Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Знак Еўрапейскай cпадчыны (англ.: European Heritage Label) прысуджаецца Еўрапейскім Саюзам будынкам, дакументам, музеям, архівам, помнікам ці падзеям, якія разглядаюцца як вехі ў стварэнні сучаснай Еўропы. Праграма кіруецца Еўрапейскай камісіяй.
Знак Еўрапейскай Спадчыны ў якасці міжурадавай ініцыятывы бярэ пачатак падчас сустрэчы 28 красавіка 2006 года ў Гранадзе, Іспанія, паміж 17 асобнымі краінамі-членамі Еўрапейскага Саюза[1]. Асноўная мэта гэтай ініцыятывы адлюстравалася ў выяўленні і пазначэнні аб’ектаў, якія маюць ключавую ролю ў пабудове адзінай Еўропы і бачанні гэтых мясцін праз еўрапейскі, а не нацыянальны пункт гледжання[2].
Праект злучыў як дзяржавы-члены ЕС, так і дзяржавы, якія не з’яўляюцца членамі, напрыклад, Швейцарыю. Краіны выбіралі свае ўласныя культурныя каштоўнасці: фізічныя аб’екты або абстрактныя звычаі — гэта значыла, што крытэрыі для пазнакі ў кожнай краіне вар’іравалася. Да 2010 года 64 аб’екты ў 18 розных краінах-удзельніцах былі ўзнагароджаны міжурадавым знакам[3].
20 лістапада 2008 года Еўрапейскі Савет прыняў высновы, накіраваныя на пераўтварэнне міжурадавай ініцыятывы ў дзеянне Саюза. Ён даў магчымасць Еўрапейскай Камісіі прадставіць яму прапановы аб стварэнні Саюзам праграмы Знака еўрапейскай спадчыны і паказаць практычныя працэдуры для ажыццяўлення праекта[2]. Былі праведзены грамадскія слуханні, даследаваны ацэнкі ўздзеяння, якія пацвярдзілі дададковы кошт удзелу ЕС у ініцыятыве. У 2010 годзе Еўрапейская Камісія абвясціла аб утварэнні на ўсёй тэрыторыі ЕС праграмы Знак еўрапейскай спадчыны, і ён быў афіцыйна створаны 16 лістапада 2011 года[4].
З абнаўленнямі ў крытэрыях адбору, першыя чатыры аб’екты былі вызначаны ў 2013 годзе, а яшчэ шаснаццаць найменняў — ужо ў 2014 годзе. Аб’екты-кандыдаты на Знак павінны мець сімвалічнае еўрапейскае значэнне і адыгрываць значную ролю ў гісторыі і культуры Еўропы або будаўніцтве Саюза. Яны мусяць дэманстраваць адну ці некалькі з наступных характарыстык:
На стадыі папярэдняга адбору краіны ЕС маюць магчымасць выбраць да двух аб’ектаў у двухгадовы перыяд, пасля чаго, ужо на этапе адбору, група з 13 незалежных экспертаў праглядае і правярае аб’екты. Група разглядае заявы і рэкамендуе Еўрапейскай камісіі аб’екты, якія павінны быць узнагароджаны Знакам на падставе ўстаноўленага набору крытэрыяў. Аб’екты-кандыдаты таксама павінны прадставіць план працы[5].
У праграме ўдзельнічаюць наступныя краіны[6]:
Археалагічны парк Карнунт
Археалагічны парк Карнунт на ўсходзе Аўстрыі — помнік гісторыі Рымскай Імперыі. Карнунт быў важным рымскім паселішчам, заснаваным у сярэдзіне I ст. н.э. ў пункце перасячэння гандлёвых шляхоў на Дунаі.
Геаграфічнае становішча зрабіла яго адным з самых важных гарадоў Рымскай імперыі. 400 гадоў рымскага жыцця ў Карнунце адлюстроўваюць перыяд гісторыі, што глыбока паўплываў на развіццё Еўропы.
Сёння наведвальнікі парка могуць убачыць рэканструяваныя рымскія дамы і наведаць музей з адукацыйнымі праграмамі.
Палац Хофбург, Вена
Распачаты ў 1240 годзе, Імператарскі палац Хофбург уяўляе сабой комплекс будынкаў і садоў, якія выкарыстоўваліся ў якасці рэзідэнцыі дынастыі Габсбургаў — кіруючай сям’і для значнай часткі Еўропы на працягу каля 700 гадоў. Імперыя Габсбургаў была мультыэтнічнай і шматканфесійнай імперыяй, якая мела моцнае палітычнае, адміністрацыйнае, сацыяльна-эканамічнае ўздзеянне на тэрыторыях, якія з’яўляюцца часткай сучаснай Аўстрыі, Венгрыі, Чэхіі, Польшчы і Славеніі.
