Remove ads
беларускі панк-рок гурт From Wikipedia, the free encyclopedia
«Дай дарогу!» — беларускі панк-рок гурт. Утвораны ў 1998 годзе ў Брэсце.
Дай дарогу! | |
---|---|
| |
Асноўная інфармацыя | |
Жанр | панк-рок |
Гады | 1998 — па сённяшні дзень |
Краіна | Беларусь |
Горад | Брэст |
Адкуль | Брэст |
Мова песень | руская, беларуская, польская |
Лэйбл | GO-Records |
Склад | Юрый Стыльскі, Аляксандр Закржэўскі, Ілля Церашчук, Андрэй Белы |
Іншыя праекты |
4 Kuba, Zolki Band |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Лаўрэат прэмій «Даём рады» (Еўрарадыё, Мінск) у намінацыях «Гурт года» і «Альбом года» ў 2012 годзе[1], уладальнік персанальнай узнагароды ад мінскага клуба RE:PUBLIC у намінацыі «Самы шалёны канцэрт» у 2012 годзе, пераможца «Добробаттл» (па выніках інтэрнэт-галасавання) на «Доброфест 2014»[2], лаўрэат прэміі Rock Profi 2015 у намінацыі «Артыст года»[3].
Гурт «Дай дарогу!» створаны ў маі 1998 года ў Брэсце Юрыем «Кешам» Стыльскім (музыка, тэксты, гітара, вакал) і Васілём Капылавым (музыка, тэксты, вакал)[4]. Дэбютнае выступленне гурта адбылося на канцэрце памяці ахвяраў чэрвеньскага суіцыду 25 чэрвеня 1998 года. Месца выступлення — кінаклуб «Паветра» (былы кінатэатр «1 Мая», размешчаны ў гістарычным цэнтры Брэста). Выступленне было нечаканым як для арганізатараў мерапрыемства, так і для саміх музыкантаў.
Нас там ніхто не чакаў. Проста мы самі ўсталі, узялі інструменты, выйшлі без дазволу і адыгралі свой сэт. Не ведаю, як нас людзі зразумелі, але мы, пакідаючы памяшканне, самі адчувалі лёгкі шок. Гэта было крута! Юры Стыльскі |
Крыху пазней да гурта запрошаны Кірыл «Кірыман» Скамьін (бас-гітара). У сярэдзіне ліпеня 1998 на «Green House Studio» з дапамогаю Алега «Фёдара» Фядоткіна (ударныя) гурт запісвае дэбютны міні-альбом «Зарубило!», які складаецца з сямі твораў. Неўзабаве гэты міні-альбом быў выпушчаны на аўдыёкасетах у фармаце спліта з дэмазапісам «Покупаем волосы» праекта «Киндерсюрприз» Алега «Патяма» Сцепанюка[5].
Насамрэч песень было больш, але гатовых, з музыкаю - толькі сем. Але нам абавязкова хацелася заявіць усім, што ў нас ёсць такія вось песні цудоўныя. Тады яшчэ касеты былі, і я бегаў, ледзь не ўсім мінакам іх упіхваў: маўляў, паслухай, гэта ж суперматерыял! Юры Стыльскі |
У чэрвені 1999 года міні-альбом «Зарубило!» быў дапісаны да паўнавартаснага альбома. Запіс адбываўся ў абноўленым складзе, з ударнікам Анатолем Тадорскім з The Shkrobots[6].
У гэты ж час песня «Ехали мы, ехали» трапляе ў другі выпуск аудыёальманаха «Брест-рок-журнал»[7]. Акрамя таго, яе прызнаў хітом мінскі музычны друк.
У жніўні 1999 барабаншчык Анатоль Тадорскі ад’язджае з Брэста па размеркаванні і на яго месца ў групу «Дай дарогу!» трапляе Аляксандр «Смуга» Халадкоў. У гэты перыяд група выступае на канцэртных пляцоўках Брэста, раённых цэнтраў Брэсцкай вобласці, а таксама Бабруйска[8].
Вокладку для альбома «Зарубило» рабілі Юры Стыльскі і мастак Уладзімір Ківачук-Ёдаў, які, пачынаючы з альбома «На морозе!», стаў прадусарам, дызайнерам і творцам кліпаў гурта.
21 студзеня 2001 года ў брэсцкім ДК Чыгуначнікаў на фестывалі «Алюминиевая зима» гурт прадстаўляе новую праграму «На морозе», якая паслужыла асновай для наступнага альбома.
