From Wikipedia, the free encyclopedia
«Дзяўчы́на з жамчу́жнай завушні́цай» або «Дзяўчо́ з пе́рлавай завушні́цай»[11] (англ.: Girl with a Pearl Earring) — мастацкі фільм 2003 года рэжысёра Пітэра Уэбера[12]. У аснову кінакарціны быў пакладзены аднайменны раман 1999 года амерыкана-брытанскай пісьменніцы Трэйсі Шэвалье, адаптацыяй рамана займалася сцэнарыстка Алівія Хетрыд . Галоўныя ролі ў фільме выканалі Колін Фёрт і Скарлет Ёхансан.
Дзяўчына з жамчужнай завушніцай | |
---|---|
англ.: Girl with a Pearl Earring | |
Жанр | драматычны фільм[1][2][…], біяграфічны фільм, экранізацыя рамана[d] і рамантычны фільм |
Рэжысёр | |
Прадзюсар | |
Сцэнарыст | |
У галоўных ролях |
|
Аператар | |
Кампазітар | |
Кінакампанія | Archer Street[d][8], Delux Productions[d][8] і UK Film Council[d] |
Працягласць | 95 хв. |
Бюджэт | £10 млн. |
Зборы | $33 млн. |
Краіна | |
Мова | англійская |
Год | 2003, 23 верасня 2004[9] і 12 снежня 2003[10] |
IMDb | ID 0335119 |
Падзеі фільма адбываюцца ў 1665 годзе ў горадзе Дэлфт (Галандыя). У дом мастака Яна Вермера прыходзіць працаваць новая пакаёўка — юная прыгажуня Грыт, сям’я якой апынулася на мяжы банкруцтва. Шматдзетная сям’я паспяховага мастака насупраць — належыць да вельмі забяспечаных, аднак апошнім часам яе дабрабыт залежыць ад прыхамацяў багатага патрона, арыстакрата Пітэра Ван Рэйвена, які ўсё больш неахвотна замаўляе ў Вермера карціны. З’яўленне пакаёўкі прыносіць у жыццё сям’і новыя клопаты, але дае мастаку новую крыніцу натхнення[11] .
Прэм’ера фільма адбылася 31 жніўня 2003 года на кінафестывалі ў Тэльюрайдзе . У шырокі пракат карціна выйшла 12 снежня 2003 года ў ЗША, а затым 16 студзеня 2004 года ў Вялікабрытаніі[13]. Пры бюджэце ў 10 мільёнаў фунтаў, фільм сабраў у сусветным пракаце 33 мільёны долараў[14] .
Карціна атрымала пераважна станоўчыя водгукі рэцэнзентаў, якія ўсхвалялі візуальнае рашэнне фільма, а таксама ігру акцёраў, тым не менш падвяргаючы крытыцы некаторыя элементы сюжэту. Карціна была адзначана 17 кінапрэміямі, а таксама шматлікімі намінацыямі, у тым ліку 10 намінацыямі на прэмію «BAFTA», 3 намінацыямі на «Оскар» і 2 намінацыямі на «Залаты глобус» .
Дэлфт, 1665 год. Маладая сарамлівая дзяўчына Грыт (Скарлет Ёхансан) вымушана пайсці працаваць служанкай у дом вядомага мастака Іаганеса Вермера (Колін Фёрт). Бацька дзяўчыны, па прафесіі майстар-кераміст, нядаўна аслеп і, стаўшы непрацаздольным, пакінуў сям’ю ў цяжкім фінансавым становішчы. Цяпер Грыт належыць падтрымаць сям’ю. Выпраўляючы дачку ў дарогу, маці асцерагае яе ад удзелу ў каталіцкіх малітвах, а бацька дае ёй на памяць сваю ўлюбёную, распісаную ім керамічную плітку. Па дарозе ў свой новы дом Грыт на імгненне спыняецца на цэнтральнай плошчы, і затым накіроўваецца ў раён «папістаў».
У новым доме Грыт становіцца памочніцай служанкі Танэке (Джаана Скэнлан). На дзяўчыну кладзецца шмат працы па гаспадарцы: мыць бялізну і адзенне, прыбіраць памяшканні, гатаваць ежу і выконваць шматлікія іншыя даручэнні. Грыт таксама даручаюць прыбіранне ў майстэрні гаспадара дому. Гэта незвычайная праца: дзяўчыне трэба вымыць памяшканне, выцерці ўвесь пыл, не зварухнуўшы пры тым ніводнай рэчы. Праца ў майстэрні становіцца своеасаблівай аддушынай у шэрай будзённасці Грыт, яе прываблівае таямнічы свет мастацтва, часам яна прыпыняе працу і заглядваецца на карціны, што піша мастак.
Калі гаспадыня (Эсі Дэвіс) не ў настроі, то Грыт даводзіцца хадзіць за яе на рынак. Там яна знаёміцца з сынам мясніка Пітэрам (Кіліян Мёрфі), які адразу звяртае ўвагу на сімпатычную служанку. Тым часам фінансавы стан Вермераў пакідае жадаць лепшага. Гаспадар падоўгу піша свае палотны, і бывае праходзіць шмат месяцаў, пакуль ён не вырашае, што карціна гатова. Танэке расказвае Грыт, што аднойчы з грашыма было зусім дрэнна і гаспадару давялося прадаць частку упрыгажэнняў сваёй жонкі. Быў вялікі скандал, і гаспадыня зрабіла замах на адну з карцін свайго мужа. З тых часоў ёй забаронена ўваходзіць у яго студыю.
