Брандэнбург (правінцыя)
правінцыя Прусіі (1815—1947) From Wikipedia, the free encyclopedia
правінцыя Прусіі (1815—1947) From Wikipedia, the free encyclopedia
Брандэнбург (ням.: Brandenburg) — правінцыя каралеўства Прусія і Вольнай дзяржавы Прусія. З’яўляючыся калыскай прускай дзяржавы, Брандэнбургскае курфюрства афіцыйна стала правінцыяй Прусіі толькі пасля распаду Свяшчэннай Рымскай імперыі ў 1806 годзе. У 1815 годзе ў выніку прускіх адміністрацыйных рэформ правінцыя была рэарганізавана і атрымала новыя граніцы. Пасля 1945 года большая частка Брандэнбурга была перададзена Польшчы. На астатняй тэрыторыі ў 1947 годзе была створана зямля Брандэнбург.
Брандэнбург Brandenburg | ||||
---|---|---|---|---|
| ||||
Брандэнбург у граніцах 1815 года |
||||
Даведкавая інфармацыя | ||||
Сталіца |
Патсдам (1815—1827), Берлін (1827—1843), Патсдам (1843—1918), Берлін (1918—1946) |
|||
Плошча | 38 274 км² (1939)[1] | |||
Насельніцтва | 3 007 933 чал. (1939)[1] |
Брандэнбург з самага пачатку з’яўляўся неад’емнай часткай прускай дзяржавы. Яшчэ ў 1618 годзе брандэнбургскія Гогенцолерны атрымалі ў спадчыну прускае герцагства, у выніку чаго была ўтворана асабістая унія Брандэнбург-Прусія і курфюрсты Брандэнбурга адначасова станавіліся герцагамі Прусіі. Пасля таго як брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых III у 1701 годзе абвясціў сябе каралём Прусіі, тым самым ператварыўшы прускае герцагства ў каралеўства, назва «Прусія» паступова распаўсюдзілася і на ўсе ўладанні Гогенцолернаў як у граніцах Свяшчэннай Рымскай імперыі, так і за яе межамі, хоць фармальна яна тычылася толькі ўладанняў прускага караля за межамі Свяшчэннай Рымскай імперыі. Пры гэтым іншыя ўладанні прускага караля, якія ўваходзілі ў Свяшчэнную Рымскую імперыю, аж да яе развалу ў 1806 годзе фармальна не з’яўляліся тэрыторыямі Каралеўства Прусія.
У 1815 годзе па выніках Венскага кангрэса па заканчэнні вызваленчых войнаў тэрыторыя Прусіі была значна павялічана. Для лепшай арганізацыі тэрыторыі дзяржавы ў Прусіі была праведзена адміністрацыйная рэформа, якая прадугледжвала поўную перабудову правінцыйнага падзелу і заснаванне пасады обер-прэзідэнта ў правінцыях.
Правінцыя Брандэнбург у яе новых граніцах стала адной з дзесяці новаарганізаваных правінцый і ўключала курфюрства Брандэнбург разам з Ноймаркам на ўсход ад Одэра, але без Альтмарка на захад ад Эльбы (які быў уключаны ў склад правінцыі Саксонія). Акрамя таго, у новую правінцыю Брандэнбург таксама ўвайшла і Ніжняя Лужыца. Рэзідэнцыя ўрада спачатку знаходзілася ў Патсдаме, затым у 1827—1843 гадах — у Берліне, у 1843—1918 гадах — ізноў у Патсдаме, затым да 1945 года ў Шарлотэнбургу, які ў 1920 годзе стаў берлінскім раёнам.
На тэрыторыі правінцыі ў 1815/1816 гадах былі створаны тры адміністрацыйныя акругі:
Аднак ужо ў 1821 годзе акруга Берлін была скасавана і далучана да акругі Патсдам. У 1881 годзе Берлін фармальна выйшаў са складу правінцыі Брандэнбург, атрымаўшы правінцыйныя правы на самакіраванне, тым не менш афіцыйна ён усё ж лічыўся як пазараённы горад у складзе акругі Патсдам. У 1920 годзе частка паселішчаў з акругі Патсдам была таксама перададзена ў склад Берліна.