З восені 2001 года і па студзень 2002 года на «Green House studio» «Дай дарогу!» запісвае другі нумарны альбом «На морозе». Ад крытыкаў[9] альбом атрымлівае станоўчыя водгукі: «Уцяжараны брэсцкі рок, у якім можна наскрэбці, напрыклад, панк з хардкорам. Вельмі добры рок, смею вас запэўніць. Драйвова сыграна, хутка, умела, чалавечыя тэксты — і ўсміхнуцца ёсць дзе і падумаць»[10]. На альбоме ёсць кампазіцыі на імітацыі «трасянкі» («Баба-Гром») і польскай мове («Chłopaki z Terespolu»).
У чэрвені 2002 года з гурта сыходзіць Васіль Капылаў.
У 2002—2003 гадах кліпы на песні «На Ямайке» і «Она не знала» трапляюць у хіт-парад «Клип-обойма» на дзяржаўным тэлебачанні. Такім чынам, творчасць гурта становіцца больш даступнай масавай аўдыторыі і знаходзіць пэўны водгук: кліп «На Ямайке» на працягу доўгага часу трымаецца на другім месцы[11].
8 чэрвеня 2003 года гурт выступае ў брэсцкім кінатэатры «Мір» з новай праграмай, якая ўжо ўяўляла сабой паўнавартаснае шоу з візуальным суправаджэннем. На гэтым канцэрце адбываецца знаёмства музыкаў з будучым дырэктарам «Дай дарогу!» Яўгенам Круком.
14 чэрвеня 2003 года на маскоўскім лэйбле «Real Records» выходзіць зборнік «Бешеные бабки»[12], куды трапляе кампазіцыя «Дай дарогу!» «На Ямайке» (разам з песнямі груп Кирпичи, Ленинград, МультFильмы і інш.).
У 2004 годзе ў групу вяртаецца Алег Фядоткін.
Зімой 2004 года на прафесійным лэйбле GO-Records выходзіць трэці альбом гурта пад назвай «20 см», які атрымаў распаўсюджванне ў трох версіях: «Для папы» (змяшчае ненарматыўную лексіку), «Для мамы» (на запісе толькі цэнзурныя варыянты песень) і «Для фанов» (змяшчае песню «Сане»). Упершыню прэзентацыя альбома брэсцкага гурта праходзіць у мінскім клубе «Рэактар». Альбом «20см» прыхільна ўспрынялі крытыкі[13] і слухачы: з яго выхадам істотна ўзрастае папулярнасць групы. Альбом стаў адным са знакавых у творчасці «Дай дарогу!». У музычнай прэсе ён быў ахарактарызаваны як «уцяжараны Брэсцкі рок, у якім можна наскрэбці, да прыкладу, панк з хардкорам».[14] Акрамя дыскаў, альбом у апошні раз у гісторыі гурта выпускаецца і на аўдыёкасетах.
У час стварэння альбома да групы далучаецца ўдзельнік прома-групы BrestCity-Hardcore Яўген Крук, які аператыўна ўзяў на сябе абавязкі адміністратара і з 2015 тур-мэнэджэра «Дай дарогу!». Шмат у чым дзякуючы яго намаганням геаграфія выступленняў калектыву значна пашыраецца.
Нам дзякавалі, што могуць уключыць касету дома, даць паслухаць бацькам. Мне абыякава - якая версія. Мая мама ўсё паслухала і ёй спадабалася. У выкарыстанні ненарматыўнай лексікі няма нічога кепскага, і нічога добрага. Гэта нейтральная пазіцыя. Хай будзе. Тым больш я выкарыстоўваю нецэнзурную лексіку [...] калі яна прама просіцца, калі выказвае моцныя эмоцыі. Юры Стыльскі |
У гэты ж перыяд пачаў працаваць афіцыйны сайт калектыву.
У 2005 годзе выходзіць першы акустычны альбом гурта «Акустика-1».
У 2007 годзе група выпускае зборнік сваіх лепшых песень пад назвай «Supersession».
