Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ро́берт Э́нсан Ха́йнлайн (Robert Anson Heinlein[заўв 1]; 7 ліпеня 1907, Батлер, Місуры, ЗША — 8 мая 1988, Кармел, Каліфорнія, ЗША) — амерыканскі пісьменнік, адзін з найзначнейшых пісьменнікаў-фантастаў, які шмат у чым вызначыў выгляд сучаснай навуковай фантастыкі[5][6]. Яго называюць «дэканам пісьменнікаў-фантастаў»[7].
Роберт Хайнлайн | |
---|---|
англ.: Robert Anson Heinlein | |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | англ.: Robert Anson Heinlein |
Псеўданімы | Anson MacDonald, Lyle Monroe, John Riverside, Caleb Saunders і Simon York |
Дата нараджэння | 7 ліпеня 1907[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 8 мая 1988[2][1][…] (80 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Жонка | Virginia Heinlein[d] |
Альма-матар |
|
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік, сцэнарыст, літаратурны крытык, ваенна-марскі афіцэр |
Гады творчасці | 1939 — 8 мая 1988 |
Жанр | навуковая фантастыка, фэнтэзі, баявая фантастыка[d] і падлеткавая літаратура[d] |
Мова твораў | англійская |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Прэміі | |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Хайнлайн быў адным з першых, хто стаў публікавацца ў буйных папулярных выданнях, напрыклад, The Saturday Evening Post у канцы 1940-х гадоў. Яго першыя апавяданні з'явіліся ў часопісе Astounding Science Fiction у 1939 годзе, ён быў у групе пісьменнікаў, якія сталі вядомымі дзякуючы рэдактару Astounding Джону Кэмпбелу . Кар'ера пісьменніка доўжылася амаль паўстагоддзя , у сваёй творчасці Хайнлайн закрануў многія тэмы, у т.л. сацыяльныя і філасофскія: асабістую свабоду, адказнасць асобы перад грамадствам, ролю і фармат сям'і, прыроду арганізаванай рэлігіі і шмат іншых .
У англа-амерыканскай літаратурнай традыцыі Хайнлайна разам з Артурам Кларкам і Айзекам Азімавым лічаць «Вялікай тройкай» пісьменніка-фантастаў . Хайнлайн стаў уладальнікам прэстыжных прэмій «Х’юга» і «Неб'юла», адзіным пісьменнікам, які атрымаў «Х’юга» за пяць раманаў . У гонар Хайнлайна названы астэроід і кратар на Марсе.
Нарадзіўся трэцім дзіцём у сям'і Рэкса Айвара Хайнлайна і Бем Лайл Хайнлайн, апроч старэйшых Лоўрэнса і малодшага Рэкса, пазней у іх нарадзілася яшчэ трое дачок і сын[8]. У гэты час бацькі жылі ў матчынага бацькі, доктара Альва Э. Лайла. Праз тры гады па нараджэнні Роберта сям'я пераехала ў Канзас-Сіці ў штаце Місуры, бацька пачаў працаваць у Мідлендскай кампаніі сельскагаспадарчых машын. У Канзас-Сіці прайшло дзяцінства Хайнлайна.
Найбольшы уплыў на будучага пісьменніка ў гэты перыяд аказаў дзед Альва Лайл, якога Роберт наведваў у Батлеры штолета да смерці таго ў 1914 годзе. Дзед прышчапіў яму любоў да чытання і дакладных навук, шэраг станоўчых рыс характару. У памяць дзеда Хайнлайн пазней не раз карыстаўся псеўданімам Лайл Манро, а таксама назваў галоўнага героя аповесці «If This Goes On—»[9]. Канзас-Сіці знаходзіўся ў г.зв. «біблейскім поясе», адпаведна, Хайнлайна выхоўвалі строга, па-пурытанску, і закладзеная ўнутраная маральная аснова засталася на ўсё яго жыццё[5].
У 1920 годзе Хайнлайн паступіў у Цэнтральную сярэднюю школу Канзас-Сіці[10]. Да гэтага часу ён вельмі захапляўся астраноміяй, прачытаў усе кнігі па тэме ў Публічнай бібліятэцы Канзас-Сіці . Таксама яго ўражвала вывучэнне эвалюцыйнай тэорыі Дарвіна, якая паўплывала на далейшую творчасць Хайнлайна[8]. Школьнае захапленне нестандартнымі матэматычнымі задачамі таксама часам праяўлялася ў творах пісьменніка, як, напрыклад, тэсеракт у апавяданні «And He Built a Crooked House».
Па сканчэнні школы Хайнлайн вырашыў следам старэйшага брата Рэкса паступіць у Ваенна-марскую акадэмію ЗША ў Анапалісе. Допуск да ўступных іспытаў у акадэмію быў абмежаваны, толькі паводле хадайніцтва аднаго з кангрэсменаў або сенатараў[5] і звычайна толькі аднаму члену сям'і з аднаго пакалення. Таму Хайнлайн актыўна ўзяўся збіраць рэкамендацыйныя лісты і адсылаць іх сенатару Джэймсу А. Рыду для атрымання ад яго хадайніцтва. Чакаючы вынікаў, Хайнлайн правучыўся курс ва Універсітэце Місуры . За гэты час сенатар Рыд атрымаў сотню лістоў ад ахвочых паступіць у акадэмію — пяцьдзясят па аднаму ад пяцідзесяці чалавек і пяцьдзясят ад Хайнлайна[8]. Такім чынам Хайнлайн атрымаў хадайніцтва для паступлення ў акадэмію і пасля паспяховых іспытаў у чэрвені 1925 года стаў кадэтам[11].
У час навучання ў акадэміі Хайнлайн жыў у Банкрафт-Холе — кадэцкім інтэрнаце. Паспяхова вывучаў абавязковыя дысцыпліны, а таксама стаў чэмпіёнам акадэміі па фехтаванні, барацьбе і стральбе[8][12]. Тройчы праходзіў практыку, на лінкарах «Юта», «Аклахома» і «Арканзас»[13]. У 1929 годзе Хайнлайн паспяхова скончыў навучанне пятым у рэйтынгу, але праз дысцыплінарныя парушэнні быў паніжаны да 20-й пазіцыі сярод 243-х кадэтаў выпуску і атрымаў званне энсіна[11].
