Remove ads
касцёл у гарадскім пасёлку Мір From Wikipedia, the free encyclopedia
Касцёл Св. Мікалая ў Міры — помнік архітэктуры барока з рысамі рэнесансу і элементамі абарончага дойлідства. Касцёл фундаваны Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткам і ўзведзены ў 1599—1605 — праўдападобна, паводле праекту Дж. М. Бернардоні, але без яго ўласнага ўдзелу.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Святога Мікалая | |
---|---|
53°27′10,4″ пн. ш. 26°27′55,75″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Гарадскі пасёлак | |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | рэнесансная архітэктура і архітэктура барока[d] |
Архітэктар | Дж. М. Бернардоні |
Заснавальнік | Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка |
Будаўніцтва | 1599—1605 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 411Г000319 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Першы драўляны касцёл у Міры быў пабудаваны ў пачатку XVI ст. Іллінічамі. Затым на яго месцы Радзівілы пабудавалі ў 1585 г. новы драўляны касцёл Св. Мікалая, асвячоны 18 кастрычніка 1587 г.
У 1599 г. князь Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка пачаў будаўніцтва мураванага храма. Касцёл пабудаваны ў 1605 годзе, 31 жніўня віленскі біскуп Бенедыкт Война ўрачыста кансэкраваў новазбудаваную святыню (даты адзначаны на мемарыяльнай дошцы ў прытворы). Аўтарства касцёла прыпісваюць архітэктару італьянцу Дж. М. Бернардоні.
У 1604—1609 гг. побач з касцёлам, злева ад уваходнай брамы, была пабудавана двухпавярховая плябанія (будынак разабралі ў 1880). Таксама па фундацыі Радзівіла Сіроткі пры касцёле з XVIII ст. існавалі шпіталь і парафіяльная школа для дзяцей. Будынкі касцёльнага комплексу моцна пацярпелі падчас ваенных дзеянняў 1654-61 гадах і Паўночнай вайны. У 1710 годзе князь Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька аднавіў касцёл, плябанію, два флігелі, гаспадарчыя пабудовы, заказаў адліць вялікі звон «Караль» у гонар перамогі над шведамі.
У 1845 г. праведзены рамонт касцёла на ганарары, сабраныя ў выніку аб’яўленай у 1846 г. У. Сыракомлем агульнапольскай акцыі перакладу лацінскіх паэтаў на польскую мову.
Пасля паўстання 1863—1864 гг. касцёл быў закрыты, 7 кастрычніка 1865 г. пераасвячоны ў праваслаўную царкву Св. Мікалая. У 1876 г. пад час рамонту перакрыты жалезам ніжні ярус храма. У 1888 г. заменены ўвесь астатні драўляны дах на жалезны, пры гэтым зменены яго выгляд адпаведна праваслаўнаму канону з уладкаваннем драўлянага купала над алтарнай часткай. Новы драўляны дом багадзельні быў пабудаваны ў 1893 г.
У 1914 г. мірскія католікі вырашылі будаваць новы каменны касцёл, быў нават зроблены праект. Аднак Першая сусветная вайна перашкодзіла распачаць будаўніцтва, а ў хуткім часе палітычнае становішча ў дзяржаве цалкам змянілася і парафіянам была вернута іх старажытная святыня — касцёл св. Мікалая. Цяпер касцёльную вежу зноў завяршыў вастраверхі шацёр. Да 1920-х гадах мірская парафія ўваходзіла ў склад Навагрудскага дэканата. З утварэннем у 1925 Сталовіцкага дэканата Пінскай дыяцэзіі мірская парафія не толькі ўвайшла ў яго склад, але і была прызначана цэнтрам дэканата.
Касцёл дзейнічаў да 1940-х гадоў. З надыходам савецкай улады каталіцкія святыні Міра былі зачынены, касцёл у занядбаным стане прастаяў дзесяцігоддзі. За гэты перыяд былі разбураны два верхнія ярусы вежы, дзве бакавыя круглыя вежачкі. У 1970-я гады касцёл атрымаў статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння, распачалася рэстаўрацыя святыні. У 1990 г. касцёл вернуты вернікам, вядуцца рэстаўрацыйныя работы.
Паводле інвентароў 1719, 1721, 1732 гг. касцёл меў адну вежу на галоўным фасадзе. Да ўвахода ў касцёл вёў мураваны ганак. Уваходныя дзверы былі вялікія двайныя з «форткай». Бабінец асвятляўся праз два акны. З бабінца ў касцёл вялі дзверы сталярскай работы. Падлога ў касцёле была цагляная, часткова выкладзена мармуровымі плітамі. Над сакрысціяй знаходзілася на другім паверсе фундатарскае ложа. Усіх акон налічвалася 13, верхнія вокны мелі алавяную аправу. З абодвух бакоў касцёла размяшчаліся капліцы. У іх налічвалася акон малых акруглых 10. Пад хорамі з левага боку, над дзвярамі быў умураваны ў сцяну мармуровы камень з датай асвячэння храма. Касцёл, апрача капліц, быў накрыты дахоўкай.
