From Wikipedia, the free encyclopedia
Свя́та-Ану́фрыеўская царква́ — праваслаўны храм у аграгарадку Сялец (былая в. Ануфрыева Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці). Узведзена як уніяцкая пры даўнім праваслаўным (з XVII стагоддзя — грэка-каталіцкім) манастыры. Помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння[1].
Праваслаўны храм | |
Свята-Ануфрыеўская царква | |
---|---|
53°52′32″ пн. ш. 31°46′37″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Сялец |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Магілёўская і Мсціслаўская |
Благачынне | Мсціслаўскае |
Архітэктурны стыль | барока[1] |
Першае згадванне | 1407 |
Будаўніцтва | XVIII стагоддзе — 1825 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000518 |
Стан | руіны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Царква ўваходзіла ў склад колішняга Свята-Ануфрыеўскага манастыра — аднаго са старажытных праваслаўных манастыроў Беларусі. Паводле адной з версій, ён быў утвораны ў XIV стагоддзі князем Юрыем Смаленскім[2]. Згодна з царкоўным паданнем[3], манастырскім статутам 1828 года[4][5] і паведамленнем Міхаіла Без-Карніловіча[6], кляштар заснаваў у 1407 годзе мсціслаўскі князь Лугвен Альгердавіч у глухім лесе, на месцы, дзе яго сыну Юрыю Лугвенавічу з’явіўся Святы Ануфрый і паказаў дарогу дахаты. Пазней Юрый прывёз з Афона абраз святога Ануфрыя, які разам з партрэтамі фундатараў манастыра Юрыя і яго жонкі Сафіі захоўваўся ў найстарэйшай пабудове комплекса — невялікай драўлянай Свята-Ануфрыеўскай царкве.
У 1453 годзе князь Юрый ахвяраваў манастыру тры вёскі, ягоны сын Іван таксама павялічыў валоданні манахаў, якім у пэўны час належалі 11 тысяч дзесяцін зямлі, 2 дзесяціны леса, 1000 сялян мужчынскага полу, 3 фальваркі, 7 вадзяных млыноў і бровар.
Адзін з друцкіх князёў, Багдан Друцкі-Азярэцкі, у XVI стагоддзі вырашыў стаць манахам і прыняць духоўны сан у Ануфрыеўскім кляштары. Жыгімонт Ваза падтрымаў князя і паабяцаў у выпадку прыняцця сана падарыць яму манастырскія валоданні. Але як толькі кароль падпісаў паперы аб перадачы зямель Друцкаму, той перадумаў станавіцца манахам. Жыгімонт Ваза вярнуў манастыр сабе[7].
У 1635 годзе вялікі князь літоўскі Уладзіслаў Ваза перадаў манастыр ордэну базыльянаў.
Па звестках сярэдзіны XVIII стагоддзя, усе будынкі ў Свята-Ануфрыеўскім манастыры былі драўлянымі. На той час кляштару належаў суседні фальварак, дзейнічала царкоўнапрыходская школа, дзе ў 1803 годзе на «манастырскай вопратцы і харчаванні» ўтрымлівалася 10 дзяцей, якіх вучылі рускай і польскай граматыцы і спевам. Служылі 8 манахаў. Філіяльных цэркваў манастыр не меў[3].
Да пачатку XIX стагоддзя манастыр кіраваўся архімандрытам, манастырская архімандрыя па багаццю даходаў саступала толькі Полацкай. Яго ігуменам лічыўся тытулаваны архіепіскап Смаленскі і Северскі.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай кляштар увайшоў у склад Расійскай імперыі, яго архімандрытам да 1803 года стаў Іраклій Лісоўскі, які адсюль фактычна кіраваў усімі ўніятамі былога Вялікага Княства Літоўскага. У апошняй чвэрці XVIII стагоддзя па яго ініцыятыве пачалося будаўніцтва новай цаглянай царквы, таксама ён змайстраваў гадзіннік для храма[7].
У 1809 годзе царкоўныя будынкі былі перададзены ваеннаму ведамству. Паводле інвентара 1817 года, у кляштары захоўваўся манастырскі архіў і была абсталявана бібліятэка, якая налічвала 302 кнігі, у тым ліку рукапісныя. Гэта былі працы па тэалогіі, філасофіі, гісторыі, праву[3].
Згодна з інвентаром 1823 года, у манастыры былі дзве царквы: старая драўляная з 5 алтарамі і новая. Новы мураваны храм быў канчаткова дабудаваны у 1825 годзе, і 25 жніўня таго ж года яго асвяцілі ў гонар Святога Ануфрыя. Пасля яго ўзвядзення старую царкву было вырашана не аднаўляць і на будучыню выкарыстоўваць як пахавальную капліцу «для далейшай кансервацыі парэшткаў там складзеных архіепіскапаў і многіх іншых знатных асоб». Галоўныя рэліквіі з яе — абразы Божай Маці, падараваны Лугвенам у 1407 годзе, і Святога Ануфрыя, былі перанесены ў новы будынак[3][7].
Новая царква разам з прымыкаючымі да яе карпусамі ўтваралі адзіны фасад, звернуты да двара манастыра. З іншага боку, насупраць царквы, двор замыкалі пастаўленыя ў адну лінію стайні і карэтная з размешчанай паміж імі крытай ўязной брамай. У браме з унутранага боку знаходзілася адмысловая дошка, на якую паводле статуту павінен быў запісаць сваё імя кожны манах, які выходзіў за межы манастыра[3].
У выніку паўстання 1830—31 гадоў, у 1836 годзе манастыр быў адабраны ў базыльянаў і зноў перароблены ў праваслаўны, аднак ён хутка спыніў сваё існаванне. Свята-Ануфрыеўская царква спачатку служыла вайсковым храмам для размешчанай тут 11-й пяхотнай дывізіі , а пазней стала прыходскай і ў такім стане праіснавала да 1920-х гадоў[3]. У пачатку XX стагоддзя ў царкве служыў настаяцелем протаіерэй Міхаіл Гашкевіч.
За савецкім часам манастырскі корпус быў пераабсталяваны пад школу, а царква — пад спартыўную залу. Значныя руйнаванні храм атрымаў падчас Другой сусветнай вайны і з таго часу больш не аднаўляўся. У 1950-х гадах улады разабралі металічны дах будынка, які знаходзіўся ў аварыйным стане.
У 2007 годзе царква была занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння. У 2018 годзе каля старой царквы быў пабудаваны невялікі драўляны храм, асвячоны ў лютым таго ж года ў гонар Святога Ануфрыя[8].
Помнік архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму — барочнага класіцызму. Царква — выцягнутая па падоўжнай планіровачнай восі, узнятая на высокі руставаны цокаль пабудова, накрытая агульным двухсхільным дахам. Уяўляе з сабе аднанефавы храм з паўцыркульнай алтарнай апсідай і высокай пяціяруснай чатырохграннай вежай-званіцай пад маленькім шатром. Усе ярусы падзелены развітымі карнізамі і крапаваны вуглавымі пілястрамі. Фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і падвойнымі пілястрамі ў прасценках і па вуглах, апяразаны прафіляваным карнізам. У дэкоры выкарыстаны руставаныя лапаткі, падвойныя пілястры і калоны. Тры ўваходы ў храм размешчаны ў ніжнім ярусе вежы і вылучаны паўцыркульнымі парталамі. Аконныя праёмы фасадаў з лучковымі, на вежы — з паўцыркульнымі завяршэннямі[9].
Прастора малітоўнай залы перакрыта цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках і распалубках. У тоўшчы франтальнай фасаднай сцяны змешчана вітая лесвіца на хоры, якія падтрыманы 2 парамі калон. Каланадай вылучана і апсіда[1].
Справа ад царквы былі пабудаваны аднапавярховыя цагляныя манастырскія будынкі. У іх знаходзіліся цёплая царква Святога Мікалая (перабудавана ў школу), пакоі архімандрыта, канцылярыя, трапезная. Да нашых дзён правы корпус не захаваўся. З левага боку стаяў другі манастырскі корпус, які захаваўся часткова. Тут былі келлі, кухня і каморка, а таксама бібліятэка і архіў. У архіве знаходзілася кніга, у якой былі распісаны ўсе прывілеі, якія былі дадзены манастыру князямі[7].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.