краіна ў Цэнтральнай Еўропе From Wikipedia, the free encyclopedia
Швейца́рыя (ням.: Schweiz, фр.: Suisse, італ.: Svizzera, рэтарам.: Svizra), афіцыйная назва — Швейца́рская Канфедэра́цыя (ням.: Schweizerische Eidgenossenschaft, фр.: Confédération suisse, італ.: Confederazione Svizzera, рэтарам.: Confederaziun svizra, лац.: Confoederatio Helvetica, скарочана CH) — дзяржава ў Заходняй Еўропе. Мяжуе на поўначы з Германіяй, на поўдні — з Італіяй, на захадзе — з Францыяй, на ўсходзе — з Аўстрыяй і Ліхтэнштэйнам. Назва паходзіць ад назвы аднаго з трох першапачатковых кантонаў Швіц. Афіцыйныя мовы: нямецкая, французская, італьянская, рэтараманская. Сталіца — горад Берн. Краіна падзяляецца на 23 кантоны (3 з іх падзелены на паўкантоны). Нацыянальнае свята — Дзень заснавання Канфедэрацыі (1 жніўня).
Швейцарыя — федэратыўная парламенцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт Канфедэрацыі, які на аснове ратацыі выбіраецца на 1 год парламентам з членаў урада — федэральных саветнікаў; ён старшынствуе на пасяджэннях Федэральнага савета і выконвае ў асноўным прадстаўнічыя функцыі. Кожны кантон мае сваю канстытуцыю, парламент і ўрад. Дзейнічае федэральная канстытуцыя 1848 года, перапрацаваная ў 1874 годзе. Заканадаўчая ўлада належыць Федэральнаму Сходу, які складаецца з 2 раўнапраўных палат: Нацыянальнага савета (200 дэпутатаў) і Савета кантонаў (46 дэпутатаў). Нацыянальны савет выбіраецца галасаваннем паводле прапарцыйнай сістэмы (па 2 дэпутаты ад кантона і 1 ад паўкантона) — паводле мажарытарнай сістэмы (апрача кантона Юра). У некаторых кантонах дэпутаты ў Савет кантонаў выбіраецца на сесіях кантанальных парламентаў, у іншых — прамым галасаваннем насельніцтва. Старшыні палат выбіраюцца штогод. Калектыўным кіраўніком дзяржавы і вышэйшым органам выканаўчай улады ў’яўляецца Федэральны савет, у склад якога ўваходзяць 7 федэральных саветнікаў, што выбіраюцца Федэральным Сходам на 4 гады. Усе федэральныя саветнікі роўныя ў правах і прымаюць рашэнні на калегіяльнай аснове. Кожны з іх кіруе адным з 7 федэральных дэпартаментаў (міністэрстваў) і пры афіцыйных візітах за мяжу прадстаўляе Федэральны савет у цэлым.
Швейцарыя — адна з гарыстых краін Еўропы. 60 % яе тэрыторыі на поўдні, усходзе і ў цэнтры займаюць Альпы, асноўныя хрыбты якіх (Бернскія, Гларнскія, Лепанцінскія, Рэтыйскія, Пенінскія Альпы) выцягнуты з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Найвышэйшы пункт краіны — пік Дзюфур (4364 м) у масіве Монтэ-Роза. Горы пераважна спічастыя, складзеныя з крышталічных парод, парэзаныя сеткай далін, што робіць іх даступнымі для транспартных сродкаў. Асноўныя перавалы: Сен-Гатард (2108 м), Сімплон (2005 м), Вялікі Сен-Бернар (20649 м). У верхнім поясе гор фірнавыя палі і ледавікі (плошча каля 2000 км²). На захадзе і паўднёвым захадзе — вапныковыя горы Юра (вышыня да 1680 м). Паміж Альпамі і Юрай — Швейцарскае пласкагор’е (вышыня 400—600 м). Карысныя выкапні: графіт, тальк, каменная соль, жалезная руда і буры вугаль (невялікія запасы).
