Танзанія
краіна ва Усходняй Афрыцы From Wikipedia, the free encyclopedia
краіна ва Усходняй Афрыцы From Wikipedia, the free encyclopedia
Танза́нія, Аб’ядна́ная Рэспу́бліка Танза́нія (суахілі: Jamhuri ya Muungano wa Tanzania, англ.: United Republic of Tanzania) — краіна ва Усходняй Афрыцы, узнікла ў выніку аб’яднання дзвюх былых калоній Вялікабрытані: Танганьікі і Занзібара, што сімвалізуе назва краіны ўтвораная з пачаткаў найменняў абодвух рэгіёнаў. У наш час гэтыя рэгіёны Танзаніі існуюць у складзе федэратыўнай рэспублікі.
| |||||
Дэвіз: «Uhuru na Umoja (бел.: Свабода і адзінства)» | |||||
Дзяржаўны гімн Танзаніі | |||||
Заснавана | 26 красавіка 1964 (аб’яднанне Танганьікі і Занзібара) | ||||
Афіцыйная мова | суахілі і англійская | ||||
Сталіца | Дадома (заканадаўчая сталіца), Дар-эс-Салам (адміністрацыйны цэнтр) | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Дар-эс-Салам | ||||
Форма кіравання | Прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Віцэ-прэзідэнт Прэм'ер-міністр | Самія Сулуху яна ж Касім Маджаліва | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні | 31-я ў свеце 945 203 км² 6,2 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2009) • Шчыльнасць | 38 860 170[1] чал. 41,1 чал./км² | ||||
ВУП • Разам (2012) • На душу насельніцтва |
$29,012 млрд.[2] (82-ы) $674 | ||||
ІРЧП (2007) | ▲ 0,530 (151-ы) | ||||
Валюта | танзанійскі шылінг | ||||
Інтэрнэт-дамен | .tz | ||||
Код ISO (Alpha-2) | TZ | ||||
Код ISO (Alpha-3) | TZA | ||||
Код МАК | TAN | ||||
Тэлефонны код | +255 (+007 з Кеніі і Уганды) | ||||
Часавыя паясы | +3 |
Краіна мае выхад да Індыйскага акіяна. На поўначы мяжуе з Кеніяй і Угандай, на захадзе з Руандай, Бурундзі і Дэмакратычнай Рэспублікай Конга, на поўдні з Мазамбікам, Малаві і Замбіяй.
Складаецца з назваў двух дзяржаўных утварэнняў, якія слалі Танзанію: Танганьіка і Занзібар.
Найбуйнейшыя астравы Танзаніі ў Індыйскім акіяне — Занзібар (Унгуні), Пемба, Мафія. Найбуйнейшы азёрны востраў Танзаніі і ўсёй Афрыкі — Укерэвэ на возеры Вікторыя.
Па тэрыторыі кантынентальнай часткі Танзаніі цягнуцца Цэнтральнаафрыканская і Усходнеафрыканская лініі разлому зямной кары, якія зыходзяцца ў раёне на поўнач ад возера Малаві. Яны сфарміраваліся болей за 25 млн гадоў таму ў выніку моцных тэктанічных штуршкоў, што суправаджаліся актыўнай вулканічнай дзейнасцю. Уздоўж разломаў утварыліся горныя масівы, у тым ліку гара Кіліманджара (5895 м) — найвышэйшы пункт усёй Афрыкі. На поўначы краіны на захад ад Усходнеафрыканскага разлома месціцца нагор’е, сфарміраванае прадуктамі старажытных вывяржэнняў. Яно вядома дзякуючы вялізарным вулканам з круглымі або авальнымі кальдэрамі. Усяго такіх вулканаў налічваецца 8. Найбольш вядомы з іх — Нгорангора. Паміж разломамі на вышыні 1000—1500 м знаходзяцца шырокія пагорыстыя пласкагор’і, утвораныя крышталічнымі пародамі, у тым ліку сланцамі, гранітам і пясчанікам. Тут таксама маюцца раўніны і нізіны. На паўночным усходзе вядома нагор’е Масаі з яго знакамітым стэпамі з купалападобнымі грудамі і адкладаннямі старажытных азёр, а на поўдзень ад возера Вікторыя — нагор’е Ун’ямвезі, якое прыступкамі ўзвышаецца на паўночны захад. На поўнач ад возера Малаві ўзвышаецца яшчэ адна вулканічная града Рунгвэ. На ўсход ад Малаві цягнуцца паўднёвыя пласкагор’і. Яны паступова пераходзяць ва ўсходнюю прыбярэжную нізіну, што прасціраецца ўздоўж Індыйскага акіяна. Нізіна пашыраецца на поўначы і на поўдні, складзена пераважна глінамі, пяском і вапняковымі адкладаннямі. Уздоўж берага знаходзяцца некалькі ланцугоў астравоў.
