Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Вінцэсь Каратынскі, Вінцэнт Каратынскі (польск.: Wincenty Korotyński; 15 чэрвеня 1831, Селішча каля Любчы, цяпер Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць — 7 лютага 1891; Псеўданімы: Ładzisław Borzywojowicz; Bożywoj; Крыптанімы: K.W.; W.Kor.; W.K.) — беларускі пісьменнік і перакладчык.
Вінцэсь Каратынскі | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 15 чэрвеня 1831 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 лютага 1891[1] (59 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Дзеці | Бруна Каратынскі[d], Людвік Станіслаў Каратынскі[d] і Władysław Rajnold Korotyński[d] |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | перакладчык, журналіст, паэт |
Мова твораў | беларуская і польская |
Подпіс | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся ў сям’і былога прыгоннага Аляксандра Каратая, які атрымаў вольную ад свайго пана Яна Залескага, напэўна, на просьбу Марка Татароўскага, апекуна Юзафаты з Далідовічаў — шляхцянкі, з якой хацеў ажаніцца. Калі ў Аляксандра з Юзафатай было ўжо трое сыноў — Вінцэнт, Ян і Міхал, ён утапіўся ў Нёмане, а Юзафата неўзабаве выйшла замуж за свайго колішняга апекуна.
Адукацыю В. Каратынскі атрымаў у асноўным самавукам і пад наглядам мясцовага арганіста. Навучыў чытаць і пісаць малодшых братоў. Апроч беларускай і польскай, ведаў рускую, чэшскую, французскую і нямецкую мовы, троху з лаціны. Граў на скрыпцы. Працаваў дарэктарам (дамашнім настаўнікам) у заможных сем’ях Навагрудскага павета.
Вельмі паспрыяла Каратынскаму знаёмства з Уладзіславам Сыракомлем, які заўважыў яго і запрасіў да сябе ў Залучча. У 1850—1862 гадах Вінцэсь Каратынскі быў Сыракомлевым памочнікам-сакратаром. З пераездам Сыракомлі пад Вільню, у Барэйкаўшчыну, туды пераехаў і Каратынскі. Разам з рускім пісьменнікам М. Лясковым падарожнічаў па Паўночна-Заходнім краі. Супрацоўнічаў з польскімі газетамі і часопісамі, друкаваў артыкулы тэматычна звязаныя з беларускім краем.
У 1859 годзе ажаніўся з дачкой заможнага шляхціца Станіславай Цалінай Якубовіч, жыла сям’я ў маёнтку цесця Якенты Ашмянскага павета. У іх было дзесяць дзяцей. Апроча маёнткавай гаспадаркі Каратынскі займаўся журналісцкай працай. У 1866 годзе пераехаў у Варшаву, супрацоўнічаў з асноўнымі польскімі перыядычнымі выданнямі, выступаў з нарысамі і артыкуламі.
Памёр у Варшаве.
Паблізу Вільні ў В. Каратынскага была добрая магчымасць наладзіць сувязь з рэдакцыямі розных перыядычных выданняў. Літаратурнай дзейнасцю заняўся пад уплывам і пры падтрымцы Уладзіслава Сыракомлі, творы якога перапісваў для друку. Дэбютаваў у друку вершам «Над калыскай» (на польскай мове) у 1856 годзе. Пасля пісаў на польскай і беларускай мовах. Уладзіслаў Сыракомля планаваў выдаць сумесную з Каратынскім кнігу беларускіх вершаў, але аўтары не здолелі пераадолець перашкоды, што стаялі перад беларускім словам. Сёння невядома, якія беларускія вершы яны думалі ўключыць у сумесны зборнік. У 1857 годзе выйшла першая паэтычная кніга Каратынскага з добразычлівай прадмовай Сыракомлі — «Чым хата багата, тым рада», на польскай мове, так праблем з выданнем не было.
Супрацоўнічаў у часопісе Адама Кіркора. Быў членам Віленскай археалагічнай камісіі і Статыстычнага камітэта. Публікаваўся ў газеце «Kurier Wileński». У час прыезду ў Вільню імператара Аляксандра II у 1859 годзе В. Каратынскі напісаў прывітальны верш на беларускай мове, дзе імкнуўся нагадаць манарху пра пагарджанага панствам мужыка-беларуса. У 1859 годзе асобным выданнем выйшаў найбольш значны твор Вінцэся Каратынскага — паэма «Таміла», у цэнтры якой — вобраз беларускага селяніна Тамілы, праз якога аўтар хацеў паказаць жыццё беларускай вёскі таго часу. У 1860 годзе выйшла апошняя паэтычная кніга Каратынскага — вершаваны памфлет «Выпіў Куба да Якуба», пазней з вершамі ён выступаў зрэдку.
В. Каратынскаму прыпісваюць ананімныя антыцарскія творы «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка двух суседаў». Аўтар гісторыка-краязнаўчых і біяграфічных нататак пра Навагрудак, Наваградчыну, А. Міцкевіча, І. Дамейку, С. Рысінскага, К. і Я. Тышкевічаў, Р. Зянкевіча — «Карціны з берагоў Нёмана», «Некалькі падрабязнасцяў пра сям’ю, месца нараджэння і маладосць Адама Міцкевіча», «Саламон Рысінскі», «Віцебск», «Канстанцін Тышкевіч», «Яўстаф Тышкевіч», «Рамуальд Зянькевіч», «Дзве будоўлі» і інш. З беларускамоўных твораў захаваліся вершы «Уставайма, братцы, за дзела, за дзела», «Далі бог-то, Арцём…», «Туга на чужой старане». У паэтычных творах праявіліся дэмакратызм і антыпрыгонніцкі настрой, сугучныя погляда Уладзіслава Сыракомлі. Гуманістычны пафас, асаблівасці паэтыкі Каратынскага, паўплывалі на станаўленне новай беларускай літаратуры. У 1994 годзе выйшаў зборнік твораў В. Каратынскага.
Быў членам рэдакцыі «Слоўніка польскай мовы» («Słownika języka polskiego»), выдаванага ў Вільні М. Аргельбрандам, напісаў для яго народныя выразы на літару «W», вёў агульную рэдакцыю слоўніка з літары «L» да канца. Для «Усеагульнай энцыклапедыі» Аргельбранда напісаў артыкулы пра беларускія гарады Віцебск, Валожын, Слуцк, Стоўбцы і інш.
Выдаў збор твораў У. Сыракомлі (Т. 1-10, 1872). З А. Плугам падрыхтаваў зборнік выбранай паэзіі У. Сыракомлі (Т. 1-5, 1890).
Пераклаў на польскую мову творы А. С. Пушкіна, М. Лермантава, Г. Гейнэ і інш.
На беларускую мову творы В. Каратынскага перакладалі Раіса Баравікова, Рыгор Барадулін, Пятро Бітэль, Уладзімір Мархель, Генадзь Тумаш.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.