Хайнлайн атрымаў прызначэнне на новы авіяносец ВМС США «Лексінгтан»[14] — афіцэрам, адказным за радыёсувязь з самалётамі. У сярэдзіне 1932 года атрымаў званне младшага лейтэнанта і быў пераведзены на эсмінец USS Roper артылерыйскім афіцэрам[13]. У канцы 1933 года ў Хайнлайна выявілі сухоты, ён правёў некалькі месяцаў на лячэнні, спачатку ў шпіталі Фітцсіманс у Дэнверы, потым у санаторыі паблізу Лос-Анджэлеса[8]. У санаторыі Хайнлайн распрацаваў вадзяны матрац[15], які пазней будзе ўспамінаць у некаторых сваіх творах, але не запатэнтаваў яго. Праз хваробу Хайнлайн неўзабаве быў прызнаны цалкам непрыгодным да далейшай службы і мусіў пайсці ў адстаўку ў званні лейтэнанта ў жніўні 1934 года, яму была прызначана невялікая пенсія. Ваенная кар'ера старэйшых братоў Роберта склалася больш удала — Рэкс пасля акадэміі зрабіў кар'еру ў арміі ЗША, дзе служыў да канца 1950-х[12], Лоўрэнс таксама служыў у сухапутнай арміі, ВПС і Нацыянальнай гвардыі Місуры, даслужыўся да звання генерал-маёра[16][17].
Першы раз Хайнлайн ажаніўся 21 чэрвеня 1929 года з Элінор Кары з Канзас-Сіці, з якою быў знаёмы са школы. Адносіны з жонкай адразу ж не склаліся, Хайнлайн як ваенны марак быў у асноўным далёка ад Канзас-Сіці, Элінор не хацела пераязджаць ні ў Каліфорнію, ні ў іншае месца, дзе ён служыў. Урэшце ў кастрычніку 1930 года яна падала ў суд на развод, і шлюб, пра які Хайнлайн нават не паведаміў сваёй сям'і, распаўся[13]. 28 сакавіка 1932 года ён ужо больш свядома ажаніўся з Леслін Макдональд, палітычнай актывісткай, даволі незвычайнай і таленавітай жанчынай[18].
Па адстаўцы Хайнлайн колькі тыдняў правёў у аспірантуры Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Лос-Анджэлесе на кафедры матэматыкі і фізікі; але пакінуў яе, ці то з прычыны нездароўя[18], ці то ўцягнуўшыся ў палітыку[11]. Ён пасяліўся ў Лорэл Каньёне , прыгарадзе Лос-Анджэлеса, змяніў шмат спецыяльнасцей, у тым ліку рыелтара нерухомай маёмасці і службоўца сярэбраных капалень. Пазней ён далучыўся да руху Э. Сінклера пад лозунгам «Пакончым з галечай у Каліфорніі! » (EPIC), папулярнага на пачатку 1930-х гадоў у гэтым штаце, стаў да 1935 года сакратаром акруговай асамблеі руху і членам камісіі па складанні канстытуцыі EPIC. Калі Сінклер балатаваўся губернатарам ад Дэмакратычнай партыі, Хайнлайн актыўна ўдзельнічаў у гэтай правальнай кампаніі. У 1938 годзе ён сам балатаваўся ў Заканадаўчы сход Каліфорніі, але таксама няўдала[заўв 2].
Хайнлайн меў шырокія палітычная погляды, частку якіх можна лічыць і сацыялістычнымі. Варта адзначыць, што тагачасны амерыканскі сацыялізм не быў пад уплывам марксізму, а меў уласныя традыцыі, блізкія да ўтапічнага сацыялізму Сэн-Сімона[8]. Апроч уплыву другой жонкі, Леслін, Хайнлайн яшчэ ў дзяцінстве шмат прачытаў з Уэлса, успрыняў спакваля і яго прагрэсіўны сацыялізм[19], які лёгка сумяшчаўся з пазіцыямі амерыканскіх левых сіл, у тым ліку і руху Э. Сінклера. У 1954 годзе, ужо моцна змяніўшы палітычныя погляды, Хайнлайн пісаў пра гэта[20]:
...многія амерыканцы... гучна заяўлялі, што Макарці стварыў «уладу тэрору». Вы напалоханы? Я — не, а я маю ў мінулым шмат палітычных учынкаў дужа левых адносна пазіцыі сенатара Макарці. Арыгінальны тэкст (англ.)
...many Americans ... were asserting loudly that McCarthy had created a 'reign of terror.' Are you terrified? I am not, and I have in my background much political activity well to the left of Senator McCarthy's position. |
Няўдачы ў палітычнай дзейнасці і цяжкія выплаты іпатэкі вымусілі Хайнлайна шукаць дадатковага заробку[заўв 3]. Хайнлайн прадаў рэдактару Джону Кэмпбелу сваё апавяданне «Life-Line», напісанае за чатыры дні ў красавіку 1939, і яно было апублікавана ў жнівеньскім нумары часопіса Astounding Science Fiction[23]. За выключэннем часу 2-й сусветнай вайны і кароткачасовага ўдзелу ў палітычных кампаніях, Хайнлайн надалей зарабляў выключна літаратурнай працай[24]. Ужо ў 1941 годзе ён быў запрошаны ганаровым госцем на Сусветны канвент навуковай фантастыкі (Worldcon-41), які адбываўся ў Дэнверы. Хайнлайн быў ганаровым госцем гэтага канвента таксама ў 1961 і 1976 гадах.
У час 2-й сусветнай вайны Хайнлайн працаваў разам з Айзэкам Азімавым і Лаянам Спрэгам дэ Кампам у Навукова-даследчай лабараторыі ВМФ у Філадэльфіі[18]. Яны распрацоўвалі метады барацьбы з абледзяненнем самалётаў на вялікіх вышынях, апаратуру для сляпой пасадкі і кампенсвальныя гермакасцюмы[5]. У лабараторыі Хайнлайн пазнаёміўся з Вірджыніяй Дорыс Герстэнфельд, закахаўся, але не хацеў разрываць шлюб.
У 1947 годзе Хайнлайн усё ж развёўся з Леслін, у якой да таго часу ўзмацніліся праблемы з ужываннем алкаголю. У 1948 годзе Хайнлайн ажаніўся трэці раз — з Вірджыніяй Герстэнфельд і ў шлюбе з ёю пражыў свае астатнія сорак гадоў[18]. Вірджынія ніколі не была сааўтарам твораў мужа, аднак уплывала на працэс іх напісання — першай чытала, падказвала ідэі, была сакратаром і менеджарам[25].
Неўзабаве па жаніцьбе Хайнлайн з Вірджыніяй пераехалі у Каларада-Спрынгс, дзе спраектавалі і пабудавалі ўласны дом з бамбасховішчам[заўв 4].
