Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

From Wikipedia, the free encyclopedia

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусьmap

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь — музей у Мінску, размешчаны ў гістарычным будынку былога банка па вуліцы Карла Маркса, 12. Адзін з найбольш папулярных музеяў краіны. У яго фондах захоўваецца самая вялікая музейная калекцыя ў Беларусі — гэта каля 400 тыс. адзінак захоўвання. У структуру Нацыянальнага гістарычнага музея таксама ўваходзяць 5 філіялаў — Музей гісторыі беларускага кіно, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей прыроды і экалогіі Беларусі.

Хуткія факты Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Заснаваны ...
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Thumb
Будынак музея. Галоўны ўваход
Заснаваны 1908
Адкрыты 1957
Месцазнаходжанне Рэспубліка Беларусь, Мінск, вул. Карла Маркса, 12
Памеры фонду 370 000 ± 1 000
Дырэктар Аляксандр Храмой
histmuseum.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Закрыць
Thumb
Скарб рымскіх манет 1 — 2 стагоддзе н. э. у экспазіцыі музея
Thumb
Скарб рымскіх манет 1 — 2 стагоддзе н. э. у экспазіцыі музея

Нацыянальны гістарычны музей на працягу сваёй гісторыі неаднаразова змяняў назву. Свой пачатак ён бярэ з Мінскага абласнога музея, заснаванага ў 1919 г. У 1923—1930 гг. музей называўся Беларускім дзяржаўным і з’яўляўся цэнтральнай музейнай установай БССР, у 1930-я гг. — Мінскім сацыяльна-гістарычным, у 1941—1944 гг. — Мінскім гістарычным. У 1957 г. установа была адноўлена пад назвай Беларускі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей, а ў 1964 г. ён атрымаў назву — Дзяржаўны музей БССР. Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у 1992 г., музей быў у чарговы раз перайменаваны — у Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. У 2009 г. установа атрымала цяперашнюю назву.

Гісторыя

Мінскі гарадскі музей (1912)

Мінскі гарадскі музей быў арганізаваны ў 1912 г. Мінскім таварыствам аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі (1912) пры падтрымцы Мінскай гарадской думы і захоўваў і экспанаваў сабраныя членамі Таварыства калекцыі мінералаў, узоры глеб, пудзіла птушак і жывёл, манеты, узоры народнай творчасці і інш. У музеі налічвалася пяць аддзелаў: археалагічны, прыродазнаўства, гістарычны, мастацка-прамысловы, этнаграфічны[1]. Музей прыпыніў дзейнасць у сувязі з Першай сусветнай вайной. У 1920 г. фонды музея былі перададзены Мінскаму абласному музею (пераўтворанаму ў Беларускі дзяржаўны музей)[2].

Мінскі абласны музей — першы беларускі дзяржаўны музей (1919—1923)

Сучасны Нацыянальны гістарычны музей Беларусі вядзе адлік сваёй гісторыі ад Мінскага абласнога музея, з’яўленне якога стала магчымым пасля абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці. Ён быў адкрыты ў будынку былога Дваранскага сходу ў 1919 г. (будынак на скрыжаванні сучасных вуліц Маркса і Энгельса не захаваўся да нашага часу). Асновай музейнага збору новай установы сталі канфіскаваныя бальшавіцкай уладай рэчы заможных гараджан і ўладальнікаў шляхецкіх сядзіб, а таксама фонды Мінскага гарадскога музею (1912).

Польска-савецкая вайна 1919—1921 гг. прывяла невялікую музейную калекцыю (1 тыс. прадметаў мастацтва, 2 тыс. адзінак нумізматыкі на 1921 г.) у жудасны стан. Аднак з пачаткам палітыкі беларусізацыі на музейную справу звярнулі ўвагу: у Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы Беларусь (ССРБ) было вырашана стварыць цэнтралізаваную музейную сетку на чале з Мінскім абласным музеем. На той час установа ўжо размяшчалася ў будынку былой Пакроўскай царквы на архірэйскім падвор’і па вуліцы Скобелеўскай, 1 (у сучаснасці — частка архітэктурнага комплексу Акруговага Дома афіцэраў).

