From Wikipedia, the free encyclopedia
Палякі на Беларусі — другая паводле колькасці нацыянальная меншасць у Беларусі. Паводле перапісу 2009 года, палякамі назвалі сябе 294,5 тыс. чалавек.
Этнічныя кантакты беларускага і польскага народаў маюць даўнія традыцыі.
Насельніцтва Верхняга Панямоння ў Х—ХІ стст. лічыцца сумессю розных этнічных груп[1]. Паводле даследаванняў археолагаў Ф. Гурэвіч і Я. Звяругі, тут згадваюцца заходнеславянскія[2] перасяленцы-мазаўшане, якія суседнічалі з іншымі плямёнамі (усходнеславянскімі, заходне- і ўсходнебалцкімі)[3]. На думку А. Кібіня, у тыя часы ў паўднёвай частцы Панямоння маглі існаваць устойлівыя групы, якія мелі ўласную ідэнтычнасць, але ён ставіць пад сумненне, ці з’яўляюцца гэтымі групамі пэўныя «плямёны», і разглядае выпадкі, калі мадэль племяной міграцыі ў X—XI стст. у Верхняе Панямонне не працуе[4]. Я. Звяруга таксама заўважае, што славянская каланізацыя Панямоння ішла з розных бакоў: з карэнных земляў дрыгавічоў, валынян, крывічоў, драўлян і ў меншай ступені — заходнеславянскіх плямён[5].
М. Грынблат, спасылаючыся на працу польскай даследчыцы К. Мусяновіч[6], паўтарае за ёй: «Рана пачала ўзнікаць польская каланізацыя ў Беларусі. Ужо ў XII стагоддзі ляшское насельніцтва стала пранікаць у так званае Падляшша і асядаць там»[7]. Беларускія даследчыкі І. Карашчанка і А. Валахановіч адзначаюць, што ў ХІІ—ХІІІ ст. пачалося перасяленне мазураў (этнічная група палякаў) на захад Беларусі[8], гэтыя ж аўтары пішуць, што першыя пасяленні палякаў на Беларусі вядомы ў XII—XIII ст.[9] Паводле А. Кібіня, на захадзе Беларусі і ў XIII ст. культурная ідэнтычнасць большасці насельніцтва Верхняга Панямоння захавала арыентацыю на руска-візантыйскую культурную мадэль[10].
Паводле даследаванняў этнолагаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, невялікія групы польскага насельніцтва (галоўным чынам, служылае ў мясцовых магнатаў ВКЛ насельніцтва — дробная шляхта) прыбывалі ў ВКЛ у XV—XVI стст., сяліліся ва ўсіх рэгіёнах сучаснай Беларусі (Ленчыцы (Лельчыцы), Ляхавічы і інш.), натуралізаваліся, асіміляваліся і прымалі ўдзел у фарміраванні беларускага этнаса[11][12], гэтак жа як і перасяленцы многіх іншых этнічных груп[13].
Узмацненне польскага культурнага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі (1569), калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Паводле некаторых даследчыкаў частка беларускага насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых слаёў, прызнаваючы каталіцкую веру, мяняла сваю нацыянальную прыналежнасць на польскую, а з XVII ст. паланізацыя беларускіх магнатаў і шляхты набыла вялікія маштабы[8], аж да пачатку ХХ ст. паланізаваную беларускую шляхту прылічвалі да палякаў.
Іншыя даследчыкі адмаўляюць этнічную паланізацыю мясцовай шляхты ў ВКЛ, а сцвярджаюць што ў Рэчы Паспалітай беларуская шляхта сумесна з польскай, украінскай і літоўскай утваралі поліэтнічную саслоўную супольнасць («шляхецкі народ Рэчы Паспалітай», а асобна ў рамках ВКЛ і Польскага Каралеўства — «абодва народы»), асновай якога былі толькі некаторыя кампаненты агульнай самасвядомасці, польскай шляхецкай культуры, каталіцкая канфесія і польская мова[14].