Клімат умераны на пласкагор’і, халодны ў гарах. Сярэдняя тэмпература студзеня ў Жэневе каля 0 °C, ліпеня 19 °C, у гарах −7 °C і 12 °C адпаведна. Ападкаў за год 800—1200 мм на пласкагор’і і да 2500 мм на заходніх схілах Альпаў. Зімой у гарах выпадае шмат снегу, частыя сходы лавін. Рачная сетка густая, рэкі кароткія, паўнаводныя. багатыя запасамі гідраэнергіі. Галоўныя рэкі Рэйн з прытокамі Аарэ і Рона. Шмат азёр, найбольшыя з іх Жэнеўскае, Бодэнскае, Цюрыхскае.
Глебы на Швейцарскім пласкагор’і бурыя лясныя, у гарах лясныя, падзолістыя і горна-лугавыя. Лясы займаюць 24 % тэрыторыі. Ніжняя частка гор укрыта шыракалістымі лясамі (дуб, бук), ад 1800 да 2400 метраў хвойныя лясы, да 2800 метраў субальпійскія і альпійскія лугі, вышэй скалы, снежнікі і ледавікі. У складзе жывёльнага свету высакагор’яў буры мядзведзь, лісы, дзікі кот, куніца, алень, горны казёл, сарна, зайцы, вавёркі. У рэках — стронга. Швейцарскі нацыянальны парк Энгадзін. Горы шырока выкарыстоўваюцца ў мэтах турызму, альпінізму і гарналыжнага спорту.
Нацыянальны склад насельніцтва разнастайны: германа-швейцарцы — 64,4 %, франка-швейцарцы — 18,4 %, італа-швейцарцы — 9,8 %, рэтараманцы — 0,8 %. У краіне 1,3 млн замежных грамадзян (іспанцы, туркі і іншыя). Каля 46 % вернікаў каталікі, 44 % — пратэстанты, ёсць іўдзеі, мусульмане. Натуральны прырост у 2002 годзе склаў 0,1 %. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 177 чалавек/км². Каля 68 % насельніцтва жыве ў гарадах. Найбуйнейшыя гарады: Цюрых, Жэнева, Базель, Берн, Лазана. У прамысловасці занята 26,3 % актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4,6 %, у галінах абслугоўвання — 69,1 %.
Чалавек на тэрыторыі Швейцарыі вядомы з часоў палеаліту. У старажытнасці тут жылі кельцкія плямёны гельветаў (ад іх Швейцарыю часам называюць Гельвецыя) і рэты, якіх у 58 і 15 годзе да н.э. падпарадкавалі старажытныя рымляне. Пасля заняпаду Рымскай Імперыі тэрыторыю сучаснай Швейцарыі засялілі бургунды і алеманы. Да 746 года франкі падпарадкавалі сабе гэтыя народы, а іх тэрыторыя стала часткай Франкскай імперыі. У выніку падзелу імперыі франкаў швейцарскія землі перайшлі да Усходнефранкскай імперыі, якая з цягам часу ператварылася ў Свяшчэнную Рымскую імперыю германскай нацыі. Большая частка тэрыторыі Швейцарыі належала пры гэтым Швабскаму герцагству і каралеўству Бургундыя.
Швейцарыя — федэратыўная рэспубліка, якая складаецца з 26 кантонаў (20 кантонаў і 6 паўкантонаў). Самы ніжэйшы ўзровень тэрытарыяльна-адміністрацыйнага падзелу — абшчыны, якіх налічваецца больш дзвюх тысяч. Ніжэй — спіс кантонаў (варта заўважыць, што нямала гарадоў Швейцарыі маюць розныя назвы, якія ўжываюцца на розных мовах краіны).
