From Wikipedia, the free encyclopedia
Брэсцкі мір — мірны дагавор Савецкай Расіі з Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй. Падпісаны ў Брэст-Літоўску 3 сакавіка 1918 г., ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерасійскім з’ездам Саветаў 15 сакавіка 1918 г. і германскім імператарам Вільгельмам II 26 сакавіка 1918 г. Дагавор падпісалі з савецкага боку Р. Я. Сакольнікаў, Г. В. Чычэрын, Р. І. Пятроўскі, Л. М. Карахан. З боку Германіі Р. фон Кюльман, М.Гофман, ад Аўстра-Венгрыі А.Чэрлін, ад Балгарыі А.Тошаў, ад Турцыі І. Хакі-Паша і інш.
26 кастрычніка (8 лістапада) II Усерасійскі з’езд саветаў прыняў Дэкрэт аб міры. Часовы рабоча-сялянскі ўрад (Савет народных камісараў) Расійскай Рэспублікі[1] прапанаваў усім ваюючым краінам пачаць перагаворы аб справядлівым міры, заключыўшы на гэты перыяд трохмесячнае перамір’е на ўсіх франтах. 7 лістапада СНК РСФСР аддаў загад аб прыпыненні баявых дзеянняў з мэтаю адкрыцця мірных перагавораў. 8 лістапада нарком па замежных справах РСФСР Леў Давыдавіч Троцкі даслаў тэкст дэкрэта паслам краін Антанты і зноў прапанаваў заключыць усеагульнае перамір’е, адказу зноў не было[2].[3]. 9 (22) лістапада Савецкі ўрад загадаў Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму генерал-лейтэнанту М. Духоніну неадкладна ўступіць у перагаворы з камандаваннем непрыяцельскіх армій аб узаемным прыпыненні ваенных дзеянняў. Але ні М. Духонін, ні саюзныя Расіі па Антанце ўрады не далі адказу на зварот СНК Расійскай Рэспублікі. М. Духонін заявіў аб непрызнанні савецкага ўрада і 20 лістапада (3 снежня) быў адхілены ад пасады. Новым Вярхоўным галоўнакамандуючыі быў прызначаны бальшавік прапаршчык М. Крыленка. Раніцай 9 лістапада СНК звярнуўся да арміі і флоту, заклікаўшы салдат і матросаў узяць у свае рукі справу міру, выбраць упаўнаважаных для перагавораў аб перамір’і з праціўнікам. Аб усіх мерах прадпісвалася дакладваць непасрэдна СНК, які пакідаў за сабою права падпісаць канчатковы прэлімінарны дагавор.
Заключэнне «салдацкіх міроў» і франтавых перамір’яў, з пункту гледжання СНК, было ваенна-тэхнічным, а не дзяржаўна-палітычным мерапрыемствам, удзел прадстаўнікоў грамадзянскіх Саветаў і мясцовага працоўнага насельніцтва прыфрантавой паласы ў гэтай справе падаваўся залішнім, таму іх прадстаўнікі да выпрацоўкі і заключэння мясцовых перамір’яў не прыцягваліся.
14 лістапада Германская імперыя дала згоду на афіцыяльнае вядзенне перагавораў, 18 лістапада да яе далучылася Аўстра-Венгрыя. На думку нямецкага камандавання, сепаратны мір з Расіяй павінен быў пазбавіць армію ад неабходнасці вядзення вайны на 2 фронты і дазваляў пачаць наступальныя аперацыі на заходнім фронце. Немцы глядзелі на мір як на магчымасць за кошт пераможанай Расіі і акупіраваных абласцей былой Расійскай імперыі папоўніць свае збяднелыя за час вайны харчовыя і сыравінныя запасы. Перагаворы пачаліся 20 лістапада у Брэст-Літоўску, дзе размяшчалася камандаванне нямецкіх войск на ўсходнім фронце. 2 снежня было падпісана пагадненне аб перамір’і з Германскай імперыяй і яе саюзнікамі. 9 снежня у будынку інжынернага ўпраўлення Брэсцкай крэпасці пачаліся мірныя перагаворы. У склад савецкай дэлегацыі ўвайшлі А. А. Біцэнка, А. А. Іофэ, Л. Б. Каменеў, Л. М. Карахан, М. М. Пакроўскі. Савецкі бок выставіў у якасці асновы дагавору прынцыпы дэмакратычнага міру без анексій і кантрыбуцый. 12 снежня Р. фон Кюльман ад імя германа-аўстрыйскага блоку заявіў аб далучэнні да асноўных тэзісаў савецкай дэкларацыі пры ўмове, што да іх далучацца і ўрады краін Антанты. 17 снежня Л. Д. Троцкі накіраваў зварот да народаў і ўрадаў краін Антанты і ЗША «з апошняй прапановай прыняць удзел у мірных перагаворах», але неўзабаве зварот зноў застаўся без адказу. 27 снежня Р. фон Кюльман заявіў, што паколькі Антанта не далучылася да перагавораў, германскі блок лічыць сябе вольным ад савецкіх мірных прапаноў. Пачаўся другі этап канферэнцыі, які вызначыўся абвастрэннем супярэчнасцей паміж удзельнікамі перагавораў. У Германіі за больш жорсткія ўмовы міру выступілі прадстаўнікі галоўнага штаба Паўль фон Гіндэнбург і Эрых Людэндорф. У Расіі таксама нарастаў апазіцыйны рух у адносінах да будучага міру.
