Remove ads

Станісла́ў Дані́лавіч Шабуне́ўскі (2 снежня 1866/1868, Скароднае, цяпер Ельскі раён, Гомельская вобласць— пасля 1937, Беламорканал, ГУЛАГ) — беларускі архітэктар, аўтар значнай часткі забудовы Гомеля пачатку XX стагоддзя.

Хуткія факты Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі, Дата нараджэння ...
Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі
Thumb
Станіслаў Шабунеўскі, 1901 г.
Дата нараджэння 2 снежня 1868(1868-12-02)
Месца нараджэння
Дата смерці пасля 1937
Месца смерці
Альма-матар
Працы і дасягненні
Працаваў у гарадах Гомель, Добруш, Злынка, Клінцы
Архітэктурны стыль класіцызм, мадэрн, канструктывізм
Найважнейшыя пабудовы Гомельская мужчынская гімназія, Будынак Віленскага камерцыйнага банку, Дом-камуна
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Закрыць

Біяграфія

Бацька — Апалінарый-Даніла Іванавіч Шабунеўскі, служыў паштальёнам, пазней стаў памочнікам паштмайстара павятовай паштовай канторы Бабруйска, куды перавёз сваю сям’ю. Маці са збяднелых дваран. У Бабруйску Станіслаў Шабунеўскі вучыўся ў 4-класнай прагімназіі, потым скончыў Слуцкую гімназію і паступіў ў Пецярбургскі інстытут грамадзянскіх інжынераў, на курс архітэктуры ў акадэміка З. Шрэтара.

З 1897 года Шабунеўскі служыў у Гомелі гарадскім архітэктарам[1]. У Гомелі калежскі асэсар Станіслаў Шабунеўскі ўваходзіў у склад гарадской управы, выбіраўся ў земства па польскай курыі. Быў уладальнікам нерухомасці у розных частках Гомеля: завод пустацелых бетонных камянёў («Бетаніт») па вул. Быхаўскай; 3-хпавярховы мураваны дом на рагу Румянцаўскай і Аляксандраўскай вуліц (пабудаваны архітэктарам у 1909 г., на 1-м паверсе месціліся лаўкі, аптэка і цырульня, на 2-м — прыватная мужчынская гімназія Ратнэра, на 3-м — кватэры); драўняны дом у гэтым жа двары (цяпер на гэтым месцы жылы дом з магазінам «Сонечны» на рагу Савецкай і Камсамольскай вуліц); мураваны флігель, які здаваўся ў наём, і 1-павярховы драўняны дом на выхадзе Шпітальнай вуліцы на Румянцаўскую (цяпер на гэтым месцы будынкі Гомельскага цырка), куплены Шабунеўскім у 1911 годзе, дзе ён жыў з сям’ёй[1].

У першым шлюбе з Марыяй Гур’еўнай (нар. 1881) ён меў сына Льва (1898—1975) і дачку Людмілу (нар. 1902 ). У другім шлюбе, з Ксеніяй Аляксандраўнай Мельнікавай (1885—1939), меў дачку Алену (1913—1942, Масква)[1].

У першыя гады савецкай улады Станіслаў Шабунеўскі працаваў у Гомельскім камунальным аддзеле на пасадзе інжынера. Пасля антысавецкага Стракапытаўскага паўстання ў Гомелі, у красавіку 1919 года прыцягнуты да адказнасці за «зносіны з мяцежнікамі» і прыгавораны рэвалюцыйным трыбуналам да грамадскага ганьбавання і пазбаўлення права быць абраным у кіроўныя савецкія органы. У верасні 1919 года Шабунеўскі мабілізаваны ў Чырвоную Армію, служыў у ваенна-палявым будаўніцтве, начальнікам упраўлення якога стаў у 1921 годзе. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Кадзіеўскім рудаўпраўленні, а ў верасні 1922 года звольніўся і вярнуўся ў Гомель.[1]

Працаваў інжынерам у Гомельскай будаўнічай арганізацыі «Палесбуд». У студзені 1923 года быў прызначаны інспектарам па будаўніцтве Гомельскага губернскага Савета народнай гаспадаркі. 1 мая 1924 года прызначаны губернскім, а ў 1927 годзе, пасля адміністрацыйнага пераўтварэння — акружным інжынерам Гомельскай акругі. З кастрычніка 1929 года Шабунеўскі працаваў начальнікам упраўлення будаўнічага кантролю, а з 1 студзеня па 21 лютага 1931 года — пры Гомельскім гарсавеце[1].

21 лютага 1931 года Станслаў Шабанеўскі першы раз арыштаваны, але праз пэўны час вызвалены[1]. Член Саюза архітэктараў СССР з 1934 года[2]. Другі раз арыштаваны ў 1937 годзе. Пастановай пазасудовага органа асуджаны і зняволены ў папраўча-працоўны лагер на 10 гадоў (Мядзведжая Гара, Беламорканал), адкуль не вярнуўся. Пасмяротна рэабілітаваны 20 кастрычніка 1989 года Пракуратурай БССР, паводле Указу Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 16 студзеня 1989 г. «Аб дадатковых мерах па ўстанаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, якія мелі месца ў перыяд 1930—40 і пачатку 50-х гадоў»[1].