У 1953—1954 гадах Хайнлайны здзейснілі сваё першае кругасветнае падарожжа, уражанне ад яго ўскосна паўплывала на раманы-падарожжы Хайнлайна (узору «Podkayne of Mars»). Толькі ў 1992 годзе была выдадзена кніга Хайнлайна «Tramp Royale», дзе апісана гэтага падарожжа[26]. У 1959—1960 гадах Хайнлайны наведалі СССР, для гэтага Вірджынія два гады старанна вывучала рускую мову. На пачатку Хайнлайну агулам спадабалася ў Савецкім Саюзе, але збіты гэтым часам амерыканскі разведвальны самалёт U-2 з лётчыкам Паўэрсам сапсаваў уражанні[6].
У 1960-я гады праз хранічную вышынную хваробу Вірджыніі, Хайнлайны перабраліся назад у Каліфорнію, часова пасяліліся ў Санта-Крузе, пакуль у 1967 годзе не пабудавалі новы дом у бліжэйшай статыстычна адасобленай мясцовасці Боні Дун[27][заўв 5]. Раней адной з прычын пакінуць Каларада-Спрынгс было жаданне знаходзіцца далей ад першачарговых цэлей ядзернай атакі, адной з якіх мог быць штаб Камандавання паветрана-касмічнай абароны Паўночнай Амерыкі.
Азімаў лічыў, што шлюб з Джыні[заўв 6] азначаў і змену палітычных прыярытэтаў Хайнлайна. Разам яны заснавалі «Лігу Патрыка Генры» (1958) і ў 1964 годзе актыўна ўдзельнічалі ў прадвыбарчай кампаніі Бары Голдуотэра, а «Tramp Royale» змяшчае дзве вялікія апалогіі Макарці. Расчараванне і адыход ад сацыялізму Уэлса ў бок кансерватыўных поглядаў не быў раптоўным, а пачаўся яшчэ падчас вайны. Пакуль Хайнлайн трымаўся сваіх традыцыйна-патрыятычных і ліберальна-прагрэсіўных поглядаў, сама палітыка змянілася, і ён разам з мільёнамі іншых амерыканскіх лібералаў вымушаны быў адысці ад амерыканскага лібералізму[8].
Важным грамадскім укладам Хайнлайна з'яўляюцца яго раманы для юнакоў. Ён пісаў іх з навуковага пункту гледжання, пры гэтым выдатна ведаючы дарослы свет, практычна аднаасобна стварыўшы жанр юнацкай навуковай фантастыкі[28]. Яго раманы былі актуальнымі, пакуль ў 1959 годзе раман «Starship Troopers» не адхіліла рэдакцыя выдавецтва Scribner[29][30]. Тады Хайнлайн змог адмовіцца ад амплуа «вядучага аўтара дзіцячых кніг», якое ўжо стаміла яго[31], і пайсці ўласным шляхам. Пачынаючы ад 1961 года яго кнігі радыкальна пашыраюць межы навукова-фантастычнага жанру, пачынаючы з самага вядомага[32] рамана — «Stranger in a Strange Land» (1961 г.) і далей — «The Moon Is a Harsh Mistress» (1966 г.), які лічаць вяршыняй яго творчасці[33][34]. Прызнаннем заслуг Хайнлайна было запрашэнне на тэлебачанне для каментавання ў жывым эфіры высадку на Месяц у 1969 годзе разам з Артурам Кларкам і Уолтэрам Кронкайтам[11].
Напружаная праца прывяла Хайнлайна ў 1970 годзе на мяжу смерці. 1970-я гады пачаліся для яго з перытаніту, крайне небяспечнага для жыцця, лячэнне заняло больш за два гады. Адчуўшы сябе дастаткова добра для пачатку актыўнай працы, у 1973 годзе Хайнлайн стварае раман «Time Enough for Love: The Lives of Lazarus Long», у якім ужыта шмат сюжэтаў, распрацаваных ім у позняй творчасці. У сярэдзіне 1970-х Хайнлайн атрымаў заказ на два артыкулы для «Штогодніка Брытанскай энцыклапедыі» і разам з Джыні аб'ездзіў краіну для арганізацыі збору донарскай крыві[35] і стаў ганаровым госцем на Трэцім сусветным кангрэсе навуковай фантастыкі ў Канзас-Сіці (1976)[11].
Адпачынак на Таіці ў 1978 годзе скончыўся прыступам ішэмічнай хваробы сэрца. Яму зрабілі аперацыю каранарнага шунціравання, што тады было навінкаю. У ліпені 1979 яго запрасілі выступіць перад Аб’яднаным камітэтам Сената і Палаты прадстаўнікоў. Яго прамова цверділа веру ў то, што даходы ад развіцця касмічных тэхналогій акажуць істотную дапамогу хворым і пажылым людзям[11].
Аперацыі дазволілі Хайнлайну пачаць працу ў 1980 годзе, калі ён падрыхтаваў да выдання зборнік «Expanded Universe». Таксама пісьменнік працаваў і з вялікай формаю, напісаўшы ў 1980-я пяць раманаў. У 1983 ён наведаў Антарктыду — апошні мацярык, на якім яшчэ не бываў[11].
Здароўе пісьменніка значна пагоршылася да 1987 года, што вымусіла яго з жоекай пераецаць у мястэчка Кармел каб мець магчымасць атрымаць патрэбную медыцынскую дапамогу. Там ён і памёр у сне на восемдзясят першым годзе жыцця ад наступстваў эмфізэмы раніцай 8 мая 1988 г.[36] падчас работы над раманам з серыі «World as Myth». Яго цела крэміравалі, а прах развеялі над Ціхім акіянам[12].
Традыцыя падзелу творчасці Роберта Хайнлайна на некалькі перыядаў паходзіць, напэўна, з працы Аляксея Паншына «Heinlein in Dimension» (1968)[24]. Паншын дзяліў пісьменніцкую кар'еру Хайнлайна на тры перыяды — уплываў (1939—1945), поспеху (1947—1958) і адчужэння (1959—1967)[37][заўв 7]. Крытык Гэры Вестфаль не згодны з перыядызацыяй Паншына і дзеліць творчасць пісьменніка на дзве часткі — навукова-фантастычную (1939—1957) і сатырычную (1958—1988), абгрунтоўваючы дзяленне запускам першага штучнага спадарожніка Зямлі, які быццам падвёў вынікі прапагандысцкай дзейнасці пісьменнікаў-фантастаў[38]. Расійскі крытык і пісьменнік Андрэй Балабуха вылучае тры перыяды — пачатковы (1939—1942), сталы (1947 — сяр. 1960-х, у два патокі) і апошні (1970—1988)[5]. Андрэй Ермалаеў не аспрэчвае перыядызацыю Балабухі, але звяртае ўвагу на значны духоўны пераварот пісьменніка ў 1960-я гады, што прывяло да значнага кантрасту позніх раманаў з ранейшай творчасцю[39]. Джэймс Гіфард даволі скептычна ставіцца да спроб перыядызацыі, заўважаючы, што ў кожнага чытача і даследчыка будзе ўласны погляд і заўсёды знойдуцца творы, якія не адпавядаюць любой схеме[24]. Такім чынам, агульнапрынятай перыядызацыі творчасці Хайнлайна няма.
