Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Венцасла́ў Венцасла́вавіч Пеліка́н, або Вацлаў Вацлававіч Пелікан (11 верасня 1790, Слонім — 9 чэрвеня 1873, маёнтак Пеліканы каля Опсы) — рэктар Віленскага ўніверсітэта, дзеяч расійскай медыцынскай навукі XIX ст. Правадзейны тайны саветнік (1870). Ганаровы член-карэспандэнт Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, член Віленскага і Варшаўскага медыцынскіх таварыстваў, таварыства кіеўскіх дактароў і Харкаўскага ўніверсітэта.
Венцаслаў Венцаслававіч Пелікан | |
---|---|
польск.: Wacław Pelikan | |
Дата нараджэння | 11 верасня 1790 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 9 (21) чэрвеня 1873 (82 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання |
|
Грамадзянства | |
Дзеці | Яўген Пелікан |
Род дзейнасці | хірург |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар медыцыны[d] і доктар навук[d] |
Альма-матар | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся ў сям’і Вацлава Пелікана[2], музыканта слонімскага аркестра князя Міхала Казіміра Агінскага, з незаможнага шляхецкага роду. Пачатковую адукацыю атрымаў у школах Слоніма і Маладзечна, у 1809 годзе праслухаў курс філасофскіх навук у інстытуце пры Віленскім універсітэце, у тым жа 1809 годзе паступіў у Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, якую скончыў у 1813 годзе з залатым медалём. Быў уладкаваны на працу на кафедру хірургічнай паталогіі і клінікі, якую ўзначальваў тады знакаміты хірург І. Буш, дзе да 1814 года зрабіў 58 хірургічных аперацый. 24 ліпеня 1816 года В. Пелікан за працу «Пра анеўрызмы» атрымаў вучоную ступень доктара медыцыны і хірургіі, у тым жа годзе быў абраны прафесарам кафедры хірургічнай паталогіі і хірургічнай клінікі Віленскага ўніверсітэта, выкладае студэнтам хірургію, анатомію і судзебную медыцыну. Праз два гады ён атрымлівае пасаду ад’юнкта-прафесара за цыкл лекцый «Пра перашкоды, якія сустракаюцца пры выманні каменя з мачавога пухіра, і спосабы пераадолення іх». У першыя ж гады працы здабыў славу выдатнага майстра хірургічнай справы. Выкладаў ва ўніверсітэце, займаўся хірургічнай практыкай, загадваў хірургічнай клінікай. За свой кошт В. Пелікан стварыў хірургічны кабінет з наборам інструментаў і бібліятэку. Апублікаваў некалькі навуковых артыкулаў, вынайшаў і ўдасканаліў некаторыя медыцынскія інструменты і прыстасаванні. У 1821 годзе В. Пелікан стаў старшынёй Віленскага таварыства лекараў.
Калі ў 1823 годзе ўлады пачалі палітычнае следства над студэнтамі, прыхільнікамі незалежнасці Рэчы Паспалітай, В. Пелікан прыняў удзел у следстве, што выклікала абурэнне патрыятычнай віленскай грамадскасці. Але супрацоўніцтва з уладамі ўплыла на кар’еру В. Пелікана, у 1824 годзе ён прызначаны дэканам лекарскага факультэта, пазней выконваў абавязкі рэктара. У 1826 годзе прызначаны рэктарам Віленскага ўніверсітэта. На гэтай пасадзе В. Пелікан паказаў сябе як здольны адміністратар і арганізатар, шмат зрабіў для ўмацавання базы ўніверсітэта, павышэння якасці адукацыі. Быў старшынём камітэта па складанні праекта Віленскай навучальнай акругі і новага статута Віленскага ўніверсітэта.
У канцы 1820-х гадах у Віленскім універсітэце склаліся тры прафесарскія групоўкі. Лідарам адной з іх быў сам рэктар — В. Пелікан. Другая група — «Старэйшыя» стварылася вакол загадчыка кафедры фізіялогіі медыцынскага факультэта М. Міяноўскага. «Група маладых» складалася ў асноўным з маладых выкладчыкаў[3].