Сёння палац Хофбург з’яўляецца домам для штаба аўстрыйскага федэральнага прэзідэнта, пяці музейных арганізацый сусветнай значнасці, а таксама іншых устаноў культуры.
Mundaneum, Монс, Бельгія
Mundaneum — гэта архіў для захоўвання інфармацыйных карт, які павінен быў стаць вузлом новага ўтапічнага «горада інтэлекту». Яго заснавальнікі, Анры Лафантэн і Отле, былі прыхільнікамі міру з дапамогай дыялогу і абмену ведамі на еўрапейскім і міжнародным узроўні з дапамогай бібліяграфічных даведак. Мэтай Mundaneum было сабраць усю наяўную інфармацыю ў свеце, незалежна ад яе асяроддзя (кнігі, газеты, паштоўкі і г.д.), а таксама класіфікаваць яе ў адпаведнасці з сістэмай, распрацаванай Універсальнай дзесятковай класіфікацыяй.
Mundaneum ляжыць у аснове сучаснай інфарматыкі і лічыцца папярэднікам пошукавых сістэм Інтэрнэт.
Мемарыяльны парк Еўрапейскага Пікніка, Шапрон
Мемарыяльны парк заснаваны ў гонар дэманстрацыі міру, інакш названай Пан’еўрапейскі пікнік, якая адбылася на аўстрыйска-венгерскай граніцы 19 жніўня 1989 года.
Часовае адкрыццё венгерска-аўстрыйскай мяжы падчас дэманстрацыі дазволіла амаль 600 грамадзянам ГДР бегчы праз венгерскую мяжу на Захад. Гэтая падзея лічыцца пачаткам разбурэння жалезнай заслоны. Падзенне заслоны, у сваю чаргу, прывяло да аб’яднання Германіі і Усходняга пашырэння ЕС у 2004 годзе.
Музычная акадэмія Ферэнца Ліста, Будапешт
Музычная акадэмія Ферэнца Ліста была заснавана ў 1875 годзе. Яна ўключае ў сябе не толькі навучальную ўстанову, але і міжнародны ўніверсітэт музычнага мастацтва і канцэртны цэнтр.
Хамбахскі палац
Пабудаваны ў сярэднія вякі, Хамбахскі палац набыў выбітнае значэнне ў XIX стагоддзі. Пасля перыяду палітычных рэпрэсій каля 30 000 чалавек з Германіі, Францыі і Польшчы сабраліся ў замку 27 мая 1832 года, каб адсвяткаваць фестываль Хамбо (Hambacher Fest).
Прысутныя выказаліся за асноўныя правы і палітычныя свабоды і роўнасці ў Германіі і Еўропе, што робіць палац сімвалам барацьбы за грамадзянскія свабоды ў Еўропе.
Мюнстэр і Оснабрук — мясціны Вестфальскага міру
Вестфальскі мір — гэта сукупнасць мірных дагавораў, якія былі заключаны і ўзгоднены ў гарадах Мюнстэры і Оснабруку ў 1648 годзе.
Яны паклалі канец Трыццацігадовай вайне (1618—1648), у якую былі ўцягнуты ўсе галоўныя еўрапейскія дзяржавы і якая вызначалася канфліктам не толькі паміж дзяржавамі, але і паміж рэлігіямі.
Акрамя таго, народы прыйшлі да высновы ў Галандскай вайне за незалежнасць з Іспаніей (1568—1648). Вестфальскі мір стаў знакавай падзеяй у развіцці дзяржаўнасці і міжнароднага права.
Сэрца старажытных Афін
Акропаль і навакольныя археалагічныя помнікі ўяўляюць сабой архітэктурны ансамбль выбітнага значэння. Комплекс да ста помнікаў — гэта ядро старажытных Афін, што ахоплівае гістарычны перыяд больш чым 3000 гадоў.
Філасофія, дэмакратыя і палітычная тэорыя, тэатр і музыка былі адпрацаваны і развіваліся ў гэтых месцах, што робіць іх калыскай істотных аспектаў і каштоўнасцяў еўрапейскай культуры і цывілізацыі.
Дом Музей дэ Гасперы, Пьевэ Тэзіна
Альчідэ дэ Гасперы (1881—1954) лічыцца адным з «бацькоў Еўропы». Ён нарадзіўся ў доме, які сёння з’яўляецца музеем, што падкрэслівае яго ўклад у будаўніцтва Еўропы пасля Другой сусветнай вайны.