Першы раман, напісаны Хайнлайнам, называўся «For Us, The Living: A Comedy of Customs» (1939), хоць і быў апублікаваны толькі ў 2003 годзе. Твор быў болей падобны да серыі лекцый сацыяльнай тэорыі і аказаўся літаратурна няўдалым[8]. Аднак Джон Клют у сваім аглядзе сцвярджаў, што калі б Хайнлайн і ягоныя калегі змаглі публікаваць такую «сур’ёзную» навуковую фантастыку ў тагачасных часопісах, то фантастыка цяпер «прынамсі не іграла б такую фантастычна благую ролю, як пэўныя яе цяпер жывыя разнавіднасці»[40].
Пацярпеўшы няўдачу з раманам, Хайнлайн у 1939 годзе пачаў прадаваць у рэдакцыі часопісаў свае першыя апавяданні, якія пазней склалі цыкл «Future History». Яго кар'ера на гэтым этапе была цесна звязана са знакамітым рэдактарам Джонам Кэмпбелам; успамінаючы той час, Фрэдэрык Пол называў Хайнлайна «найвялікшым пісьменнікам-фантастам Кэмпбелавай эпохі»[41]. Айзэк Азімаў казаў, што пачынаючы са свайго першага апублікаванага апавядання Хайнлайн быў прызнаны найлепшым пісьменнікам-фантастам і захаваў гэтае месца да канца жыцця[42]. У часопісе Astounding Science Fiction ў маі 1941 года для «Future History» была апублікавана схема палітычных, культурных і тэхналагічных перамен XX ст. і далей. Аднак пазней Хайнлайн напісаў шмат апавяданняў і раманаў, якія адхіляліся ад гэтай яго схемы ды ўтваралі самастойныя цыклы. Рэчаіснасць XX ст. Future History абвергла… Неадпаведнасці Хайнлайн пераадолеў у 1980-я гады, увёўшы канцэпцыю «Свету як міфа.
Першы раман Хайнлайна, апублікаваны асобным выданнем — «Rocket Ship Galileo», выйшаў толькі ў 1947 годзе[43]. Спачатку рэдакцыя адхіліла раман, бо палёт на Месяц лічыўся тады зусім нецікавым. Толькі пад канец 2-й сусветнай вайны Хайнлайн знайшоў выдаўца — Charles Scribner's Sons, які стаў да кожных Калядаў выдаваць па рамане для юнакоў, напісаным Хайнлайном[44]. Восем кніг ў гэтай серыі, пачынаючы з рамана «Space Cadet», былі ілюстраваны Кліфардам Геры ў стылі гратаж[45]. У гэты перыяд быў выдадзены раман «Farmer in the Sky» — у часопісе «Boys' Life», у чатырох нумарах за жнівень, верасень, кастрычнік, лістапад 1950 года под назвай «Satellite Scout», які праз пяцьдзясят гадоў быў адзначаны рэтраспектыўнай прэміяй «Х’юга» за дасягненні ў навуковай фантастыцы. На прэмію «Х’юга» з раманаў для юнацтва намінаваўся таксама даволі папулярны «Have Space Suit—Will Travel»[46].
Раннія раманы Хайнлайна цікавы і дзецям і дарослым. Яго галоўныя героі ў гэты перыяд — звычайна вельмі неардынарныя і інтэлектуальныя падлеткі, які прабіваюцца ў грамадства дарослых. Паводле формы — раманы простыя — апавяданні пра прыгоды, канфлікты з настаўнікамі і бацькамі і г.д. Хайнлайн добра ведаў пра цэнзурныя абмежаванні, таму яго проза часта кансерватыўная фармальна, што не замінала яму праводзіць ідэі, немагчымыя ў фантастыцы для юнакоў іншых аўтараў таго часу. Хайнлайн думаў, што маладыя чытачы дасведчанейшыя, чым звычайна лічаць, таму ў сваіх кнігах спрабаваў заахвоціць іх да роздуму[28]. У раман «Red Planet» (1949), дзе апавядаецца пра рэвалюцыю, куды уцягнуты навучэнцы інтэрната на Марсе, рэдактар запатрабаваў унесці змены. Рэдактара бянтэжыла, што падлеткі ёмка валодаюць зброяй, а таксама экзатычны спосаб размнажэння марсіян, у якіх было тры палы, якія супадалі са стадыямі развіцця[28]. Хайнлайну не шчасціла на выдаўцоў, так у «Podkayne of Mars» давялося нанова пісаць фінал, а «The Puppet Masters» і «Stranger in a Strange Land» спачатку былі выдадзены моцна скарочанымі[24].
У канцы 1950-х гадоў стаў відавочны канфлікт поглядаў і ладу жыцця Хайнлайна з яго амплуа — пісьменніка для падлеткаў.
Джэймс Бліш у 1957 годзе тлумачыў поспех ранніх раманаў Хайнлайна высакаякаснай тэхнікай і структурай пісьма, яго прыроджаным, практычна інстынктыўным разуменнем тэхнічных прыёмаў у фантастыцы, якія іншыя пісьменнікі спасцігалі праз горкі досвед[47].
Хайнлайн быў аўтарам мноства клішэ, без якіх цяпер цяжка ўявіць фантастычны жанр, але рэвалюцыйных у свой час. Напрыклад, раман «The Puppet Masters» (1942, надрукаваны ў 1951) спарадзіў ідэю прышэльцаў-паразітаў, якія падначальваюць чалавечую волю.
Серыя раманаў для юнацтва была скончана «Starship Troopers» (1959), які мусіў быць чарговым раманам для Scrinber's, але праз сваю дыскусійнасць не быў прыняты выдавецтвам. Гэты раман стаў адказам на заклікі да аднабаковага спынення ядзерных выпрабаванняў з боку ЗША[48].
У гэты перыяд Хайнлайн напісаў свае самыя вядомыя раманы. Яго творы гэтага часу даследуюць усе тэмы, ад лібертарыянства і індывідуалізму да свабоднага кахання, што ў пэўнай ступені шакавальна кантрастуе з тэматыкай яго ранняй творчасці[49]. Усё пачалося з «Stranger in a Strange Land» (1961), які быў лагічным працягам неапублікаванага літаратурнага дэбюту з тымі ж тэмамі свабоднага кахання і радыкальнага індывідуалізму[заўв 8].
