Карлаў універсітэт
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ка́рлаў універсітэ́т у Празе (Універсітэт імя Карла ў Празе, чэшск.: Univerzita Karlova v Praze, чэшск.: Karlova univerzita, лац.: Universitas Carolina, ням.: Karls-Universität Prag, англ.: Charles University in Prague) — галоўны ўніверсітэт Чэхіі, найстарэйшы ўніверсітэт Цэнтральнай Еўропы і адзін з найстарэйшых універсітэтаў свету, быў заснаваны каралём Карлам IV у 1348 годзе. Прадметы выкладаюцца на чэшскай і англійскай мовах.
Карлаў універсітэт | |
---|---|
Univerzita Karlova v Praze, Universitas Carolina Pragensis | |
Арыгінальная назва | Univerzita Karlova v Praze, Universitas Carolina Pragensis |
Заснаваны | 1348 |
Рэктар | Томаш Зіма |
Рэктар | Milena Králíčková[d] |
Студэнты | 49 508[1] |
Краіна | |
Размяшчэнне | Прага, Чэхія |
Юрыдычны адрас | Ovocný trh 5, 116 36 Praha 1 |
Сайт | www.cuni.cz/ |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
У наш час ва ўніверсітэце вучацца больш за 47 тыс. студэнтаў з усяго свету. Універсітэт уваходзіць у Асацыяцыю галоўных еўрапейскіх ВНУ разам з Оксфардам, Сарбонай, Балонняй, Універсітэтам Жэневы і інш. На яго факультэтах чытаюць лекцыі выкладчыкі вядучых універсітэтаў свету.
Універсітэт створаны ініцыятывай імператара (чэшскага і рымскага караля) Карлам IV з прапановы першага пражскага архібіскупа Арнашта. 26 студзеня 1347 года Папа Рымскі Клімент VI выдаў дазвол на адкрыццё ў Празе навучальнай установы з правам надання вучоных ступеней. Універсітэт з чатырма факультэтамі: вольных мастацтваў, юрыдычны, медыцынскі і тэалагічны, — урачыста заснаваны Карлам IV актам з 7 красавіка 1348 года. Для правядзення заняткаў імператар выкупіў некалькі будынкаў у квартале Старэ-Места, якія ў яго імя атрымалі назву Каралінума.
Карлаў універсітэт быў першым нямецкім універсітэтам наогул і першым універсітэтам Цэнтральнай Еўропы, у прыватнасці. Абслугоўваў у першую чаргу інтарэсы прадстаўнікоў нямецкай абшчыны Чэхіі, навучанне вялося на нямецкай мове да канца XIX ст. У адрозненне ад іншых універсітэтаў, адукацыя не мела рэлігійнага ўхілу, бо каталіцкая царква ў Празе мела ўласную навучальную ўстанову.
У 1372 годзе юрыдычны факультэт фактычна аддзяліўся ад універсітэта і да 1417 года меў уласнага рэктара. Арганізацыйна ўніверсітэт падзяляўся на 4 універсітэцкія нацыі: чэшскую (студэнты і прафесары з Багеміі і Маравіі, венгерскага каралеўства), польскую (з Сілезіі, польскага каралеўства, Мазовіі, Вялікага Княства Літоўскага), баварскую і саксонскую. Кожная нацыя мела адзін універсітэцкі голас. У 1409 годзе чэшскі кароль Вацлаў IV выдаў т. зв. Кутнагорскі дэкрэт, паводле якога чэшская нацыя атрымала 3 галасы, а астатнія 1 на ўсіх. Пратэстуючы супраць дыскрымінацыі, каля 700 замежных студэнтаў і выкладчыкаў пакінулі Прагу, заснаваўшы ў тым жа годзе ўніверсітэт у Лейпцыгу.
Пражскі ўніверсітэт стаў калыскай і адным з цэнтраў гусіцкага руху. Пасля зыходу замежных студэнтаў паплечнікі Яна Гуса апынуліся ва ўніверсітэце ў большасці. Пасля 1419 года ў выніку гусіцкіх войнаў дзейнасць універсітэта спынілася. Навучанне было адноўлена ў 1430-х гадах, але толькі на факультэце вольных мастацтваў. Універсітэт страціў міжнароднае значэнне, да XVII стагоддзя на яго адзіным факультэце вучыліся амаль выключна студэнты ўтраквісты з Багеміі.