У 1921—1922 гг. музейныя работнікі праводзілі інтэнсіўную працу па збору і інвентарызацыі калекцый. У ліку найбуйнейшых паступленняў таго часу варта прыгадаць калекцыю тканін і вопраткі, якую сабрала экспедыцыя Наркамасветы ў Слуцкім павеце. Збор музея ўзбагацілі рукапісныя кнігі, нумізматычная калекцыя, культавыя рэчы былога Мінскага царкоўна-археалагічнага музея, вернутыя з Разані, дзе яны знаходзіліся ў эвакуацыі[3]. Мінскае таварыства гісторыі і старасветчыны перадала музею матэрыялы археалагічных раскопак у Заслаўі і рэшткі калекцый былога Мінскага гарадскога музея.

На напаўненне музейнага збору звярнула ўвагу дзяржаўная ўлада: Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК) ахвяраваў калекцыю старажытных манет, Савет Народных Камісараў (СНК) — калекцыю акварэляў XIX ст., наркамат земляробства — карціны і старажытную зброю. Галоўны музейны фонд РСФСР перадаў невялікую калекцыю фарфору і прадметаў выяўленчага мастацтва. Шэраг каштоўных прадметаў быў ахвяраваны музею прыватнымі асобамі. Так, адзін з найбольш каштоўных падарункаў зрабіў супрацоўнік Цэнтрархіва БССР І. Барашка. Гэта былі прадметы з мінскай выставы 1918 г., наладжанай І. Луцкевічам і А. Іпелем.

Фонды і экспазіцыя музея яшчэ знаходзіліся ў стане фарміравання, калі 19 лістапада 1922 г. у яго ўвайшла першая вучнёўская экскурсія.

Беларускі дзяржаўны музей — цэнтральная музейная ўстанова Беларусі (1923—1929)

31 жніўня 1923 г. музей атрымаў назву Беларускага дзяржаўнага і, згодна з уласным Палажэннем, стаў «цэнтральнай установай для захавання прадметаў і калекцый мастацкага, гісторыка-археалагічнага і этнаграфічнага характару, якія маюць агульнарэспубліканскае і агульнанавуковае значэнне»[4]. У першы год існавання Беларускі дзяржаўны музей (далей — БДМ) быў адкрыты для наведвання па нядзелях з 12 да 15 гадзін (адзін раз у месяц музей працаваў з 14 да 19 гадзін, каб даць магчымасць аглядаць экспазіцыі працуючым), экскурсіі праводзіліся па папярэднім запісе, і ўваход быў платны: 5 капеек для чырвонаармейцаў і навучэнцаў; 10 капеек для членаў прафсаюзаў і 20 капеек для астатніх катэгорый, сяляне ад аплаты вызваляліся[5]. Музей складаўся з аддзелаў: этнаграфічнага, яўрэйскага, навукова-археалагічнага (пададдзелы нумізматыкі і куток Мінска), мастацкага, царкоўнага, прыроды Беларусі, саматужна-прамысловага[6].

У 1924 годзе ў структуру Беларускага дзяржаўнага музея былі далучаны філіялы: Дзяржаўны гістарычны музей пралетарскай культуры ў Магілёве і Губернскі гісторыка-археалагічны музей у Віцебску (з 1926 г. — яшчэ і Гомельскі дзяржаўны культурна-гістарычны музей).

Наступныя гады былі перыядам актыўнага збору музейных прадметаў. У Мінск перавезлі калекцыі музея былой Мсціслаўскай духоўнай семінарыі, былога музея ў Горы-Горках, найбольш каштоўныя прадметы са Слуцкага краязнаўчага музея. Бабруйскае краязнаўчае таварыства перадало ў Мінск 537 сярэбраных манет 1612—1650 гг. У 1926 г. з Віцебскага музея ў БДМ перададзены помнікі яўрэйскай культуры з былой прыватнай калекцыі А. Брадоўскага.

Акрамя таго калекцыі папаўняліся за кошт ахвяраванняў грамадзян і планавых экспедыцый. Напрыклад, летам 1926 г. археалагічны аддзел музея праводзіў раскопкі Банцараўшчынскага гарадзішча, даследаваў курганы каля Лагойска, а таксама стаянку каменнага веку ў Кострыне каля Пухавіч. Этнаграфічны аддзел правёў дзве экспедыцыі на Мазыршчыну і Барысаўшчыну. Яўрэйскі аддзел музея праводзіў экспедыцыю па збору музейных прадметаў у Калінінскай акрузе (адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка з цэнтрам у г. Клімавічы).