У сямействе Вермераў папаўненне — Катарына нараджае сына Францыска. З гэтай нагоды плануецца вялікае святкаванне, на якім таксама будзе прадстаўлена і новая карціна мастака. Грыт пасылаюць з запрашэннем да Пітэра Ван Рэйвена (Том Уілкінсан), дабрадзея і пастаяннага пакупніка Вермераў. На святкаванні Ван Рэйвену дэманструюць замоўленую ім карціну, і ён застаецца задаволены працай мастака. Марыя Цінс (Джудзі Парфіт), цешча Іаганеса, якая кіруе фінансамі сям’і, спрабуе падахвоціць патрона на замову новай карціны. Той цікавіцца, ці знайшоў Вермер новую крыніцу для натхнення — аднак мастак адказвае, што яшчэ не. Праз нейкі час Вермер застае Грыт за тым, як яна мые вокны ў яго студыі. Неўзабаве ён пачынае працу над новай карцінай.
Між Вермерам і Грыт усталёўваюцца больш блізкія адносіны. Калі ў яго майстэрню дастаўляюць камеру-абскуру, ён прапануе дзяўчыне зірнуць і спрабуе патлумачыць прынцып дзеяння гэтага прыстасавання. Іншым разам ён заўважае, што Грыт глядзіць на яго незавершаную працу і не разумее, чаму ўсё не тых колераў. Ён просіць дзяўчыну сказаць, якога колеру аблокі за акном. Яна адказвае, што яны белыя, але тут жа выпраўляецца, падмячаючы жоўтыя, сінія і шэрыя адценні. Мастаку падабаецца прыадкрываць таямніцы мастацтва дзяўчыне, якая праяўляе столькі інтарэсу да яго працы і схоплівае ўсё з такой кемлівасцю. Тым не менш, Грыт не карыстаецца асаблівай прыхільнасцю сярод іншых дамачадцаў, а жонка мастака Катарына і яе дачка Карнэлія (Алакіна Ман) нярэдка выказваюць ёй адкрытую непрыязнасць. Апошняя толькі і шукае магчымасці, як нашкодзіць служанцы. Аднойчы яна вымазвае брудам развешаную для сушкі бялізну, а, атрымаўшы аплявуху, забіраецца ў каморку Грыт і разбівае размаляваную плітку, падарунак бацькі.
Мастак паказвае Грыт, як і з чаго робяць фарбы, і прапануе дапамагаць яму ў іх прыгатаванні. Дзяўчына адмаўляецца, бо ў яе няма на гэта часу, але мастак настойвае — яна мусіць знайсці час. Аднаго разу Танэке скардзіцца гаспадыні, што ёй цяжка высыпацца побач з маленькім Францыскам і яго карміцелькай, гаспадыня ж не бачыць, чым можа дапамагчы. Раптам у размову ўступае яе муж і прапануе пасяліць Танэке ў падвале, а Грыт паслаць у мансардзе бліжэй да студыі. Цяпер Грыт устае раней і перад сваім працоўным днём тайком ад гаспадыні займаецца прыгатаваннем фарбаў. Дзяўчыне не дае спакою пачуццё, што на новай карціне гаспадара нешта не так, і яна вырашае ўмяшацца. Сабраўшыся з духам, яна прыбірае з пастаноўкі крэсла. Калі яна ў наступны раз прыходзіць у студыю, крэсла не аказваецца і на карціне.
У гаспадыні знікае чарапахавы грэбень, і яна адразу накідваецца з абвінавачваннямі на Грыт. Дзяўчына моліць паверыць, што гэта не яна, і гаспадар вырашае дапамагчы. Ён гнеўна абшуквае ўвесь дом і знаходзіць грэбень у зламыснай Карнэліі. Гаспадарская дачка атрымлівае пакаранне, аднак гэта не змяншае варожасці гаспадыні да служанкі: ёй строга наказана больш увагі ўдзяляць працы, а іначай яе выганяць. Тым часам над Грыт навісае новая небяспека. Марыя Цінс угаварвае Ван Рэйвена замовіць у іх новую карціну, і той згаджаецца, але настойвае, каб разам з ім пазіравала служанка. Горад поўніцца чуткамі, што мінулае такое пазіраванне скончылася цяжарнасцю мадэлі, і цяпер усе пляткараць пра Грыт. Такія памкненні Ван Рэйвена не падабаюцца і мастаку, і ён дамаўляецца са сваім патронам, што напіша для яго партрэт Грыт пры ўмове, што яны не будуць пазіраваць разам. Марыя Цінс у сваю чаргу патрабуе, каб праца вялася таемна, каб лішні раз не раздражняць Катарыну, якая зноўку цяжарная.