Раман «Stranger in a Strange Land» пісаўся больш за 10 гадоў і ў папярэднім варыянце называўся «The Heretic», быў скончаны пасля перапынку для работы над «Starship Troopers». Мусіць, Хайнлайн апублікаваў бы раман і раней, у адным з ранніх варыянтаў, але ў 1950-я гады праз сексуальны складнік кнігі гэта было практычна немагчыма[51]. Нават на пачатку 1960-х у аўтара былі цяжкасці з публікацыяй, у выдавецтве «Putnam» не хацелі выдаваць яго з-за тэмы сексу і рэлігіі, і наогул у выдавецтве болей спадзяваліся што Хайнлайн працягне пісаць папулярныя раманы для юнацтва. Толькі скарочаную з 220 да 160 тысяч словаў кнігу Хайнлайн здолеў апублікаваць, адначасова тым самым даказаў сваю здольнасць пісаць і прадаваць мастацкія творы любых жанравых катэгорый[8].
На думку крытыкаў і публікі, найлепшы раман Хайнлайна — «The Moon Is a Harsh Mistress» (1966 г.). У рамане апісана вайна за незалежнасць месячных калоній з выяўленнем анархічнай дактрыны пра небяспеку кожнага урада — таксама і рэспубліканскага — для індывідуальнай свабоды.
У гэты перыяд Хайнлайн звяртаецца таксама да фэнтэзі. Ён піша некалькі апавяданняў гэтага кірунку яшчэ ў 1940-я гады, але адзіным яго «чыстым» фэнтэзі быў раман «Glory Road» (1963).
Наступны раман Хайнлайна — «I Will Fear no Evil» (1970 г.) — афарбаваны заўважнымі сатырычнымі матывамі і нават элементамі антыутопіі[52]. Лагічна да гэтага раману далучаецца іншы — «Time Enough for Love: The Lives of Lazarus Long» (1973 г.).
Праблемы са здароўем даймалі пісьменніка наступныя некалькі гадоў. Толькі ў 1979 годзе ён скончыў наступны раман, «The Number of the Beast», а пасля яго напісаў яшчэ чатыры рамана, у тым ліку «To Sail Beyond the Sunset: The Life and Loves of Maureen Johnson» (1987). Усе гэтыя кнігі яўна звязаныя паміж сабою асаблівасцямі персанажаў, часам і месцам дзеяння. Пенталогія стала перадачай філасофіі Хайнлайна. У гэтых творах багата філасофскіх маналогаў і дыялогаў, сатыры, разважанняў пра ўрад, секс і рэлігію[38][53]. Многія крытыкі адзываліся пра гэтыя раманы адмоўна[54][55][56].
Сюжэты позніх раманаў не аднатыпныя. «The Number of the Beast» і «The Cat Who Walks Through Walls» пачынаюцца як легкадумныя прыгодніцкія гісторыі, павольна пераходзячы ў паток аўтарскай філасофіі ў фінале. Крытыкі доўгі час спрачаюцца, ці з'яўляецца літаратурная «нядбайнасць» прыкметай стомленасці майстра, яго няўважлівасці да формы апавядання, адсутнасці рэдактарскага кантролю, ці гэта — свядомае жаданне парваць са стэрыятыпамі жанру і рассунуць межы навуковай фантастыкі, перайсці на новы творчы ўзровень[39]. Паводле стылю «Лічбу Звера» можна прылічыць да разнавіднасці «магічнага рэалізму». Крытыкі думаць, што познія раманы Хайнлайна ёсць своеасаблівымі адгалінаваннямі «Future History» і аб'ядноўваюцца пад агульным загалоўкам «World as Myth» (ад лозунга пантэістычнага саліпсізму — экзатычнай дактрыны, якую прапанавала адна з гераінь «The Number of the Beast»)[57].
Троху асобна стаяць тут раманы «Friday» і «Job: A Comedy of Justice, выходил также как Иов, или Комедия справедливости». Першы — прыгодніцкі твор з тонкімі адсылкамі да ранняй творчасці Хайнлайна, другі — яўная антырэлігійная сатыра[58].
Вірджынія Хайнлайн, памерлая ў 2003 годзе, выдала ў 1989 годзе зборнік перапіскі Хайнлайна з выдаўцамі «Grumbles from the Grave». У зборніку «Requiem: Collected Works and Tributes to the Grand Master» (1992 г.) выйшлі некаторыя раннія апавяданні, якімі Хайнлайн быў незадаволены і не публікаваў. Былі выдадзены публіцыстычныя кнігі Хайнлайна — «Tramp Royale», апісанне кругасветнага падарожжа разам з жонкай на пачатку 1950-х гадоў, а таксама кніга «Take Back Your Government» (1946 г.). У 2003 годзе упершыню выдадзены яго першы раман «For Us, the Living», які лічыўся страчаным[59]. У 2012 годзе скончана выданне поўнага збору твораў Хайнлайна ў 46 тамах, вядомае як Virginia Edition[60][61].
Спайдэр Робінсан, калега, сябар і паклоннік Хайнлайна[62], узяўшы за аснову яго неапублікаваныя накіды ад 1955 года, напісаў раман «Variable Star»[63]. Раман апублікаваны ў 2006 годзе з імем Хайнлайна на вокладцы над імем Робінсана[64].
Палітычныя погляды Хайнлайна моцна вагаліся цягам жыцця, што адбівалася на змесце яго мастацкіх твораў. У ранніх творах, уключаючы неапублікаваны раман «For Us, the Living», элементы палітыкі Рузвельта проста перанесены ў космас XXI стагоддзя, напрыклад, Касмічны будаўнічы корпус з апавядання «Misfit» яўна футурыстычная версія Грамадзянскага корпуса аховы навакольнага асяроддзя.
Раманы з юнацкай серыі напісаны з пазіцыі кансерватыўных каштоўнасцяў. У «Space Cadet» менавіта пад кіраўніцтвам вайскоўцаў сусветны ўрад забяспечвае мір ва ўсім свеце. Патрыятызм і рашучая падтрымка ваёскоўцаў — ключавыя элементы кансерватызму Хайнлайна, які з 1954 года перастаў лічыць сябе дэмакратам[19]. «Starship Troopers», некаторыя крытыкі называюць апалогіяй фашызму і мілітарызму[30][65][66][67][68]. Насуперак падобнай крытыцы, сам аўтар толькі сцвярджаў, што няма ні аднаго шанца пазбавіцца ад войнаў ў блізкай будучыні, бо такія рэаліі разнастайнасці чалавечай цывілізацыі[69], а таксама быў супраць усеагульнай воінскай павіннасці[70].
