Стрэчанне Гасподняе

From Wikipedia, the free encyclopedia

Стрэчанне Гасподняе

Стрэ́чанне Гаспо́дняе, у каталіцкай традыцыі Дзень Грамнічнай Божай Маці або Ахвяраванне Гасподняе[1] (грэч. Ἡ Ὑπαπαντὴ τοῦ Κυρίου; лац.: Praesentatio Domini) — хрысціянскае свята, якое адзначаюць ў гістарычных цэрквах і некаторых пратэстанцкіх канфесіях, у прыватнасці, у лютэранстве.

Thumb
«Стрэчанне». Дуча, «Маэста», фрагмент, 1308—1311

У хрысціянстве з'явілася ў VI ст. на тэрыторыі Рымскай імперыі і трактуецца як своеасаблівая повязь Старога Запавету з Новым. Прызначана ў памяць сустрэчы (царкоўна-слав. — «стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з постацямі Старога Запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай у Іерусалімскім храме[1], якая адбылася на 40-ы дзень пасля Нараджэння і на 32-і дзень пасля Абразання.

У праваслаўі належыць да ліку дванадзесятых непераходзячых свят. Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская праваслаўныя цэрквы, а таксама Украінская грэкакаталіцкая царква (у межах Украіны), стараверы і некаторыя іншыя[2] святкуюць Стрэчанне 2 (15) лютага па юліянскім календары (у XX—XXI стагоддзях 2 лютага па юліянскім календары адпавядае 15 лютага па новаюліянскім і грыгарыянскім).

У каталіцтве святкуецца 2 лютага па грыгарыянскім календары; Эладская і шэраг іншых памесных праваслаўных цэркваў — таксама 2 лютага, але па новаюліянскім календары; Армянская апостальская царква — 14 лютага.

Евангельскае паданне

Стрэчанне. Рагір ван дэр Вейдэн
Басценавіцкі майстар. «Стрэчанне». 1731 г. З Успенскай царквы с. Басценавічы Магілёўскай вобласці

Паводле закона Майсеева ўсе яўрэйскія бацькі павінны былі сваіх першынцаў (першых сыноў) на саракавы дзень пасля нараджэння прынесці ў храм для пасвячэння Богу[3][4]. Пры гэтым належала ў якасці выкупу Богу прынесці ахвяру. Закон гэты быў усталяваны ў памяць зыходу яўрэяў з Егіпта — вызвалення ад рабства, выратавання тады першынцаў яўрэйскіх ад смерці. Паводле евангельскага апавядання, у выкананне гэтага закону Маці Божая з Іосіфам прынеслі Немаўля Ісуса ў Іерусалімскі храм, а для ахвяры прынеслі двух птушанят галубоў[3].

У той час у Іерусаліме жыў старац Сімяон, які быў набожным чалавекам і чакаў прышэсця Збавіцеля. Яму было прадказана, што ён не памрэ, пакуль не ўбачыць Хрыста Госпада. Сімяон доўга чакаў выканання абяцання, ён жыў, паводле падання, каля 300 гадоў. І калі Марыя з Іосіфам прынеслі Немаўля Ісуса, Сімяон сустрэў Дзіця, узяў яго на рукі і, славячы Бога, сказаў[3]:

« Цяпер адпускаеш раба Твайго (з гэтага жыцця ў іншае), Уладару, з мірам (спакойна), паводле слова Твайго (згодна з Тваім абяцаннем), бо ўбачылі вочы мае спасенне Тваё, якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў.
»

Тут жа, у храме, была набожная Ганна-прарочыца, 84 гадоў, якая служыла Богу пастом і малітвай. І яна пазнала Збавіцеля і, падышоўшы, праславіла Госпада і казала пра Яго ўсім у Іерусаліме[3].

Народная традыцыя

У беларускім народным календары свята носіць назву Грамніцы, якая меркавана паходзіць ад язычніцкага бога Грамаўніка (Перуна) — бога веснавых навальніц і дажджоў, якія спрыялі расліннасці[5]. Грамніцы лічацца днём першай сустрэчы зімы з летам[3]. У гэты дзень асвячаюць васковыя свечкі[1] і ваду[5]. Грамнічнымі свечкамі карыстаюцца як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах, для варажбы. Лічыцца, што спальванне свечак адпужвае ад чалавека нечысць, ахоўвае ад ведзьмаў і чарадзеяў, ад навальніцы і маланак, дапамагае пры хваробе, абараняе жывёлу. Беларусы запальваюць свечкі на Дзяды, Каляды, Вадохрышча, Купалле, Вялікдзень. Грамнічныя свечкі шануюць, іх нельга перадаваць у іншую сям'ю, нават родным і сваякам[1].

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.