Грыт пачынае пазіраваць Вермеру, але праца не клеіцца. Мастак просіць Грыт зняць яе заўсёдны галаўны ўбор, каб лепш разглядзець яе твар, але яна адмаўляецца, бо для незамужняй дзяўчыны непрыстойна паказваць свае валасы мужчыну. Тады мастак прапануе Грыт змяніць галаўны ўбор на больш адкрыты, і калі яна пераапранаецца, ён падглядвае за ёй і бачыць яе пышныя рудыя валасы. Грыт глыбока збянтэжана, яна не паказала і пасмы валасоў свайму абранніку, сыну мясніка, хаця той і ўгаворваў яе. Тым часам, абстаноўка абвастраецца ўсё мацней. Ван Рэйвену не церпіцца як хутчэй атрымаць партрэт дзяўчыны, а найлепш саму Грыт. Аднойчы ён падпільноўвае яе сярод развешанай бялізны і намагаецца згвалціць, аднак, дзякуючы шчаслівай выпадковасці, служанцы ўдаецца ўратавацца. Карціна ж ніяк не ўдаецца, у кампазіцыі не стае балансу. І мастак знаходзіць выйсце, якое прыводзіць Грыт у жах, — ёй належыць пракалоць вушы і апрануць жамчужныя завушніцы гаспадыні. Грыт супраціўляецца, але мастак няўмольны: ён паказвае дзяўчыне карціну, і той прыходзіцца прызнаць, што іншага выйсця і сапраўды няма. Неўзабаве выдараецца дзень, калі Катарына адсутнічае дома. Марыя Цінс выдае дзяўчыне жамчужныя завушніцы, мастак па просьбе Грыт уласнаручна праколвае ёй вушы — і пачынаецца завяршаючы этап працы над карцінай.
Апынуўшыся, як між молатам і кавадлам, між Ван Рэйвенам, які прагне нацешыцца целам Грыт, і мастаком, які палоніць яе душу, — Грыт бяжыць да Пітэра і аддаецца яму. Тым часам Карнэлія, якая не пераставала шпіёніць за служанкай, даносіць маці пра новую карціну і пра яе завушніцы. Раз’юшаная Катарына ўрываецца ў майстэрню мужа і патрабуе паказаць ёй палатно. Партрэт Грыт прыводзіць яе ў шаленства, яна хапаецца за мастыхін і кідаецца на карціну. Аднак мастаку ўдаецца яе спыніць. У істэрыцы Катарына праганяе служанку з дому, і гэтым разам мастак не ўступаецца за дзяўчыну.
Праз нейкі час у дом Грыт прыходзіць Танэке і перадае ёй запячатаны скрутак. У ім аказваюцца жамчужныя завушніцы — падарунак мастака.
Колін Фёрт | – Ян Вермер |
Скарлет Ёхансан | – Грыт |
Том Уілкінсан | – Пітэр Ван Рэйвен |
Джудзі Парфіт | – Марыя Цінс |
Кіліян Мёрфі | – Пітэр, сын мясніка |
Эсі Дэвіс | – Катарына Вермер |
Джаана Скэнлан | – Танэке |
Алакіна Ман | – Карнэлія Вермер |
Крыстафер Мак-Халем | – бацька Грыт |
Габрыэль Рэйдзі | – маці Грыт |
Рола Вікс | – Франс |
Анна Поплуэл | – Мэртжы |
Джэф Бэл | – Пол, мяснік |
Джон Мак-Інеры | – аптэкар |
Зыходным пунтам у стварэнні фільма «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» стаў 1999 год. У жніўні гэтага года быў апублікаваны аднайменны раман амерыкана-брытанскай пісьменніцы Трэйсі Шэвалье, але яшчэ незадоўга да выхаду ў свет кніга патрапіла да сцэнарысткі Алівіі Хетрыд[15]. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што Шэвалье і Хетрыд карысталіся паслугамі аднаго і таго ж агента[16]. Сцэнарыстка адолела раман за дзве гадзіны і прыйшла ў глыбокае захапленне[17]. Ёй спадабаўся персанаж Грыт і «яе рашучасць быць свабоднай у свеце, дзе гэта было амаль немагчымым для дзяўчыны ў яе становішчы»[18]. Ананд Такер і Эндзі Патэрсан , муж Хетрыд, — абодва прадзюсары невялікай брытанскай студыі «Archer Street Films»[17][19] — звярнуліся да аўтаркі рамана з просьбай аб экранізацыі. Шэвалье згадзілася, мяркуючы, што брытанская студыя дапаможа супрацьстаяць імкненню Галівуда звесці гісторыю да яе сексуальнага аспекту[16][20]. Яна агаварыла, што ў іх адаптацыі галоўныя героі не павінны ўступіць у палавыя адносіны. Патэрсан і Такер паабяцалі сфакусавацца на эмацыйным боку гісторыі, і Шэвалье не стала далей трымаць пад кантролем працэс стварэння фільма, хаця некаторы час і падумвала аб тым, каб самой заняцца адаптацыяй[16][21].