У 1622—1638 гадах пасля паражэння антыгабсбурскага паўстання (1618—1620) універсітэт быў перададзены езуітам, якія пачынаючы ад 1556 года мелі ў Празе акадэмію — т. зв. Клеменцінум, павышаную ў 1618 годзе да ўніверсітэта. У 1622 годзе Клеменцінуму перададзена ўніверсітэцкая бібліятэка. У 1638 годзе Фердынанд III забраў універсітэт з падпарадкавання езуітам і аднавіў дзейнасць юрыдычнага і медыцынскага факультэтаў, але ў 1654 годзе аб’яднаў пражскі універсітэт (Каралінум) з езуіцкім Клеменцінумам. У выніку быў створаны т. зв. Карла-Фердынандаў універсітэт з чатырма факультэтамі, прычым філасофскі (вольных мастацтваў) і тэалагічны факультэт былі пад апекай езуітаў.
У выніку абсалютычных рэформ у час кіравання Марыі Тэрэзіі і Іосіфа II універсітэт быў паступова падпарадкаваны дзяржаве, яго аўтаномія абмежавана. У 1773 годзе езуіты страцілі апеку над духоўнымі факультэтамі, а ў наступным годзе універсітэт быў забраны з-пад нагляду каталіцкай царквы. Нямецкая мова стала абавязковай, былі заведзеныя адзіныя для ўсёй Габсбурскай манархіі падручнікі.
Следам за венгерскай элітай чэшская інтэлігенцыя горада («будзіцелі») пачала рашучыя выступленні супраць палітыкі германізацыі аўстрыйскіх улад, таму ў 1882—1939 гадах Карлаў універсітэт падзяліўся на дзве плыні: чэшскую і нямецкую.
У час акупацыі Чэхаславакіі нацысцкай Германіяй у лістападзе 1939 года Чэшскі ўніверсітэт быў зачынены, а многія студэнты і прафесары трапілі ў канцлагеры. Рэктарам універсітэта быў прызначаны лінгвіст Бедржых Грозны. Па заканчэнні нямецкай акупацыі пачалася дэпартацыя нямецкамоўнага насельніцтва горада і, адпаведна, нямецкая плынь была закрыта. У кастрычніку 1945 года ўказам прэзідэнта Эдварда Бенеша (гл. Дэкрэты Бенеша) Нямецкі ўніверсітэт у Празе быў зачынены, а Чэшскі адноўлены як адзіны Карлаў універсітэт.
Хоць універсітэт пачаў хутка аднаўляцца пасля вайны, прынцыпы акадэмічных свабод доўга не трывалі. У 1948 годзе, з прыходам да ўлады камуністаў, новы ўрад Чэхіі на чале з К. Готвальдам стаў актыўна душыць любыя праявы нязгоды з афіцыйнай ідэалогіяй. Такая палітыка праводзілася на працягу наступных чатырох дзесяцігоддзяў, і толькі ў канцы 1980-х сітуацыя пачала паляпшацца. На хвалі рэвалюцый 1989 года студэнты праводзілі розныя мерапрыемствы, у тым ліку і шэраг мірных дэманстрацый супраць існуючага рэжыму. Неўзабаве ў краіне прайшла «Аксамітавая рэвалюцыя», у якой як студэнты ўніверсітэта, так і яго выкладчыкі адыгралі вялікую ролю. У снежні 1989 года прэзідэнтам рэспублікі быў прызначаны Вацлаў Гавел.
Вялікая папулярнасць ў Карлавым універсітэце цяпер у медыцынскіх факультэтаў, дзе вучыцца каля 8 тысяч студэнтаў, таксама папулярныя філасофскі (каля 6,5 тысяч) і юрыдычны (каля 4 тысяч). Самы вялікі конкурс пры паступленні па псіхалагічнай спецыялізацыі — звыш 30 чалавек на месца.[3]
У міжваенны перыяд (1918—1939) нешматлікія ў агульнай масе беларускай эміграцыі студэнты-гуманітарыі вучыліся на філасофскім факультэце Карлава ўніверсітэта. Сярод выкладчыкаў, акрамя чэшскіх і нямецкіх спецыялістаў, працавалі вядомыя рускія і ўкраінскія навукоўцы-педагогі Уладзімір Францаў , Іван Лапо, Яўген Ляцкі і іншыя. З 1923 года пачалі вучобу беларускія студэнты Ігнат Дварчанін і Уладзімір Жылка. У 1925—1931 гадах філасофскі факультэт скончылі, абаранілі дысертацыі і атрымалі дыплом доктара філософіі 8 беларусаў:
Усе дысертацыі напісаны і публічна абаронены аўтарамі на чэшскай мове.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.