Кіраўніцтва музея намагалася вярнуць у Беларусь першакласныя помнікі беларускай культуры, якія былі вывезены ў канцы XVIII — пачатку XX ст. у Расію. Аднак удалося вярнуць нямногае: шрыфт і абсталяванне старажытнай яўрэйскай друкарні, старажытнай работы Тору, ханукальную лампаду любавіцкага равіна Шэерсона, сярэбраныя ўпрыгожванні да Торы, сярэбраны крыж XVII ст. з Заслаўскай царквы і два слуцкія паясы. Просьбы па вяртанні астатніх каштоўных помнікаў беларускага паходжання СНК СССР адхіліў. Замест гэтага за 19261927 гг. з Расіі ў музейны фонд БДМ было перададзена каля 70 карцін рускіх мастакоў (І. Айвазоўскага, І. Рэпіна, К. Макоўскага, Г. Сямірадскага, В. Сярова і інш.), каля 600 старажытных манет, больш за 40 старажытных прадметаў з фарфору і крышталю, 40 гравюр, скульптуры М. Антакольскага, 5 абразоў і 40 кніг па гісторыі мастацтва. Працэс рэстытуцыі музейных прадметаў з РСФСР на гэтым спыніўся.

10 кастрычніка 1926 года ў Беларускім дзяржаўным музеі адкрылася новая экспазіцыя (складалася з 6 аддзелаў: гісторыка-археалагічнага, нумізматычнага, этнаграфічнага, яўрэйскага, мастацкага, царкоўнага), створаная на сістэматычнай, пакалекцыйнай форме падачы прадметаў[7]. Значную частку музейнай прасторы займала мастацкая экспазіцыя: тры пакоі былі аддадзены пад творы рускіх мастакоў XIX — пачатку XX ст., адзін — пад выстаўку «Старажытны беларускі партрэт». У памяшканні былой хатняй архірэйскай царквы разгарнулася этнаграфічная экспазіцыя. Дадаткова ў новай экспазіцыі былі прадстаўлены археалагічная і яўрэйская калекцыі. Праводзіліся і часовыя выставы, сярод якіх варта адзначыць экспанаванне у 1927 г. слуцкіх паясоў.

Нягледзячы на абмежаваны па часе доступ наведвальнікаў у музей, яго папулярнасць расла. Так, калі ў 1924/1925 акадэмічным годзе яго наведала 11 696 чалавек, то ў 1926/1927 — 16 671. У 1926/1927 годзе штат музея складаўся з 12 чалавек: дырэктара, яго намесніка, трох навуковых супрацоўнікаў і сямі тэхнічных работнікаў. Музейны фонд складаў больш за 30 тыс. адзінак захоўвання.

У маі 1927 г. на пасаду дырэктара быў прызначаны беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, этнограф, філолаг і калекцыянер Вацлаў Ластоўскі (адначасова ён загадваў кафедрай этнаграфіі Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта). Найперш новы дырэктар дамогся перадачы ў БДМ нацыянальнай святыні — Крыжа Еўфрасінні Полацкай. Музейная калекцыя таксама папоўнілася прадметамі з этнаграфічных экспедыцый па Случчыне, Мазыршчыне, Тураўшчыне і Мсціслаўшчыне. Пашырылася колькасць ахвяраванняў ад прыватных асоб. Напрыклад, Янка Купала ў студзені 1928 г. перадаў музею сярэбраны крыжык, шкляное баккара, жалезны старасвецкі замок, а этнограф А. Сержпутоўскі — каля 50 прадметаў побыту, сабраных ім улетку 1924 г. у Аршанскай акрузе. На 1928 г. у фондах музея ўжо знаходзілася каля 60 тыс. адзінак захоўвання. Асаблівай пашанай карысталася ўнікальная калекцыя беларускай іканапіснай школы (найстарэйшым быў абраз Іллі прападобнага ад 1447 г.), экспанаваць якую з прычыны атэістычнай палітыкі не было магчымасці. Музей быў распарадкаваны па наступных аддзелах: археалагічны, нумізматычны і сфрагістычны, мастацкі, царкоўна-археалагічны, этнаграфічны, старабеларускай вайсковасці, яўрэйскі, «Стары Мінск»[3].

На мяжы 1920-1930-х гг. адбыліся кардынальныя змены ў арганізацыі музейнай справы БССР. У жніўні 1928 г. рэгіянальныя філіялы музея сталі самастойнымі гаспадарчымі адзінкамі, а ў 1929 г. камісія Наркамасветы рэзка раскрытыкавала кіраўніцтва Белдзяржмузея за экспанаванне партрэтаў мінскіх ваяводаў, яўрэйскіх культавых прадметаў, набыццё прадметаў царкоўнага характару і адсутнасць камуністычнай прапаганды. Былы кіраўнік музея В. Ластоўскі ў 1930 г. быў арыштаваны, а ў 1937 г. расстраляны.

Мінскі сацыяльна-гістарычны музей (1930—1941)

Thumb
Дом Селяніна

У 1930-я гг. для Белдзяржмузея насталі нялепшыя часы. Найперш, ён быў перайменаваны ў Мінскі сацыяльна-гістарычны музей, выселены з будынка архірэйскага падвор’я (Чырвонаармейская, 3) і перанесены ў чатыры пакоі Дома селяніна (у цяперашнім будынку кіраўніцтва Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі музей заставаўся да 1944 г.)

Нават прызначэнне ў лютым 1931 г. на насаду дырэктара выдатнага дзеяча беларускага нацыянальнага руху Сямёна Рак-Міхайлоўскага не паўплывала на далейшы лёс музея. У хуткім часе пад яго кіраўніцтвам разгарнулі новую экспазіцыю, у аснову якой была пакладзена марксісцкая схема змены сацыяльна-эканамічных фармацый. Усе матэрыялы былі падзелены згодна з марксісцкай перыядызацыяй: гісторыя першабытнага грамадства, феадалізм, капіталізм, дыктатура пралетарыята і сацыялістычнае будаўніцтва (акцэнт прыходзіўся на апошні перыяд). У гэты час музей быў фактычна пазбаўлены статуса навуковай установы і стаў выконваць культурна-асветніцкія функцыі.

Лаяльнасць да бальшавіцкай улады С. Рак-Міхайлоўскага і яго наступніка на пасадзе дырэктара сацыяльна-гістарычнага музея не ўратавала іх ад пакарання смерцю: першы быў расстраляны ў 1937 г., а яго наступнік Сямён Якубчык — у 1938 г.

Гістарычны музей у гады вайны (1941—1944 гг.)

Перад наступам нямецкіх войскаў гістарычны музей не паспелі эвакуяваць, і ў гады Вялікай Айчыннай вайны ён падзяліў трагічны лёс беларускага народа. Нягледзячы на тое, што каштоўныя музейныя прадметы знаходзіліся ў складскім памяшканні (сталая экспазіцыя сацыяльна-гістарычнага музея апавядала пра дасягненні сацыялістычнага будаўніцтва ў БССР і складалася пераважна з копій), ужо ў першыя месяцы акупацыі ён быў разрабаваны. Большасць работнікаў эвакуявалася, і музей быў безабаронным перад рабавальнікамі. У Германію былі вывезены 19 старажытных гармат (16 — з нясвіжскага збору), у Венскі інстытут гебраістыкі перадаваліся карціны, кнігі, рукапісы, прадметы рэлігійнага культу, звязаныя з габрэйскай культурай Беларусі (у тым ліку твор Ю. Пэна «Гадзіннікавы майстар», партрэт Скарыны работы Я. Кругера, гравюры С. Юдовіна і інш.).

Пад канец жніўня 1941 г. кіраўніком музея быў прызначаны А. Шукелойць, а мастакаком-рэстаўратарам Г. Віер. Пастаяннай музейнай экспазіцыі за гады вайны ў музеі створана не было, аднак ладзіліся часовыя выставы, прысвечаныя беларускаму іканапісу, народнаму мастацтву, прыгожаму пісьменству. Не спынялася рэстаўрацыйная работа: сярод іншага, Г. Віер аднавіў беларускую святыню — Мінскі абраз Божай Маці.

У чэрвені 1944 г. фонды Мінскага гістарычнага музея былі перавезены ў баварскі замак Хёхштат  (ням.), дзе збіраліся музейныя скарбы, нарабаваныя ў Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы. Кіраўніку музея А. Шукелойцю адмовілі ў праве назірання за захаваннем калекцый.

У 1945 годзе Хёхштат быў заняты амерыканскай арміяй, але хутка тут з’явілася савецкая дэлегацыя, мэтай якой стала вяртанне ў СССР музейных збораў. У кастрычніку 1947 года беларуская частка музейнай калекцыі была дастаўлена ва Усходні Берлін, дзе яе прыняў упаўнаважаны Савета Міністраў БССР. Усяго было вернута больш за 15 тысяч адзінак захоўвання, якія былі размеркаваны ў фонды Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея і Акадэмію навук БССР. З Германіі сярод іншага ўдалося вярнуць карціны з нясвіжскай калекцыі, старадрукі, абразы і шмат іншага.

Музей як цэнтр вывучэння нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны (1956—1992)

Яшчэ з сярэдзіны 1940-х гг. існавала меркаванне пра неабходнасць адраджэння Беларускага дзяржаўнага музея. Аднак практычнае выкананне гэтых пажаданняў расцягнулася на доўгія гады. Пачаткова прадметы для новага музея збіралі супрацоўнікі Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Аснову пачатковага фонду будучага музея ў 1950-я гг. складалі прадметы, што засталіся ад даваеннага Беларускага дзяржаўнага музея (карты, музычныя інструменты, харугвы) і Беларускага музея імя І. Луцкевіча ў Вільні. На дадзены момант у фондах Нацыянальнага гістарычнага музея знаходзіцца больш за 1 500 адзінак музейных прадметаў з Віленскага музея. Гэта дакументы, паштоўкі, творы графікі, жывапісу, скульптуры, абразы, а таксама штампы і пячаткі беларускіх устаноў і арганізацый першай чвэрці ХХ ст.

Збіральніцкая дзейнасць актывізавалася пасля стварэння арганізацыйнай групы па арганізацыі Беларускага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея 15 снежня 1956 г. У межах арггрупы былі створаны асобныя аддзелы, якія на працягу першага пяцігоддзя сваёй дзейнасці сканцэнтраваліся на камплектаванні калекцый. Такім чынам, у другой палове 1950-х гг. супрацоўнікі аддзела першабытна-абшчыннага ладу сумесна з сектарам археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР правялі раскопкі шэрагу палеалітычных стаянак на тэрыторыі Беларусі, аддзел феадалізму ўдзельнічаў у раскопках старажытных Друцка і Полацка. Супрацоўнікі аддзела капіталізму наведвалі кватэры старых мінчан, у выніку чаго музей атрымаў сярод іншых рэчаў пячатку мінскай гарадской думы, шынель чыгуначніка пачатку XX ст., касцюм гараджанкі канца XIX ст., гімназічныя падручнікі і камплекты дарэвалюцыйнай перыёдыкі.

У фонды будучага музея перадаваліся рэчы з зачыненых цэркваў і знойдзеныя ў рэспубліцы скарбы. Так, у 1957 г. у фонды трапіў скарб з в. Сухары (манеты Прусіі і Рэчы Паспалітай другой паловы XVII ст.) і Дзягцянскі скарб чэшскіх манет сярэдзіны ХІ ст. На сённяшні момант у фондах Нацыянальнага гістарычнага музея знаходзяцца 117 манетных і манетна-рэчывых скарбаў — гэта самая вялікая і значная калекцыя ў Беларусі.

Дапамогу ў стварэнні Дзяржмузея БССР аказалі ўстановы культуры Савецкага Саюза. Цэнтральны гістарычны ваенна-марскі музей перадаў халодную і агнястрэльную зброю сярэдзіны XIX ст., Ваенна-гістарычны музей артылерыі, інжынерных войск і войск сувязі — рускую і французскую зброю перыяду напалеонаўскіх войнаў, шмат плакатаў і лубкоў перыяду Першай і Другой сусветных войнаў, Дзяржаўны рускі музей у Санкт-Пецярбургу — этнаграфічныя матэрыялы сярэдзіны XIX ст., сабраныя ў Мінскай губерні. Чарнігаўскі дзяржаўны гістарычны музей перадаў слуцкі пояс другой паловы XVIII ст.

У выніку першага пяцігоддзя работы Беларускага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея была сфарміравана неабходная для стварэння паўнавартаснай экспазіцыі фондавая калекцыя. На 1 студзеня 1961 года агульная колькасць прадметаў склала 38 тысяч адзінак.

Пачынаючы з 1962 года галоўная ўвага арггрупы была звернута на падрыхтоўку экспазіцыі: складаліся тэматыка-экспазіцыйныя планы, ствараліся карты, схемы, табліцы, дыярамы, пісаліся навуковыя даведкі. Нарэшце, 7 лістапада 1964 г. ЦК КПБ прыняў пастанову аб адкрыцці ў Мінску Дзяржаўнага музея БССР. На той час у яго фондах ужо налічвалася 108 тыс. адзінак захоўвання.

