From Wikipedia, the free encyclopedia
Трасянка — форма змешанага маўлення, у якім чаргуюцца элементы і структуры беларускай і рускай моў.[1] Выяўляецца ў кантамінацыі беларускай мовы рускай лексікай, а часам і сінтаксісам. Трасянка — падобная да такіх моўных з'яў як крэольскія мовы і піджын. Ва Украіне падобная з'ява — украінска-рускае змешанае маўленне, называецца «суржык».
Трасянка | |
---|---|
Краіны | Беларусь, Расія, Украіна, Латвія (памежныя з Беларуссю рэгіёны) |
Агульная колькасць носьбітаў | некалькі мільёнаў |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Змяшаная мова |
кантактная мова на аснове беларускай і рускай. | |
Пісьменнасць |
кірыліца (беларускі алфавіт) |
Змешанае маўленне называлася раней па-рознаму: «моўная жвачка», «моўны гібрыд», «моўны сурагат», «моўная хімера», «мешаніна», «ламаніна», «тарабаршчына». У 1920-я гады Вацлаў Ластоўскі называў дадзеную з'яву «чаўня» (магчыма ад слова «чаўпсці» — казаць лухту, плявузгаць). Прыжылося менавіта слова «трасянка»; адно з тлумачэнняў яго этымалогіі:
Тэрмін «трасянка» пайшоў ад назвы корму для буйной рагатай жывёлы, то бок каровы. Калі ў гаспадара не хапае добрага сена — ён дабаўляе салому, старанна растрасаючы яе. Карова не заўважае падману — і з'ядае трасянку.[2]
Сваё новае значэнне («сумесь беларускай і рускай моў») слова атрымала адносна нядаўна — у другой палове 1980-х гадоў, калі цэлы шэраг публікацый на старонках літаратурнай газеты «Літаратура і мастацтва» раскрытыкаваў стан беларускай мовы ў савецкі перыяд.[3] Лічыцца, што значную ролю ў папулярызацыі тэрміна «трасянка» ў адносінах да беларуска-рускага змешанага маўлення адыграў беларускі палітык і публіцыст Зянон Пазняк (параўн. Pozniak, 1988).
Змешванне беларускай і рускай моў на тэрыторыі сучаснай Беларусі мае працяглую гісторыю. Прычына ў тым, што беларускія (а таксама украінскія) землі цягам доўгага часу ўяўлялі сабой памежныя рэгіёны, у якіх мясцовыя дыялекты знаходзіліся ў кантакце з блізкароднаснымі і ў той жа час сацыяльна дамінантнымі мовамі: польскай і рускай.
Паводле некаторых даследчыкаў, да трасянкі трэба залічваць таксама «просту мову», на якой пісалі І. Вышанскі, З. Капысценскі, М. Сматрыцкі, П. Бярында, І. Ужэвіч і іншыя беларуска-ўкраінскія пісьменнікі сярэднявечча. Уладзімір Свяжынскі нават сцвярджае, што мова твораў Францішака Скарыны ўяўляе прыклад ранняй беларуска-царкоўнаславянскай трасянкі. Аднак пытанне пра тое, ці можна называць «трасянкай» гэтыя старыя формы змешвання беларускай і рускай моў, з'яўляецца спрэчным, бо ў той час змешанае маўленне не перадавалася ад аднаго пакалення да другога. Аб'ектам публіцыстычных дэбатаў беларуска-рускае маўленне стала не раней за 1920-я гады.[3]
Паводле Генадзя Цыхуна, вялікую ролю ў пашырэнні трасянкі адыгралі сталінскія рэпрэсіі 1920—1930-х гадоў, скіраваныя супраць гэтак званых «нацдэмаў», калі фактычна пад уздзеяннем пануючай тады атмасферы тэрору адбываўся масавы пераход на рускую мову беларускамоўнай часткі жыхароў гарадоў і мястэчак. Міграцыя беларусаў у гарады пашырыла гэтую з'яву і ў гарадах, але трасянка не стала асноўным сродкам камунікацыі, бо ўспрымалася як «некультурная мова».
