Банайрэ
From Wikipedia, the free encyclopedia
Банайрэ або Банер (нідэрл.: Bonaire, пап’ям.: Boneiru) — востраў на поўдні Карыбскага мора. Уваходзіць у склад Нідэрландаў як спецыяльны муніцыпалітэт. Плошча — 294 км². Насельніцтва — 16 541 чалавек (2012). Адміністрацыйны цэнтр — горад Кралендэйк.
| |||||
Дзяржаўны гімн Банайрэ | |||||
Афіцыйная мова | нідэрландская | ||||
Сталіца | горад Кралендэйк | ||||
Найбуйнейшыя гарады | горад Кралендэйк | ||||
Форма кіравання | Канстытуцыйная манархія | ||||
Каралева Лейтэнант-губернатар | Беатрыкс Лідыя Эмерэнцыя | ||||
Плошча • Усяго | 294 км² | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2012) • Шчыльнасць | 16541 чал. 53 чал./км² | ||||
Валюта | долар ЗША | ||||
Інтэрнэт-дамен | .an павінен быць адменены; .nl; .eu | ||||
Тэлефонны код | ++599-7 | ||||
Часавыя паясы | -4 |
Гісторыя
У канцы 1 тысячагоддзя да н. э. Банайрэ быў населены індзейцамі-аравакамі з племені какетыя, якія з’явіліся з тэрыторыі сучаснай Венесуэлы. На востраве захаваліся іх наскальныя малюнкі. Археолагамі былі знойдзены пахаванні і кераміка тубыльцаў. Было выяўлена, што яны жылі невялікімі групамі, займаліся вырошчваннем кукурузы і клубняплодаў. Вельмі важную ролю меў лоў рыбы і малюскаў.
У 1499 г. востраў быў адкрыты іспанскай экспедыцыяй на чале з Алонса дэ Ахеда. Хуан дэ ла Коса, які суправаджаў экспедыцыю, на карце 1500 г. пазначыў яго як востраў Чорнага Дрэва (Isla do Palo Brasil). Банайрэ быў таксама вядомы як Бескарысны востраў (Isla Inutil), паколькі не было знойдзена на ім карысных для іспанцаў выкапняў. Сучасная назва Банайрэ паходзіць ад індзейскага слова Банай (нізкі).
У 1515 г. усё карэннае насельніцтва было захоплена іспанцамі ў рабства для працы на Эспаньёле. У 1526 г., калі індзейцы стараннямі Іспанскай манархіі былі вызвалены, на Банайрэ вярнулася толькі некалькі чалавек. Удалечыні ад узбярэжжа імі, а таксама іспанскімі пасяленцамі было заснавана паселішча Рынкон.
У XVII ст. востравам зацікавіліся галандцы. Тут знаходзіліся радовішчы солі, якая высока ацэньвалася галандскімі здабытчыкамі селядцоў. У 1634 г. Банайрэ быў захоплены Нідэрландскай Ост-Індскай кампаніяй. Хаця запасы солі аказаліся значна меншымі, чым планавалася, востраў ідэальна падыходзіў для вядзення гандлёвых аперацый з іншымі Антыльскімі астравамі, а таксама паўночным узбярэжжам Паўднёвай Амерыкі. Галоўным таварам з’яўляліся чарнаскурыя рабы з Афрыкі. З-за адсутнасці плантацый традыцыйных камерцыйных культур увоз неграў-рабоў непасрэдна на Банайрэ быў даволі абмежаваны. Рабы працавалі на здабычы солі, драўніны, вырошчвалі кукурузу. Іх становішча было лепшым, чым у іншых нідэрландскіх калоніях. У канцы XVIII — XIX стст. на востраве ахвотна сяліліся выхадцы з саміх Нідэрландаў, Вялікабрытаніі і Паўночнай Германіі. На ім высаджвалі афрыканцаў, вызваленых з караблёў гандляроў рабамі.
Пад час Напалеонаўскіх войнаў, у 1800—1803 і 1807—1816 гг. Банайрэ быў часова акупаваны брытанцамі. Брытанцы здалі яго ў канцэсію амерыканскаму прадпрымальніку, які за некалькі гадоў высек усе мясцовыя лясы з карыснай драўнінай.