Працуючы над сцэнарыем, Хетрыд шчыльна супрацоўнічала з Такерам і Уэберам, што дапамагала ёй канцэнтравацца не на напісанні прыгожага тэксту, а на вобразе будучага фільма[16]. Першыя чарнавікі сцэнарыя вызначаліся празмернай блізкасцю да зыходнага матэрыялу, але пасля шматлікіх перапісванняў ён паступова набыў свой уласны характар[16]. Дзеля таго, каб пазбегнуць празмернай літаратурнасці, Хетрыд адмовілася ад ідэі выкарыстоўваць закадравы голас, які прысутнічаў у рамане (кніга напісана ад першай асобы)[16]. Замест гэтага яна засяродзілася на візуальнай перадачы думак Грыт. Напрыклад, у адаптацыі прысутнічае сцэна, дзе Грыт і Вермер разам глядзяць у камеру-абскуру, накрыўшыся яго плашчом, што выклікае сексуальнае напружанне. У той жа час у першавытоку Грыт глядзіць у камеру адна адразу пасля мастака і толькі прыслухваецца да цяпла і водару, якія той пакінуў[16][22].
Раман выцягвае ўсё магчымае з тых нешматлікіх фактаў, што вядомы наконт жыцця Вермера. Каб даведацца больш пра мастака, сцэнарыстка даследавала галандскае грамадства XVII стагоддзя, шмат гутарыла са сваімі сябрамі-мастакамі, а таксама ўзяла інтэрв’ю ў гісторыка мастацтва Музея Вікторыі і Альберта, якая прымала ўдзел у рэстаўрацыі карціны «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай»[16]. Хетрыд заставалася ў цесным кантакце з Шэвалье, і пад канец працы яны так зблізіліся, што разам правялі майстар-клас па сцэнарным майстэрстве[18].
Першапачаткова на ролю Грыт была запрошана амерыканская актрыса Кейт Хадсан[19]. Аднак у верасні 2001 года, за чатыры тыдні да запланаванага пачатку здымкаў, Хадсан пакінула праект, афіцыйнай прычынай адмовы сталі «творчыя рознагалоссі»[23]. Рашэнне Хадсан сарвала вытворчасць і прывяло да страты фінансавай падтрымкі з боку прадзюсарскай кампаніі «Intermedia ». Следам праект пакінулі рэжысёр карціны Майк Ньюэл і выканаўца ролі Вермера Рэйф Файнс. У сувязі з гэтым інцыдэнтам «The Guardian» паведаміла, што «цяпер здаецца малаверагодным, каб фільм быў калі-небудзь зняты»[23].
Пад канец таго ж года вытворчасць карціны аднавілася. Цяпер прадзюсары Такер і Патэрсан запрасілі ў рэжысёрскае крэсла малавядомага брытанскага тэлерэжысёра Пітэра Уэбера[24], якога яны ведалі па некалькіх ранейшых працах[18]. Паводле ўспамінаў рэжысёра, ён патрапіў у праект выпадкова. Падчас наведвання офіса прадзюсараў ён звярнуў увагу на рэпрадукцыю Вермера на сцяне і завёў размову на тэму яго мастацтва. Убачыўшы інтарэс Уэбера да прац галандскага мастака, прадзюсары прапанавалі рэжысёру прачытаць сцэнарый[24][25]. Уэбер не хацеў распачынаць сваю кар’еру ў вялікім кіно шаблоннай гісторыяй пра шэдэўр сусветнага мастацтва, але, дачытаўшы сцэнарый да канца, прыняў прапанову[25]:
Першыя некалькі старонак я думаў: «Ведаеце, мой першы фільм не будзе такім. Гэта нешта добрапрыстойнае, гэта касцюмная драма». Але пакуль я чытаў сцэнарый, я ўсё больш улюбляўся ў яго. Па-сапраўднаму ж ён пакарыў мяне на сцэне праколвання вуха. Бо я падумаў: «Ведаеце што? Гэта не той фільм, якім ён мне здаўся напачатку. Тут ёсць фантастычнае цёмнае адценне; сэрца гэтай гісторыі — усёпаглынальныя рамантычныя стасункі. Тут ёсць жорсткасць, ёсць страсць, ёсць цікавыя рэчы пра сувязь грошай і мастацтва. Гэта гісторыя пра ўладу, пра секс, пра цэлую кучу рэчаў». І я падумаў — гэта якраз такі фільм, які б я мог зняць[25]. |
У сваёй далейшай працы над фільмам рэжысёр абапіраўся толькі на сцэнарый і на веды пра эпоху. Ён наўмысна адмовіўся ад прачытання першакрыніцы, бо непакоіўся, што ўплыў кнігі можа забіць самабытнасць фільма[25].
Першым важным крокам для Уэбера стаў пошук актрысы на галоўную ролю. Праз кастынг прайшло парадку 150 дзяўчат ва ўзросце ад 16 да 24 гадоў[24][26]. У выніку Уэбер спыніўся на 17-гадовай Скарлет Ёхансан. Рэжысёр адзначаў, што на ролю было мноства цудоўных прэтэндэнтак, аднак Ёхансан вылучалася сярод іх нечым адметным[26]. Актрыса прыехала на здымачную пляцоўку ў Люксембург адразу ж пасля заканчэння працы над «Цяжкасцямі перакладу» і таму не мела магчымасці сур’ёзна падрыхтавацца да ролі. Апісваючы свае ўражанні ад сцэнарыя, Ёхансан адзначала, што гэта вельмі кранаючы тэкст. «Адносіны з Вермерам вельмі эмацыйна напоўненыя, яны ўяўляюць сабой нешта практычна няўлоўнае — што заўсёды выслізгвае, нешта балючае, гэта той боль, калі ты надзвычай моцна некага або нешта жадаеш, а яно ўвесь час выслізгвае з тваіх рук»[27]. Як і рэжысёр фільма, актрыса ўстрымалася ад прачытання кнігі, каб падысці да гісторыі «з чыстага ліста»[17][28].