Thumb
Праект будынка Гісторыка-краязнаўчага музея і Беларускай дзяржаўнай філармоніі на Цэнтральнай плошчы, які ў выніку аддалі Белдзяржмузею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
Thumb
Будынак былога банка па вул. Карла Маркса, 12, у якім з 1965 года размяшчаецца музей

12 лістапада таго ж года кіраўнік арггрупы Станіслаў Сапешка ва ўрачыстай абстаноўцы атрымаў ключы ад новага будынка на праспекце Леніна, 25А (былы будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны), пасля чаго ў ім пачаўся мантаж экспазіцыі. У сціслыя тэрміны ў новым будынку была разгорнута юбілейная выстаўка «900 год Мінску», прыходзілі да завяршэння мантажныя работы ў аддзеле прыроды, але ў лістападзе 1965 г. пастановай ЦК КПБ яны былі спынены, усе экспанаты перавезены ў дарэвалюцыйны будынак былога банка па вул. Карла Маркса, 12, які займаў Белдзяржмузей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а апошні заняў новы будынак Дзяржаўнага музея БССР. У выніку новую гістарычную экспазіцыю давялося манціраваць на плошчы ў тры разы меншай, чым папярэдняя, а аддзел прыроды знайшоў прытулак у падвальным памяшканні.

Уладзімір Караткевіч у студзені 1966 года зрабіў у дзённіку наступны запіс на гэты конт[8]:

" А тут яшчэ дзікая справа з музеем. Усе нашы намаганні пайшлі дымам. А было так. Пабудавалі цудоўны будынак для гісторыка-краязнаўчага музея. 4300 кв.м. карыснай плошчы і яшчэ два паверхі для музейных фондаў і майстэрань. І тут адна асоба, з'явіўшыся ў музей Айчыннай вайны, з абурэннем заўважыла, што няма яе партрэта. Апраўдваючыся, супрацоўнікі сказалі аб цеснаце. Між тым, музей меў 1300 кв.м., цалкам добра. І вось на пачатку снежня стала вядома, што ў верхніх інстанцыях абмяркоўваецца пытанне аб тым, каб музеі памяняць месцамі… Супрацоўнікі ўзнялі трывогу, пісалі лісты, літаральна білі ў набат. Таму што гэта была катастрофа. Для фондаў музея айчыннай вайны не трэба і трох пакояў. Для іх экспазіцыі ў новым будынку хапае аднаго паверха, а два ніжнія паверхі для фондаў будуць пуставаць. Між тым, калі гістарычнаму музея аддадуць будынак музея Айчыннай вайны — яны будуць задыхацца ў цеснаце… "

Караткевіч спачатку не назваў імя асобы, але пазней у яго дзённіку імя верагоднага віноўніка ўсё ж з’яўляецца[8]:

" І пасля гэту справу правялі цішком, у таямніцы ад супрацоўнікаў. Тыя прыйшлі на работу — ім сказалі: ідзіце дадому. Наступнага дня быў загад: спыніць экспазіцыю. Даведаліся, што прыяжджаў Машэраў. Ён, відаць, і аддаў загад… І вось нядаўна афіцыйная пастанова. „З мэтай увекавечання“… Паколькі верхні паверх будзе пуставаць, там зробяць „Галерэю партызанскіх герояў“… Адна рэспубліка з 15 не мае свайго гісторыка-краязнаўчага музея. І не будзе яго мець пры цяперашняй палітыцы… Словам, буйнейшая навуковая ўстанова пасля акадэміі, вялікі навукова-метадычны цэнтр, магчымая слава наша — ляснулі. "

Афіцыйнае адкрыццё музея адбылося 2 лістапада 1967 г. Яго экспазіцыя была размешчана ў 18 залах і знаёміла наведвальнікаў з прыродай краіны і гісторыяй беларускага народа са старажытных часоў. Большая частка агульнай плошчы Дзяржмузея БССР была аддадзена асвятленню падзей гісторыі Беларусі ў савецкі час. Сярод іншых прадметаў у экспазіцыі былі прадстаўлены: першабытныя вырабы з косці, скульптурныя выявы жывёл, фібулы, творы сярэдневяковага рамяства, упрыгажэнні з косці, шкла і бурштыну, драўляная скульптура, слуцкія паясы, паліхромная кафля, урэцкае шкло, старадрукі і рукапісы XVI—XVIII стст., багаты этнаграфічны матэрыял XVIII—XX стст., асабістыя рэчы беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячаў, вайскоўцаў, пісьменнікаў. Экспазіцыя музея з тых часоў часткова мянялася тройчы: у 1977, 1982 і 1993 гг. у адпаведнасці з папаўненнем фондавых калекцый і зменай грамадска-палітычнага ладу.

