Албанія
краіна ў Паўднёвай Еўропе / From Wikipedia, the free encyclopedia
Алба́нія (алб.: Shqipëria), Рэспу́бліка Алба́нія (алб.: Republika e Shqipërisë) — краіна, якая знаходзіцца ў заходняй частцы Балканскага паўвострава ў паўднёва-ўсходняй Еўропе. Краіна мае сухапутныя межы з Чарнагорыяй на паўночным захадзе, з часткова прызнанай Рэспублікай Косава на паўночным усходзе, з Паўночнай Македоніяй на ўсходзе і з Грэцыяй на поўдні і паўднёвым усходзе. Ад Італіі краіну аддзяляе праліў Атранта шырынёй у 72 км. Албанія абмываецца Адрыятычным морам на захадзе і Іанічным морам на паўднёвым захадзе.
| |||||
Дэвіз: ««алб.: Ti, Shqipëri, më jep nder, më jep emrin Shqiptar" «Ты, Албанія, даеш мне гонар, даеш мне імя албанца»» | |||||
Гімн: «Hymni i Flamurit (Аб'яднаныя вакол сцяга)» | |||||
Дата незалежнасці | 28 лістапада 1912 (ад Асманскай імперыі) | ||||
Афіцыйная мова | албанская | ||||
Сталіца | Тырана | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Тырана, Шкодэр, Влёра, Дурэс, Эльбасан | ||||
Форма кіравання | Парламенцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Прэм'ер-міністр | Ілір Мета Эдзі Рама | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні | 139-я ў свеце 28 748 км² 4,7% | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2017) • Перапіс (2011) • Шчыльнасць | 2 876 591 чал. (136-я) 2 821 977 чал. 98 чал./км² (63-я) | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2018) • На душу насельніцтва |
$38,317 млрд[1] $13 330 | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2018) • На душу насельніцтва |
$15 121 $5261 | ||||
ІРЧП (2018) | 0,785[2] (высокі) (68-ы) | ||||
Валюта | лек | ||||
Інтэрнэт-дамен | .al | ||||
Код ISO (Alpha-2) | AL | ||||
Код ISO (Alpha-3) | ALB | ||||
Код МАК | ALB | ||||
Тэлефонны код | +355 | ||||
Часавыя паясы | +2 |
Большую частку тэрыторыі Албаніі займаюць сярэдневысокія горы. Клімат узбрэжжа субтрапічны міжземнаморскі, у гарах — умераны кантынентальны. Памежныя азёры — Скадарскае, Ахрыдскае, Прэспа — маюць вялікія памеры і славяцца сваёй прыгажосцю. Прыродныя раслінны і жывёльны свет захаваліся лепш, чым у іншых міжземнаморскіх краінах. Уражвае разнастайнасць ландшафтаў у краіне плошчай (28 748 км²) меншай нават за Магілёўскую вобласць.
Сучасная тэрыторыя Албаніі, заселеная ілірыйцамі, у I тыс. да н.э. зведала ўплыў старажытнагрэчаскай цывілізацыі, затым ўваходзіла ў склад Рымскай Імперыі, далей — Візантыі, пад уладай якой у ХІІ стагоддзі ўзнікла першае албанскае княства, з ХV ст. уваходзіла ў склад Асманскай імперыі, а пасля Першай Балканскай вайны ў 1912 годзе абвясціла сваю незалежнасць. У 1939 годзе Албанскае каралеўства было захоплена фашысцкай Італіяй, якая стварыла дзяржаву «Вялікая Албанія», а ў 1943 годзе краіна стала пратэктаратам нацысцкай Германіі. У 1944 пасля выгнання фашыстаў была абвешчана сацыялістычная Албанская народная рэспубліка пад кіраўніцтвам Энвера Ходжы і Партыі працы. У эпоху камунізму Албанія перажыла шырокія сацыяльныя і палітычныя пераўтварэнні, а таксама ізаляцыю ад большай часткі міжнароднай супольнасці. У 1991 годзе аўтарытарны сацыялістычны рэжым быў зрынуты, пасля чаго паўстала сучасная албанская рэспубліка.
Албанія з'яўляецца ўнітарнай дэмакратычнай парламенцкай рэспублікай. Аднапалатны парламент абіраецца кожныя чатыры гады. Галоўным чалавекам у албанскай палітыцы з'яўляецца прэм'ер-міністр. Албанія падзяляецца на 12 абласцей, у склад якіх уваходзіць 61 муніцыпалітэт, на самым нізкім узроўні налічваецца амаль 3000 камун.
Монаэтнічная краіна, 97 % насельніцтва складаюць албанцы. Краіна эміграцыі. Адна з дзвюх еўрапейскіх краін з пануючай роляй ісламу. Сталіца краіны, Тырана, — фінансава-прамыловы цэнтр з насельніцтвам у 800 тысяч з агульных 2,9 млн жыхароў Албаніі. Яшчэ з сацыялістычных часоў дзяржава дае сваім грамадзянам доступ да бясплатнай медыцыны і сярэдняй ды вышэйшай адукацыі.
Албанія адносіцца да ліку найбяднейшых краін Еўропы. Насельніцтва занята большай часткай у сельскай гаспадарцы. Тым не менш, у апошнюю чвэрць стагоддзя адбыліся істотныя пазітыўныя зрухі. Албанія перайшла ад планавай да рынкавай эканомікі. Рынкавыя рэформы адкрылі краіну для замежных інвестыцый, асабліва ў энергетычны сектар, транспартную інфраструктуру і турызм. Албанія мае высокі індэкс чалавечага развіцця, якім абавязана ўніверсальнай сістэме аховы здароўя і бясплатнай пачатковай і сярэдняй адукацыі.
Албанія з'яўляецца членам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, НАТА, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Савета Еўропы, Сусветнай гандлёвай арганізацыі і Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва . Дзяржава з'яўляецца адным з заснавальнікаў Энергетычнай супольнасці, Арганізацыі чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва і Міжземнаморскага саюза, а таксама з'яўляецца афіцыйным кандыдатам на сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе.