From Wikipedia, the free encyclopedia
Свянця́нскія гра́ды[1][2], Свянцянскае ўзвышша[1][2] (літ.: Švenčionių aukštuma) — узвышша на паўночным захадзе Беларусі. Фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай правінцыі (акруга Беларускага Пааазер’я)[1]. Назва дадзена польскімі географамі ў 1930-х гадах ад назвы горада Свянцяны (сучасны горад Швянчоніс у Літве)[1].
Займаюць частку Пастаўскага, Докшыцкага, Глыбоцкага раёнаў Віцебскай вобласці і Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. На поўначы мяжуюць з Дзісенскай нізінай (частка Полацкай нізіны), на ўсходзе — з Ушацка-Лепельскім узвышшам, на паўднёвым усходзе і поўдні — з Верхнебярэзінскай і Нарачана-Вілейскай нізінамі, на захадзе заходзяць на тэрыторыю Літвы. Лукападобнымі выгінамі на поўдзень працягнуліся з усходу на захад на 120—130 км, з поўначы на поўдзень на 35—45 км, плошча 2,7 тыс. км².
Свянцянскія грады прымеркаваны да Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з адкладаў дэвонскага, мелавога, палеагенавага ўзросту. Антрапагенавыя ўтварэнні (магутнасць больш за 100 м) дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў.
Узвышша ўяўляе сабой дугападобную з прагінам на поўдні сістэму краявых ледавіковых град. Рэльеф буйна-ўзгорысты і градава-марэнна-азёрны, сфарміраваўся пераважна пад уплывам ледавіка паазерскага зледзянення. Перавышэнні адносных вышынь дасягаюць 50—60 м. Найвышэйшым пунктам Свянцянскіх градаў з’яўляецца гара Nevaišių kalnas вышынёй 289 м над узроўнем мора, якая знаходзіцца ў Ігналінскім раёне Літвы. Найвышэйшым пунктам Свянцянскіх градаў на тэрыторыі Беларусі зараз з’яўляецца гара Маяк вышынёй 240,4 м над узроўнем мора (знаходзіцца каля вёскі Рынкяны Пастаўскага раёна). Аб’ект узяты пад ахову і абвешчаны рэспубліканскім геамарфалагічным помнікам прыроды[3]. Да 1990-х гадоў найвышэйшым пунктам Свянцянскіх градаў на тэрыторыі Беларусі была гара Вясёлая (245,5 м), аднак яна была зруйнавана ў выніку кар’ерных работ[4].
У паніжэннях і лагчынах шмат невялікіх, але глыбокіх азёр, звязаных паміж сабой малымі рэкамі, пратокамі і размешчаных групамі (Лучайская, Мядзёльская, Доўгаўская, Глыбоцкая групы). Тут знаходзіцца самае глыбокае на Беларусі Доўгае возера (53,7 м). Па градах праходзіць водападзел паміж басейнамі Заходняй Дзвіны і Нёмана. На паўночных схілах пачынаюцца рэкі Мядзелка, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута, на паўднёвых — Страча, Сэрвач.
Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічы пясок, торф, сапрапель.
Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя; месцамі эрадзіраваныя, у паніжэннях глеістыя, часам карбанатныя. Лясы захаваліся невялікімі ўчасткамі, займаюць каля 25 % тэрыторыі. Пашыраны мяшаныя драбналістыя маладнякі і субаравыя хвойнікі, месцамі дубовыя і шыракаліста-яловыя асацыяцыі. У паніжэннях зараснікі вярбы, бярозы, хвоі, чорнай вольхі.
Разарана больш за 40 % тэрыторыі. Частка тэрыторыі ўваходзіць у Нарачанскі нацыянальны парк.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.