (Івацэвіцкі раён)
аграгарадок у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Бы́цень[1] (трансліт.: Bycień, руск.: Бытень) — аграгарадок у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Быценскага сельсавета. Насельніцтва 1911 чал. (2014). Знаходзіцца за 28 км на паўночны ўсход ад Івацэвічаў, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Даманава; на аўтамабільнай дарозе Івацэвічы — Слонім.
Аграгарадок
Быцень
| ||||||||||||||||||||||||
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Быцень як маёнтак у Слонімскім павеце Новагародскага ваяводства, уладанне роду Давойнаў датуецца 12 мая 1555. Пазней мясцовасць перайшла да князёў Сямёна Адзінцэвіча і Фёдара Галаўні, у 1560 — да Яна Хадкевіча. Станам на 1570 тут было 25 дамоў, 11 кастрычніка 1570 Соф’я Хадкевіч адпісала трэцюю частку маёнтку свайму пляменніку Я. Хадкевічу, таго ж года Станіслаў і Крыштаф Андрушкевічы прадалі яму свае землі ў наваколлі.
У кан. XVI ст. Быцень перайшоў да шляхецкага роду Трызнаў. У 1607 Рыгор Трызна з жонкай Раінай Сапяжанкай фундавалі тут будову манастыра, які неўзабаве зрабіўся апорай грэка-каталіцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1615 Папа Рымскі надаў манастыру прывілей на адкрыццё духоўнай школы (навіцыянту). Тутэйшым настаяцелем быў Іасафат Кунцэвіч. У 1626 Мікалай Трызна заснаваў у Быцені шпіталь на 10 месцаў. 30 ліпеня 1640 у сваім тэстаменце ён перадаў манахам мястэчка і маёнтак Быцень, а таксама завяшчаў пахаваць сябе ва Успенскай царкве.
У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) Быценскі манастыр даў прытулак базыльянам з Вільні, Полацку, Віцебску, Мінску. Настаяцель Б. Цярлецкі вывез сюды з Віленскага Траецкага манастыра цудоўны абраз Маці Боскай. Апроч таго, тут захоўваўся абраз Жыровіцкай Маці Боскай.
У пач. XVIII ст. у Быцені збудавалі мураваную Траецкую царкву, у 1730—1737 у ёй паставілі разны іканастас і 11 алтароў. З 1766 у мястэчку працавала суконная фабрыка. У 1779 па працяглых судовых працэсах маёнтак перайшоў у валоданне нашчадкаў Трызнаў — Тызенгаўзаў.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Быцень апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Слонімскім павеце. У 1839 пры скасаванні уніі расійскія ўлады інтэрніравалі ў Быценскі манастыр непакорных уніяцкіх святароў[4]. Станам на 1858 у мястэчку было 134 двары. У 1864 дзеля русіфікацыі края адкрылі народнае вучылішча. На 1866 у Быцені існавалі валасная і грамадская ўправы, 2 царквы, сінагога, школа, суконная фабрыка, заезны дом, нямала крамаў, базар; за 2 вярсты ад мястэчка — маёнтак Планта, у ім бровар, піўны і соладавы заводы. У 1890 пачало працаваць мукамольнае прадпрыемства.
- Цэрквы Св. Іасафата і Успення
- План манастыра
- Царква Св. Іасафата, з боку апсіды
- Званіца
У Першую сусветную вайну Быцень занялі нямецкія войскі, пазней бальшавікі. 24 лютага 1919 аддзел польскага войска пад камандаю маёра Уладзіслава Дамброўскага адбіў мястэчка з рук бальшавікоў. Ён прымусіў уцякаць кіраўніцтва 4-га Рэвалюцыйнага Варшаўскага палка Чырвонай арміі, здабылі цяжкі кулямёт, ваенную кухню, 100 ручных кулямётаў, 500 гранатаў, мільён куляў да кулямётаў і два тэлефоны. У палон трапілі 50 салдат. Польскі бок страціў 1 забітага і 8 параненых. У змаганні асабліва вызначыліся падпаручнікі Валентыновіч, Марэшка і Барскі, а таксама артылерысты з панцарнага цягніка 'Канёў'[5]. Аднак гэта быў толькі правакацыйны наступ, па якім польскія сілы пакінулі мястэчка. Быцень быў заняты зноў 28 лютага аддзелам капітана Шчэнсновіча, у часе наступу польскіх войскаў у бок ракі Шчары. 1 сакавіка бальшавікі атачылі мястэчка. З яго вырвалася толькі польская кавалерыя, а пяхота засталася ў Быцені і баранілася да канца. У змаганнях загінулі 10 польскіх салдат разам з падпаручнікам Фалькоўскім, астатнія, у тым ліку 4 цяжка параненыя з падпаручнікам Сабалеўскім, патрапілі ў бальшавіцкі палон. Змаганне паміж польскімі і бальшавіцкімі сіламі трывала да 6 сакавіка, калі мястэчка канчаткова заняла польскае войска ў выніку смелага наступу аддзелу капітана В. Камяроўскага з групы войскаў генерала В. Івашкевіча-Рудашанскага[6]. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.