Тэрыторыя кантынентальнай Танзаніі надзвычай багатая на карысныя выкапні. На захадзе і ў цэнтры краіны здабываюць золата, жалеза, вугаль, медзь, нікель, тытан, вокіс ніёбія, граніт, лушчак, фосфар, гіпс, графіт, дыяменты і іншыя каштоўныя і паўкаштоўныя камяні. На ўсходзе і поўначы вядзецца здабыча охры, магнезіту, фасфатаў, соды, лушчаку, кааліну.
Клімат у Танзаніі субэкватарыяльны. На поўначы два сезону дажджоў (сакавік — май і верасень — лістапад), на поўдні — адзін (лістапад — красавік). На астравах клімат вільготны, сярэдняя дзённая тэмпература — плюс 28-30 градусаў, марскія брызы робяць надвор’е вельмі прыемнай. Тэмпература вады ў Індыйскім акіяне — 24-26 градусаў. У цэнтральнай частцы (1200—1700 м над узроўнем мора) сярэдняя тэмпература — плюс 22-25 градусаў, ночы могуць быць прахалоднымі.
Першапачаткова тэрыторыю цяперашняй Танзаніі засялялі народы, роднасныя бушменам і гатэнтотам, якія займаліся паляваннем і збіральніцтвам. Затым, у I тысячагоддзі да н. э., з Эфіопскага нагор’я прыйшлі кушыцкія плямёны. Да пачатку н. э. тут аселі плямёны банту. Прыкладна ў сярэдзіне I тысячагоддзя н. э на ўзбярэжжы цяперашняй Танзаніі з’явіліся персідскія гандляры, а затым — арабскія. Менавіта тады склалася новая этнічная супольнасць — суахілі. Яе склалі мясцовыя прыбярэжныя плямёны і іншаземцы з Ірана, Аравіі, а таксама з Індыі. Суахілі займаліся міжнароднай гандлем — з Афрыкі вывозіліся слановая косць, золата, рабы, а ўвозіліся рамесныя вырабы, тканіны, прадукты харчавання.
У пачатку XVI-га стагоддзя на ўзбярэжжы цяперашняй Танзаніі з’явіліся партугальцы. З 1505 года яны захапілі практычна ўсе партовыя гарады, але ў другой палове XVII-га стагоддзя арабы і суахілі здолелі выгнаць партугальцаў, пасля чаго ажывілася гаспадарчая дзейнасць. Арабы і мясцовыя жыхары, якія прэтэндавалі на арабскае паходжанне, актыўна заняліся гандлем рабамі. Рабы-негры пастаўляліся ў краіны Блізкага Ўсходу, а таксама ў Індыю і для еўрапейскіх плантатараў на астравах у Індыйскім акіяне. У выніку некаторыя раёны ў глыбіні цяперашняй Танзаніі ў XVIII-м стагоддзі істотна спусцелі. Дзякуючы гандлю людзьмі адбылося ўзнікненне зародкаў дзяржаўнасці ў глыбінных раёнах краіны ў народаў шамбала, чага, хехе, хая, ньямвезэ. Да прыкладу, «дзяржава» вярхоўнага правадыра племя Шамбала па імю Кімверы распасціралася ад схілаў Кіліманджара да ўзбярэжжа Індыйскага акіяна. Таксама паўстала «краіна» племя хехе — пад кіраўніцтвам вярхоўнага правадыра Муюгумбы. Але ў сярэдзіне XIX-га стагоддзя на ўзбярэжжы сучаснай Танзаніі з’явілася мноства еўрапейцаў — гандляроў і місіянераў (з Брытаніі, Францыі, Германіі і нават з ЗША). Асабліва агрэсіўна дзейнічалі англічане, якія проста забаранілі султану Занзібара займацца гандлем рабамі.