За перыяд існавання Рэчы Паспалітай на беларускіх этнічных землях і беларуска-літоўскім этнічным паграніччы ўтварыліся пэўныя тэрыторыі, на якіх сяляне, што былі католікамі па веравызнанні, вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую і імкнулся да пераймання пэўных элементаў польскай культуры[8].
У Расійскай імперыі каталіцтва лічылася «польскай верай», а праваслаўе — «рускай верай», і адпаведна з гэтым насельніцтва зямель сучаснай Беларусі фармальна і нефармальна класіфікавалася як «польскае» альбо «рускае».
Польскі ўплыў узмацніўся ў Заходняй Беларусі пасля яе далучэння да міжваеннай Польшчы. Польскі ўрад праводзіў палітыку актыўнай паланізацыі мясцовага насельніцтва і ўсяляк спрыяў прыняццю заходнімі беларусамі польскай ідэнтычнасці.
У той жа час, цягам некалькіх гадоў польская мова мела дзяржаўны статус у ранняй БССР, разам з беларускай, рускай і Ідыш. Ва Усходняй Беларусі дзейнічалі арганізацыі польскай меншасці, Чырвоны касцёл у Мінску быў польскім нацыянальным тэатрам.
Аднак, у пачатку 1930-х большасць польскіх арганізацый у БССР былі ліквідаваныя савецкімі ўладамі, а іх кіраўніцтва — рэпрэсавана. Між тым, шукаючы мажлівасці паўплываць на Польшчу на аснове этнічнага фактару, кіраўнікі СССР дэманстратыўна стварылі ў 1932 на базе Дзяржынскага раёна БССР (гэты раён непасрэдна межаваў з тэрыторыяй Польшчы) штучную польскую аўтаномію ў складзе БССР — Польскі нацыянальны раён імя Фелікса Дзяржынскага са сталіцай у Дзяржынску (каля Мінска). Кіраванне ў гэтым раёне ажыццяўлялася Польскім бюро пры ЦК КПСС. Жыхары аўтаноміі атрымалі магчымасць развіваць культуру і асвету, у тым ліку засноўваць школы, на польскай мове. Пасля сканчэння палітычнай патрэбы ў паказной польскай аўтаноміі польскі раён быў скасаваны савецкімі ўладамі ў 1938, а яе кіраўнікі — рэпрэсаваны.
Пасля савецкага нападу на Польшчу ў 1939, Заходняя Беларусь была далучаная да БССР. Многія прадстаўнікі польскай меншасці былі рэпрэсаваныя, адбыліся масавыя дэпартацыі палякаў на ўсходнія часткі СССР — у Расію, Казахстан, Узбекістан.
Падчас Другой Сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі атрады Арміі Краёвай, у якой, аднак, значную частку байцоў складалі беларусы, у тым ліку праваслаўныя.
Пасля вайны, многія жыхары Беларусі, якія заявілі пра сваю польскую нацыянальнасць, у 1944—1946 былі пераселеныя ў Польшчу ў рамках савецка-польскага абмена насельніцтвам. Узамен адбылося перасяленне ў Беларусь этнічных беларусаў з пераданай Польшчы Беласточчыны.
На думку некаторых даследчыкаў, значная частка асоб, якія адносяць сябе да палякаў (у тым ліку ў месцах кампактанага жыхарства ў раходніх раёнах Беларусі), на самай справе з'яўляюцца «апалячанымі» беларусамі, бо ў часы Рэчы Паспалітай, Расійска Імперыі і міжваеннай Польшчы (1921—1939) былі паланізаваны[16].
Паводле даных перапісу 2009 года, палякамі назвалі сябе 294 549 чалавек (3 % насельніцтва)[17]. У 1959 годзе палякаў у БССР налічвалася 538 881 (6,689 %), у 1970—382 600 (4,25 %), у 1979—403 169 (4,229 %), у 1989—417 720 (4,114 %), у 1999—395 712 (3,939 %)[18]. Пераважная большасць беларускіх палякаў пражывае ў заходніх рэгіёнах краіны (у тым ліку 294 тысяч — у Гродзенскай вобласці).
