Дом Свянціцкага
From Wikipedia, the free encyclopedia
Дом Свянці́цкага — жылы чатырохпавярховы будынак у Мінску на скрыжаванні вул. К. Маркса і Леніна 30/13 (гістарычных Падгорнай і Францішканскай), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[1].
даходны дом | |
Дом Свянціцкага | |
---|---|
![]() | |
53°53′58″ пн. ш. 27°33′39″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Архітэктурны стыль | мадэрн |
Архітэктар | Генрых Гай |
Будаўніцтва | канец ХІХ — пачатак XX стагоддзя |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000129 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя

Належаў інжынеру-архітэктару Сігізмунду Збігневічу Свянціцкаму. Менавіта ён з 1904 года з’яўляўся ўласнікам зямельнага пляца разам з усёй забудовай на рагу вуліц Падгорнай і Губернатарскай, які меў нумар 34. У 1913 годзе на рагу вуліц на месцы старой забудовы быў узведзены 4-3 павярховы мураваны даходны дом у стылі мадэрн. Аўтар праекта дома дакладна невядомы, гэта мог быць архітэктар Генрых Гай, альбо сам Сігізмунд Свянцiцкi, магчыма, яны разам распрацавалі гэты праект, бо трымалі ў Менску сваю сумесную архітэктурна-праектную майстэрню[2].
У гэтым доме размяшчаліся магазін Чырвонага Крыжа і жылыя памяшканні[3]. У 1930-я гады дом зваўся Другім Домам Саветаў (Першы Дом Саветаў месціўся на вуліцы Савецкай) бо ў ім жыла партыйная эліта[4].
У жніўні — верасні 1920 года тут спыняўся Фелікс Дзяржынскі, які займаўся ўмацаваннем працы Менскага ГубЧК і асобага аддзела Чырвонай Арміі. Тут жылі вядомыя дзяржаўныя дзеячы Аляксандр Чарвякоў, Мікалай Галадзед, Панцеляймон Панамарэнка, Кірыл Мазураў, навукоўцы Мікалай Нікольскі, Міхаіл Мацэпура, пісьменнік і палітык Цішка Гартны. У доме таксама жыў палітычны дзеяч Сымон Рак-Міхайлоўскі, у ім ён быў арыштаваны 16 жніўня 1933 года па сфабрыкаванай справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра»[5].
Цяпер у доме месціцца Дзяржаўны літаратурны музей Петруся Броўкі, дзе народны паэт Беларусі, акадэмік, ганаровы грамадзянін Мінска жыў з 1951 па 1980 год[6][7].
Архітэктура
Будынак Г-падобны ў плане, трох-чатырохпавярховы. Рознапавярховасць абумоўленая рэльефам мясцовасці. Крыло, што выходзіць на вуліцу Карла Маркса, чатырохпавярховае, на высокім руставаным цокалі. Рустам апрацаваная таксама плоскасць сцяны першага паверха. Уваход вырашаны ў выглядзе прамавугольнага праёма, над ім — паўцыркульнае акно, дэкараванае ляпнымі гірляндамі. Трохвугольны франтон з люкарнай завяршае правую частку крыла. Пад франтонам на ўзроўні чацвёртага паверха конхавая ніша ў абрамленні гірлянды з лісця, у нішы ўстаноўленая ваза, упрыгожаная лапкай. Аконныя праёмы рознай формы і памераў упрыгожаныя ажурнымі дэкаратыўнымі канаванымі падаконнымі кратамі. Па ўсім фасадзе навісаюць разнастайныя балконы, агароджа якіх з арнаментам, вензелямі, расліннымі элементамі (чыгуннае ліццё). Каваныя парадныя дзверы таксама аздобленыя арнаментам. Крыло, што выходзіць на вуліцу Леніна, трохпавярховае, яго левая частка — чатырохпавярховая. Дэкараваная ляпнымі ўстаўкамі, атыкавымі сценкамі, атыкавым трохвугольным франтонам у чатырохпавярховай частцы, агароджай на вокнах у выглядзе балюстрады. Арачны праезд у цэнтры фасада перакрыты крыжовым скляпеннем, над ім умацаваны ляпны маскарон. Дваровыя фасады простыя паводле архітэктуры. Перакрытую шкляным ліхтаром лесвічную клетку асвятляюць невялікія паўцыркульныя вокны, што выходзяць на нутраны двор. У агароджы лесвіцы выкарыстаныя дэкаратыўныя элементы ў выглядзе завіткоў і лісця (чыгуннае ліццё)[8].
- Дом Свянціцкага
- Галоўны фасад
- Бакавы фасад
- План 1-га паверха
- Галоўны ўваход
- Маскарон
Памятныя дошкі
На будынку ўсталяваныя мемарыяльныя дошкі Феліксу Дзяржынскаму, Аляксандру Чарвякову, Мікалаю Галадзеду, Панцеляймону Панамарэнку, Кірылу Мазураву, Змітру Жылуновічу, Мікалаю Нікольскаму, Міхаілу Мацапуру, Петрусю Броўку[9].
- Мемарыяльная дошка Аляксандру Чарвякову
- Мемарыяльная дошка Петрусю Броўку
- Мемарыяльная дошка Феліксу Дзяржынскаму
- Мемарыяльная дошка Мікалаю Галадзеду і шыльда Літаратурнага музея Петруся Броўкі
- Мемарыяльная дошка Мікалаю Нікольскаму
Зноскі
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- Дом Свянціцкага ў Мінску, або загадка стагоддзя Архівавана 9 мая 2021. // Культура № 17 (1508) 24.04.2021 —- 30.04.2021 г.
- Darriuss. Районы, кварталы. Номенклатурные дома: где и как жила советская элита (руск.). onliner.by (31 жніўня 2014).
- Літаратурны музей Петруся Броўкі(недаступная спасылка) Museum.by
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. С. 153.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. С. 154.
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.