Remove ads
чэшская княжацкая і каралеўская дынастыя From Wikipedia, the free encyclopedia
Пржэмысловічы (чэшск.: Přemyslovci) — першая княжацкая і каралеўская дынастыя ў Чэхіі, якая атрымала назву ад імя яе легендарнага заснавальніка Пржамысла, селяніна-аратага з сяла Стадзіцэ, і Лібушы - князёўны-прадказальніцы. Дынастыя існавала ад гістарычна пацверджанага 872 года да 1306. У 1198 годзе князь Пржамысл Отакар I стаў чэшскім каралём і атрымаў права перадаваць гэты тытул па спадчыне.
Найбольш вядомыя прадстаўнікі Пржэмысловічаў: Пржамысл Отакар I (кароль у 1198-1230), Вацлаў I (кіраваў у 1230-1253), Пржамысл Отакар II (кіраваў у 1253-1278), Вацлаў II. Пржэмысловічы былі першай і адзінай па паходжанні чэшскай кіруючай дынастыяй. У далейшым, за выключэннем караля Іржы з Падэбрад, усе каралі на чэшскім троне належалі да нечэшскіх дынастый.
Паводле «Чэшскай хроніцы» («Chronica Boemorum», 1119—1125) Казьмы Пражскага заснавальнікам роду Пржэмысловічаў быў Пржамысл-Араты, з якім ажанілася Лібуша, адна з дочак міфічнага Крока, прабацькі чэшскага народа. Адным з іх нашчадкаў быў Госцівіт, а яго сын, Барывой — першы, гістарычна пацверджаны (872) князь дынастыі Пржэмысловічаў.
Першым Пржэмысловічам прыйшлося змагацца за ўладу над Чэхіяй. Іх праціўнікамі ўнутры Чэхіі выступалі роды Слаўнікавічаў і Вршовічаў. Баляслаў I, а потым і Олдржых далучылі да Чэхіі Маравію. Бржэціслаў I спрабаваў узмацніцца за кошт Польшчы і часова захапіў Сілезію, але яму прыйшлося стаць васалам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Ураціславаў II падтрымліваў імператара Генрыха IV у барацьбе з ворагамі і за гэта атрымаў Лужыцкую (пазней абмененую на Усходнюю марку) і Мейсенскую маркі. А ў 1158 годзе стаў першым каралём Чэхіі і намінальным каралём Польшчы.
Пржамысл Отакар I у 1198 годзе зноў атрымаў тытул караля і змог зрабіць яго спадчынным. Пры ім адбывалася актыўнае развіццё гарадоў. Яго ўнук Пржамысл Отакар II паспрабаваў пашырыць сваю ўладу да Адрыятычнага мора. У барацьбе з канкурэнтамі ён змог падпарадкаваць Аўстрыю, Штырыю, Карынцію, Краіну і Фрыуль. Новы імператар падтрымаў незадаволеных Пржамыслам суседзяў. Пржамысл Отакар II загінуў у адной з бітваў і яго сын Вацлаў II атрымаў толькі Чэхію і Маравію. Але Вацлаў II правёў шэраг мерапрыемстваў, якія ўмацавалі яго ўладу. Актыўная здабыча срэбра і рэформа фінансавай сістэмы дазволіла яму весці актыўную знешнюю палітыку. Вацлаў II стаў у 1300 годзе каралём Польшчы. У 1301 годзе ён змог зрабіць свайго сына каралём Венгрыі (кантралюючы толькі паўночна-заходнія раёны). Вацлаў памёр у 34 гадовым узросце, а яго 16-гадовы сын Вацлаў III хоць і атрымаў тры каралеўскія кароны (Чэхіі, Польшчы і Венгрыі), не змог іх захаваць. У 1305 годзе ён саступіў венгерскую карону, а ў 1306 годзе загінуў у Сілезіі.
Пасля смерці Вацлава III пачалася барацьба паміж сваякамі Пржэмысловічаў за чэшскі трон, якая доўжылася чатыры гады — з 1306 па 1310. Спачатку чэшскі трон заняў Генрых, герцаг Карынцкі, граф Цірольскі (муж Ганны, сястры Вацлава), неўзабаве яго выгнаў Рудольф Габсбург (айчым Вацлава), але ў 1307 годзе ён памёр, і шляхта зноў абрала каралём Генрыха Карынцкага (1307—1310). Тым не менш, дваране не былі задаволены яго кіраваннем і ў выніку падтрымалі шлюб васямнаццацігадовай Елізаветы Пржамыслаўны, сястры Вацлава, з адзіным сынам імператара Генрыха VII чатырнаццацігадовым Янам Люксембургскім. Іаан Люксембургскі ў 1310 годзе авалодаў Прагай і быў каранаваны як чэшскі кароль (1310—1346).
Пасля 1306 года (забойства апошняга Пржэмысловіча) працягвала існаваць бакавая лінія Пржэмысловічаў, якая бярэ пачатак ад пазашлюбнага сына Пржамысла Отакара II — Мікулаша I. Прадстаўнікі гэтай лініі былі кіраўнікамі Опавы, Крнова і Раціборжа. У 1521 годзе, у сувязі са смерцю Валянціна Раціборскага уся опаўская лінія Пржэмысловічаў цалкам спынілася.
Гісторыя роду Пржэмысловічаў падрабязна апісана Казьмой Пражскім у «Чэшскай хроніцы» (1119—1125).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.