У 1939 Быцень увайшоў у БССР, дзе ў 1940 стаў цэнтрам раёна Баранавіцкай вобласці (з 8 студзеня 1954 у Брэсцкай вобласці). Статус паселішча панізілі да вёскі. У гэты час тут працавалі пачатковая школа, бальніца, пошта, лесапільны завод, шавецкая і кравецкая арцелі. У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 да 10 ліпеня 1944 Быцень знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. 14 кастрычніка 1957 вёска ўвайшла ў склад Івацэвіцкага раёна (з 25 снежня 1962 да 6 студзеня 1965 у Бярозаўскім раёне). Станам на 1970 тут было 699 двароў, на 2014 — 835 гаспадарак. У 2008 годзе вёсцы нададзены статус аграгарадка[7]. У 2011 годзе да Быценю далучаны тэрыторыі суседніх вёсак Зарэчча і Козіна[8].
- Царква Св. Іасафата
- Вуліца мястэчка
- Касцёл
- Манастыр па I СВ
- Званіца
- Брама
- Алтар
- Інтэр'ер
Быценская суконная фабрыка
Быценская суконная фабрыка дзейнічала ў 1766—1914 y мястэчку Быцень. У час паўстання 1794 разбурана, за перыяд 1796—1858 адноўлена і значна расшырана. Да 1890 вырабляла сукны, пасля — шарсцяныя коўдры. Сыравіна — воўна авечак. У 1860 дзейнічаў паравы рухавік, y 1879 працавала 17 ткацкіх станкоў, 6 часальных і 46 прадзільных машын, y 1913 — паравая машына (20 к.с.) і паравы кацёл, былі прадзільнае, ткацкае і апрэтурнае аддзяленні. Працавала да 90 рабочых (1878).
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1830 — 398 муж., з іх шляхты 14, духоўнага саслоўя 28, мяшчан-іўдзеяў 205, мяшчан-хрысціян і сялян 150, жабракоў 1[9]; 1858 — 975 чал., у тым ліку 403 праваслаўныя, 63 каталікі, 509 іўдзеяў[10]; 1886 — 1281 чал.; 1888 — 1513 чал.; 1897 — 2681 чал., з іх 1614 іўдзеяў
- XX стагоддзе: 1905 — 2318 чал.; 1950 — 1847 чал.; 1970 — 2292 чал.[11]; 1979 — 2373 чал.; 1990 — 2759 чал.[12]; 1997 — 1947 чал.
- XXI стагоддзе: 2002 — 1674 чал.; 1 студзеня 2008 — 1772 чал.
Інфраструктура
У Быцені працуюць КБА, сярэдняя школа, школа-інтэрнат, дашкольная ўстанова, бальніца, паліклініка, клуб, бібліятэка, пошта, лазня.
Славутасці
- Былая ўніяцкая, цяпер праваслаўная Свята-Успенская царква (XVІI ст.).
- Парк пры былой сядзібе Кралецкіх.
Страчаная спадчына
- Царква Святога Іасафата (пач. XVІII ст.)
- Касцёл Святога Юзафа (1932 г.)
- Сінагога
Вядомыя ўраджэнцы
- Мікола Грынчык (1923—1999) — беларускі пісьменнік і літаратуразнавец.
- Любоў Грынчык (1923—2009) — беларуская спявачка і гітарыстка.
- Леанід Васілевіч Макарэвіч (нар. 1939) — беларускі архітэктар.
- Абрахам Равіч (англ.: Abraham Ravich; 1899—1983) — амерыканскі вучоны ў галіне ўралогіі.
Зноскі
- Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- Ізабела Гатоўчыц. Галасы стагоддзя. Мінулы век у памяці сучаснікаў // «Радыё Свабода», 1995—2000.
- Адам Мальдзіс. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека(недаступная спасылка). — Мн., 1990.
- Алесь Зайка. Быцень: багатая гісторыя былога мястэчка Архівавана 11 сакавіка 2010. // «Газета для вас» № 13 (691), 27 сакавіка — 3 красавіка 2009.
- Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 59—60.
- Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 64.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 414.
- Byteń (2) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. S. 518.
- Мікалай Камінскі, Валерый Шаблюк. Быцень // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 152.
- Мікалай Камінскі, Валерый Шаблюк. Быцень // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 151.
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.