Ён служыў у якасці міністра замежных спраў і прэм’ер-міністра Італіі з 1945 па 1953 год, падтрымаў планы Шумана, удзельнічаў у стварэнні Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі (ЕАВС).
Акрамя таго, ён быў натхняльнай сілай у стварэнні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці.
Residencia de Estudiantes, Мадрыд
Residencia de Estudiantes (даслоўна — «Рэзідэнцыя студэнтаў») — цэнтр культурнага жыцця ў Іспаніі. Яе выкарыстоўвалі ў якасці месца жыхарства, месца правядзення канферэнцый і месца для абмену ідэямі. Некаторыя з вядучых еўрапейскіх дзеячаў мастацтва, філасофіі і навукі сабіраліся тут у міжваенные часы для абмеркавання і дыялогу.
Адстойваючы каштоўнасці свабоднага мыслення, супрацоўніцтва і абмену, Residencia de Estudiantes застаецца вядомым ва ўсёй Еўропе цэнтрам для заахвочвання зносін.
Каралеўскі архіў Арагона, Барселона
Заснаваны ў 1318 годзе, ён служыў у якасці цэнтралізаванай сістэмы дэпазітаў для адміністрацыйнай, эканамічнай і палітычнай памяці манархіі каралеўства Арагон.
На працягу наступных стагоддзяў архівы сталі складацца з дакументаў, якія былі створаны з дапамогай адміністрацыйнага апарату дзяржаўных і іншых арганізацый, што дазваляе нам сёння рэканструяваць гісторыю рэгіёна і вялікіх падзей у еўрапейскай гісторыі.
Гэта адна з найбуйнейшых і найбольш важных дакументальных калекцый сярэднявечнай Еўропы, а таксама новага і найноўшага часу.
Каўнас у 1919—1940 гг.
У міжваенны перыяд горад Каўнас быў «часовай сталіцай» Літвы і ператварыўся ў сучасны, дынамічны культурны цэнтр краіны.
Многія літоўцы, якія вучыліся ў іншых еўрапейскіх краінах, вярнулі веды і ідэі ў Каўнас, дзе плённым спалучэннем сучасных тэндэнцый і старых традыцый падштурхнулі развіццё краіны.
Лагер Вестэрборк
Лагер Вестэрборк да 1942 служыў у якасці лагера бежанцаў для яўрэяў, якіх пераследавалі нацысты, а затым стаў транзітным лагерам, з якога ўцекачы былі дэпартаваныя ў нацысцкія канцэнтрацыйныя лагеры на тэрыторыі Германіі і акупаваных тэрыторыях Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Пасля Другой сусветнай вайны галандскія грамадзяне, падазраваныя ў супрацоўніцтве з нацыстамі, былі заключаны ў лагеры.
Дзякуючы яго гісторыі, лагер Вестэрборк можна лічыць спасылкай на важнейшыя тэмы еўрапейскай гісторыі, такія як пераслед, міграцыі, дэкаланізацыі і мультыкультуралізм.
На месцы былога лагера сёння можна знайсці Музей і помнікі памяці (такія як Нацыянальны Мемарыял Вестэрборк).
Палац міру, Гаага, Нідэрланды
Гаага была месцам правядзення першай Сусветнай канферэнцыі міру ў 1899 году. У Палацы міру, які быў пабудаваны ў 1913, прайшлі міжнародныя мірныя канферэнцыі, якія былі накіраваны на рэгуляванне гонкі ўзбраенняў і ўрэгуляванне міжнародных спрэчак шляхам арбітражу.
Гэтая праца працягваецца і сёння — Палац міру з’яўляецца месцам шматлікіх судовых інстытутаў (Міжнародны Суд ААН, Пастаянны арбітражны суд, Гаагская акадэмія міжнароднага права) і ўвасабляе каштоўнасці міру і справядлівасці.
Сагрэш Поінт
Сагрэш Поінт — гэта багаты культурна-гістарычны ландшафт, размешчаны ў паўднёва-заходнім кутку Пірэнейскага паўвострава. Ён уключае ў сябе шэраг значных археалагічных мясцін, гарадскіх збудаванняў і помнікаў.
Поінт стаў штаб-кватэрай прынца Генры Мараплаўца для праектаў марской экспансіі на працягу XV стагоддзя, што адзначыла пашырэнне еўрапейскай культуры, навукі, разведкі і гандлю ў бок Атлантыкі і Міжземнага мора, усталяванне еўрапейскай цывілізацыі на шляху да глабальнай пратэкцыі.