У цэнтры дыскусіі ўдзельнікаў канферэнцыі, апынуліся пытанні, звязаныя з паняццем «самавызначэння нацый». Немцы патрабавалі прызнання на самавызначэнне для Курляндыі, Літвы, Ліфляндыі, Польшчы і Эстляндыі. Савецкая дэлегацыя сцвярджала, што самавызначэнне ва ўмовах нямецкай акупацыі немагчыма, і патрабавала вывесці нямецкія войскі з захопленых тэрыторый. Істотны ўплыў на гэтым этапе перагавораў зрабіла пазіцыя дэлегацыі Украінскай Народнай Рэспублікі, прызнанай у снежні 1917 г. Савецкай Расіяй. Дэлегацыю Украіны ўзначальваў эсэр У. А. Галубовіч. На канферэнцыю прыбылі таксама беларуская і польская дэлегацыі. Троцкі згадзіўся прызнаць паўнамоцтвы ўкраінцаў, але выступіў супраць удзелу ў канферэнцыі прадстаўнікоў Беларусі і Польшчы, як не прызнаных Савецкім урадам. Выкарыстаўшы адмову Антанты далучыцца да перагавораў, немцы патрабавалі ад Расіі адарвання тэрыторыі плошчаю больш за 150 тыс. км². Граніца павінна была праходзіць па лініі: на ўсход ад маанзундскага архіпелага і Рыгі, на захад ад Дзвінска, каля мястэчка Відзы і далей да Брэст-Літоўска, далей на поўдзень яна павінна была вызначацца пагадненнем паміж Германіяй, Аўстра-Венгрыяй і Украінай. Такім чынам паводле патрабавання Германіі пад яе кантроль пераходзілі Літва, Польшча, палова тэрыторыі Беларусі і частка Латвіі. У сувязі з такой сітуацыяй па прапанове Троцкага быў зроблены перапынак і ён выехаў у Петраград для кансультацыі з кіраўнікамі Савецкай Расіі, Троцкі прапанаваў абвясціць вайну спыненай, войска дэмабілізаваць, але мір не падпісваць. У. І. Ленін выказаўся за прыняцце тактыкі ненатуральнага зацягвання перагавораў. Пры галасаванні, большасць падтрымала прапанову Троцкага. Яна не дазваляла абвінаваціць Савецкі ўрад у здрадзе прынцыпам усеагульнага дэмакратычнага міру, пазбаўляла краіны Антанты фармальнай падставы для інтэрвенцыі супраць «здрадзіўшай» Расіі. 17 студзеня перагаворы аднавіліся і праходзілі ў напружаных абставінах. Гэта было звязана найперш з пашырэннем на Украіне паўстання супраць УНР, справакаванага бальшавікамі, і абвяшчэннем 12 снежня 1917 г. Савецкай Украіны. У студзені па просьбе ўрада Савецкай Украіны, прыбылі вайсковыя атрады з Савецкай Расіі, пачалося наступленне на Кіеў. У Брэст-Літоўск прыбыла дэлегацыя Украінскай рабоча-сялянскай рэспублікі, але краіны германскага блоку адмовіліся яе прызнаць. 12 студзеня Цэнтральная рада УНР абвясціла пра выхад Украіны са складу Расіі і стварэнне незалежнай дзяржавы — УНР, на чале з Цэнтральнай радай. Германскі блок прызнаў УНР і ў ноч на 27 студзеня падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, які даў падставу для акупацыі Украіны аўстра-германскімі войскамі. У той жа дзень Р. фон Кюльман ва ўльтыматыўнай форме запатрабаваў ад савецкай дэлегацыі даць адказ на прапанаваныя раней умовы міру. 28 студзеня Л. Д. Троцкі выступіў з дэкларацыяй, якая грунтавалася на аснове рашэнняў 3-га з’езда Саветаў. Прыняўшы да ведама заяву Кюльмана, што непадпісанне Расіяй мірнага дагавору аўтаматычна спыняе перамір’е, савецкая дэлегацыя пакінула Брэст-Літоўск. Троцкі і яго прыхільнікі выходзілі з таго, што немцы не змогуць выступіць супраць Савецкай Расіі з-за рэвалюцыйнага ўздыму ў Германіі і Аўстра-Венгрыі. 14 лютага Брэсцкую дэкларацыю афіцыйна падтрымаў Усерасійскі ЦВК. 18 лютага аўстра-германскія войскі пачалі наступленне па ўсім фронце. У той жа дзень на пасяджэнні ЦК РСДРП(б) пасля вострай барацьбы з «левымі камуністамі» на чале з М. І. Бухарыным, якія выступалі за працяг рэвалюцыйнай вайны, большасць выказалася за падпісанне міру. Раніцай 19 лютага У. І. Ленін ад імя СНК РСФСР накіраваў германскаму ўраду радыёграму са згодай на падпісанне міру. Аднак нямецкае наступленне працягвалася. Былі заняты Дзвінск, Мінск, акупіравана значная частка Беларусі. 