За 1970-я гады музей пераўтварыўся ў буйнейшы ў рэспубліцы навукова-метадычны цэнтр музейнай, гісторыка-краязнаўчай і рэстаўрацыйнай работы. У 1967 г. тут быў створаны навукова-метадычны аддзел, у абавязкі якога ўваходзіла правядзенне сістэматычных заняткаў з музейнымі работнікамі рэспублікі, аналіз работы раённых краязнаўчых музеяў, складанне метадычных дапаможнікаў. У музеі дзейнічала рэстаўрацыйная майстэрня, савет па рэстаўрацыі і кансервацыі.

Пашыралася папулярнасць музея сярод наведвальнікаў. Напрыклад, за 1978 г. музей наведала больш за 310 тыс. чалавек, 80 % наведвальнікаў музея аглядала яго экспазіцыі з дапамогай экскурсавода, якія прапаноўвалі агульную і 26 тэматычных экскурсій. Акрамя экскурсійнага абслугоўвання, выкарыстоўваліся такія формы масавай работы, як лекцыі, урокі, тэматычныя вечарыны, Дні прафесій, сустрэчы з ветэранамі вайны, працы, дзеячамі культуры, камсамольскія зборы, піянерскія лінейкі, працавалі клубы «Юны гісторык» і «Будучы вайсковец».

З 1978 па 1988 г. Дзяржаўны музей БССР меў філіял у Заслаўі — Музей рамёстваў і народных промыслаў. Ён размяшчаўся ў Спаса-Праабражэнскай царкве. У склад яго экспазіцыі ўваходзіла каля 900 прадметаў, у тым ліку царскія вароты XVIII ст. з Давыд-Гарадоцкай Георгіеўскай царквы, ювелірныя вырабы Х — ХІІІ стст., вырабы беларускіх злотнікаў (пацір XVI ст., напрастольны крыж 1625 г.), кафля XVI—XVII стст. з Заслаўя, скульптурныя выявы святых з Віцебскай і Гродзенскай абласцей, слуцкія паясы другой паловы XVIII — пачатку XX ст., неглюбскія і мотальскія ручнікі.

Сучасны стан

Thumb
Стары гарадскі побыт (XIX — пачатак XX стст.)

Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь музей двойчы мяняў сваю назву: з 1992 г. ён называўся Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, з 2009 г. носіць назву Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

У 1992 годзе музей планаваў правесці поўную рээкспазіцыю. Упершыню меркавалася пазбавіць пастаянную экспазіцыю палітызацыі і ўладкаваць яе ў адпаведнасці з беларускімі нацыянальнымі акцэнтамі. Аднак з-за недахопу фінансавання яна не была рэалізавана.

У 2008 годзе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі зацвердзілі навуковую канцэпцыю новай стацыянарнай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея, распрацаваную супрацоўнікамі музея і вучонымі Інстытута гісторыі НАНБ. У 2012 г. была завершана праца над тэматыка-экспазіцыйным планам.

Штогод музейны збор павялічваецца прыблізна на 2-3 тыс. адз. захоўвання. На сённяшні момант ён дасягнуў лічбы ў 400 тыс. Музейныя прадметы размеркаваны па асобных калекцыях, сярод якіх: археалагічная, этнаграфічная, нумізматычная, зброі, фарфору і шкла, старадрукаў і рукапісаў, плаката, каштоўных металаў і камянёў, скарбаў, дакументаў, выяўленчага мастацтва, нацыянальнага касцюма і іншых.

Шэраг музейных прадметаў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў з наданнем 1-й альбо 2-й катэгорыі каштоўнасці: скарб манет рымскай чаканкі І-ІІ стст. н.э., унікальны помнік тарэўцікі першай трэці XV ст. — «пояс Вітаўта», царскія вароты з іканастаса Георгіеўскай царквы Давыд-Гарадка XVIII ст., партрэт Ёзафа Празора работы невядомага мастака другой паловы XVIII ст.