Пасля перадачы вострава ў 1816 г. галандскім уладам на ім з’явілася цывільная адміністрацыя. У 1821 г. быў забаронены ўвоз рабоў, але канчаткова рабства адмянілі толькі 30 верасня 1862 г. Пасля адмены рабства ўрад Нідэрландаў прадаў усе зямельныя ўгоддзі двум чалавекам. Такім чынам, насельнікі апынуліся ў залежнасці ад землеўладальнікаў, якія абмяжоўвалі іх актыўнасць. Гэта прывяло да выезду з вострава ў суседнюю Венесуэлу, дзе жыхары Банайрэ працавалі ў саляных шахтах. У першую чаргу, выязджалі нашчадкі індзейцаў і іспанскіх пасяленцаў.
У міжваенны перыяд, калі на суседнім Кюрасаа ўзнікла нафтавая прамысловасць, выезд у Венесуэлу амаль спыніўся. Затое мясцовае насельніцтва шукала працу на Кюрасаа. З 1951 г. пачаў развівацца турызм.
У 1957 г. Банайрэ ўвайшоў у склад Нідэрландскіх Антыльскіх астравоў. У 2010 г. на рэферэндуме мясцовыя жыхары (пры невялікай яўцы выбаршчыкаў) прагаласавалі за ўваход іх вострава ў склад Нідэрландаў.
Прырода
Востраў быў сфарміраваны каля 40 млн гадоў таму ў выніку вулканічнай актыўнасці. Акружаны колам каралавага рыфа. Паўночную частку займаюць узвышшы — горы Брандарыс, якія, аднак, не перавышаюць 240 м над узроўнем мора. На поўдні месцяцца саланчакі. У 800 м ад заходняга ўзбярэжжа знаходзіцца астравок Клейн-Банайрэ (Малы Банайрэ).
Клімат трапічны пасатны. У жніўні — верасні тэмпература трымаецца каля 26,7 — 31,7 °C, а ў студзені каля 24,4 — 28,9 °C . Колькасць ападкаў не перавышае 560 мм у год. Трапічныя цыклоны рэдка закранаюць востраў.
Флора і фаўна Банайрэ былі значна зменены чалавекам. У XIX ст. былі вынішчаны мясцовыя лясы. Большую частку скалістай мясцовасці пакрываюць хмызнякі і кактусы. На ўзбярэжжы растуць пальмы. Жывёльны свет прадстаўлены яшчаркамі, птушкамі, у тым ліку фламінга. З завезеных чалавекам жывёл асабліва вылучаюцца аслы, якіх раней выкарыстоўвалі пры здабычы солі, аднак пазней здзічэлі. У нашы дні статак аслоў знаходзіцца пад апекай астравіцян. Значна лепей захаваўся прыродны свет каралавага рыфа.
Для захавання прыроды вострава арганізавана некалькі запаведных зон.
- Выгляд з космасу
- Узбярэжжа
- Саланчакі на поўдні
- Раслінны свет
- Папугай
- Падводны свет
Эканоміка
Асновай эканомікі з’яўляецца турызм. Банайрэ прыцягвае наведвальнікаў сваімі пляжамі і прыродным светам каралавага рыфа, лічыцца адным з лепшых месц у свеце для заняцця дайвінгам. Развіты наземны транспарт. Знешнія зносіны падтрымліваюцца праз міжнародны аэрапорт Фламінга.
Валюта — долар ЗША.
Культура
Дзяржаўная мова — галандская. Аднак большасць жыхароў размаўляе на крэольскай мове пап'ямента. Яна ўжываецца ў мясцовых сродках масавай інфармацыі, вывучаецца ў школе. Дазваляецца звяртацца на пап’ямента да дзяржаўных органаў кіравання.
Школьная адукацыя не адрозніваецца ад астатніх Нідэрландаў. Працуе медыцынскі каледж.
Спасылкі
- Visit Bonaire(недаступная спасылка) Архівавана 23 сакавіка 2014.
- infobonaire.com
- Bonaire: Dutch Caribbean
- Bonaire: The official tourism website
- Bonaire Nature
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.