23 лютага германскі ўрад запатрабаваў неадкладна ачысціць ад рускіх войск Ліфляндыю, Украіну, Фінляндыю і Эстляндыю, дэмабілізаваць рускую армію, аднавіць невыгадны для Расіі руска-германскі дагавор 1904 г. На прыняцце ўльтыматуму давалася 48 гадзін. У той жа дзень было вырашана прыняць германскія мірныя ўмовы. Супраць выказаліся меншавікі-інтэрнацыяналісты, правыя і левыя эсэры, максімалісты і анархісты. 24 лютага для падпісання дагавору ў Брэст-Літоўск выехала савецкая дэлегацыя. 1 сакавіка яна атрымала канчатковы тэкст мірнага дагавору, які складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Ад Расіі аддзяліліся Курляндыя, Літва, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі Карс, Ардаган і Батум. Украінская Народная Рэспубліка і Каралеўства Фінляндыя прызнаваліся самастойнымі дзяржавамі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн км² з насельніцтвам больш за 50 млн чалавек. Савецкая Расія абязана была дэмабілізаваць армію і флот, прызнаць дагавор паміж Цэнтральнай радай УНР і Германскай імперыяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з радай і вызначыць мяжу паміж РСФСР і УНР. Брэсцкі мір навязваў нераўнапраўныя эканамічныя пагадненні, аднаўляў для рускіх нявыгадныя мытныя тарыфы 1904 на карысць Германіі.
3 сакавіка 1918 года Брэсцкі мір быў афіцыйна падпісаны ў Брэст-Літоўску прадстаўнікамі Савецкай Расіі, якія адмовіліся ад далейшага абмеркавання яго ўмоў. Цырымонія падпісання адбылася ў Белым палацы Брэсцкай крэпасці[4].
Брэсцкі мір фармальна завяршыў перыяд удзелу Расіі ў Першай сусветнай вайне, з’явіўся вынікам няздольнасці Расіі працягваць вайну, краіна знаходзілася ў стане эканамічнага крызісу. Старая армія распалася, новая не была створана.
Нежаданне ўрада РСФСР выконваць умовы Брэсцкага міру было зразумела ўсім удзельнікам перамоваў яшчэ ў момант яго падпісання і не хавалася савецкімі лідарамі. «Гульня ў кошкі-мышкі», якая пачалася ў Брэст-Літоўску, працягнулася і пасля ратыфікацыі пагаднення. У адным выпадку германскія ўлады амаль «злавілі» бальшавікоў 9 чэрвеня 1918 года Людэндорф склаў разгорнуты мемарандум аб сілавым адхіленні бальшавікоў ад улады, а 12 чэрвеня Кюльман прадставіў Іофе, які з’яўляўся з канца красавіка паслом у Берліне, «завуаляваны ультыматум», згодна з якім, калі савецкія войскі не спыняць напады на часці, дыслакаваныя ў раёне Таганрога, а Чарнаморскі флот не вернецца ў парты прыпіскі да 15 чэрвеня, то «германскае камандаванне будзе вымушана распачаць далейшыя меры». Насуперак меркаванню Троцкага, Ленін прыняў умовы ўльтыматума, што дапамагло пазбегнуць наступстваў. Пры гэтым многія экіпажы Чарнаморскага флоту, якія павінны былі вярнуць свае караблі з Наварасійска ў заняты германскай арміяй Севастопаль, узарвалі іх, не дапусціўшы перадачы Германскай імперыі.
Забойства пасла Мірбаха 6 ліпеня стварыла новы крызіс. У выніку ўлады Германскай імперыі распачалі апошнюю спробу паставіць свае адносіны з Савецкай Расіяй на больш трывалую аснову, заключыўшы 27 жніўня дадатковую (сакрэтную) двухбаковую дамову з бальшавікамі. Згодна з фінансавай часткай гэтай дамовы РСФСР абавязвалася выплаціць — у якасці кампенсацыі «за шкоду, нанесеную ў выніку расійскіх дзеянняў» і расходаў на ўтрыманне ваеннапалонных — кантрыбуцыю ў памеры 6 мільярдаў марак (2,75 мільярда рублёў): у тым ліку 1,5 мільярды рублёў золатам (245,5 тоны), 545,44 мільёна — крэдытнымі абавязацельствамі, а яшчэ адзін мільярд — пастаўкамі сыравіны і тавараў. У верасні савецкім урадам былі адпраўлены два «залатыя эшалоны», у якіх знаходзілася 93,5 тоны золата; дадзеная пастаўка засталася адзінай. Пасля Версальскага мірнага дагавора амаль усё золата, якое паступіла, было пасля перададзена ўраду Францыі ў якасці нямецкай пасляваеннай кантрыбуцыі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.