У 1885 годзе на ўзбярэжжа Танзаніі высадзіўся немец Карл Петэрс (яму было тады 29 гадоў). Ён даволі хутка заключыў дагаворы з правадырамі 12 плямёнаў аб пратэктараце, гэта значыць аб пераходзе іх пад уладу Германіі, а ў 1888 годзе ўзяў ў султана Занзібара ўсю прыбярэжную частку Танзаніі ў арэнду на 50 гадоў. Англічане ў лістападзе 1890 года заключылі з султанам Занзібара дагавор аб пратэктараце над востравам, а ў 1891 года Петерс абвясціў аб стварэнні імперскай калоніі Германская Усходняя Афрыка.
Немцы хацелі ператварыць Германскую Усходнюю Афрыку ў сваю калонію. Яны стваралі там плантацыі і вырошчвалі каучуканосы, каву, бавоўна, сізаль. З 1902 года сталі будаваць чыгункі, якія злучылі прыбярэжныя парты з глыбіннымі раёнамі. Да 1914 года лік немцаў-пасяленцаў дасягнуў 5,4 тыс. У 1905-07 гг. у Танзаніі было задушана Паўстанне Маджа-Маджа. У жніўні 1914 года пачалася сусветная вайна, і Танзанія стала тэатрам ваенных дзеянняў. Войскі немцаў і мясцовых жыхароў ўзначаліў палкоўнік фон Лета-Форбек, які змагаўся разам са сваімі салдатамі супраць войскаў Брытаніі, Бельгіі і Партугаліі, робячы рэйды ў калоніі гэтых краін, аж да лістапада 1918 года, пакуль яму не паведамілі, што Германія капітулявала. Пасля сусветнай вайны Танганьіка (кантынентальная Танзанія) перайшла пад апеку Брытаніі. Англічане працягнулі развіццё плантацыйнай гаспадаркі, у першую чаргу сізалю, а таксама бавоўны і кава.
9 снежня 1961 года Брытанія падаравала незалежнасць Танганьіцы, а 10 снежня 1963 года — Занзібару, які застаўся султанатам. Аднак ужо 12 студзеня 1964 года на Занзібары выбухнула паўстанне, улада султана была зрынута і 26 красавіка 1964 года кіраўніцтва Рэспублікі Танганьіка і Народнай Рэспублікі Занзібара і Пемба абвясцілі аб стварэнні Аб’яднанай Рэспублікі Танганьікі і Занзібара. 29 кастрычніка 1964 года назва была скарочана да сучаснай Танзаніі.