1 красавіка 1881 года Берлін выйшаў з правінцыйнага саюза з Брандэнбургам і атрымаў правы правінцыі, хоць афіцыйнага статусу правінцыі горад так і не здабыў. У 1920 годзе прылеглыя да Берліна тэрыторыі ўвайшлі ў межы горада новага Вялікага Берліна, у тым ліку і горад Шарлотэнбург, у якім размяшчаўся ўрад правінцыі Брандэнбург.
Пасля прыходу да ўлады нацыянал-сацыялістаў і пачатку палітыкі гляйхшальтунга правінцыі фактычна страцілі сваё значэнне. Функцыі обер-прэзідэнта Брандэнбурга з гэтага часу былі перакладзены на гаўляйтараў партыйнага гау Брандэнбург.
Пасля ліквідацыі ў 1938 годзе правінцыі Позен-Заходняя Прусія ў правінцыю Брандэнбург былі ўключаны раёны Шверын-на-Варце, Мезерыц і часткова Бомст, а Брандэнбург адпаведна перадаў правінцыі Памеранія раёны Фрыдэберг і Арнсвальдэ. З 21 сакавіка 1939 года правінцыя стала афіцыйна насіць гістарычную назву Брандэнбургская марка (ням.: Provinz Mark Brandenburg).
У адпаведнасці з рашэннямі Патсдамскай канферэнцыі 1945 года ўсходняя частка Брандэнбурга (большая частка акругі Франкфурт) па лініі Одэр — Найсэ дасталася Польшчы і ў наш час уваходзіць у склад Любушскага ваяводства.
Заходняя частка былой правінцыі Брандэнбург (без Берліна) у 1946 годзе ўтварыла зямлю Брандэнбург у складзе савецкай акупацыйнай зоны, якая ў 1949 годзе стала адной з зямель Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Аднак ужо ў 1952 годзе ў выніку адміністрацыйнай рэформы ў ГДР усе землі былі ліквідаваны, а на іх месцы былі ўтвораны 15 акруг. Пасля уз’яднання Германіі ў 1990 годзе была зноў утворана сучасная зямля Брандэнбург, якая, аднак, трохі адрозніваецца ў граніцах ад сваёй папярэдніцы. Ні ва ўтвораным у 1946 годзе, ні ва ўзноўленым у 1990 годзе Брандэнбургу адміністрацыйныя акругі больш не ствараліся.
У рэльефе Брандэнбурга вельмі ясна выступалі два рады ўзвышшаў і два рады нізін. Паміж абедзвюма нізінамі — шырокая, плоская, ледзь прыпаднятая раўніна, зрэзаная мноствам рэк і каналаў і пакрытая балотамі і азёрамі. Шырокія прасторы займалі хваёвыя лясы і верасасовішчы. Пераважалі пясчаныя глебы; на ўзвышшах — глеба гліністая з лёгкай прымешкай чарназёму. Найбуйнешай ракой правінцыі з’яўляўся Одэр са сваімі прытокамі Варта, Нетцэ, Стобераў (Stobberow), Вельзэ, Фінаў (Finow), Найсэ і Бобер. Усяго на тэрыторыі правінцыі знаходзілася да 600 азёр з агульнай вадзяной плошчай у 580 кв. км. Па развіцці вадзяных шляхоў зносін Брандэнбург займаў першае месца сярод іншых прускіх правінцый[2].
