Міхаіл Мікалаевіч Піятуховіч (23 лютага 1891, в. Алексінічы Сенненскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Сенненскі р-н Віцебскай вобл. — 20 снежня 1937, Менск, НКУС) — беларускі літаратуразнавец, крытык, педагог.
Міхаіл Мікалаевіч Піятуховіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 23 лютага 1891 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 20 снежня 1937 (46 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | літаратуразнавец, крытык, педагог |
Месца працы | |
Навуковая ступень | прафесар |
Альма-матар | |
Член у | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
Нарадзіўся 23 лютага 1891 года ў вёсцы Алексінічы Сенненскага павета Магілёўскай губерніі ў сям’і вясковага праваслаўнага святара. Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. У 1917 скончыў Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут. Быў накіраваны ў Петраградскі ўніверсітэт для падрыхтоўкі да прафесарскага звання па кафедры рускай мовы і славеснасці. З-за недохопу матэрыяльных сродкаў на пачатку 1920 вымушаны быў пераехаць у Адэсу. З 1921 у БССР. Публікавацца пачаў у 1921. Актыўна выступаў у друку як крытык і даследчык беларускай літаратуры. З верасня 1921 з’яўляўся членам навукова-тэрміналагічнай камісіі, з лютага 1922 — навуковым супрацоўнікам, а з 1925 — правадзейным членам Інбелкульта; з 1929 — правадзейны член БелАН. Да 1936 г. працаваў у Інстытуце літаратуры БелАН[1].
У 1921—1926 выкладаў беларускую літаратуру ў МБПТ. З лютага 1922 працаваў у БДУ: дацэнт, з кастрычніка 1926 — прафесар. У маі 1926 г. стаў дэканам педагагічнага факультэта.
У пачатку 1930-х над М. Піятуховічам навісла пагроза рэпрэсій з-за «непралетарскага паходжання».
Літаратурна-крытычныя выступленні М. Піятуховіча заўсёды мелі апанентаў, аднак у сярэдзіне 1930-х палеміка выйшла за межы літаратурнай дыскусіі і прыняла характар грубых палітычных абвінавачванняў. М. Піятуховіч вырашыў выехаць з сям’ёй за межы Беларусі (у 1934 ці 1936 г.). Жыў у Арджанікідзэ; працаваў выкладчыкам-славістам у Паўночна-Каўказскім і Паўночна-Асецінскім педагагічных інстытутах. 9 студзеня 1937 г. ён быў арыштаваны і перавезены ў Мінск. 19 снежня 1937 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны 27.12.1957.
Літаратуразнаўчая дзейнасць
Яшчэ да пачатку сваёй дзейнасці на ніве беларускай навукі М. Піятуховіч спецыялізаваўся па заходнееўрапейскіх літаратурах, у прыватнасці французскіх рамантыках. Шэраг прац прысвяціў творчасці паэта Альфрэда дэ Віньі («Дэ Віньі як мысліцель»). Як крытык і даследчык беларускай літаратуры выступіў у друку ў 1921 годзе з артыкуламі, прысвечанымі творчасці Якуба Коласа.
Універсітэцкі курс М. Піятуховіча лёг у аснову яго «Нарысаў гісторыі беларускае літаратуры. Ч. 1 (Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і пачатку XX в.» (1928), якія мелі станоўчае значэнне ў тагачасных метадалагічных пошуках, хоць ён і не пазбег сацыялагічнага схематызму. Аўтар артыкулаў пра фальклор, Ф. Скарыну, Ф. Багушэвіча, Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча, Ц. Гартнага, Ядвігіна Ш., М. Чарота, К. Чорнага і інш. Рэдактар-укладальнік гісторыка-літаратурнай хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі» (1923). Рэдактар, аўтар уступнага артыкула да твораў П. Труса (1934, 1935). Праца М. Піятуховіча «Рукапісы А. Рыпінскага» апублікавана ў 1990 В. Скалабанам.
Бібліяграфія
- Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасць. Мн., 1926;
- Апавяданне «У палескай глушы» як новы этап бел. мастацкай прозы. Мн., 1927;
- Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. Мн., 1927;
- Паэтычнае светаадчуванне ў творчасці Якуба Коласа. Мн., 1927;
- Звычаі і песні беларускага селяніна ў іх гаспадарчай аснове. Мн., 1928;
- Лірыка і проза Ц. Гартнага. Мн., 1928;
- Нарысы гісторыі беларускай літаратуры: Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і XX ст. Мн., 1928;
- Рукапісы А. Рыпінскага / Публ. В. Скалабана // Шляхам гадоў: Гісторыка-літаратурны зборнік. Мн., 1990.
Зноскі
- Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. — Мн., 1992. С. 86—87
Літаратура
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.