Зараджэнне феномена, які ў 1980-я гады атрымаў назву «трасянка», звязана з фундаментальнымі сацыя-дэмаграфічнымі зменамі, што адбываліся ў Савецкай Беларусі пасля Другой сусветнай вайны, а на тэрыторыі ўсходніх беларускіх абласцей, магчыма, яшчэ і да вайны.[1] Індустрыялізацыя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) выклікала масавую міграцыю працоўнага насельніцтва з вёсак у гарады. Так, калі ў 1959 годзе ў гарадах пражывала толькі каля 31 % насельніцтва рэспублікі, то ў 1990 годзе доля гарадскога насельніцтва павялічылася да 66 %.[4] У той жа час назіраецца наплыў этнічных рускіх з іншых рэгіёнаў Савецкага Саюза ў БССР, дзе яны часта займалі кіруючыя пасады ў Камуністычнай партыі Беларусі, у сферы дзяржаўнага кіравання і на дзяржаўных прадпрыемствах. У такіх умовах былыя вяскоўцы, носьбіты беларускай (пераважна дыялектнай) мовы былі вымушаны падладкоўвацца пад рускамоўнае асяроддзе, што, аднак, атрымлівалася не заўсёды.[5] У выніку падобнага прыстасавання да рускай мовы ўзнікла так званая «трасянка» ў яе сённяшняй форме. Апрача таго, дзеці дадзенага пакалення засвойвалі беларуска-рускае змешанае маўленне ў якасці першай мовы.[6]
Па прычыне негатыўнай канатацыі тэрміна «трасянка» — было прапанавана не ўжываць яго ў лінгвістычнай дыскусіі і выкарыстоўваць замест яго тэрмін «беларуска-рускае змешанае маўленне».[7]
Пачатак лінгвістычнай дыскусіі пра беларуска-рускае змешанае маўленне адносіцца да першай паловы 1990-х гадоў.[8] Вядомыя беларускія даследчыкі неаднаразова адзначалі спантанны, індывідуальны, бессістэмны і нават «хаатычны» характар змешвання беларускай і рускай моў.[9][10] Аднак па прычыне адсутнасці корпуса змешанага маўлення — «раннія» дэбаты пра яе грунтаваліся пераважна на неафіцыйных назіраннях. Першае эмпірычнае даследаванне дадзенай з'явы было праведзена толькі ў 2000-х гадах у сталіцы — горадзе Мінску.[11]
У 2008-2013 гады у межах навуковага праекта, праведзенага лінгвістамі і сацыёлагамі з Альдэнбургскага ўніверсітэта (у супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным універсітэтам у горадзе Мінску) былі створаны два корпусы спантаннага змешанага маўлення.[12] Атрыманыя ў межах гэтага праекта вынікі пацвярджаюць меркаванне, што беларуска-рускае змешанае маўленне на сённяшні дзень не можа быць ахарактарызавана як адносна стабільны на ўсёй тэрыторыі Беларусі «fused lect».[1] З іншага боку, у змешаным маўленні на ўсіх моўных узроўнях назіраюцца пэўныя стабільныя мадэлі, характэрныя для ўсёй тэрыторыі Беларусі, якія з'яўляюцца або агульнымі для змешанага маўлення і адной з «моў-донараў» (беларускай ці рускай) або, наадварот, адрознымі ад абедзвюх «моў-донараў». У слоўнікавым складзе і марфасінтаксісе змешанага маўлення адназначна пераважаюць рускія элементы і структуры. Словазмяненне з'яўляецца змешаным, і нават у вымаўленні заўважаецца ўплыў рускай мовы. Увогуле беларуска-рускае змешанае маўленне на дадзеным этапе ў працах праекта класіфікуецца як сукупнасць рэгіянальных сацыялектаў.[6] Іншыя ж працы працягваюць апісваць змешанае маўленне як «хаатычную» і «спантанную» форму змешвання моў.[13]
У сацыялагічнай і сацыялінгвістычнай частцы альдэнбургскага навуковага праекта па вывучэнні ўжывання змешанага маўлення ў Беларусі былі, сярод іншых, атрыманыя наступныя вынікі: на пытанне пра «родную мову» прыкладна 38 % з 1200 апытаных выбралі адказ «беларуска-рускае змешанае маўленне», 49 % назвалі беларускую мову і 30 % — рускую мову (было дазволена выбраць некалькі адказаў).[14] Аднак у якасці іх «першай мовы» каля 50 % рэспандэнтаў назвалі змешанае маўленне, 42 % выбралі рускую мову і 18 % — беларускую (тут таксама дазвалялася выбраць некалькі адказаў). А ў якасці «асноўнай мовы» (гэта значыць той, якую рэспандэнт пераважна выкарыстоўвае ў штодзённым жыцці) каля 55 % апытаных назвалі рускую мову, 41 % — змешанае маўленне і толькі 4 % — беларускую мову.
Акрамя таго, вынікі дадзенага праекта пярэчаць распаўсюджанаму меркаванню, што ўжыванне беларуска-рускага змешанага маўлення з'яўляецца паказчыкам нізкага ўзроўню адукацыі і недастатковага валодання беларускай або рускай літаратурнай мовай.[14] Змешанае маўленне распаўсюджана сярод беларусаў з розным узроўнем адукацыі і сярод прадстаўнікоў розных узроставых груп; яно ўжываецца паралельна з літаратурнай мовай, у большасці выпадкаў з рускай.[7] Ступень прыбліжанасці змешанага маўлення да рускай або беларускай літаратурнай мовы залежыць ад такіх фактараў, як суразмоўца, месца і тэма размовы і г.д. Сярод маладога пакалення беларусаў доля ўжывання змешанага маўлення зніжаецца на карысць рускай мовы.
Як адзначае беларускі мовазнавец Генадзь Цыхун: «няма падстаў поўнасцю атаясамліваць трасянку з піджынамі ці нават крэольскімі мовамі, найперш таму, што тут ідзе гутарка аб узаемадзеянні блізкароднасных моваў, у той час як пры ўтварэнні апошніх узаемадзейнічалі звычайна далёкія ў генетычным і тыпалагічным плане мовы. Яе можна вызначыць хутчэй як крэалізаваную мову ці, дакладней, крэалізаваны варыянт беларускай мовы»[15]. Большасць даследчыкаў лічаць яе аснову беларускай.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.