Важнымі галінамі здабыўной прамысловасці Брандэнбурга з’яўлялася здабыча торфу, бурага вуглю, вапны, гіпсу, каменнай солі і гліны. Вялікія лясы — пераважна хваёвыя, але таксама і ліставыя, давалі мноства ляснога матэрыялу. Галоўнымі земляробчымі прадуктамі правінцыі былі ячмень і жыта, часткова пшаніца, затым грэчка і кармавая трава. Таксама культывавалася бульба, цукровы бурак, лён, пянька, марэна і фарбоўнік, а таксама, пераважна ў вялікіх маёнтках — рапс. Апрацоўваўся і тытунь. Значнай галіной сельскай гаспадаркі таксама з’яўлялася жывёлагадоўля. Брандэнбург з’яўляўся асноўным пастаўшчыком шэрсці ў Прусіі. Значна былі развіты рыбалоўства, паляванне і пчалярства. Таксама вялікага значэння дасягнула шаўкаводства[2].
Фабрычная дзейнасць правінцыі атрымала ў найноўшы час незвычайнае развіццё. Акрамя Берліна, цэнтрамі апрацоўчай прамысловасці з’яўляліся гарады Патсдам, Шпандау, Брандэнбург, Ратэнаў, Ораніенбург, Нойштат-Эберсвальдэ, Прэнцлау, Лукенвальдэ, Ютэрбаг, Франкфурт, Ландсберг, Штэрнберг, Зомерфельд, Котбус, Лукау, Фінстэрвальдэ, Калау і Зорау. Самымі значнымі галінамі фабрычнай дзейнасці ў правінцыі з’яўляліся шарсцяная, суконная і палатняная вытворчасці, фабрыкацыя шаўковых і паўшаўковых матэрый і афарбоўванне іх. Таксама ў правінцыі мелася мноства фабрык, якія выраблялі пазументавы тавар, хусткі, набіваны паркаль, папяровыя тканіны. Значнымі былі таксама гарбарні, тытунёвыя фабрыкі, паравыя млыны, машынабудаўнічыя заводы, фабрыкі бронзавых вырабаў, чыгуналіцейныя і жалезаапрацоўчыя заводы, заводы меднакацельныя і латуневых вырабаў, шкляныя і фарфоравыя фабрыкі, заводы па вытворчасці гліняных вырабаў, хімічныя лабараторыі, мылаварныя і свячныя фабрыкі. Вельмі значным было таксама і вінакурэнне, асабліва бульбяное[2].
У 1881 годзе горад Берлін быў вылучаны з правінцыі Брандэнбург у самастойную адміністрацыйную адзінку, хоць і не быў збудаваны ў ранг самастойнай правінцыі. Такім чынам, тэрыторыя Брандэнбурга без Берліна склала ў 1881 годзе 39.838 км² (разам з Берлінам — 39.893 км²). Насельніцтва Брандэнбурга (без Берліна) у 1885 годзе складала 2.342.411 чалавек, большасць з якіх складалі немцы за выключэннем каля 45 тысяч вендаў у Ніжняй Лужыцы. Пераважная большасць насельніцтва (амаль 2,3 мільёна чалавек) правінцыі належала да пратэстантаў. Таксама мелася каля 58 тысяч каталікоў і 12 тысяч яўрэяў[2].
Тэрыторыя і насельніцтва правінцыі Брандэнбург у 1900 годзе:[3]
Административный округ | Площадь, км² | Насельніцтва, чал. | Колькасць раёнаў | |
---|---|---|---|---|
сельскіх | гарадскіх | |||
Акруга Патсдам | 20.639,66 | 1.929.304 | 14 | 6 |
Акруга Франкфурт | 19.198,18 | 1.179.250 | 17 | 5 |
Усяго па правінцыі | 39.837,84 | 3.108.554 | 31 | 11 |
У 1920 годзе тэрыторыя Берліна была значна пашырана за кошт навакольных раёнаў. Да насельніцтва старога Берліна ў 1,9 млн чалавек дадалося яшчэ каля 1,9 млн жыхароў, у тым ліку 1,2 млн чалавек з 7 былых самастойных гарадоў, такіх як, напрыклад, Шарлотэнбург, Шпандау, Шонеберг і Кёпенік. Такім чынам, Вялікі Берлін ахапіў тэрыторыю ў 878 км².