Кантон | Найбуйнейшы горад | Плошча, тыс. км² |
---|---|---|
Цюрых (Zürich) | Цюрых (Zürich) | 1,7 |
Берн (Bern) | Берн (Bern) | 5,9 |
Люцэрн (Luzern) | Люцэрн (Luzern) | 1,5 |
Уры (Uri) | Альтдорф (Altdorf) | 1,1 |
Швіц (Schwyz) | Швіц (Schwyz) | 0,9 |
Обвальдэн (Obwalden) | Зарнен (Sarnen) | 0,5 |
Нідвальдэн (Nidwalden) | Штанс (Stans) | 0,3 |
Гларус (Glarus) | Гларус (Glarus) | 0,7 |
Цуг (Zug) | Цуг (Zug) | 0,2 |
Фрыбур (Fribourg) | Фрыбур (Fribourg) | 1,7 |
Золатурн (Solothurn) | Золатурн (Solothurn) | 0,8 |
Базель-Штат (Basel-Stadt) | Базель (Basel) | 0,04 |
Базель-Ланд (Basel-Land) | Лісталь (Liestal) | 0,4 |
Шафгаўзен (Schaffhausen) | Шафгаўзен (Schaffhausen) | 0,3 |
Апенцэль — Аўсерродэн (Appenzell-Ausserrhoden) | Герызау (Herisau) | 0,2 |
Апенцэль — Інерродэн (Appenzell-Innerrhoden) | Апенцэль (Appenzell) | 0,2 |
Санкт-Гален (St. Gallen) | Санкт-Гален (St. Gallen) | 2,0 |
Граўбюндэн (Graubunden) | Кур (Chur) | 7,1 |
Ааргау (Aargau) | Аарау (Aarau) | 1,4 |
Тургау (Thurgau) | Фраўэнфельд (Frauenfeld) | 1,0 |
Тычына (Ticino) | Белінцона (Bellinzona) | 2,8 |
Во (фр.: Vaud) | Лазана (фр.: Lausanne) | 3,2 |
Вале (Valais) | Сьён (Sion) | 5,2 |
Нёўшатэль (фр.: Neuchâtel) | Нёўшатэль (фр.: Neuchâtel) | 0,8 |
Жэнева (фр.: Genève) | Жэнева (фр.: Genève) | 0,3 |
Юра (фр.: Jura)1 | Дэлемон (Delemont), ням. Дэльсберг (Delsberg) | 0,8 |
1 Утварыўся ў 1979 годзе.
Пратакол аб усталяванні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Швейцарскай Канфедэрацыяй падпісаны 10 лютага 1992 года. З 1 ліпеня 2007 года ў Мінску функцыянуе аддзяленне Пасольства Швейцарскай Канфедэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Яго афіцыйнае адкрыццё адбылося 11 лютага 2008 года. 17 сакавіка 2010 года адбылося адкрыццё ганаровага консульства Рэспублікі Беларусь у Цюрыху. У лютым 2010 года адбыўся рабочы візіт у Швейцарыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, 25 лютага 2010 года ў Кіеве прайшла сустрэча беларускага лідара з Міністрам замежных спраў Швейцарыі.
Створаны Беларуска-Швейцарскі сумесны камітэт па гандлі і эканамічным супрацоўніцтве. У рамках развіцця двухбаковых рэгіянальных сувязяў актыўна ўзаемадзейнічаюць абшчына Ітыген і горад Добруш Гомельскай вобласці. Горад Гларус з’яўляецца пабрацімам горада Кобрына.
Швейцарыя, нягледзячы на надзвычайную абмежаванасць яе нацыянальнага рынку, валодае добра развітой сеткай электронных і «папяровых» сродкаў масавай інфармацыі.
Развіццё сучаснага газетнага рынку ў Швейцарыі пачынаецца пад уплывам Рэфармацыі. У 1610 годзе ў Базелі выходзіць першая рэгулярная швайцарская газэта «Ардынарый-Цайтунг». У 1620 годзе пачынаюць выходзіць газеты ў Цюрыху, адна з іх, «Ардынарый-Вохенцайтунг», лічыцца непасрэднай папярэдніцай неафіцыйнай «галоўнай» газеты краіны «Neue Zürcher Zeitung». У 1827 годзе ў Швейцарыі выходзіла 27 газет. Калі, пасля рэвалюцыйных падзей 1830 года была адменена цэнзура, колькасць выданняў стала хутка расці, і да 1857 года ў Канфедэрацыі выходзіла ўжо 180 газет. Найбольшая колькасць газет у Швейцарыі выходзіла ў 30-я гады XX стагоддзя (больш за 400). Затым іх колькасць пачынае скарачацца, і гэты працэс працягваецца да гэтага часу.
Першая агульнашвейцарская надрэгіянальная газета, — «Швайцэр Цайтунг», — пачала выходзіць ў 1842 годзе ў горадзе Санкт-Гален. Асаблівасцю швейцарскага прэс-ландшафту ў той час з’яўляўся факт жорсткага ідэалагічнага дзялення газет — газетам каталіцка-кансерватыўнага напрамку супрацьстаялі ліберальна-прагрэсіўныя выданні. У 1893 годзе ў Цюрыху пачала выходзіць газета ["Тагес-анцайгер"], першая «надпартыйная» (і ў гэтым сэнсе «незалежная») газета.