Не варта адмаўляць болей чым ліберальных поглядаў у Хайнлайна. Пісаны адначасова з «Starship Troopers» «Stranger in a Strange Land» стаў культавай кнігай хіпі, а «The Moon Is a Harsh Mistress» быў крыніцай натхнення для лібертарыянцаў. Водгук абедзвюх груп выклікалі яго тэмы асабістай свабоды думак і дзеянняў[71]. Сярод амерыканскіх пісьменнікаў, якія літаратурна паўплывалі на лібертарыянства, Хайнлайна ставяць на другое месца па Айн Рэнд[72].
Хрысціянства і ўлада. Спецыфічнымі былі погляды Хайнлайна на хрысціянства, вельмі актуальныя ў ЗША. Ён быў супраць любога зрастання рэлігіі і ўлады, што прычынілася да напісання «Job…», дзе пісьменнік жорстка крытыкаваў любую арганізаваную рэлігію. Добра гэтая тэма ўпісана і ў «Stranger in a Strange Land», крытыка рэлігіі — галоўная тэма аповесці «If This Goes On». У «Future History» ёсць перыяд «зацьмення», калі пратэстанцкія фундаменталісты ўстанаўліваць дыктатуру ў ЗША.
Станоўчая ацэнка вайскоўцаў, цесна звязана з прапаведаваннем Хайнлайнам індывідуалізму. Яго ідэальныя вайскоўцы (асабліва ў раманах «Between Planets», «The Moon Is a Harsh Mistress», «Red Planet» і, вядома ж, «Starship Troopers») — заўсёды асобныя добраахвотнікі, часам — паўстанцы. Таму і ўрад для Хайнлайна — працяг арміі, якая павінна абараняць свабоднае грамадства. Такая ідэя адлюстравана нават у рамане «Time Enough for Love».
Ранні Хайнлайн схіляўся да сацыялізму, але ўсё жыццё быў перакананым антыкамуністам. З паездкі ў СССР у 1960 годзе Хайнлайн вярнуўся антысаветчыкам[6], што адбілася ў серыі эсэ, такіх як «Pravda» means «Truth» і «Inside Intourist».
Мальтузіянства і войны. Хайнлайн быў перакананым мальтузіянцам, бо лічыў, што ўплыў насельніцтва на навакольнае асяроддзе дыктуе паводзіны соцыуму. Асабліва ярка гэта праявілася ў раманах «Чырвоная планета» і «Нябесны фермер» (1950). У гэтым плане цікавы эпізод ў «Жыццях Лазаруса Лонга» (1973) пра канфлікт фермераў з банкам, дзе Хайнлайн вельмі яскрава паказаў трагічны працэс пераўтварэння піянерскага грамадства ў цывілізаванае. Хайнлайн яўна аддае перавагу эвалюцыйнаму шляху развіцца грамадства, хоць многія яго раманы ёсць хронікамі рэвалюцый (на Марсе, Венеры і Месяцы). Яркім прыкладам яго ідэалогіі ёсць «Месяц — суровы гаспадар», дзе каланісты скідаюць аўтарытарны рэжым, але становяцца ахвярамі агульнага шляху развіцця чалавецтва, якое ўсё болей і болей заціскае асобу. Пра гэта ж напісана ўжо ў рамане «Кот, які праходзіць скрозь сцены».
Хайнлайн вырас у грамадстве з расавай сегрэгацыяй, а як пісьменнік стаў вядомы ў час барацьбы афраамерыканцаў за свае грамадзянскія правы. Упершыню прыхаваныя выказванні супраць расізму з'явіліся ў аповесці «Джэры — чалавек» (1947) і рамане «Касмічны кадэт» (1948). Раннія творы Хайнлайна ішлі наперадзе свайго часу ў яўным непрыманні расізму і ў наяўнасці «нябелых» персанажаў, тады як да 1960-х гадоў героі ў навуковай фантастыцы зялёную скуру мелі часцей за чорную[73]. Ён часам іграў з колерам скуры сваіх герояў, спачатку вымушаў чытачоў атаясамліваць сябе з галоўным героем, а затым мімаходзь успамінаў яго не белае паходжанне, як гэта было ў «Тунэлі ў небе» і «Зорным дэсанце»[74]. Адкрыта гэтую тэму, менавіта на амерыканскім матэрыяле, Хайнлайн закрануў у рамане «Месяц — суровы гаспадар».
Самым правакацыйным ў гэтым плане быў раман «Свабоднае ўладанне Фарнхэма» (1964), дзе белыя героі з чорным слугом былі закінуты на дзве тысячы гадоў наперад у будучыню, ва ўмовы каставага рабаўладальніцкага грамадства, дзе рабамі былі белыя, а пануючай кастай — чорныя і мусульмане.
У час 2-й сусветнай вайны Хайнлайн напісаў аповесць «Шостая калона» (1940), дзе белыя амерыканцы змагаюцца з агрэсарамі жоўтай расы, якія захапілі ўжо ўсю Еўразію, у тым ліку СССР і Індыю. Пазней пісьменнік адмежаваўся ад расісцкіх аспектаў гэтага твора, прызнаўся, што ствараў яго на аснове пераказу Кэмпбелам сюжэта ненапісанага ім апавядання, а таксама дзеля гарантаванага ганарару[75]. Наогул, шмат якія крытыкі спрабавалі выкрыць Хайнлайна ў прапагандзе «жоўтай пагрозы»[76][77], якую можна ўгледзіць таксама ў некаторых эпізодах «Тунэля ў небе» і «Нябеснага фермера». Урэшце, у той жа «Шостай калоне» дбайна служыць ЗША амерыканец азіяцкага паходжання, а марыць пра будучую дыктатуру навукоўцаў белы прафесар.
Шмат якія раманы Хайнлайна — гісторыі рэвалюцыі супраць палітычнага прыгнёту. Аднак Хайнлайн далёкі ад маніхейства, таму паказвае прыгнятальнікаў і прыгнечаных часам нават двухсэнсава. У «Свабодным уладанні Фарнхэма» сын галоўнага героя спачатку спрабуе аддзяліцца, але затым ідзе на кастрацыю дзеля ўласнага месца ў жыцці.
Пазней Хайнлайн зрушыў фокус сваёй увагі па прыгнёт асобы грамадствам, а не ўрадам.
Для Хайнлайна нераздзельны паняцці індывідуалізму і высокага інтэлекту, і кампетэнтнасці. Гэта вельмі ярка і проста ён прапаведуе ў раманах для юнацтва, а ў «Жыццях Лазаруса Лонга» зборнік афарызмаў канчаецца каронным Спецыялізацыя — для насякомых, у тым сэнсе, што чалавек мусіць умець усё.