Неўзабаве пасля таго, як Ёхансан была зацверджана на ролю, да каманды далучыўся англійскі акцёр Колін Фёрт, якому прапанавалі сыграць Вермера[24]. Фёрт і Уэбер, людзі аднаго ўзросту, паходжання і культурнага бэкграўнда, удзялілі шмат увагі абмеркаванню асобы і ладу жыцця Вермера[27]. Рыхтуючыся да ролі, Фёрт прыйшоў да высновы, што Вермер быў «неверагодна няўлоўны як мастак»[17]. У адрозненні ад Уэбера і Ёхансан, Фёрт вырашыў прачытаць кнігу, каб лепш зразумець чалавека, пра асабістае жыццё якога так мала вядома[25]. Акцёр імкнуўся «вынайсці» персанажа і выявіць яго матывы. У выніку ён прыйшоў да высновы, што Вермер быў чалавекам, які жыў двума жыццямі, які «пісаў ціхія карціны ў шумным доме»[17]. Пры падрыхтоўцы да ролі Фёрт таксама вывучаў тэхніку жывапісу і наведваў музеі з творамі Вермера[17].
Падчас падрыхтоўкі да здымкаў рэжысёр Пітэр Уэбер і аператар Эдуарду Сера вывучалі мастацкія працы таго перыяду і абмяркоўвалі розныя настроі, якія яны хацелі стварыць для кожнай асобнай сцэны[29]. Рэжысёр быў аматарам гістарычнай драмы Стэнлі Кубрыка «Бары Ліндан », але ведаў, што «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» павінна быць фільмам іншага кшталту; у адрозненні ад складаных і дарагіх дэкарацый у карціне Кубрыка, пастаноўка Уэбера павінна была факусавацца на інтымных адносінах у межах адной сям’і[30]. Рэжысёр добра ўсведамляў небяспеку занадта заглыбіцца ў гістарычныя дэталі і наўмысна адмаўляўся ад іх, каб зрабіць фільм больш жывым і блізкім да гледача[17]. У адрозненні ад размоўных касцюмных драм, дзе сцэнарый будуецца на дыялогах, Уэбэр зрабіў стаўку на нешматслоўнасць галоўных герояў. У інтэрв’ю ён адзначаў: «Карціны Вермера не гаварлівыя. Гэта ціхі, напружаны, загадкавы свет. Я хацеў перадаць гэты настрой. Секс — не ў словах. Улада — не ў словах. Перад намі такая выдатная акцёрская ігра, што вы можаце сказаць, пра што думаюць гэтыя людзі»[24]. Рэжысёр таксама працаваў над тым, каб запаволіць тэмп фільма і тым самым стварыць між дыялогамі прамежкі поўныя эмоцый[31].
Бюджэт фільма склаў 10 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў[19]. Хаця падзеі карціны адбываліся ў Дэлфце, фільм у асноўным здымаўся ў Амстэрдаме, Бельгіі і Люксембургу[32][21].
У Люксембургу здымачная каманда выкарыстоўвала дэкарацыі, якія перад тым былі задзейнічаны на здымках іншага фільма і выяўлялі Венецыю. Каб дэкарацыі сталі прыдатнымі для здымкаў вуліц Дэлфта, давялося змяніць форму вокнаў, а венецыянскі камень замяніць на цэглу. Такім чынам, здымачная каманда атрымала абсалютны кантроль над прасторай і асвятленнем, з якімі яны працавалі, — чаго не ўдалося б дасягнуць, калі б яны проста перакрылі ажыўленую вуліцу сапраўднага Дэлфта на некалькі гадзін[21]. У Дэлфце, аднак, было знята некалькі сцэн[17].
Аператар карціны Эдуарду Сера быў апантаны ідэяй перадаць святло гэтаксама, як гэта рабілі мастакі таго перыяду, а асабліва як гэта рабіў Вермер[29].
Аляксандр Дэспла дэбютаваў у якасці кінакампазітара яшчэ ў 1985 годзе і на момант напісання музыкі да фільма «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» быў аўтарам саўндтрэкаў да больш чым 70 пераважна французскіх фільмаў. Аднак менавіта праца над фільмам Пітэра Уэбера вывела яго на міжнародную арэну і стала прарыўной для яго галівудскай кар’еры[33].
Уэбер вырашыў паклікаць Дэспла ў свой фільм пасля таго, як пачуў яго музыку да фільмаў Жака Адзіяра[34]. Апісваючы свае ўражанні ад музыкі Дэспла, рэжысёр адзначыў: «У яго было пачуццё стрыманасці і пачуццё лірызму, якія мне спадабаліся. Я памятаю, як упершыню ўбачыў дапоўненую музыкай сцэну, дзе Грыт расчыняе аканіцы. Яму сапраўды ўдалося апісаць, што робіць святло, прагаворваючы гэта ў музычнай сферы»[34].