У 1850 годзе, з утварэннем газеты «Дэр Бунд», у Швейцарыі з’явілася першая газета з рэгулярнай прафесійнай рэдакцыяй. «Ное Цюрхер Цайтунг» (у студзені 2005 года яна адзначыла свой 225-гадовы юбілей) была першай газетай, якая заснавала у рамках рэдакцыі спецыялізаваныя аддзелы, якія займаліся канкрэтнымі тэмамі (палітыка, эканоміка, культура і г. д.).
Сёння па колькасці перыядычных друкаваных выданняў на душу насельніцтва Швейцарыя займае адно з першых месцаў у свеце. Тым не менш, пераважная большасць з амаль 200 асноўных штодзённых швейцарскіх газет (іх агульны тыраж — каля 3,5 млн экз.) адрозніваюцца моцна выяўленым «правінцыялізмам» і засяроджанасцю пераважна на лакальных падзеях.
З нямецкамоўных вядучымі на сённяшні дзень у Швейцарыі з’яўляюцца бульварная газета «Блік» (275 тыс. экз.), «Тагес анцайгер» (259 тыс. экз.) і «Ное Цюрхер Цайтунг» (139 тыс. экз.). Сярод франкамоўных лідыруюць бульварная «Матэн» (187 тыс. экз.), «Ле Тан» (97 тыс. экз.), «Ван-катр-эр» (97 тыс. экз.), «Трыбюн дэ Женеў» (65 тыс. экз.), сярод італамоўных — «Кар’ерэ дэль Тычына» (24 тыс. экз.).
Адносна прыкметны сегмент рынку займаюць бульварныя бясплатныя «транспартныя газеты» (распаўсюджваюцца ў асноўным на прыпынках грамадскага транспарту) «20 хвілін» (каля 100 тыс. экз.) і «Метраполь» (130 тыс. экз.), а таксама рэкламна-карпаратыўныя выданні «КААП-Цайтунг» (амаль 1,5 млн экз.) і «Вір Брюкенбауэр» (1,3 млн экз.). Інфармацыйныя і аналітычныя раздзелы ў гэтых газетах адсутнічаюць.
Большасць буйных швейцарскіх газет федэральнага значэння няўхільна скарачаюць свае афіцыйныя наклады. Варта адзначыць скарачэнне накладу найбуйнейшай швейцарскай бульварнай газеты «Blick». У 2004 годзе яе тыраж склаў арыентыровачна 275 тыс. экзэмпляраў. Газета «Дэр Бунд», што выходзіць у Бернскай агламерацыі і ў некаторых суседніх гарадах, прадае ў цяперашні час у дзень крыху больш за 60 тыс. экз. Падобным чынам выглядае і сітуацыя на рынку нядзельных газет. Тыраж папулярнай газеты «Зонтангсцайтунг» ўпаў за апошнія тры гады на 8,6 % і складае ў цяперашні час 202 тыс. экз., А колькасць асобнікаў газеты «Зонтагсблік» зменшылася за гэты ж час да 312 тыс. экз.
Утрымаць свае пазіцыі змаглі толькі папулярная Бернская газета «Бернер Цайтунг» (яе наклад — 163 тыс. экз.) і ілюстраваны часопіс бульварнага толку «Швайцэр Ілюстрыртэ» (255,7 тыс. экз.), і гэта на фоне таго, што галоўны інфармацыйны часопіс Швейцарыі «Фэктс» скараціў свае тыражы, апусціўшыся да ўзроўню 80 тыс. экз. Такія тэндэнцыі звязаныя, перш за ўсё, з памяншэннем колькасці рэкламных аб’яў, якія публікуюцца, і з ростам папулярнасці «інтэрнэт-прэсы». У ліпені 2007 года часопіс «Фэктс» спыніў сваё існаванне.