Зараз касцёл уяўляе сабой мураваную трохнефную трохвежавую базіліку. Цэнтральны неф з паўкруглым прэсбітэрыем завяршаецца на галоўным фасадзе вялікай квадратнай у плане чатырох’яруснай вежай з шатровым дахам. Вежа падзялялася прафіляванымі карнізамі на ярусы, аздобленыя глыбокімі нішамі. Бакавыя нефы на галоўным фасадзе завершаны круглымі ў плане вежачкамі з вітымі ўсходамі, з боку алтарнай часткі — закругленымі ў плане сакрысціямі, абапал якіх — больш высокія гранёныя аб’ёмы, што нагадваюць трансепт. Бакавыя фасады, пазбаўленыя дэкору, прарэзаныя высокімі аконнымі праёмамі з паўцыркульным завяршэннем. Дзверы аздобленыя мастацкай акоўкай.
Унутры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным з распалубкай, бакавыя — крыжовымі скляпеннямі[1]. На другім ярусе вежы хоры для аргана. Пад апсідай была размешчана прасторная скляпеністая крыпта, у якой знаходзілася каля 30 пахаванняў (у 1866 г. крыпта закапана)[2].
У XVIII ст. унутраную прастору ўпрыгожвалі 9 алтароў. У галоўным (першы алтар фундаваў сам Радзівіл Сіротка; быў скончаны ў кастрычніку 1604 г.) трох’ярусным алтары «сталярскай работы» над вялікім абразом Нараджэння Пана знаходзіўся абраз Трох Каралёў (Аб’яўлення Пана), завяршаў кампазіцыю абраз Абразання Пана; пры гэтым на кожнам ярусе была ўсталявана пара фігур святых. У левай наве былі ўсталяваны алтары Найсвяцейшай Тройцы і Перамянення Пана, у правай — брацкі алтар св. Казіміра і алтар Маці Божай Беззаганнай (з вотумамі). Яшчэ 4 алтары — Укрыжавання, св. Антонія, Езуса Антокальскага (усе тры з вотумамі) і св. Яна Непамука — стаялі «пры філярах».
У XIХ ст. кампазіцыя алтароў змянілася (ужо ў 1783 г. 4 алтары былі апісаны як «разваленыя і годныя больш да спалення, чым для апісання») — іх стала 5, і ўсе яны цяпер былі двух’яруснымі. У галоўны алтар была перанесена фігура Езуса Антокальскага (у 1856 г. яе акружалі 39 вотумаў), у другім ярусе быў абраз св. Казіміра. У правым бакавым (у канцы навы) алтары змясцілі абраз Маці Божай з Езусам на руках, у сярэбранай шаце з каронамі (таксама ўпрыгожаны вотумамі), у другім ярусе быў абраз св. Аўгусціна. Левы бакавы алтар быў прысвечаны св. Юзафу, у другім ярусе знаходзіўся тытульны абраз св. Мікалая. Пры правым сярэднім «філяры» стаяў алтар св. Антонія з абразом св. Барбары наверсе. Пры левым — св. Яна Хрысціцеля з абразом Марыі Магдалены наверсе.
Да нашых дзён захаваўся толькі галоўны алтар, створаны пад канец XVIII ст., сёння ён рэстаўрыруецца. Над уваходам знаходзіліся арганныя хоры (не захаваліся) на двух слупах, на агароджы якіх былі намаляваны 12 Апосталаў і Пан Езус у цэнтры.
Паводле інвентароў 1719—1732 гг., на першым паверсе плябаніі знаходзіліся сенцы, падлога ў іх была цагляная, столь скляпеністая. Пад плябанскім домам меліся два скляпы, адзін на два закратаваныя акны з боку двара, другі — на адно. Уваходы ў скляпы былі з сеняў.
Пры плябаніі была таксама мураваная ўваходная брама. Сцяна агароджы далей ішла да касцельнай брамы. З боку вул. Замкавай на браме зверху быў умураваны мармуровы камень з подпісам фундатара. З другога боку плябаніі ўздоўж вул. Замкавай плябанскі двор быў абгароджаны драўляным парканам. Касцельны цвінтар з боку рынку ад уваходнай брамы да плябанскага дома быў абгаро джаны мураванай сцяной, з астатніх бакоў ад вул. Жухавіцкай і ад плябанскага двара — драўляным плотам.
Уваход на тэрыторыю касцёла ад рынкавай плошчы ў 1719 годзе быў пазначаны вялікай мураванай брамай, крытай глінянай дахоўкай і ўвянчаная трыма купаламі і жалезнымі крыжамі. На браме меліся 5 званоў: самы вялікі — «Радзівіл» (ці «Караль»), меншы — «Казімір», яшчэ меншы — «Ружанцовы», чацвёрты без назвы і «Сігнатурны». Верагодна, вежа касцёла не цалкам выконвала функцыю званіцы. Пры гэтым звон «Радзівіл» быў такі вялізны, што для яго справа ад касцёла асобна паставілі брусавую званіцу.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.