Для Хайнлайна асабістая свабода значыла і свабоду сексуальную, таму тэма свабоднага кахання з'явілася ў яго ў 1939 годзе і не знікае да канца жыцця. Развіццё тэмы сексу ў ранняй творчасці пісьменніка часта крытыкуюць за манернасць, нязграбнасць і адсутнасць непасрэдных апісанняў[78][79]. З шэрагу прычын у ранняй творчасці Хайнлайн закранаў сексуальнасць у вельмі невялікай колькасці твораў, аднак пачынаючы з «Чужынца ў чужой краіне» — адной з першых кніг навуковай фантастыцы, дзе адкрыта абмяркоўваюць пытанні сексу — гэтая тэма займае значнае месца ў яго творах[62]. Бліжэй да канца кар'еры Хайнлайн пачаў разглядаць эрэкцыю і аргазм з гумарам і апломбам[80].
Апавяданне «Усе вы зомбі»[81] (1959) і раман «Не збаюся я зла» (1970) уздымаюць тэму змены пола.
У некаторых раманах, асабліва з позняй творчасці, Хайнлайн звяртаецца да даследавання дзіцячай сексуальнасці і інцэста. Напрыклад, у «Свабодным уладанні Фарнхэма» ў дачкі галоўнага героя Карэн па шэрагу намёкаў аўтара праяўляецца комплекс Электры — яна проста кажа, што выбіраючы паміж бацькам і дарослым братам, як мужамі, аддасць перавагу бацьку. Тэма інцэсту з'яўляецца таксама ў «Дзецях Мафусаіла», «Дарозе доблесці», «Даволі часу для кахання»[80].
Цікава, што амаль ва ўсіх жаночых персанажаў Хайнлайна ёсць рацыянальны розум і характар. Яны нязменна кампетэнтныя, разумныя, інтэлектуальныя, храбрыя, і заўсёды кантралююць жыццёвыя акалічнасці, наколькі гэта магчыма наогул, не саступаюць у гэтых якасцях мужчынскім персанажам[82]. Узорам для моцных жаночых персанажаў з ранніх твораў Хайнлайна, была яго другая жонка Леслін Мак-Дональд, а пазней трэцяя жонка Вірджынія Хайнлайн[83]. Аднак у гэтых гераінь часта ёсць антыподы — абмежаваныя жанчыны, ханжы, з якімі галоўны герой звязаны шлюбам — як у «Свабодным уладанні Фарнхэма» і «Іове, або Асмяянні справядлівасці».
Урэшце, не варта лічыць Хайнлайна апалагетам фемінізму. Так, у «Падвоенай зорцы» (1954) сакратарка Пэні, цалкам разумная і разважлівая, дае волю эмоцыям і выходзіць замуж за свайго боса — паспяховага палітыка[84].
Важная крыніца пра філасофскія погляды Хайнлайна — яго раман «Уплысці за захад», дзе галоўная гераіня Морын Джонсан задаецца пытаннем: «Мэта метафізікі ставіць такія пытанні: Навошта мы тут? Куды мы трапляем па смерці? І — Чаму гэтыя пытанні невярашальныя?» Гэтыя пытанні — аснова метафізікі Хайнлайна. Сын гераіні — Лазарус Лонг, слушна заяўляе, што каб адказаць на пытанне чым ёсць Сусвет?, трэба выйсці за яго межы.
Найбольш канцэнтравана філасофскія праблемы выяўлены Хайнлайнам у творах кароткай формы. Саліпсізм — «Яны», прычыннасць — «Па ўласных слядах», абмежаванасць чалавечага ўспрымання — «Акварыум з залатымі рыбкамі», ілюзорнасць свету — «Непрыемная прафесія Джонатана Хога».
У 1930-1940-я гады Хайнлайн глыбока цікавіўся вучэннем пра агульную семантыку Альфрэда Каржыбскі і наведваў яго семінары. Тым жа часам Хайнлайн зацікавіўся вучэннем містыка Пятра Успенскага.
Ідэя Свету як міфа (англ.: World as Myth) створана Хайнлайнам і была развіта ім у кнізе «Лічба звера». Паводле яе, міфы і выдуманыя светы існуюць як незлічоная колькасць Сусветаў, паралельна з нашай. Дакладней, колькасць выдуманых Сусветаў складае 10 314 424 798 490 537 000 000 000 000 або ((6)6)6. У гэтым мультысусвеце гісторыі будучыні Хайнлайна — толькі адзін з вялізнай колькасці Сусветаў, якія складаюць свет як міф.
Раманы цыклу:
Роберт Хайнлайн не пакінуў па сабе такой вядомай тройкі законаў, якая была ў Айзэка Азімава або ў Артура Кларка. Аднак у эсэ «On the Writing of Speculative Fiction» (1947) расказаў пра пяць правілаў пісьменніцкага поспеху[24]:
Пісьменнік не хаваў ад патэнцыяльных канкурэнтаў гэтыя правілы, бо лічыў, што мала якія аўтары здолеюць іх трымацца[86].
Разам з Айзэкам Азімавым і Артурам Кларкам, Роберта Хайнлайна ацэньваюць як Вялікага Майстра фантастыкі[87][88], яго прызнаюць першым ў гэтай тройцы[89]. Хайнлайн быў адным з яркіх прадстаўнікоў Залатога веку навуковай фантастыкі і пачатак яго кар'еры быў цесна звязаны з рэдактарам Astounding Science Fiction Джонам Кэмпбелам[90].
Вядомасць прыйшла да Хайнлайна вельмі рана. Ужо ў 1953 годзе апытанне вядучых аўтараў навуковай фантастыкі таго часу называла яго найболей уплывовым сучасным аўтарам[91]. У 1974 годзе Хайнлайна першым з усіх пісьменнікаў-фантастаў пры жыцці ўганаравалі Damon Knight Memorial Grand Master Award за заслугі перад навуковай фантастыкай. Крытык Джэймс Гіфард пісаў: «Хоць многія іншыя аўтары перасягнулі Хайнлайна выніковасцю, мала хто можа сцвярджаць, што на гэтулькі шырока і плённа ўплыў на жанр, як ён. Дзясяткі пісьменнікаў-фантастаў даваеннага Залатога веку да гэтага дня з непрыхаваным энтузіязмам давяраюцца Хайнлайну дзеля развіцця ўласнай кар'еры, фарміравання свайго стылю і сюжэтаў»[92].
Хайнлайн зрабіў свой унёсак і ў асваенне космасу. Зняты паводле яго сцэнарыя фільм «Месца прызначэння — Месяц» (1950) прапагандуе ідэю касмічнай гонкі з СССР, за дзесяць гадоў перад тым, як з'ява стала пазнавальнай, пры гэтым фільм прасоўваўся праз нечуваную рэкламную кампанію ў друкаваных выданнях. Многія астранаўты і іншыя асобы, датычныя касмічнай праграмы ЗША, натхняліся творчасцю Роберта Хайнлайна, напрыклад, яго аповесцю «Чалавек, які прадаў Месяц»[93].