У 2008 годзе група выпусціла новы паўнавартасны электрычны альбом пад назвай «Д. С.П.Г». На новы альбом увайшло 19 кампазіцый і некалькі бонусных рэміксаў ад электроннага праекта Стыльскага 4Kuba. Музычны крытык Зміцер Безкаравайны сказаў, што калі б музыкі працавалі ў Мінску, а не ў Брэсце, то даўно б ужо сталі рок-зоркамі ўсебеларускага маштабу. У той жа час альбом крытыкавалі за багацце лаянкі.[15]
У падтрымку новага альбома было знята чатыры кліпы на песні «День-ночь», «Д. С.П. Г.», «Тома» и «Самородок». Некаторыя паказвалі на расійскім канале A-One і ўкраінскім Inter-TV.[16]
У 2008 годзе адбылося першае выступленне групы ў Расіі ў рамках мота-фестывалю ў падмаскоўным горадзе Фразіна, і з тых часоў «Дай дарогу!» становіцца пастаянным удзельнікам гэтага open-air.
У 2011 годзе выходзіць другі акустычны альбом «Боли нет». Дыск складаўся амаль поўнасцю з новага матэрыялу. Альбом змяшчае ў сябе бонус-версію загалоўнай песні, якую лідар гурта «Дай Дарогу!» Юрый Стыльскі выконвае разам з Сяргеем Міхалком (ex-Ляпіс Трубяцкі, Brutto)[17].
У 2011 годзе выйшаў кліп на песню «Температура». Сама песня выйшла яшчэ на альбоме «20 см» 2004 года. Па словах музыкантаў, ідэя кліпа нарадзілася зусім раптоўна, калі гурт ехаў паблізу поля, абсыпанага кветкамі пунсовых макаў. Ад моманту першых здымак да выхаду гатовага кліпа прайшоў амаль цэлы год. Шмат часу заняў мантаж і спецэфекты. За тыдзень да прэм’еры фронтмэн Юрый Стыльскі перапісаў песню, дадаўшы ў яе сола. Галоўную жаночую ролю выканала мадэль з Брэста Паліна Цыялта.[18]
У 2012 годзе выходзіць альбом «Сквозь говно». Частка песень былі новымі, астатнія-перапісаныя ў электрычнасці песні з леташняга акустычнага «Боли нет». Пасля запісу з групы ідзе ўдарнік Алег Фядоткін, месца якога займае Ігар Гусеў. Альбом высока ацэнены крытыкамі і па выніках года «Дай дарогу!» становіцца лаўрэатам прэмій «Даём рады» (Еўрарадыё, Мінск) у намінацыях «Гурт года» і «Альбом года», а таксама ўладальнікам персанальнай узнагароды ад мінскага клуба RE:PUBLIC у намінацыі «Самы шалёны канцэрт».
У сярэдзіне сакавіка 2013 года «Дай дарогу!» прадставілі новую праграму пад назвай «Велаакустыка». Дзесяць сваіх вядомых песень група запісала з новай аранжыроўкай у акустычнай версіі. Песні былі сыграныя і запісаныя на відэа ў якасці 4К і выкладзеныя ў вольным доступе на YouTube. Здымкі праходзілі ў ангары па рамонце ровараў (ад гэтага і такая назва праграмы)
У канцы 2013 года гурт пакідае бас-гітарыст Кірыл Скамьін, на змену якому прыходзіць Аляксандр Закржэўскі[19]. Да гэтага часу «Дай дарогу!» становіцца вядучай групай і адным з галоўных фестывальных хедлайнераў Беларусі, а ў родным Брэсце — бясспрэчным канцэртным лідарам.
8 мая 2014 года быў прэзентаваны кліп на песню «танкіст», прысвечаны гульцам у World Of Tanks.
У 2014 годзе гурт пачынае актыўна выступаць у Расіі (у прыватнасці, становіцца ўдзельнікам фестываляў «Нашествие-2014» і «Доброфест-2014»).
У канцы 2014-пачатку 2015 года група святкуе дзесяцігоддзе альбома «20 см» вялікім турам па беларускіх гарадах[20].
У пачатку 2015 года «Дай дарогу!» пачынае працаваць з новым барабаншчыкам Іллём Церашчуком і прыступае да запісу альбома, прэзентаванага 8 мая 2015 у клубе Re:Public[21].
У 2016 годзе група праводзіць міні-тур па Расіі сумесна з Noize MC.
У пачатку лета 2016 група «Дай дарогу!» увайшла ў «Топ-5 самых папулярных фестывальных груп Украіны» (па версіі аўтарытэтнага прадаўца білетаў Karabas і інтэрнэт-выдання Neformat), апярэдзіўшы Бумбокс, Ріаnобой, Скрябіна і многіх іншых украінскіх выканаўцаў.
У 2016 годзе гурт выпускае беларускі сінгл «Не веру», ужо праз год быў прэзентаваны кліп на гэтую песню.[22]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.