Тэрыторыя і насельніцтва правінцыі Брандэнбург у 1925 годзе:[4]
Адміністрацыйная акруга | Плошча, км² | Насельніцтва, чал. | Колькасць раёнаў | |
---|---|---|---|---|
сельскіх | гарадскіх | |||
Акруга Патсдам | 19.836 | 1.299.894 | 14 | 5 |
Акруга Франкфурт | 19.200 | 1.292.525 | 17 | 5 |
Усяго па правінцыі | 39.036 | 2.592.419 | 31 | 10 |
Рэлігійны склад насельніцтва ў 1925 годзе: 92,1 % — пратэстанты; 5,3 % — каталікі; 0,1 % — іншыя хрысціянскія канфесіі; 0,3 % — яўрэі; 2,1 % — іншыя канфесіі[4].
Плошча і колькасць насельніцтва правінцыі і асобных яе адміністрацыйных акруг станам на 17 мая 1939 года ў граніцах на 1 студзеня 1941 года і колькасць раёнаў на 1 студзеня 1941 года:[1]
Адміністрацыйная акруга | Плошча, км² | Насельніцтва, чал. | Колькасць раёнаў | |
---|---|---|---|---|
сельскіх | гарадскіх | |||
Акруга Патсдам | 19.886,25 | 1.691.343 | 14 | 5 |
Акруга Франкфурт | 18.387,96 | 1.316.590 | 17 | 5 |
Усяго па правінцыі | 38.274,21 | 3.007.933 | 31 | 10 |
Размеркаванне насельніцтва па розных тыпах населеных пунктаў у залежнасці ад іх велічыні па агульнай колькасці жыхароў, паводле даных перапісу насельніцтва 1925 года[4] і станам на 17 мая 1939 года[1]:
Год | Доля насельніцтва па катэгорыях населеных пунктаў па колькасці жыхароў | ||
---|---|---|---|
менш за 2.000 жыхароў | 2.000 — 100.000 жыхароў | больш за 100.000 жыхароў | |
1925 | 50,6 % | 49,4 % | 0,0 % |
1939 | 38,7 % | 56,8 % | 4,5 % |
Найбуйнейшымі гарадамі правінцыі Брандэнбург з’яўляліся (паводле даных 1925 года):[4]
Пасада обер-прэзідэнта ўведзены ў Прусіі паводле ўказу ад 30 красавіка 1815 года пра паляпшэнне арганізацыі правінцыйнага кіравання (ням.: Verordnung wegen verbesserter Einrichtung der Provinzial-Behorden).
Гады | Обер-прэзідэнт | Партыя |
---|---|---|
1815—1824 | Георг Крысціян фон Гайдэбрэк | |
1825—1840 | Фрыдрых Магнус фон Басевіц | |
1840—1848 | Аўгуст Вернер фон Медынг | |
1848—1849 | Роберт фон Патаў | |
1849—1850 | Клеменс фон Вольф-Метэрніх | |
1850—1862 | Эдуард фон Флотвел | |
1862—1862 | Вернер фон Зельхаў | |
1862—1879 | Густаў фон Ягаў | |
1879—1899 | Генрых фон Ахенбах | |
1899—1905 | Тэабальд фон Бетман-Гольвег | |
1905—1909 | Аўгуст фон Трот цу Зольц | |
1909—1910 | Фрыдрых Вільгельм фон Лёбель | |
1910—1914 | Альфрэд фон Конрад | |
1914—1917 | Рудальф фон дэр Шуленбург | |
1917—1919 | Фрыдрых Вільгельм фон Лёбель | |
1919—1933 | Адольф Маер | НДП |
1933—1936 | Вільгельм Кубэ | НСДАП |
1936—1945 | Эміль Шцюрц | НСДАП |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.