Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Свята-Петра-Паўлаўская мемарыяльная капліца — праваслаўны храм у аграгарадку Лясная Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Пастаўлена ў гонар 200-годдзя перамогі рускіх войскаў над шведскім корпусам А. Левенгаўпта ў бітве пад Лясной. Адзін з найбольш удалых помнікаў псеўдарускай архітэктуры ў Беларусі[1].
Праваслаўны храм | |
Свята-Петра-Паўлаўская капліца | |
---|---|
53°32′25″ пн. ш. 30°54′30″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Лясная |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Магілёўская і Мсціслаўская |
Благачынне | Чавускае |
Архітэктурны стыль | неарускі |
Будаўнік | І. А. Лідзверс |
Архітэктар | А. І. фон Гаген, І. А. Бакіцька |
Будаўніцтва | 1908—1912 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 511Д000531 |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Першы драўляны мемарыяльны храм у гонар гэтай падзеі быў збудаваны тут паводле загада імператара ў 1708 годзе і з’яўляўся помнікам архітэктуры барока; быў вырашаны прамавугольным зрубам з прырубам 5-граннай апсіды з рызніцай і прытвора-ганка з 3 арачнымі ўваходамі. Зруб завяршаўся ўсечаным шатром, над якім чацверыковы барабан быў накрыты пластычным купалам з ліхтаром. Арыгінальнае шатровае завяршэнне набыла і апсіда. Гарызантальна ашаляваныя фасады чляніліся прамавугольнымі аконнымі праёмамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках. Унутры шацёр і барабан былі размаляваны.
У 1748 годзе ўладальнік Лясной пан Валкавіцкі перавёз царкву ў свой маёнтак Галавенчыцы і там зрабіў з яе фамільную пахавальню.
Ідэя ўзвесці новы помнік узнікла ў 1889 годзе ў сувязі з набліжэннім 200-й гадавіны гістарычнай бітвы. У 1904 годзе члену інжынернага камітэта Галоўнага інжынернага ўпраўлення прафесару архітэктуры А. І. фон Гагену было даручана скласці праект помніка-храма. Гэты праект быў ухвалены ў жніўні 1908 года.
Будаўніцтвам, якое праводзіла Бабруйская ваенна-інжынерная дыстанцыя, кіраваў ваенны інжынер І. А. Лідзверс. Інжынер І. А. Бакіцька ўдасканаліў першапачатковы праект (мураванае скляпенне заменена больш сучасным бетонным, чарапічнае пакрыццё шатра — жалезным ацынкаваным лускатым). За будаўніцтва храма адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі майстры І. Гоп і А. Іваноў.
Асвечана ў верасні 1912 года. Пашкоджана ў Вялікую Айчынную вайну, адноўлена ў 1956—57 гадах. У 1958 годзе ў капліцы адкрыўся музей гісторыі бітвы пры Лясной. У 1990-я гады капліца перададзена вернікам.
Помнік архітэктуры неарускага стылю, стылізацыі крамлёўскіх вежаў Масквы. Мураваны будынак цэнтрычнай 4-граннай пірамідальнай 2-яруснай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, завершанай 8-гранным лускаватым шатром з цыбулепадобнай галоўкай.
Пастаўлена на магутны стылабат, выкладзены з гранітных квадратаў, ярусы абліцаваны светла-жоўтай цэглай, аздабленні (уваходныя парталы, перамычкі аконных праёмаў, паясы і карнізы) з белага радамскага пясчаніку. Ярусы апяразаны паясамі і машыкулямі. Тры ўваходы вырашаны магутнымі перспектыўнымі арачнымі парталамі. На арачным імпэсце галоўнага ўвахода надпіс: «В лето от рождества Христова тысяча семьсот восьмого. Великий император Петр». Вышэй над уваходам — званіца пад кілепадобным шчыпцом і лучковым праёмам.
Галоўны фасад упрыгожаны мазаікай «Маці Божая з дзіцем». Усходні алтарны фасад прарэзаны 2 вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі, якія ахоплены магутным арачным парталам, дэкарыраваны паміж імі мазаічным пано «Апостал Пётр». Мазаікі выкананы ў майстэрні Уладзіміра Фралова ў Пецярбургу. Другі ярус завершаны зубцамі ў выглядзе «ластаўчына хваста». Лучковыя аконныя праёмы 2-га яруса ў ліштвах. Па скругленых вуглах 1-га яруса і над галоўным уваходам — вузкія аконныя праёмы-байніцы.
Унутраная прастора перакрыта крыжовым скляпеннем з распалубкамі; сцены абліцаваны керамічнай пліткай, падлога выкладзена тэракотавай пліткай, у алтары і на салеі паркетная падлога. За балюстраднай агароджай стаяў 3-ярусны, афарбаваны белай эмаллю сасновы іканастас на 20 абразоў. На сценах віселі 2 мармуровыя дошкі: адна са спісам вайсковых часцей, якія бралі ўдзел у бітве, другая — з копіяй рэляцыі аб гэтай бітве. Насценная размалёўка не захавалася.
У інтэр’еры капліцы вылучаюцца іканастас — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Ж001066, два ківоты — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Ж001067, мазаічны абраз «Казанская ікона Божай Маці» — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Ж001068, мазаічны абраз «Апостал Пётр» — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Ж001069.
Праект рэстаўрацыі мемарыяльнай капліцы выканаў беларускі архітэктар Валерый Слюнчанка[2].
Капліца ўдала ўпісваецца ў ландшафт мясцовасці, яго архітэктурна-мастацкая ідэя падпарадкавана гераічнай тэме[3].
Побач з капліцай на сродкі палкоў-ветэранаў пастаўлены скульптурны помнік, адкрыты 28 верасня 1908 года. Быў створаны вядомым рускім скульптарам-анамалістам А. Л. Оберам .
Вырашаны ў выглядзе гранітнай скалы, на вяршыні якой бронзавы шыракакрылы арол, які рве кіпцюрамі павержаны шведскі сцяг з паламаным дрэўкам. На пастаменце — дошка з рэльефным надпісам: «У памяць бітвы пры Лясной. Маці Палтаўскай перамогі — 1708 г. 28 верасня 1908 г.». На процілеглым баку бронзавая дошка са спісам палкоў — удзельнікаў бітвы.
Помнік — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 511Д000532
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.