Людміла Іванаўна Краскоўская
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Людміла Іванаўна Краскоўская (славацк.: Ľudmila Kraskovská; 26 чэрвеня (9 ліпеня) 1904, Вільня — 26 чэрвеня 1999, Браціслава) — славацкі гісторык, археолаг, літаратар, дзеяч навукі, культуры і мастацтва. Кандыдат гістарычных навук. Дачка беларускага грамадскага дзеяча, педагога Івана Краскоўскага.
Людміла Іванаўна Краскоўская | |
---|---|
Дата нараджэння | 26 чэрвеня (9 ліпеня) 1904[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 26 чэрвеня 1999[2] (95 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Бацька | Іван Ігнатавіч Краскоўскі |
Род дзейнасці | археолаг, мастацтвазнаўца, гісторык, пісьменніца |
Навуковая сфера | археалогія[3], гісторыя[3] і мастацтвазнаўства[3] |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат гістарычных навук і доктар філасофіі |
Альма-матар |
Нарадзілася 26 чэрвеня (9 ліпеня) 1904 года ў Вільні. Да выезду ў бежанства ў 1915 г. вучылася ў віленскай школе. Разам з сям’ёй жыла ў Кіеве, Тыфлісе. У 1921 годзе праз Стамбул, Афіны, Вену, Берлін, Коўна сям’я вярнулася ў Вільню, дзе Людміла паступіла ў 7-ы клас Беларускай гімназіі. Дапамагаючы І. Луцкевічу, заахвоцілася вывучэннем музейнай справы, старажытнасцяў, матэрыяльнай культуры продкаў.
Пасля пераезду сям’і ў Дзвінск у 1922 годзе паступіла ў 10-ы клас Дзвінскай беларускай дзяржаўнай гімназіі. Разам з П. Мірановічам удзельнічала ў мастацкім афармленні спектакляў.
З 1924 года стыпендыят чэшскага ўрада, жыла ў Празе. Вучылася адначасова ў дзвюх пражскіх навучальных установах: Карлавым універсітэце (1924—1929) і Украінскім вышэйшым педагагічным інстытуце імя М. Драгаманава (1924—1927), вывучала археалогію, гісторыю мастацтваў. У 1929—1931 гг. працавала навуковым кіраўніком у Нацыянальным музеі ў Празе. У 1930 годзе абараніла дысертацыю «Заходнія ўплывы ў архітэктуры X—XIII стагоддзяў ва ўсходніх славян». Надалей пытаннямі гісторыі архітэктуры не займалася, у сферу навуковых інтарэсаў Л. Краскоўскай увайшлі музейная справа, нумізматыка, археалогія. З 1931 па 1988 г. загадвала археалагічным аддзелам Славацкага нацыянальнага музея (Браціслава). Адна з заснавальнікаў сучаснай славацкай археалогіі, стала першай жанчынай у пасляваеннай Чэхаславакіі — кандыдатам гістарычных навук.
У 1927 і 1929 гг. наведвала бацькоў у Менску, а ў 1936 годзе на іх высылцы ў г. Куйбышаве. Яе рэпрэсаваныя два браты загінулі.
У 1952 годзе дамаглася перавезці былога ссыльнага, хворага бацьку ў Браціславу. Архіў яго перадала ў Цэнтральную бібліятэку НАН Беларусі.
Памерла 26 чэрвеня 1999 года, у дзень свайго нараджэння, сустрэўшы 95-гадовы юбілей. Пахавана побач з бацькам на браціслаўскіх могілках Славічча удалле .
Людмілай Краскоўскай было праведзена больш як 50 археалагічных раскопак[4]. Аўтар 4 кніг па археалогіі на славацкай і англійскай мовах, напісала каля 270 артыкулаў па археалогіі, нумізматыцы. Брала ўдзел у навуковых канферэнцыях, з’ездах у Польшчы, Венгрыі, Германіі, Югаславіі, Аўстрыі, Балгарыі, Румыніі, СССР.
У 1920—1930-х гадах Л. Краскоўская падтрымлівала цесныя сувязі з прадстаўнікамі розных пакаленняў дзеячаў беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, якія пры сваім непасрэдным удзеле ці апасродкавана вызначалі (ці сведчылі) беларускі палітычны спектр, былі ў авангардзе беларускага культурна-асветніцкага руху ў тагачаснай Празе. Л. Краскоўская была вельмі дасведчанай у пытаннях беларускай грамадска-палітычнай, культурнай чыннасці ў Чэхаславакіі міжваеннага перыяду (1920—1938 гг.).
У асабістым архіве шмат дзесяцігоддзяў захоўвала дакументы гэтага часу, у тым ліку перапіску з У. Пігулеўскім, Я. Варонкам, Ю. Дрэйзіным, кнігі з дарчымі надпісамі.
Была асабіста знаёмая з У. Жылкам. Амаль 45 год вяла перапіску з У. Калеснікам, які займаўся зборам, асэнсаваннем і выданнем творчай спадчыны У. Жылкі.
Напісала ўспаміны пра У. Жылку, Віленскую і Дзвінскую гімназіі, а таксама пра свайго бацьку.
Сярод яе знаёмых і сяброў былі таксама выбітныя прадстаўнікі ўкраінскай нацыянальнай дыяспары. Адным з іх быў Мікола Біцінскі (псеўданім Микола Оверкович) — пісьменнік, мастак, геральдыст (дарэчы, аўтар праекта надмагільнага помніка П. Крэчэўскаму). У Славацкім нацыянальным музеі захаваўся віншавальны адрас з нагоды абароны дысертацыі Л. Краскоўскай у Карлавым універсітэце (1930). Віншавальны адрас напісаны вершам і па-мастацку аформлены, тэкст пададзены ў каліграфічным выкананні[5].
У 1999 годзе ў г. Прэшаў (Славакія) выйшла кніга Людмілы Краскоўскай «З давніх часів».
Яе называлі «Нестаркай славацкай археалогіі і нумізматыкі», украінскай патрыёткай. Але яна не забыла родную беларускую мову і толькі прасіла «скантраляваць» яе допісы: «…я пішу яшчэ па М. Гарэцкаму».
Лаўрэатка прэміі імя Андрая Кмеця (1969), прэміі імя Войцеха Будзінскага-Крычку (1996), удастоена ганаровых званняў «Будаўнік Браціславы» (1975), «Заслужаны работнік культуры» (1996)[4].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.