Апроч таго ў фондах музея знаходзяцца ўнікальныя калекцыі скарбаў з розных куткоў Беларусі, каштоўнага фарфоравага посуду з Італіі, Германіі, Расіі, слуцкіх паясоў, каштоўных дакументаў, старадрукаў, гадзіннікаў, зброі, нацыянальнага касцюма, мэблі, жывапісу і іканапісу.

У 2010—2011 гадах была набыта ўнікальная калекцыя нацельных язычніцкіх амулетаў і праваслаўных крыжоў-энкалпіёнаў XIII—XVIII стст., кніга Казіміра Семяновіча «Высокае мастацтва артылерыі», карта Вялікага Княства Літоўскага 1613—1630 гг., старадрукі з былой бібліятэкі Будслаўскага манастыра. У 2014 г. фонды музея папоўніліся кацэяй XII ст. з выявай Хрыста, картай «Lithuania» з атласа першай паловы XVII ст. Г. Меркатара і Ё. Хондыюса, поясам слуцкага тыпу з Кракава. Многія з іх набыты пры фінансавай падтрымкі партнёраў музея.

Важным кірункам дзейнасці музея з’яўляюцца выставачныя праекты. Многія з іх становяцца важнай культурнай падзеяй не толькі для Мінска, але і Беларусі ў цэлым. Сярод міжнародных праектаў апошніх гадоў варта вылучыць выставы: «Палац вялікіх князёў літоўскіх і яго аднаўленне» (2012) са збору Нацыянальнага музея Літвы, «Каштоўныя карункі» са збору Дзяржаўнага гістарычнага музея г. Масква (2012), «Скарбы Украіны» (2013) з калекцыі Нацыянальнага музея гісторыі Украіны, «Рэчы паміж жыццём і смерцю» (2014) з Музея Арміі (Стакгольм). Яскравым сумесным праектам з’яўляецца выстаўка, рэалізаваная разам з Расійскім этнаграфічным музеем у Санкт-Пецярбургу, -«Белая Русь і яе суседзі» (2013). У доўгатэрміновым выставачным праекце Нацыянальнага гістарычнага музея «Беларусь у Першай сусветнай вайне» (2014) прымаюць удзел адразу некалькі музеяў Беларусі і прыватных калекцыянераў. Запланавана яго экспанаванне ва ўсіх буйнейшых гарадах краіны. Выстаўка «Іосіф Гашкевіч: дыпламат, вучоны, арыенталіст» (2014) наведала пасля экспанавання ў Мінску Санкт-Пецярбург, Парыж і Хакадатэ (Японія).

Большасць пазначаных вышэй праектаў была рэалізаваны дзякуючы фінансавай падтрымцы партнёраў музея. У 2012 г. на конкурсе Першага нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі» Нацыянальны гістарычны атрымаў перамогу ў намінацыі «Лепшая партнёрская дзейнасць». У 2014 г. музей стаў лаўрэатам конкурсу Нацыянальнага форума «Музеі Беларусі» ў намінацыях «Лепшая арганізацыя міжнароднай выставы» (за выставачны праект «Белая Русь і яе суседзі»), «Лепшая арганізацыя выставы з уласных фондаў» (за выстаўку «Банк БелВЭБ: Новае жыццё нацыянальных скарбаў»).

З 1992 года філіялам музея з’яўляецца Дом-музей І з’езда РСДРП, экспазіцыя якога прэзентуе поруч з гісторыяй з’езда сацыял-дэмакратаў гісторыю Мінска на мяжы ХІХ і ХХ ст. У 2012 годзе філіялам музея стаў Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці — адзін з інфармацыйных, прэзентацыйных і камунікацыйных цэнтраў краіны, месцам збору, вывучэння, захоўвання і прэзентацыі матэрыялаў па гісторыі Рэспублікі Беларусь.

З 2014 года філіяламі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца Музей гісторыі беларускага кіно, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей прыроды і экалогіі Беларусі.

Дырэктары музея

  • Захар Васілевіч Шыбека (1999)
  • Алег Рыжкоў (2013—2018)
  • Павел Міхайлавіч Сапоцька (29 сакавіка 2018[9] — 25 студзеня 2021[10])
  • Аляксандр Васільевіч Храмой (з 4 красавіка 2021[11])

Галерэя экспанатаў

Гл. таксама

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Wikiwand in your browser!

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.