У Танзаніі, якую ўзначаліў Джуліус Ньерэрэ, была абвешчана лінія «будаўніцтва нацыі». Па ўсёй краіне пачалася «добраахвотная кампанія» па ўдзелу моладзі, жанчын, старых у будаўніцтве грамадскіх аб’ектаў, дарог, мастоў. Гэтая павіннасць спалучалася з навучаннем ваеннай справы. У той жа час многія з кіраўнікоў кіруючай партыі Тану (Танганьікскі Афрыканскі Народны Саюз) заняліся асабістым узбагачэннем. У 1966 годзе ўспыхнулі паўстанні студэнтаў, якія адмаўляліся выконваць працоўныя павіннасці. Улады Танзаніі паспяхова задушылі гэтыя паўстанні ваеннай сілай. У студзені 1967 года кіраўніцтва ТАНУ абвясціла аб праграме будаўніцтва ў Танзаніі камунізму. Пасля гэтага ў краіне былі нацыяналізаваны банкі, прамысловыя прадпрыемствы, знешнегандлёвыя арганізацыі, а таксама сельскагаспадарчыя плантацыі (у тым ліку якія належалі замежнікам). У сельскай мясцовасці сталі стварацца калгасы — паводле канцэпцыі танзанійскага камунізму уджамаа. Гэтыя навіны сустрэлі асаблівае супраціўленне на Занзібары — там дайшло да таго, што ў 1972 быў забіты партыйны лідар. У адплату ўлады Танзаніі пакаралі смерцю некалькі дзясяткаў «змоўшчыкаў». У сярэдзіне 1970-х гадоў планавалася аперацыя «мадука» — поўная нацыяналізацыя ўсяго рознічнага гандлю ў краіне, але яна скончылася правалам. Аднапартыйная сістэма праўлення, якая існавала з 1970-х гадоў, спыніла сваё існаванне ў 1995 годзе, калі былі праведзены выбары на дэмакратычнай аснове.
Танзанія — унітарная прэзідэнцкая рэспубліка.
Танзанія дзеліцца на 26 рэгіёнаў:
Рэгіён | Рэгіён (анг.) | Цэнтр | Плошча, км² | Насельніцтва (2002), тыс. чал. |
---|---|---|---|---|
Аруша | Arusha | Аруша | 36 486 | 1292,973 |
Дар-эс-Салам | Dar es Salaam | Дар-эс-Салам | 1393 | 2497,940 |
Дадома | Dodoma | Дадома | 41 311 | 1698,996 |
Заходні Занзыбар | Zanzibar Urban/West | Занзыбар | 230 | 391,002 |
Паўночны Занзібар | Zanzibar North | Мкакатоні | 470 | 136,953 |
Цэнтральны Занзібар/Паўднёвы | Zanzibar Central/South | Каані | 854 | 94,504 |
Ірынга | Iringa | Ірынга | 56 864 | 1495,333 |
Кагера | Kagera | Букоба | 28 388 | 2033,888 |
Кігома | Kigoma | Кігома | 37 037 | 1679,109 |
Кіліманджара | Kilimanjaro | Мошы | 13 309 | 1381,149 |
Ліндзі | Lindi | Ліндзі | 66 046 | 791,306 |
Маньяра | Manyara | Бабаці | 45 820 | 1040,461 |
Мара | Mara | Мусома | 19 566 | 1368,602 |
Мбэя | Mbeya | Мбэя | 60 350 | 2070,046 |
Мванза | Mwanza | Мванза | 19 592 | 2942,148 |
Марагора | Morogoro | Марагора | 70 799 | 1759,809 |
Мтвара | Mtwara | Мтвара | 16 707 | 1128,523 |
Пэмба Паўночная | Pemba North | Ветэ | 574 | 186,013 |
Пэмба Паўднёвая | Pemba South | Мкоані | 332 | 176,153 |
Пвані | Pwani | Кібаха | 32 407 | 889,154 |
Рувума | Ruvuma | Сангеа | 63 498 | 1117,166 |
Руква | Rukwa | Сумбаванга | 68 635 | 1141,743 |
Сынгіда | Singida | Сынгіда | 49 341 | 1090,758 |
Табора | Tabora | Табора | 76 151 | 1717,908 |
Танга | Tanga | Танга | 26 808 | 1642,015 |
Шыньянга | Shinyanga | Шыньянга | 50 781 | 2805,580 |
Паводле дадзеных на 2014 год насельніцтва краіны складае каля 50 млн чалавек. Насельніцтва размешчана даволі нераўнамерна. Каля 80 % жыхароў краіны пражывае ў сельскіх раёнах. Найбуйнейшым горадам Танзаніі з’яўляецца Дар-эс-Салам. У краіне пражывае каля 120 розных этнічных груп, найбольш шматлікія з якіх: сукума, ньямвезі, джага, нгондэ, хая, хехе, бена, гога і маконда. Большая частка этнічных груп належыць да групы народаў банту, частка адносіцца да нілотаў і кайсанскіх народаў. Невялікая доля насельніцтва Танзаніі — асобы індыйскага, арабскага, еўрапейскага, кітайскага і іншага паходжання.