Remove ads

Творчая спадчына

Творчую спадчыну Станіслава Шабунеўскага складаюць розныя архітэктурныя праекты, кіраўніцтва аднаўленчымі работамі, інспектаванне будаўніцтва многіх аб’ектаў у Гомелі і навакольных населеных пунктах[1].

Thumb
Будынак колішняй гомельскай Аляксандраўскай мужчынскай гімназіі.

Першы будынак, пабудаваны паводле ягонага праекта — Гомельская мужчынская гімназія (1898 год). Гэта 2-павярховы мураваны будынак у неакласічным стылі, які займаў амаль цэлы квартал на рагу Магілёўскай (Кірава) і Гімназічнай (цяпер частка Чырвонаармейскай) вуліц. Бронзавая закладная дошка на пачатак работ па ўзвядзенні гімназіі захоўваецца ў Гомельскім абласным краязнаўчым музеі. Будынак адной з найстарэйшых навучальных устаноў горада захаваўся да нашага часу ў змененым выглядзе (прыбраны купал над гімназічнай Аляксандраўскай царквой, пасля Другой сусветнай вайны надбудаваны 3-ці паверх). Цяпер там — адзін з карпусоў Гомельскага ўніверсітэта транспарту[1].

Thumb
Будынак колішняга Арлоўскага камерцыйнага банку.

Матывы класіцызму выкарыстаны Шабунеўскім у будаўніцтве банкаўскіх устаноў, што вылучаліся сваёй значнасцю і манументальнасцю. Гэта Арлоўскі камерцыйны банк на рагу Румянцаўскай і Ірынінскай вуліц, які быў узведзены ў 1901 годзе. Пасля Другой сусветнай вайны да яго надбудавалі 3-ці паверх і цяпер гэта адміністрацыйны будынак на рагу Савецкай і Ірынінскай вуліц[1].

Thumb
Будынак колішняга Віленскага камерцыйнага банку.

Аддзяленне Віленскага камерцыйнага банка месцілася на 2-м і 3-м паверхах дома, што быў пабудаваны паводле праекта архітэктара ў 1910—1912 гадах на рагу Румянцаўскай і Троіцкай вуліц. Ён належаў гомельскаму купцу І. В. Дамброўскаму, які ў свой час выбіраўся гарадскім галавою. На першым паверсе дома былі магазіны і аптэка. Цяпер у будынку на рагу Савецкай і Сялянскай вуліц мецяцца адміністрацыйныя службы Гомеля і вобласці. Вонкава розныя, гэтыя банкі мелі шмат агульных рысаў. Зрэзаныя вуглавыя часткі абодвух будынкаў, якія выходзілі на перакрыжаванне вуліц, фланкіраваліся порцікамі з калонамі, завяршаліся купаламі. Тут былі парадныя ўваходы. Разруставаныя фасады багата дэкараваліся з выкарыстаннем элементаў класіцызму і мадэрну. Гэта тыповыя ўзоры так званага «мадэрн-класіцызму»[1].

Thumb
Колішні дом гомельскага доктара Н. І. Аляксандрава.
Thumb
Колішні даходны дом купца К. П. Грошыкава.

Матывы мадэрну асабліва ярка выявіліся ў жылых дамах, якія былі пабудаваны паводле праектаў Станіслава Шабунеўскага ў пачатку XX ст. У жанры маёнтка з дэкорам мадэрну ў 1903 годзе быў пабудаваны дом для гомельскага доктара Навума Ільіча Аляксандрава на вуліцы Ірынінскай (цяпер Дом грамадзянскіх абрадаў на вул. Ірынінскай). У гэтым жа стылі пабудаваны 2-павярховы жылы дом на рагу вуліц Баярскай і Мільённай, ён будаваўся як даходны дом купца К. П. Грошыкава ў 1909 годзе. Цяпер тут, на рагу вуліц Баўмана і Білецкага, таксама кватэры. Прыблізна ў гэты ж перыяд на ўласным участку (рог Румянцаўскай і Аляксандраўскай вуліц) Шабунеўскі пабудаваў 3-павярховы мураваны дом (не захаваўся) з аблегчаным апошнім паверхам і атыкам. Мудрагелістае спалучэнне простых і акруглых ліній, арачнае афармленне дзвярных і аконных праёмаў, малюнак ляпных дэталей, пазычаныя ў ампіру дэкаратыўныя элементы — гэта дазваляе аднесці будынак да архітэктуры мадэрну[1].