Пасля падаўлення паўстання 1830—1831 гадоў Віленскі ўніверсітэт закрыты, выкладчыкі і студэнты (г.зв. «віленская інтэлігенцыя») пераведзены ва ўніверсітэты Масквы, Пецярбурга і Кіева, некаторыя больш не выкладалі і не вучыліся. Улады запатрабавалі ад В. В. Пелікана характарыстыкі выкладчыкам, былы рэктар падзяліў іх на тры групы: надзейных, сумнеўных і ненадзейных. Асабліва адмоўна ён характарызаваў прафесараў Л. Бароўскага, І. Фонберга, А. Вырвіча, А. Снядэцкага і Ю. Ярашэвіча.[3].
Пасля закрыцця ўніверсітэта В. Пелікан прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да адкрыцця Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, а потым працуе ў розных медыцынскіх установах. 3 1838 года ўзначальваў ваенны шпіталь, які ператварыў у клініку медыцынскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта. У 1846 годзе В. Пелікан прызначаны дырэктарам медыцынскага дэпартамента ваеннага міністэрства.
У Санкт-Пецярбургу В. Пелікан зблізіўся з гурткамі Нестара Кукальніка і Яна Баршчэўскага. Магчыма, менавіта В. В. Пелікан распавёў гісторыю Паўлюка Багрыма, у расследаванні справы якога прымаў удзел, Я. Баршчэўскаму, за распаўсюджанне чыйго верша «Бунт хлопаў» (варыянт «Рабункаў мужыкоў») Багрым і пацярпеў[4].
У 1851 годзе прызначаны прэзідэнтам імператарскай Санкт-Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, дзе ўпершыню пачынае праводзіць акадэмічныя канферэнцыі, на якіх вядомыя дактары і навукоўцы чыталі свае даклады. В. Пелікан шмат зрабіў у рэфармаванні ваеннай медыцыны. Слушнасць і своечасовасць рэформ пацвердзіла неўзабаве Крымская вайна. Сярод найважнейшых спраў В. Пелікана ў апошнія гады жыцця — увядзенне з 1866 годзе рускамоўнай фармакапеі, якая замяніла лацінскі аналаг і значна палепшыла аптэкарскую справу ў Расіі, рэформа ветэрынарнай справы. Дзейнасць В. Пелікана адзначана ў 1870 годзе наданнем вышэйшага тытула расійскага чыноўніка — правадзейнага тайнага саветніка.
Апроч чытання лекцый, В. Пелікан выдаваў навучальныя дапаможнікі, сабраў шмат матэрыялаў па анатамічнай медыцыне, стварыў новыя хірургічныя інструменты, у тым ліку пілу, якая пры пілаванні косці не траўміруе мяккіх тканак, адмысловая фрэза для трэпанацыі чэрапа. Шмат зрабіў В. Пелікан у галіне хірургіі сасудаў, вядомыя яго аперацыі на шыі і галаве. Асобныя віды аперацый і тэхнічныя дэталі мелі тады амаль рэвалюцыйны характар.
У 1866 годзе В. Пелікан набыў маёнтак Пеліканы памерам ў 3 тысяч га ў Новааляксандраўскім павеце Ковенскай губерні, гэтыя мясціны В. Пелікан звязваў з узнікненнем свайго роду, але пакуль не высветлена ці на праўдзе яно так. Паселішча Пеліканы згадваецца ў дакументах з XVII ст., а таксама пазначана на карце ВКЛ (1613). У гэтым маёнтку В. Пелікан памёр і пахаваны (1873). Нашчадкі В. Пелікана ў міжваенны час жылі ў Відзах, былі ўладальнікамі маёнтка Разалінова паблізу Пеліканаў. Маёнтак Пеліканы не захаваўся, згарэў падчас Другой сусветнай вайны. Захаваліся рэшткі капліцы, якая знаходзілася побач сядзібы. Паводле сведчанняў старажылаў у ёй яшчэ ў канцы 1940-х гадоў знаходзілася надмагільная пліта В. Пелікана. Меў сыноў Аляксандра[5], Віктара і Яўгена[6], таксама вядомыя яго ўнукі — Венцаслаў, Аляксандр, Надзея, праўнукі — Аляксандр, Дзмітрый, Барыс.
За бездакорную шматгадовую службу Венцаслаў Пелікан быў узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі, у т.л. два ордэны Святога Аляксандра Неўскага, Святой Ганны I і II ступеняў, Святога Станіслава I ступені і інш.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.