Бібліятэка ўніверсітэта Каімбра
Бібліятэка ўніверсітэта Каімбра была сканструявана ў 1513 і прадстаўляе сабой адзін з самых выдатных і інавацыйных бібліятэчных будынкаў Еўропы.
Бібліятэка пазіцыянуе сябе як «публічная бібліятэка» на працягу многіх стагоддзяў. Гэта была адна з першых бібліятэк у Еўропе, якая распрацавала тэматычныя каталогі (1743) і ніколі не дапускала цэнзуравання. Многія дакументы еўрапейскага значэння захоўваюцца менавіта тут.
Статут аб адмене смяротнага пакарання, Лісабон
Статут аб адмене смяротнага пакарання быў зацверджаны ў 1867 годзе і захоўваецца ў Нацыянальным архіве Торэ дэ Томба ў Лісабоне, Партугалія.
Гэта адно з першых заканадаўчых рашэнняў пастаяннага прыпынення смяротнага пакарання, кадыфікаваных у нацыянальнай прававой сістэме.
Партугалія лічыцца піянерам у гэтай галіне. Гэты дакумент заахвочвае каштоўнасці, якія з’яўляюцца часткай Хартыі Еўрапейскага Саюза па правах чалавека.
Ваенныя могілкі Усходняга фронту № 123 гадоў Першай сусветнай вайны, Лужна-Пусткі
Ваенныя могілкі № 123, утвораныя ў 1918 годзе, з’яўляюцца арэнай адной з найбуйнейшых бітваў Першай сусветнай вайны на Усходнім фронце паміж аўстра-венгерскімі і нямецкімі войскамі і рускай арміяй, што мае назву Горліцкі прарыў.
Гэтыя мясціны з’яўляюцца месцам памяці, увасабляюць ідэю экуменізму, ставячыся з аднолькавай павагай да загінулых, незалежна ад іх ваеннай, этнічнай ці рэлігійнай прыналежнасці.
Гданьская суднаверф
Менавіта Гданьская суднаверф была месцам зараджэння руху Салідарнасці. Вытокі руху ўзыходзяць да працоўнай стачкі 1970 года, якія была крывава падаўлена сацыялістычнай уладай.
Праз дзесяць гадоў новая хваля забастовак вымусіла ўрад падпісаць гістарычнае пагадненне з Лехам Валенсам у жніўні 1980 года.
Дамоўленасці былі падпісаны ў памяшканнях верфі і дазволілі існаваць першаму незалежнаму прафсаюзу ў краінах Усходняга блока.
З гэтага моманту Салідарнасць ўвесь час спрыяла руху дэмакратыі і грамадзянскіх свабод у Польшчы, што выклікала аналагічныя сацыяльныя рухі ў розных краінах Усходняй Еўропы ў 1980-х гадах.
Люблінская унія
Люблінская унія, падпісаная ў 1569 годзе, звязала паміж сабой Царства Польскае і Вялікае княства Літоўскае, ствараючы Рэч Паспалітую — федэратыўную дзяржаву з адзіным манархам, агульным парламентам і адной валютай.
Аб’ект адзначаецца трыма гістарычных помнікамі, размешчанымі ў Любліне.
Гэты палітычны саюз стаў выключным выпадкам дэмакратычнай інтэграцыі дзвюх краін з мірным і ўсёабдымным суіснаваннем людзей розных этнічных і рэлігійных груп.
Канстытуцыя 3 мая 1791 года, Варшава
Канстытуцыя 3 мая 1791 года была прынята ў Рэчы Паспалітай, каб забяспечыць больш свабод і палітычных роўнасцей на тэрыторыі дзяржавы і ўвесці канстытуцыйны лад манархіі.
Канстытуцыя адлюстроўвае ўплыў Асветніцтва, што дало перавагу розуму, правам і свабодам, а таксама рэлігійнай памяркоўнасці. Гэты заканадаўчы акт лічыцца адным з першых канстытуцый ў Еўропе.
Партызанскі шпіталь Франья
Шпіталь Франья быў тайным шпіталем у гады Другой сусветнай вайны, кіраваўся славенскімі партызанамі ў рамках шырока арганізаванага руху супраць акупацыйных гітлераўскіх войскаў.
Сёння ён ператвораны ў музей і садзейнічання развіццю салідарнасці, дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека.
Паселішча неандэртальцаў у Крапіне
У 1899 годзе ва ўсходняй частцы горада Крапіна былі знойдзена найбольш выбітная для Еўропы колькасць костак і выкапняў, якія належалі неандэртальцам. Эксперты з усяго свету правялі даследаванне па зборы і інтэрпрэтацыі даследчых вынікаў, што дало штуршок новым навуковым тэорыям аб чалавечым развіцці, генезісе цывілізацыі і існаванні чалавечай супольнасці на тэрыторыі Еўропы ў перыяд плейстацэну.