Агулам за 48 гадоў пісьменніцкай кар'еры Хайнлайн напісаў 33 раманы[заўв 9], 59 апавяданняў і 16 зборнікаў твораў. Паводле матываў яго твораў знята 4 кінафільмы, 2 тэлесерыялы, некалькі радыёпастановак і іншае[94].
На беларускую мову станам на 2014 год творы Хайнлайна не перакладалі. У СССР наогул Хайнлайна ўпершыню пераклалі на рускую мову ў 1944 годзе[95], аднак да 1990 года колькасць выданняў яго твораў на рускай не перавышала 20-ці. У асноўным гэта былі апавяданні, толькі ў 1977 годзе ў часопісе «Вокруг света» (№ 1−5) быў апублікаваны раман «Пасынкі Сусвету». З 1990-х гадоў папулярнасць пісьменніка ў Расіі рэзка ўзрасла (45 выданняў у 1992 годзе, да 2003 — болей за 500)[96], было выдадзена некалькі паважных збораў твораў. Першым з іх быў «Миры Роберта Хайнлайна» ў 25 тамах.
Жоўтым вылучаны рэтраспектыўныя ўзнагароды, якія даваліся праз значны час па публікацыі твора.
Год | Прэмія | Катэгорыя | Твор | Заўв. |
---|---|---|---|---|
1951 | Х’юга | Лепшы раман | Фермер у небе | [97] |
1951 | Х’юга | Лепшая аповесць | Чалавек, які прадаў Месяц | [97] |
1951 | Х’юга | Лепшая пастаноўка | Месца прызначэння — Месяц | [97] |
1956 | Х’юга | Лепшы раман | Падвоеная зорка | [98] |
1960 | Х’юга | Лепшы раман | Зорны дэсант | [99] |
1961 | Секвоя | Кніга для дзяцей | Маю скафандр — гатовы вандраваць | [100] |
1962 | Х’юга | Лепшы раман | Чужынец у чужой краіне | [101] |
1967 | Х’юга | Лепшы раман | Месяц — суровы гаспадар | [102] |
1975 | Неб'юла | Грандмайстар | прыжыццёвыя дасягненні | [103] |
1978 | Сэйун | Лепшы перакладны раман | Не збаюся я зла | [104] |
1983 | Праметэй | Зала славы | Месяц — суровы гаспадар | [105] |
1985 | Локус | Лепшы раман фэнтэзі | Іоў, або Асмяянне справядлівасці | [106] |
1987 | Праметэй | Зала славы | Чужынец у чужой краіне | [107] |
1990 | Локус | Лепшая публіцыстыка | Grumbles from the Grave | [108] |
1996 | Праметэй | Зала славы | Чырвоная планета | [109] |
1997 | Праметэй | Зала славы | Дзеці Мафусаіла | [110] |
1998 | Праметэй | Зала славы | Даволі часу для кахання | [111] |
1998 | Зала славы навуковай фантастыкі і фэнтэзі | Н/Д | прыжыццёвыя дасягненні | [112] |
2003 | Праметэй | Зала славы | Рэквіем | [113] |
За сваю плённую пісьменніцкую кар'еру Хайнлайн напісаў болей за 30 раманаў і мноства твораў малой формы. Усе творы можна падзяліць на некалькі груп — цыкл «Гісторыя будучыні» з прылеглымі цыкламі «Лазарус Лонг» і «Свет як Міф», серыя «юнацкіх» раманаў для выдавецтва Charles Scribner's Sons і асобныя «дарослыя» раманы.
Год | Назва | Арыгінальная назва | Заўвагі |
---|---|---|---|
1953 | Астранаўт Джонс | Starman Jones | |
1952 | Турботныя Стоўны | The Rolling Stones aka Space Family Stone | |
1958 | Маю скафандр — гатовы вандраваць | Have Space Suit—Will Travel | |
1956 | Час для зорак | Time for the Stars | |
1957 | Грамадзянін Галактыкі | Citizen of the Galaxy | |
1956 | Дзверы ў лета | The Door into Summer | |
1956 | Падвоеная зорка | Double Star | Узнагароджаны Hugo Award, 1956 |
1941 | Дзеці Мафусаіла | Methuselah's Children | Частка «Гісторыі будучыні». Размешчаны ў «Залі славы» прэміі «Праметэй» (1997) |
2003 | Нам, што жывуць | For Us, The Living: A Comedy of Customs | Напісаны ў 1939 годзе, але апублікаваны пасмяротна |
1963 | Дарога славы | Glory Road | |
1973 | Даволі часу для кахання | Time Enough for Love | Размешчаны ў «Залі славы» прэміі «Праметэй» (1998) |
1959 | Зорны дэсант | Starship Troopers | Узнагароджаны Hugo Award, 1960 |
1954 | Зорны звер | The Star Beast | |
1984 | Іоў, або Асмяянне справядлівасці | Job: A Comedy of Justice | |
1948 | Касмічны кадэт | Space Cadet | |
1985 | Кот, які праходзіць скрозь сцены | The Cat Who Walks Through Walls | |
1949 | Чырвоная планета | Red Planet | Арыгінальная версія без рэдактарскіх правак апублікавана ў 1990 годзе |
1951 | Куклаводы | The Puppet Masters | |
1966 | Месяц — суровы гаспадар | The Moon Is a Harsh Mistress | Узнагароджаны Hugo Award, 1967 |
1963 | Марсіянка Подкейн | Podkayne of Mars | Арыгінальны варыянт канцоўкі апублікаваны ў 1993 годзе |
1951 | Паміж планетамі | Between Planets | |
1970 | Не збаюся я зла | I Will Fear No Evil | |
1963 | Пасынкі Сусвету | Orphans of the Sky | Частка «Гісторыі будучыні» |
1955 | Пераменная зорка | Variable Star | Скончаны Спайдэрам Робінсанам і апублікаваны пасмяротна ў 2006 годзе |
1982 | Пятніца | Friday | |
1947 | Ракетны карабель «Галілеа» | Rocket Ship Galileo | |
1964 | Свабоднае ўладанне Фарнхэма | Farnham's Freehold | |
1942 | Там, за гранню | Beyond This Horizon | |
1955 | Тунэль у небе | Tunnel in the Sky | |
1987 | Уплысці за захад | To Sail Beyond the Sunset | |
1950 | Фермер у небе | Farmer in the Sky | Узнагароджаны Retro Hugo Award, 1951 |
1979 | Лічба звера | The Number of the Beast | |
1961 | Чужынец у чужой краіне | Stranger in a Strange Land | Узнагароджаны Hugo Award, 1962 |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.