Thumb
Адзін з карпусоў земскай бальніцы

У перыяд Першай сусветнай вайны Станіславам Шабунеўскім, пры фінансавым удзеле княгіні Ірыны Паскевіч, былі пабудаваны земская бальніца і гінекалагічная бальніца з радзільным домам на вуліцы Князя Паскевіча. Пабудаваныя ў стылі мадэрн з класічнымі матывамі, бальнічныя карпусы ўдала ўпісаліся ў прыбярэжны ландшафт і выдатна гармануюць з панарамай палацава-паркавага ансамбля з боку Сажа. Прасторныя памяшканні для хворых дэкарыраваліся стрымана і ўтульна. Гэтыя будынкі і сёння выкарыстоўваюцца як лячэбныя установы (корпус бальніцы хуткай дапамогі і ваенны шпіталь на вул. Камісарава).[1]

Thumb
Гасцініца «Савой»

Па заказе купца Шановіча на рагу Румянцаўскай і Мясніцкай вуліц Шабунеўскі ў 1912 годзе спраектаваў камфартабельную гасцініцу «Савой». Пры ёй была цырульня, сінематограф, мноства магазінаў на 1-м паверсе. Будынак дэкараваны ў стылі мадэрн, але ў сіметрычнай прапарцыянальнасці канструкцый, геаметрычнасці ліній відавочны кірунак ад архітэктуры мадэрну да канструктывізму. У парэвалюцыйны час тут размяшчаўся Выканаўчы камітэт Гомельскага Савета, а ў перыяд Стракапытаўскага паўстання ў 1919 годзе — штаб абароны Гомельскага рэвалюцыйнага камітэта. Будынак быў разбураны ў гады Другой сусветнай вайны, на яго месцы цяпер «Дом гандлю» (рог вуліц Савецкай і Камунараў).[1]

Канструяванне формы будынка адпаведна яго функцыянальнаму прызначэнню ўласціва цэхаваму корпусу хлебазавода, які захаваўся на праспекце Леніна, ён быў пабудаваны Станіславам Шабунеўскім у 1929 годзе[1].

Thumb
Круглы шэры дом

У гэты ж перыяд паводле праектаў Шабунеўскага будаваліся і жылыя дамы ў стылі канструктывізму. Адным з першых шматпавярховых будынкаў у Гомелі быў дом па вул. Пушкіна, 26, які меў кватэры секцыйнага тыпу (1927). Гэты будынак са зрэзанымі вугламі фасадаў атрымаў у гомельцаў назву «Круглы шэры дом». У тынк вонкавых сцен тут было дададзена бітае шкло. Іскрыстыя адценні, якое яно ўтварала, паводле задумы праектантаў, мусілі неяк аблягчыць выгляд гэтага шэрага маналіту.[1]

Thumb
Дом-камуна на пр. Леніна.

Найвышэйшай пабудовай даваеннага горада стаў 6-павярховы жылы дом для рабочых паравоза-вагонарамонтнага завода з кватэрамі камунальнага тыпу — Дом-камуна (1929—1931 гг., праспект Леніна, 51). Доўгія калідоры з вялікай колькасцю кватэр і агульнымі кухнямі адпавядалі тагачасным уяўленням, што ў камуністычным грамадстве ўсе павінны жыць разам, камунай. Апроч гэтага, такія дамы ўмяшчалі значную колькасць людзей, якія мелі патрэбу ў жытле.[1]

Thumb
Дом на пр. Леніна, 31

З рысамі канструктывізму, але ўжо з асобнымі кватэрамі, пабудаваў Станіслаў Шабунеўскі ў пачатку 1930-х гадоў дом на праспекце Леніна, 31, які складаецца з цэнтральнага аб’ёму і двух бакавых крылаў, утвараючы утульны ўнутраны двор[1].

У творчасці Шабунеўскага быў і вопыт будаўніцтва ў псеўдарускім стылі. Сюды адносяцца пажарнае дэпо па вуліцы Замкавай (1913)[3], якое было знесена пры ўзвядзенні Галоўпаштамта, і клуб запалкавай фабрыкі «Везувій» (1921—1922), які зараз належыць аб’яднанню «Гомельдрэў» (вул. Севастопальская, 61).[1]

У 1923—1924 гадах Станіслаў Шабунеўскага кіраваў аднаўленчымі работамі ў гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў, які пацярпеў ад пажару ў 1919 годзе. У 1925 годзе архітэктар праектаваў забудову гэтак званага «гарэлага балота», пад яго наглядам ствараўся гарадскі водаправод.[1]

Thumb
Бабруйскі касцёл аўтарства Станіслава Шабунеўскага

Станіслаў Шабунеўскі кіраваў будаўніцтвам розных аб’ектаў не толькі ў Гомелі, але і іншых гарадах — Клінцах, Добрушы, Злынцы. Цяпер дакладна не вядомы ўсе аўтарскія працы Шабунеўскага.[1]


Remove ads

Ушанаванне памяці

У 2018 годзе Шабунеўскаму было пасмяротна прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Гомеля[4].

Thumb
Мурал Станіславу Шабунеўскаму ў Гомелі па адрасе вуліца Кірава, 44

Зноскі

  1. Літвінава Т. Ф. Лёс мастака…
  2. Шабуневский Станислав Данилович // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. ISBN 5-338-00611-1. (руск.)

Літаратура

Спасылкі

Remove ads

Wikiwand in your browser!

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.

Remove ads