Доля асоб ва ўзросце да 15 гадоў — 44,3 %; асоб ва ўзросце старэйшыя за 65 гадоў — 2,6 %. Сярэдні ўзрост складае 17,8 гадоў. Сярэдняя працягласць жыцця на 2011 год — 58 гадоў[3]. Сярэдні прырост насельніцтва — каля 2 %. Нараджальнасць складае 32,64 на 1000 чалавек; смяротнасць — 12,09 на 1000. Фертыльнасць — 4,16 нараджэнняў на 1 жанчыну.
Крыху больш за палову жыхароў Танзаніі (55 %[4] — 60 %[5]) з’яўляюцца хрысціянамі. Доля мусульман ацэньваецца ў 30 %[6] — 32 %[4]. Яшчэ прыкладна 12 % насельніцтва прытрымліваецца мясцовых аўтахтонных вераванняў[4]. Сярод этнічных меншасцей ёсць індуісты, бахаі, будысты, сікхі, джайны і інш.
Найбуйнейшымі хрысціянскімі канфесіямі з’яўляюцца каталікі (12,4 млн), лютэране (5,8 млн), пяцідзесятнікі (2,35 млн) і англікане (2 млн). Мусульмане складаюць большасць на Занзібары (97 %), у многіх прыбярэжных раёнах, а таксама ў некаторых гарадскіх раёнах ва ўнутранай частцы краіны. Амаль усе мусульмане — суніты (ад 80 да 90 %), маецца шыіцкая меншасць.
Афіцыйнымі мовамі Танзаніі з’яўляюцца англійская і суахілі. Суахілі служыць звычайна мовай міжэтнічных зносін, што асабліва актуальна для краіны з гэтак багатай этнічнай і лінгвістычнай разнастайнасцю. Аднак роднай мовай большай частцы танзанійцаў з’яўляецца мова іх этнічнай групы. Англійская і суахілі з’яўляюцца ў абсалютнай большасці выпадкаў другой і трэцяй мовамі.
Згодна з моўнай палітыкай Танзаніі суахілі павінна выкарыстоўвацца ў сацыяльнай і палітычнай сферах, пачатковай і дарослай адукацыі, англійская — мова сярэдняй і вышэйшай адукацыі, тэхналогій і вярхоўнага суда краіны[7]. У апошнія дзесяцігоддзі існуюць тэндэнцыі да змяншэння ролі англійскай і адпаведна павелічэнню ролі суахілі ў розных галінах.
Найбольш значныя гарады Танзаніі:
Прыродныя рэсурсы — гідраэнергія, волава, фасфаты, жалезная руда, вугаль, алмазы, каштоўныя камяні, золата, прыродны газ, нікель. У канцы лютага 2012 года былі выяўлена радовішча газу Зафарані на Танзанійскім шэльфе. Яго запасы ацанілі ў 170 мільярдаў кубаметраў. Станам на пачатак 2012 года, аб’ём пацверджаных запасаў газу ў Танзаніі склаў 200 мільярдаў кубаметраў, прагназуемыя — 1,7 трыльёна кубаметраў. Нягледзячы на багатыя прыродныя рэсурсы, эканоміка Танзаніі грунтуецца на сельскай гаспадарцы, у якім занята каля 80 % працуючых. ВУП на душу насельніцтва ў 2012 годзе — 1,6 тыс. долараў (156-е месца ў свеце). Сельская гаспадарка (27 % ВУП) — кава, сізаль, чай, бавоўна, арэхі кеш’ю, тытунь, гваздзік, кукуруза, збожжа, тапіёка, бананы, садавіна, гародніна; разводзяцца буйная рагатая жывёла, авечкі, козы. Прамысловасць (23 % ВУП) — апрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі (цукар, піва, цыгарэты), здабыча алмазаў, золата, жалезнай руды, солі, вытворчасць абутку. Сфера абслугоўвання — 50 % ВУП.
