From Wikipedia, the free encyclopedia
Паморы (руск.: поморы) — субэтнічная група рускіх, насельнікі ўзбярэжжа Белага мора. У 2010 г. да памораў адносілі сябе 3 113 чал.
Паморы (поморы) | |
Агульная колькасць | 3113 (2010 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Расія: Архангельская вобласць, Мурманская вобласць, Карэлія |
Мова | паморскі дыялект рускай мовы |
Рэлігія | праваслаўе, стараверства |
Блізкія этнічныя групы | іншыя рускія |
Усходнеславянская каланізацыя зямель паўднёва-усходняга берага Белага мора пачалася амаль тысячу гадоў таму. Мяркуецца, што выхадцы з Вялікага Ноўгарада выйшлі да беламорскага ўзбярэжжа праз даліны Паўночнай Дзвіны і Анегі ўжо ў канцы X ст.[1] Асноўны этап міграцыі старажытнарускага насельніцтва на поўнач прыпаў на XII — XV стст., што, з аднаго боку, тлумачыцца небяспекай з боку мангола-татарскай пагрозы[2], а з іншага — высокімі коштамі на футра і маржовы клык, якімі гандлявала Наўгародская рэспубліка[3]. Міграцыі на поўнач працягваліся і пасля далучэння Вялікага Ноўгарада да Маскоўскай дзяржавы ў 1478 г. Паўночная частка Усходняй Еўропы доўгі час з’яўлялася адным з найбольш населеных рэгіёнаў Расіі.
Упершыню назва «паморцы» ў дачыненні да насельніцтва ўзбярэжжа Белага мора з’явілася ў пісьмовых крыніцах пад 1526 г.[4] Пазней назва «паморы» шырока выкарыстоўвалася ў афіцыйных дакументах і як саманазва часткі рускага насельніцтва. Паморы займаліся мараплаўствам, рыбалоўствам і гандлем, падтрымлівалі сувязі з іншымі народамі поўначы і Заходняй Еўропы, іх сталыя і часовыя паселішчы сустракаліся на Кольскім паўвостраве, поўначы Нарвегіі, Шпіцбергене, Новай Зямлі.
З канца XIX ст. навукоўцамі выказвалася думка, што паморы паходзяць ад сумесных шлюбаў рускіх перасяленцаў з мясцовым фінамоўным насельніцтвам і саамамі або нават ад мясцовага насельніцтва, асіміляванага рускімі. Гэта пацвярджалася антрапалагічнымі і лінгвістычнымі матэрыяламі[5]. Аднак сучасныя генетычныя даследаванні паказваюць, што паморы пераважна маюць адзінае паходжанне з іншымі рускімі[6].
Для памораў характэрны тып гаспадаркі, звязаны з мараплаўствам. Сельская гаспадарка, у тым ліку жывёлагадоўля і земляробства, не адыгрывала значнай эканамічнай ролі. Паморы вырошчвалі ячмень, жыта, гародніну, трымалі кароў, коней, авечак, на поўначы — аленяў, аднак сельская гаспадарка не забяспечвала нават унутраныя сямейныя патрэбы. Большае значэнне мела рыбалоўства і паляванне на ластаногіх, прычым з XVII ст. гэтыя формы здабычы мелі ярка акрэслены камерцыйны характар. У асноўным здабывалі траску, ласосевых, селядцоў, грэнландскіх цюленяў, што зімавалі ў Белым моры. Здабыча магла весціся далёка ад асноўнага паселішча. Для гэтага паморы стваралі сталыя або часовыя калектывы рыбаловаў або паляўнічых на чале са старастам. Распаўсюджаныя рамёствы — пляценне сетак, разьба, суднабудаванне. У некаторых месцах паморы здабывалі соль, рачны жэмчуг, слюды, жалеза. Важную ролю адыгрываў гандаль.
Асноўныя тыпы паселішчаў — сяло і вёска. Вядомы таксама большыя па памерах паселішчы — пагост і слабада. Апошнія звычайна ўзнікалі ў месцах здабычы солі і гандлю. Слабодамі называлі буйныя паселішчы, насельніцтва якіх знаходзілася ў аброчнай залежнасці ад манастыроў. Меншыя тыпы паселішчаў — выселкі і скіты — амаль зніклі да сярэдзіны XIX ст. Гарады на тэрыторыях, населеных паморамі, узніклі толькі ў XVIII ст. у выніку адміністрацыйных рэформ. Традыцыйнае дойлідства пераважна драўлянае. Распаўсюджаны шатровыя купалы храмаў, нахільны драўляны плот ёз скандынаўскага тыпу, разное надмагілле галбец. У навігацыйных мэтах на ўзбярэжжы ставілі драўляныя крыжы гурыі. Традыцыйная вопратка нагадвала зыранскую або саамскую, шылася са скуры, футра і ваўняных тканін.
Паморскія сем’і — вялікія пашыраныя на чале са старэйшым мужчынам. Яны аб’ядноўваліся ў суседскую абшчыну мір, якая з’яўлялася аўтаномнай адзінкай. Акрамя таго, ствараліся часовыя міжсямейныя або прафесійныя калектывы арцель. Яны кіраваліся выбранымі старастамі, часам захоплівалі зямельныя і водныя ўгоддзі для сумеснай эксплуатацыі[7]. Абшчыннае размеркаванне ўгоддзяў сустракалася радзей і пераважна тычылася зямельных спрэчак.
Фальклор прадстаўлены шматлікімі казкамі і легендамі. Народная музыка адрозніваецца абмежаваным наборам музычных інструментаў, найчасцей сустракаліся драўляныя духавыя інструменты і металічныя званы.
Паморскі дыялект рускай мовы вызначаецца вялікай колькасцю слоў фіна-ўгорскага і скандынаўскага паходжання, развітай прафесійнай лексікай маракоў і здабытчыкаў.
Асноўная рэлігія — праваслаўе, з XVII ст. шырока распаўсюджана стараабрадства.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.