У партытуры саўндтрэка выкарыстоўваўся вялікі струнны аркестр з фартэпіяна, чэлестай, драўлянымі і меднымі духавымі інструментамі[35][33]. Заснаваная на струнных і фартэпіяна, але ўзмоцненая драўлянымі духавымі інструментамі, цэнтральная музычная тэма фільма дамініруе ў саўндтрэку, з’яўляючыся ў разнастайных інструментальных формах, уключаючы сольнае фартэпіяна і скрыпку. У іншых мелодыях саўндтрэка Дэспла стварае чароўную атмасферу асцярожных эмоцый і здзіўлення. Тут асаблівую цікавасць уяўляе сабой мелодыя «Colours in the Clouds», якую аглядальнік Дэні Грэйдан назваў «настолькі велічна простай, што яна сапраўды захоплівае сутнасць гісторыі»[33].
Запіс саўндтрэка адбываўся з 19 па 23 ліпеня 2003 года на студыі «Sony Studios» у Лондане[36].
Прэм’ера фільма адбылася 31 жніўня 2003 года на кінафестывалі ў Тэльюрайдзе . На працягу наступных двух месяцаў фільм дэманстраваўся на кінафестывалях у Таронта (7 верасня), Сан-Себасцьяне (25 верасня), Дзінары (3 кастрычніка), Остыне (12 кастрычніка), Галівудзе (17 кастрычніка), Лондане (30 кастрычніка) і на Гаваях (31 кастрычніка). У 2004 годзе спіс кінафестываляў, дзе праходзілі паказы кінастужкі, папоўніўся кінафестывалямі ў Гётэбаргу (27 студзеня), Бялградзе (3 сакавіка), Маскве (20 чэрвеня), Маніле (24 чэрвеня), Мюнхене (25 чэрвеня), Карлавых Варах (3 ліпеня), Капенгагене (22 жніўня). У 2005 годзе фільм быў паказаны на кінафестывалі ў Каіры (6 снежня)[13].
Упершыню ў шырокі пракат карціна выйшла ў ЗША, дзе распаўсюджваннем фільма займалася кампанія «Lionsgate »[18]. Прэм’ерны паказ, які адбыўся 12 снежня 2003 года, ахапіў толькі 7 кінатэатраў, у выніку чаго за першы тыдзень пракату карціна сабрала $89 472 і заняла 32-е месца. Цягам наступных месяцаў «Lionsgate» паступова пашырала пракат і 6 лютага 2004 года дасягнула пракатнага піку, ахапіўшы 402 кінатэатры. Агулам хатні пракат прынёс карціне $11 670 971[37].
16 студзеня 2004 года кампанія «Pathé» выпусціла фільм у Вялікабрытаніі[13][18]. У прэм’ерны тыдзень паказы адбываліся ў 106 кінатэатрах і прынеслі карціне £384,498 і 10-е месца ў пракаце. 3 сакавіка 2004 года прэм’ера карціны адбылася ў Францыі. Агульная колькасць прададзеных квіткоў склала 535 161, а фільм заняў у Францыі 89-е месца па зборах за 2004 год[38].
Зборы карціны перавысілі мільён долараў у сямі краінах: ЗША ($11,670,971), Вялікабрытанія ($5,957,139), Германія ($3,309,338), Італія ($2,665,024), Францыя ($2,500,665), Аўстралія ($2,106,567), Іспанія ($1,642,045)[14].
Рэйтынгі | |
---|---|
Выданне | Адзнака |
AllMovie | [39] |
BBC | [40] |
FilmAffinity | [41] |
Internet Movie Database | [12] |
Metacritic | [42] |
Roger Ebert | [43] |
Rotten Tomatoes | [44] |
КиноПоиск | [45] |
Агрэгатар крытычных аглядаў «Metacritic» дае фільму ўсярэдненую ацэнку ў 72 балы са 100 на аснове 37 рэцэнзій прафесійных крытыкаў. Карыстальніцкі рэйтынг на гэтым рэсурсе складае 7.0/10[42]. Паводле дадзеных іншага папулярнага агрэгатара крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» сярод 178 рэцэнзентаў 129 далі станоўчую ацэнку фільму, што складае 72 %. Глядацкі рэйтынг кінастужкі склаў 68 % на аснове больш чым 50 тысяч галасоў[44]. Абагуленае меркаванне крытыкаў сфармулявана наступным чынам:
Візуальна захапляючы фільм, але гісторыя магла б быць расказана крыху больш энергічна.[44] |
Глядацкія ацэнкі на іншых папулярных сайтах, прысвечаных кіно: 3/5 на сайце «AllMovie»[39], 3.6/5 на сайце «AlloCiné»[46], 6.4/10 на сайце «FilmAffinity»[41], 6.9/10 на сайце «IMDb»[12], 7.2/10 на сайце «КиноПоиск»[45].