Экспарт у 2009 годзе — 3 млрд долараў — золата, кава, арэхі кеш’ю, бавоўна. Асноўныя пакупнікі — Індыя 8,5 %, Кітай 7,6 %, Японія 7,1 %, Нідэрланды 6,2 %, ААЭ 5,7 %, Германія 5,2 %. Імпарт у 2009 годзе — 5,8 млрд долараў — спажывецкія тавары, машыны і транспартныя сродкі, паліва. Асноўныя пастаўшчыкі — Кітай 32 %, Індыя 17,3 %, ПАР 7,8 %, Кенія 6,9 %, ААЭ 4,4 %, Японія 2,3 %. Уваходзіць у міжнародную арганізацыю краін АКТ.
Узровень пісьменнасці ў Танзаніі складаў на 2011 год 73 %[8]. Абавязковай з’яўляецца сямігадовая адукацыя, аднак многія навучэнцы перастаюць наведваць школу раней, а некаторыя дзеці — не наведваюць яе ўвогуле. Паводле дадзеных на 2000 года толькі каля 57 % дзяцей ва ўзросце ад 5 да 14 гадоў наведвалі школу.
Смяротнасць сярод дзяцей да 5 гадоў — 76 на 1000 нованароджаных[9]. Сярэдняя працягласць жыцця складае 51,45 год (50,06 гадоў у мужчын і 52,88 года — у жанчын). Каля 5,7 % дарослага насельніцтва краіны заражаныя ВІЧ. Найбольш распаўсюджанай прычынай смерці сярод дзяцей з’яўляецца малярыя[10]. Сярод дарослых гэтай прычынай з’яўляецца ВІЧ/СНІД. Паводле дадзеных на 2006 год, да палепшаных крыніц пітной вады мелі доступ каля 55 % насельніцтва. 33 % маюць доступ да палепшаных санітарных умоў.
Культура народаў Танзаніі мае багатыя традыцыі. Гэта разьба па дрэве: яны славяцца сваімі маскамі, скульптурай, прадметамі побыту. На Занзібары захоўваюць традыцыю разьбы па шкарлупіне какоса, выпілоўвання па дрэве. У Танзаніі зарадзіўся стыль жывапісу Тынгатынга, названы па імені аўтара — Эдуарда Саід Тынгатынга.
Філберта Баі і Сулейман Нямбуі заваявалі сярэбраныя медалі на Алімпійскіх гульнях 1980 года, гэта адзіны актыў танзанійскіх спартсменаў на гэтых форумах. Танзанія ўдзельнічае ў Гульнях Садружнасці. Самай папулярнай гульнёй у краіне з’яўляецца футбол, у які гуляюць па ўсёй краіне, а найбольш балельшчыкаў маюць два асноўных клубы краіны: «Янга» (англ.: Young African Sports Club - Yanga) і «Сімба» (англ.: Simba sports club - Simba). Баскетбол таксама папулярны, але галоўным чынам у арміі і школах. Танзанія ганарыцца тым, што выхавала аднаго гульца НБА — Хашым Тгабіт (англ.: Hasheem Thabeet), які гуляе за «Мэмфіс Грызліс», ён з’яўляецца першым танзанійцам, што гуляе ў лізе НБА. Рэгбі пачалі культываваць у Танзаніі яшчэ нядаўна, але каманда пачала прагрэсаваць даволі хутка.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.