беларускі і польскі паэт, фалькларыст, кнігавыдавец, фатограф, мастак From Wikipedia, the free encyclopedia
Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі (Рыпінскі — Радван, польск.: Alexander Rypiński; 10 (22) верасня 1809, в. Кукавячына, Віцебскага павет, цяпер Віцебскі раён — 8 (20) лістапада 1886[1], в. Страганы, цяпер Лёзненскі раён) — беларускі і польскі паэт, фалькларыст, кнігавыдавец, графік.
Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі | |
---|---|
польск.: Alexander Rypiński | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 10 (22) верасня 1809 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 8 (20) лістапада 1886 (77 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | мастак, паэт, перакладчык, аўтар дзённіка, этнограф |
Мова твораў | беларуская |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паходзіў са шляхецкай сям’і. Дзяцінства прайшло ў дзедавым маёнтку Стайкі каля Віцебска. Скончыў Віцебскую гімназію, у 1829—1830 вучыўся ў Дынабургскай школе прапаршчыкаў. У гэты час пазнаёміўся з В. Кюхельбекерам, які адбываў пакаранне ў Дынабургскай крэпасці, што сам А. Рыпінскі лічыў значнай падзеяй.
Удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў. Пасля падаўлення паўстання, разам са сваім атрадам перайшоў мяжу з Прусіяй.
У 1832—1846 жыў у Парыжы. Быў абраны членам французскай Акадэміі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. Разам з Ф. Ходзькам адкрыў мастацкі магазін. У Парыжы блізка пазнаёміўся з А. Міцкевічам, іх звязвала адзінства грамадскіх і эстэтычных ідэалаў.
У 1846 годзе А. Рыпінскі пераехаў у Лондан. Разам з І. Яцкоўскім у 1852 заснаваў у прыгарадзе Лондана Тотэнхэме друкарню. Між іншага, з кастрычніка 1852 выдаваў эмігранцкую газету «Польскі дэмакрат». У 1859 годзе, пасля амністыі ў Расіі, А. Рыпінскі вярнуўся на радзіму. Пад наглядам паліцыі жыў у Кукавячыне, маёнтку свайго брата, адстаўнога штабс-капітана артылерыі В. Ф. Рыпінскага, пазней — у сваячкі Ксаверыі Аляксандраўны Рыпінскай у маёнтку Страганы (цяпер Лёзненскі раён).
Памёр 8 (20) лістапада 1886 года. Быў пахаваны на сямейных могілках роду Заблоцкіх у маёнтку Саланец.
Ужо ў раннім юнацтве А. Рыпінскі вёў фальклорныя запісы, пазней захоўваў іх у ваенным ранцы, які згубіў у час паўстання 1830—1831 гадоў. У школьныя гады захапіўся паэзіяй і перакладамі. Лічыцца, што самы ранні верш А. Рыпінскага, на польскай мове, запісаны на тытульным аркушы рукапіснага зборніка школьнага сябра Гайкі з Пнёва. У 1827 пераклаў на польскую мову «Русалку» А. Пушкіна. На пасяджэнні Польскага літаратурнага таварыства ў Парыжы, 21.11.1839 прачытаў першы даклад пра беларускую этнаграфію і фальклор. У 1840 на аснове ўласных лекцый выдаў асобнай кнігай фалькларыстычна-этнаграфічнае даследаванне «Беларусь»[2], дзе ўпершыню ў гісторыі беларусістыкі сістэматызаваў беларускую народную вусную творчасць паводле жанраў і тэматыкі. Магчыма, па радзе А. Міцкевіча падрыхтаваў да друку ўспаміны з часоў паўстання — «Паўстанне Вілейскага, Завілейскага і Дзісенскага паветаў» (фрагменты выданы ананімна ў Парыжы, 1836). Працаваў над рукапісам «Выпісы польскіх гарадоў і вёсак, узгаданых у творы Нарбута „Гісторыя старажытнай Літвы“». У Лондане заняўся выдавецкай і творчай дзейнасцю, таксама выкладаў мовы, матэматыку і маляванне. У сваёй, супольнай І. Яцкоўскім, друкарні выдаў зборнікі сваіх польскіх вершаў «Паэтычныя творы» (1853), «Сяржант-філосаф» (1854). У 1853 выдаў беларускамоўную рамантычную баладу «Нячысцік»[3], адну з першых у беларускай літаратуры, у аснову яе пакладзены фальклорныя ўзоры. Быў шырока вядомы як мастак, сам афармляў свае кнігі, выявіў выключныя здольнасці да мастацкай фатаграфіі, стаўшы адным з піянераў фотамастацтва.
Па вяртанні ў Расію, працаваў над гісторыяй беларускай літаратуры, быў першым біёграфам шэрагу пісьменнікаў. У прыватнасці, А. Рыпінскім напісаны біяграфіі Я. Баршчэўскага, Г. Марцінкевіча, В. Рэута, Ф. Рысінскага, Т. Заблоцкага, але гэтыя працы не захаваліся. Перапісваўся з пісьменнікам і публіцыстам А. Плугам. Дапамагаў маладым мастакам і літаратарам з Беларусі і Літвы, між іншых, віленскаму мастаку К. Рыпінскаму.
Асабісты архіў А. Рыпінскага, багаты на факталагічныя звесткі пра беларускую культуру 18-19 ст., не захаваўся. Некалькі сшыткаў А. Рыпінскага з каштоўнымі фальклорнымі і літаратурнымі запісамі ў 1930-я гады захоўваліся ў прафесара БДУ М. Піятуховіча. Некаторыя запісы па копіях Піятуховіча апублікаваў В. Скалабан у 1990 (Зборнік «Шляхам гадоў», 1-ы вып.).
Паэзіі Рыпінскага ўласціва фальклорна-рамантычная скіраванасць у спалучэнні з дыдактычнасцю і сентыменталісцкім стылем. А. Рыпінскі адзін са стваральнікаў жанру балады ў беларускай літаратуры. У гісторыі беларускай культуры А. Рыпінскі ўвайшоў як адзін з першых даследчыкаў літаратуры Беларусі і беларускай літаратуры. У мовазнаўства вядомы яго спробы ўпарадкаваць нормы беларускай арфаэпіі.
Рыпінскі быў першым аўтарам і выдаўцом, хто ўвёў ва ўжытак літару Ŭ — «у нескладовае» у лацінскім алфавіце — у беларускіх тэкстах у 1853-54 гг.[4][5]
У класічнай працы «Беларусь. Колькі слоў пра паэзію простага люду гэтае нашае польскае правінцыі, пра ягоную музыку, сьпевы, танцы, etc.», якая на польскай мове выйшла друкам у 1840 годзе ў Парыжы і заклала пачаткі беларускай этнаграфіі, а таксама спрычынілася да навуковага вывучэння беларускага фальклору, Аляксандр Рыпінскі заклікаў беларускіх жанчын-маці лічыць сваім першым абавязкам «навучыць дзіця вымаўляць святое імя Польшчы, калі яно яшчэ не гаворыць „мама“, не даваць дзіцяці патрэбнай ежы „да таго часу, пакуль яно не папросіць па-польску“…»[6]. У самой назве твора было азначана, што Беларусь — гэта частка («правінцыя») Польшчы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.