Сьюзан Ходжэтс у аглядзе для BBC апісвае фільм як «выдатную брытанскую касцюмную драму, у якой умела пераплецены гісторыя мастацтва і рамантычны вымысел». Аглядальніца адзначае, што фільм знойдзе ўпадабанне не толькі ў аматараў творчасці Вермера, але і ва ўсіх тых, каму падабаюцца «сур’ёзныя, разумныя драмы і далікатнае эратычнае напружанне»[40]. Амерыканскі кінакрытык Роджэр Эберт у сваёй хвалебнай рэцэнзіі перасцярог гледачоў ад няправільнага ўспрыняцця фільма: «Не верце тым, хто лічыць, што гэты фільм пра „таямніцу“ натуршчыцы, або пра крыніцы натхнення Вермера, або пра сярэднявечныя гендарныя ролі, або пра тое, ці была цешча галавой сям’і. Фільм пра такія рэчы атрымаўся б дрэнным. „Дзяўчына з жамчужнай завушніцай“ прысвечана прафесійнаму ўзаемапаразуменню герояў, якога ніводзін з іх не знаходзіў больш ні ў кім іншым»[43].
Шырокае адабрэнне крытыкі атрымаў візуальны рад карціны, над якім працавалі французскі аператар Эдуарду Сера , а таксама яго галандскія калегі мастак-пастаноўшчык Бэн ван Ос і мастак па касцюмах Дзін Ван Страален . Кінакрытык Філіп Фрэнч («The Observer ») выказаў думку, што менавіта гэты аспект фільма найбольш уразіць гледачоў: «Пейзажы нібы сышлі з карцін Хобемы. Строгая, апранутая ў чорнае цешча выглядае так, быццам пазіравала Рэмбранту ці Халсу. Інтэр’еры і экстэр’еры Дэлфта падаюцца ажыўшымі карцінамі Вермера, Пітэра дэ Хоха і іх сучаснікаў. Фальсіфікатар Ван Мегерэн тут і блізка не стаяў»[47].
Некаторыя крытыкі знаходзілі хібы ў сюжэце карціны. Так, кінакрытык Элвіс Мітчэл («The New York Times»), пахваліўшы візуальны і музычны рад карціны, адзначыў, што фільм уяўляе сабой «банальную бяздушную меладраму, напоўненую страснай цішынёй пасля кожнага ўздыху»[48]. Гісторык Алекс фон Тунцэльман у сваім артыкуле для «The Guardian» супрацьпаставіла гістарычную дакладнасць і яркасць выявы фільма «бясколернасці сюжэту»[49].
Шэры Ліндэн з «The Hollywood Reporter» аддала карціне 10-е месца ў сваім спісе найлепшых фільмаў года[50].
Паводле інфармацыі сайта «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 17 кінаўзнагародамі і яшчэ 46 намінацыямі[51].
Кінафестываль / Кінапрэмія | Дата | Прэмія / Катэгорыя | Намінант(ы) | Вынік | Сп. |
---|---|---|---|---|---|
Фестываль у Сан-Себасцьяне | 17-27.09.2003 | «Залатая ракавіна » | «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» | Намінацыя | |
Прыз журы за найлепшую аператарскую працу | Эдуарду Сера | Перамога | |||
Прэмія міжнароднай канфедэрацыі артхаўснага кіно | «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» | Перамога | |||
Фестываль брытанскага кіно ў Дзінары | 02-05.10.2003 | «Залаты Хічкак » | «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» | Перамога | |
Прыз глядацкіх сімпатый | «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» | Перамога | |||
Camerimage | 29.11-06.12.2003 | «Залатая жаба» (асноўны конкурс) | Эдуарду Сера | Намінацыя | [52] |
«Бронзавая жаба» (асноўны конкурс) | Эдуарду Сера | Перамога | |||
Нацыянальны савет кінакрытыкаў ЗША | 03.12.2003 | Асаблівае прызнанне за выдатныя дасягненні ў кінавытворчасці | «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» | Перамога | [53] |
Кінакрытыкі Нью-Ёрка анлайн | 15.12.2003 | Найлепшыя фільмы года | «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» | Перамога | [54][55] |
Найлепшая аператарская праца | Эдуарду Сера | Перамога | |||
Таварыства кінакрытыкаў Сан-Дыега | 18.12.2003 | Найлепшая аператарская праца | Эдуарду Сера | Перамога | |
Асацыяцыя кінакрытыкаў Сіетла | 19.12.2003 | Найлепшая аператарская праца | Эдуарду Сера | Намінацыя | |
Брытанскае таварыства кінааператараў | 2003 | Найлепшая аператарская праца ў мастацкім кінафільме | Эдуарду Сера | Намінацыя | [56] |
Таварыства анлайн-кінакрытыкаў | 05.01.2004 | Найлепшая аператарская праца | Эдуарду Сера | Намінацыя | [57] |
Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка | — | Намінацыя | |||
Найлепшы дызайн касцюмаў | — | Намінацыя | |||
Асацыяцыя кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса | 07.01.2004 | Найлепшая аператарская праца | Эдуарду Сера | Перамога | [58][59] |
Прэмія новага пакалення | Скарлет Ёхансан | Перамога | |||
Таварыства кінакрытыкаў Фенікса | 13.01.2004 | Найлепшая актрыса | Скарлет Ёхансан | Намінацыя | |
Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка | Бэн ван Ос | Намінацыя | |||