Найбольшая польская арганізацыя ў Беларусі — Саюз палякаў на Беларусі (польск.: Związek Polaków na Białorusi), які ў сярэдзіне 90-х гадоў 20 стагоддзя меў каля 20 тысяч сяброў. Аднак пасля анулявання з боку ўладаў вынікаў VI з'езду арганізацыі, які адбыўся ў сакавіку 2005 года, унутры ЗПБ адбыўся раскол. Большая частка сяброў арганізацыі засталася на баку новаабранай старшыні арганізацыі Анджалікі Борыс. У той жа час пэўная частка членаў ЗПБ пасля правядзення ў жніўні таго ж года паўторнага з'езду і абрання сваім старшынёй Юзэфа Лучніка ўтварыла ЗПБ, лаяльны ўладам Беларусі. Цягам апошніх гадоў арганізацыя на чале якой стаіць Анжаліка Борыс зазнае дыскрымінацыю і пераследы з боку беларускіх улад[19][20]. Арганізацыя выдае часопіс Magazyn Polski і газету Głos znad Niemna.
Увядзенне Карты паляка ў 2007 годзе дало магчымасць тысячам жыхароў Беларусі атрымаць яе, пацвердзіўшы сваю прыналежнасць да польскага народу ў польскім консульстве ў Мінску, Гродна або Брэста.
Пачынаючы з 1991 года штогод у Беларусі праводзіцца Конкурс дэкламавання імя Адама Міцкевіча «Kresy» . Арганізатарам конкурсу з'яўляецца Падляскі аддзел таварыства «Wspólnota Polska» ў Беластоку. Конкурс па-за межамі Польшчы праводзіцца пры ўдзеле польскіх арганізацый і польскіх эмігрантаў. У Беларусі такім партнёрам з'яўляецца Polska Macierz Szkolna , Гродна[21].
З 2016 года ў Мінску штогод адбываецца Свята польскай культуры, у рамках фестывалю нацыянальных культур. Фестываль праходзіць на Беларусі з 2016 года і быў распачаты менавіта са святкавання польскай культуры[22].
З 2017 года ў Мінску праходзяць польска-беларускія чытанні, якія праводзяцца ў рамках праекта «Нацыянальнае Чытанне» – польская грамадская акцыя, мэтай якой з'яўляецца папулярызацыя ведаў польскай нацыянальнай літаратуры. Акцыя арганізавана ў 2012 годзе прэзідэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім. Арганізатар правядзення акцыі ў Беларусі — Польскі інстытут у Мінску[23].
У лістападзе 2018 года польская дыяспара на Беларусі шырока адзначала 100-годдзе Незалежнасці Польшчы . Шэраг мерапрыемстваў прайшоў у Мінску, Гродне, Брэсце, а таксама ў невялікіх населеных пунктах, у якіх жывуць прадстаўнікі польскай меншасці. 11 лістапада вучні гродзенскай Польскай грамадскай школы ім. Стэфана Баторыя пры СПБ далучыліся да арганізаванай польскім Міністэрствам нацыянальнай адукацыі сусветнай акцыі «Рэкорд для незалежнай» — у 11:11 праспявалі гімн Польшчы. На ўрачыстасцях у Мінску сабралася некалькі сотняў прадстаўнікоў польскай дыяспары, адбылося ўручэнне ўзнагарод пераможцам мастацка-літаратурнага конкурсу «Незалежная. Непераможная»[24]. 12 лістапада ў Вялікім тэатры оперы і балета ў Мінску з нагоды Дня Незалежнасці адбыліся ўрачыстасці з удзелам амбасадара Рэспублікі Польшча, на якіх прысутнічала польская дыяспара, прадстаўнікі замежных пасольстваў, духавенства, вядомыя дзеячы культуры і мастацтва. Пасля віншаванняў дзяржаўных дзеячаў гасцям быў прадстаўлены балет «Шапэніяна», пастаўлены на фартэпіянныя творы Фрэдэрыка Шапэна[25]. Урачыстыя прыёмы правялі таксама консульства ў Гродне і Брэсце.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.