Побач з археалагічнымі раскопкамі знаходзіцца Музей крапінскіх неандэртальцаў, які прапаноўвае наведвальнікам інтэрактыўнымі спосабамі даведацца пра паходжанне жыцця на Зямлі і эвалюцыі чалавецтва.
Палац Пржэмсловічаў і Архібіскупскі музей, Оламаўц
Архібіскупскі музей служыць мэце захавання твораў мастацтва Оламаўцкай архідыяцэзіі.
Палац Пржэмысловічаў і Архібіскупскі музей з’яўляюцца цэнтрам прысутнасці Маравіі ў еўрапейскай гісторыі. Мясціны з’яўляюцца цэнтрам існавання ранняга хрысціянства, месцам, якое захоўвае і падкрэслівае высокі ўзровень мастацкага патранату архіепіскапаў Маравіі, і з’яўляецца выдатным прыкладам захавання спадчыны ў канкрэтным рэгіёне.
Еўрапейскі квартал у Страсбургу
З моманту свайго стварэння пасля Другой сусветнай вайны Еўрапейскі квартал Страсбурга з’яўляецца домам для Савета Еўропы, а таксама Еўрапейскага суда па правах чалавека і Еўрапейскага парламента Еўрапейскага Саюза. Існаванне аб’екта адлюстроўвае працэсы еўрапейскай інтэграцыі.
Дом Рабера Шумана
Рабер Шуман (1886—1963) лічыцца адной з асноватворных фігур Еўрапейскага Саюза, яго клічуць «Бацькам Еўропы». Яго прамовай ад 9 траўня 1950 (дата, па якой адзначаецца штогод Дзень Еўропы) былі закладзены асновы для стварэння Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі і для ўсіх наступных еўрапейскіх інстытутаў.
Сёння ў яго доме знаходзіцца музей, які змяшчае вялікую колькасць аб’ектаў, якія належалі Раберу Шуману.
Абацтва Клюні
Заснаванае ў 910 годзе нашай эры, абацтва Клюні існавала і развівалася, каб стаць духоўным і адміністрацыйным цэнтрам адной з найбуйнейшых манастырскіх сетак у еўрапейскай гісторыі. Такая сетка палягчала перамяшчэнне людзей, кніг, мастацкіх ідэй і навуковых ведаў праз нацыянальныя межы.
Вялікая гільдыя, Талін
Дом Вялікай гільдыі быў пабудаваны ў 1410 годзе па замове купцоў Вялікай гільдыі. Асацыяцыя нямецкіх ганзейскіх купцоў, так званая Вялікая гільдыя, была адной з самых важных гандлёвых арганізацый сярэднявечных часоў і спрыяла развіццю гісторыі гандлёвых і культурных абменаў у сярэднявечнай Паўночнай Еўропе.
Дом Вялікай гільдыі, тыповы прыклад ганзейскай архітэктуры, з’яўляецца грамадскім будынкам, дзе адбылося незлічонае мноства гандлёвых і сацыяльных абменаў.
Сёння ў Доме знаходзіцца Эстонскі гістарычны музей, які мусіць прадстаўляць гісторыю Эстоніі ў яе еўрапейскім кантэксце.
Гістарычны ансамбль Тартускага ўніверсітэта, Тарту
Гістарычны ансамбль Тартускага ўніверсітэта ўяўляе сабой кампус, што быў распрацаваны ў пачатку XIX стагоддзя пад дэвізам «Універсітэт у горадзе, універсітэт у парку». Ён увасабляе ідэі ўніверсітэта ў эпоху Асветы: сувязь навукі і навучання.
Заснаваны ў 1632 годзе шведскім каралём Густавам II Адольфам, Тартускі ўніверсітэт заўсёды заставаўся маяком прагрэсіўных ідэй.
Новы лагатып Знака Еўрапейскай спадчыны быў абраны пасля конкурсу, праведзенага ў 2012 годзе.
Сам лагатып можа выглядаць як вялікая дошка з надпісам на дзвюх мовах — дзяржаўнай і англійскай — і як проста невялікая таблічка з малюнкам лагатыпа. Усе буйныя бляшкі ўтрымліваюць агульны элемент-надпіс: «Уключана ў спіс еўрапейскіх аб’ектаў культурнай спадчыны Еўрапейскага Саюза з-за значнай ролі, якую аб’ект адыгрывае ў гісторыі і культуры Еўропы».
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.