Кінафестываль у Палм-Спрынгс | 08-19.01.2004 | Прэмія ўзыходзячай зорцы | Скарлет Ёхансан | Перамога | |
Асацыяцыя кінакрытыкаў Чыкага | 21.01.2004 | Найлепшая аператарская праца | Эдуарду Сера | Намінацыя | |
Спадарожнік | 23.01.2004 | Найлепшая аператарская праца | Эдуарду Сера | Намінацыя | |
Залаты глобус | 25.01.2004 | Найлепшая жаночая роля — Драма | Скарлет Ёхансан | Намінацыя | [60] |
Найлепшая арыгінальная музыка | Аляксандр Дэспла | Намінацыя | |||
Асацыяцыя кінакрытыкаў Цэнтральнага Агая | 01.02.2004 | Найлепшая аператарская праца | Эдуарду Сера | Перамога | |
Лонданскае кола кінакрытыкаў | 11.02.2004 | Актрыса года | Скарлет Ёхансан | Намінацыя | |
Гільдыя мастакоў-пастаноўшчыкаў ЗША | 14.02.2004 | Выдатныя дасягненні ў мастацкай пастаноўцы гістарычнага або фэнтэзійнага фільма | Бэн ван Ос (мастак-пастаноўшчык), Крысціна Шафер (арт-дырэктар) | Намінацыя | [61] |
BAFTA | 15.02.2004 | Прэмія Аляксандра Корды за найлепшы брытанскі фільм | «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» | Намінацыя | [62] |
Найлепшы адаптаваны сцэнарый | Алівіі Хетрыд | Намінацыя | |||
Найлепшая актрыса | Скарлет Ёхансан | Намінацыя | |||
Найлепшая актрыса другога плана | Джудзі Парфіт | Намінацыя | |||
Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка | Бэн ван Ос | Намінацыя | |||
Найлепшая аператарская праца | Эдуарду Сера | Намінацыя | |||
Найлепшы дызайн касцюмаў | Дзін Ван Страален | Намінацыя | |||
Найлепшыя грым і прычоскі | Джэні Шыркар | Намінацыя | |||
Прэмія Энтані Асквіта за арыгінальную музыку да фільма | Аляксандр Дэспла | Намінацыя | |||
Прэмія Карла Формана за асаблівыя дасягненні брытанскага рэжысёра, сцэнарыста ці прадзюсара ў іх першым мастацкім фільме | Пітэр Уэбер | Намінацыя | |||
Анлайн-асацыяцыя кіно і тэлебачання | 15.02.2004 | Найлепшая аператарская праца | Эдуарду Сера | Намінацыя | [63] |
Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка | Бэн ван Ос | Намінацыя | |||
Найлепшы дызайн касцюмаў | Дзін Ван Страален | Намінацыя | |||
Гільдыя рэжысёраў Вялікабрытаніі | 21.02.2004 | Выдатны рэжысёрскі ўклад у брытанскі фільм | Пітэр Уэбер | Намінацыя | [64] |
Оскар | 29.02.2004 | Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка | Бэн ван Ос (пастаноўшчык), Сесіль Хейдэман (дэкаратар) | Намінацыя | [65] |
Найлепшая аператарская праца | Эдуарду Сера | Намінацыя | |||
Найлепшы дызайн касцюмаў | Дзін Ван Страален | Намінацыя | |||
Давід дзі Данатэла | 14.04.2004 | Найлепшы фільм Еўрапейскага Саюза | «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» | Намінацыя | |
Залаты трэйлер | 25.05.2004 | Найлепшая меладрама | «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» | Намінацыя | [66] |
Кінафестываль «Сінеманіла» | 01-12.07.2004 | Прэмія Ліна Брока | «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» | Намінацыя | |
Прэмія брытанскага незалежнага кіно | 30.11.2004 | Прэмія Дугласа Хікакса за найлепшы рэжысёрскі дэбют | Пітэр Уэбер | Намінацыя | [67] |
Найлепшая актрыса | Скарлет Ёхансан | Намінацыя | |||
Найлепшыя дасягненні ў вытворчасці | «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» | Намінацыя | |||
Еўрапейская кінапрэмія | 11.12.2004 | Найлепшы еўрапейскі аператар | Эдуарду Сера | Перамога | [68][69] |
Найлепшы еўрапейскі кампазітар | Аляксандр Дэспла | Намінацыя | |||
Найлепшы еўрапейскі акцёр — Прыз глядацкіх сімпатый | Колін Фёрт | Намінацыя | |||
Залаты Дэрбі | 2004 | Найлепшая аператарская праца | Эдуарду Сера | Перамога | [70] |
Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка | Бэн ван Ос, Сесіль Хейдэман | Намінацыя | |||
Найлепшы дызайн касцюмаў | Дзін Ван Страален | Намінацыя | |||
Асацыяцыя кінакрытыкаў Турцыі | 17.01.2005 | Найлепшы замежны фільм | «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» | 19-е месца | |
Гоя | 30.01.2005 | Найлепшы еўрапейскі фільм | «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» | Намінацыя | [71] |
Польская кінапрэмія «Арлы» | 05.03.2005 | Найлепшы еўрапейскі фільм | «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» | Перамога | [72] |
Хлатрудзіс | 20.03.2005 | Найлепшая аператарская праца | Эдуарду Сера | Намінацыя | [73] |
Сан Жордзі | 25.04.2005 | Найлепшая актрыса ў замежным фільме | Скарлет Ёхансан | Перамога | |
Гуарані | 2005 | Найлепшы замежны фільм | «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» | Намінацыя | [74] |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.