Тэлевізійны рынак Швейцарыі кантралюецца створаным ў 1931 годзе «Швейцарскім грамадствам радыёвяшчання і тэлебачання» («ШГРТ»). Радыё- і тэлевяшчанне вядзецца на нямецкай (у рэчаіснасці практычна 80 % «нямецкамоўнага» тэлебачання вырабляецца на дыялектах, якія вельмі моцна адрозніваюцца ад «літаратурнай» нямецкай мовы), французскай і італьянскай (у кантоне Граўбюндэн — таксама на раманшскай) мовах. З’яўляючыся па форме акцыянерным грамадствам, «ШГРТ», тым не менш, як і многія швейцарскія акцыянерныя ўтварэнні ў іншых галінах эканомікі, па сутнасці, з’яўляецца дзяржаўнай структурай і атрымлівае датацыі ад дзяржавы.
Такога роду датаванне афіцыйна абгрунтоўваецца неабходнасцю падтрымліваць «загадзя стратную сістэму» чатырохмоўнага «нацыянальнага тэлевяшчання», асабліва з улікам таго, што на тэрыторыі Швейцарыі свабодна прымаюцца тэлеканалы суседніх з ёй краін, перш за ўсё Германіі, а таксама Францыі і Італіі. Калі ў 2000 годзе «ШГРТ» сваімі сіламі зарабіла прыбытак у 24,5 млн шв. франкаў, то ўжо ў 2002 годзе яго страты склалі 4,4 млн шв. франкаў. Да такога выніку прывялі як неспрыяльная эканамічная сітуацыя ў краіне і адсутнасць рэкламы, так і рост колькасці вызваленых ад абанементнай платы катэгорый спажыўцоў тэлесігналу. У сувязі з гэтым у 2004 годзе дзяржава вымушана была вылучыць на падтрымку «ШГРТ» больш за 30 млн шв. франкаў.
Швейцарскія тэлеканалы «СФ-1» і «СФ-2» (выпускаюцца дзяржаўнай ТРК «СФ-ДРС», што ўваходзіць у «ШГРТ») надаюць «прайм-тайм» у асноўным перадачам спартыўнага і грамадска-палітычнага характару, таму свае «забаўляльныя патрэбы» швейцарскі тэлеглядач задавальняе, як правіла, пры дапамозе замежных тэлевяшчальнікаў. Што тычыцца прыватнага тэлевяшчання, то яно, у адрозненне ад прыватнага радыёвяшчання, так пакуль і не змагло замацавацца ў Швейцарыі ў якасці рэальнай альтэрнатывы дзяржаўным тэлебачанні.
Прыватныя тэлеканалы «ТБ-3» і «Тэле-24», якія заваявалі было амаль 3 % швейцарскай тэлеаўдыторыі, не здолелі выйсці на ўзровень рынкавай самаакупнасці і іх праца была ў 2002 годзе спыненая. У пачатку лістапада 2003 года ў Швейцарыі стартавала яшчэ адна спроба наладзіць прыватнае тэлебачанне. Федэральны савет (урад краіны) выдаў адпаведную ліцэнзію тэлеканалу «У-1». Ліцэнзія выдадзена на 10 гадоў і дае права на агульнанацыянальную трансляцыю «нямецкамоўных» праграм. Да пачатку 2005 года заваяваць колькі-небудзь прыкметную нішу на рынку швейцарскіх электронных СМІ каналу так і не ўдалося.
Прычынай таго, што Швейцарыя да гэтага часу застаецца вельмі складаным для прыватных тэлевяшчальнікаў рынкам, заключаецца ў неспрыяльных рамачных заканадаўчых умовах. Іншай прычынай з’яўляецца адносна невялікі працэнт рэкламы, якая размяшчаецца на тэлебачанні Швейцарыі. Калі ў Германіі на ТБ размяшчаецца амаль 45 % усёй рэкламы ў краіне, то ў Швейцарыі гэтая лічба складае ўсяго 18,1 % (на газеты прыходзіцца 43 % ад усяго аб’ёму рэкламы ў Канфедэрацыі).
У цяперашні час швейцарскі «Закон аб тэлерадыёвяшчання» ад 21 чэрвеня 1991 года праходзіць стадыю ўдасканалення, яго новая версія павінна даць больш магчымасцей для прыватнай дзейнасці ў сферы тэлебачання і радыё, перш за ўсё ў плане прыцягнення дадатковай рэкламы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.