вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Ві́льчыцы[2] (трансліт.: Viĺčycy, руск.: Вильчицы) — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Вяйнянскага сельсавета. Чыгуначная станцыя на лініі Магілёў — Жлобін. Размешчана за 12 км на поўдзень ад Магілёва. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты. На захадзе, поўдні і ўсходзе мяжуе з лесам. На поўдні цячэ р. Вільчанка (прыток р. Дняпро). Транспартныя сувязі па шашы Санкт-Пецярбург — Адэса, якая праходзіць побач з вёскай.
Вёска
Вільчыцы
|
Упершыню ўпамінаецца ў фрагментах інвентара 1560 года як сяло ў Магілёўскай воласці Вялікага Княства Літоўскага, дзяржаўнае ўладанне, налічвала 15 дымоў. У 1580 годзе перададзена ў валоданне шляхціцу. У 1635 годзе сяло ў Вяйнянскім войтаўстве Магілёўскай воласці, дзяржаўная ўласнасць, дзейнічалі царква, млын, карчма.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1850 годзе ў складзе маёнтка Вейна Магілёўскага павета, шынок, млын, сукнавальня. Пасля пракладкі ў 1859 годзе шашы Магілёў — Доўск у сяле размяшалася паштовая станцыя, якая мела 16 коней.
З пракладкай чыгункі пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя. Апрача земляробства ва ўсіх дварах сяльчане займаліся вырабам ільняной і пяньковай кудзелі і тканіны. Паводле перапісу 1897 года ў Палыкавіцкай воласці Магілёўскага павета Магілёўскай губерні.
У 1897 годзе дзейнічалі школа граматы і хлебазапасны магазін.
У пачатку XX стагоддзя школа граматы была ператворана ў царкоўна-прыходскую. На базе дарэвалюцыйнай адкрыта працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1925 годзе было 67 вучняў, дзейнічаў гурток па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска стала часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ў складзе Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала этнічна беларускія тэрыторыі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года ў выніку першага ўзбуйнення БССР вёска вернута Беларусі, з 17 ліпеня 1924 года ў Лупалаўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 2 сакавіка 1931 года ў Магілёўскім раёне, з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У 1930-я гады арганізаваны калгас «Пралетарый».
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 26 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У барацьбе супраць фашызму загінулі 74 вяскоўцы. На ўшанаванне іх памяці ў 1975 годзе ў цэнтры вёскі пастаўлена стэла.
У 1990 годзе ў складзе саўгаса «Вяйнянскі цяплічны камбінат» (цэнтр — в. Вейна). Размяшчаліся Магілёўская зверагаспадарка, лясніцтва, ферма буйной рагатай жывёлы, вытворчае аддзяленне, свінагадоўчы комплекс «Усход». У вёсцы працавалі бібліятэка, сталовая, магазін, аддзяленне сувязі, Дом быту, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, 8-гадовая школа.
У 2007 годзе цэнтр ААТ «Агракамбінат „Усход“», дзейнічалі ўрачэбная амбулаторыя, кафэ.
Праект планіроўкі і забудовы распрацаваны ў 1982 годзе ў інстытуце «Магілёўграмадзянпраект». Планіровачна складаецца з працяглай плаўна выгнутай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Амаль паралельна да яе на ўсход праходзіць просталінейная вуліца. Забудавана двухбакова, шчыльна, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. На поўначы размешчаны парк і шэраг двухпавярховых 4—8-кватэрных мураваных дамоў, якія належаць зверагаспадарцы, на паўночным захадзе — свінагадоўчы комплекс.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.