Remove ads
беларускі паэт, празаік (1897—1941) From Wikipedia, the free encyclopedia
Васі́ль Анто́навіч Шашале́віч (9 студзеня 1897, в. Мхінічы, цяпер Магілёўская вобласць — 23 кастрычніка 1941, ГУЛАГ) — беларускі драматург і паэт.
Васіль Антонавіч Шашалевіч | |
---|---|
| |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 9 студзеня 1897 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 23 кастрычніка 1941 (44 гады) |
Месца смерці | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | драматург, перакладчык, паэт, пісьменнік |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся ў сям’і валаснога пісара Антона Дзяменцевіча і Ефрасінні Фамінічны. Брат пісьменніка Андрэя Мрыя (сапр. Андрэй Шашалевіч). У сям’і было пяцёра дзяцей: Антаніна, Андрэй, Анастасія, Васіль, Аксіння. Бацька памёр у 1902 годзе і маці засталася адна з пяццю дзецьмі (малодшай дачцэ было 2 гады). У 1908 годзе Васіль Шашалевіч скончыў школу ў вёсцы Палуж, затым — Аршанскае духоўнае вучылішча. Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі (1910—1914) і Яраслаўскім юрыдычным ліцэі (1915—1916), які праз матэрыяльныя праблемы не здолеў скончыць. У 1917—1919 гадах настаўнічаў у вёсцы Ясенцы.
У 1919—1924 гадах быў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў школе другой ступені мястэчка Краснаполле на Магілёўшчыне. Разам з братам і сёстрамі Аксінняй і Настассяй стварыў народны тэатр, для якога пісаў аднаактавыя абразкі. Дзякуючы намаганням Шашалевічаў у школе былі створаны хор і аркестр народных інструментаў і наладжаныя лекцыі на палітычныя і навукова-папулярныя тэмы[1]. Таксама Шашалевічы стварылі драматычныя літаратурныя гурткі. Ставілі спектаклі паводле п’ес Астроўскага, Горкага і Чэхава. Разам з сёстрамі і мастаком Аляксандрам Грубэ рабілі дэкарацыі, касцюмы, бутафорыю, збіралі фальклор і ўключалі найлепшыя ўзоры ў канцэрты. Чыталі лекцыі «Навука і рэлігія», «Атэізм у расійскім жывапісе XIX стагоддзя», «Паходжанне жыцця на Зямлі», «Становішча на франтах грамадзянскай вайны». Прамаўлялі са сцэны вершы Аляксандра Блока, Дзям’яна Беднага, Уладзіміра Маякоўскага[2]. Выходзіў рукапісны часопіс «Пралеска». Напісаў тут драму «Апраметная»[3].
Краснаполле было далучанае да БССР у выніку ўзбуйнення рэспублікі 1924 года, Васіль Шашалевіч пераязджае ў Менск, сталіцу БССР, дзе да 1928 года працуе настаўнікам. У другой палове 1920-х гадоў працаваў сцэнарыстам на кінафабрыцы ў Ленінградзе.
Арыштаваны ДПУ БССР у ліпені 1930 года па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі», быў пад следствам да лютага 1931 года. 30 снежня 1930 года быў выключаны з Беларускага драматычнага таварыства і адноўлены 20 сакавіка 1932 года[4]. Паўторна арыштаваны 28 кастрычніка 1936 года ў Менску па адрасе: вуліца Вызвалення, д. 13, кв. 3. Прыгавораны пазасудовым органам НКУС 2 кастрычніка 1937 года як «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Адбываў пакаранне спачатку ў Магілёве, затым накіраваны ў Прымор’е, дзе прабыў у перасылцы восем месяцаў. Працаваў рахункаводам, рэгістратарам у санітарнай часці, выступаў у канцэртах, пісаў частушкі і скетчы[5]. Прызнаны непрацаздольным камісіяй 27 лагернага пункта.
У Томасінлагу для аматарскага тэатра напісаў п’есу на тэму лагернага жыцця, пастаўленую зняволенымі ў сталоўцы. Змест п’есы не спадабаўся лагернаму кіраўніцтву і яе аўтара, хворага на сухоты, адправілі на лесапавал, дзе ён праз непрацаздольнасць быў улікоўцам. Там на Васіля Шашалевіча наўмысна спусцілі бярозу, якая прыціснула яго да вогнішча[1]. Пасля распілоўвання дрэва, моцна абгарэлага і абязвечанага Васіля Шашалевіча перавезлі ў зону. Засталіся звесткі, што ў пісьменніка выцеклі вочы[5]. Памёр у санітарнай частцы. Месца пахавання невядомае. Пасмяротна рэабілітаваны Прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 19 кастрычніка 1955 года. Асабовая справа Васіля Шашалевіча № 9934-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Быў жанаты з Верай Сямёнаўнай Шашалевіч, гадаваў сына Генрыха, якога назваў у гонар нямецкага паэта Гайнрыха Гайнэ[6] (пазней той змяніў імя на Генадзь). Жонку паэта Веру забіў гаспадар хаты Міхась Крыловіч, у якога яна кватаравала ў Волме, дзеля выкрадання атрыманай грашовай кампенсацыі за рэпрэсііі[1] ў суме шасці тысяч рублёў. Забойца неўзабаве павесіўся[7].
Друкавацца пачаў з верша «Сож» у 1927 годзе ў часопісе «Узвышша». Актыўную літаратурную дзейнасць пачаў у сярэдзіне 1920-х гадоў апавяданнямі і драматычнымі творамі.
Аўтар п’ес «Апраметная» (другая назва «Зруйнаваная цемра») пастаўлена 16 траўня 1925 года Беларускай тэатральнай студыяй у Маскве. У 1926—1927 гадах «Апраметная» ставілася на сцэне БДТ-2, створанага на аснове Беларускай тэатральнай студыі ў Маскве), «Змрок» (пастаўлена БДТ-1 у Менску 30 студзеня 1927), «Воўчыя вочы» (1928—1929), «Рой» (1931), «Сімфонія гневу» (пастаўлена БДТ-1 3 сакавіка 1935).
Перакладаў на беларускую мову драматычныя творы Антона Чэхава, раманы Івана Тургенева «Рудзін», «Дваранскае гняздо». Досыць прафесійна граў на віяланчэлі і скрыпцы, маляваў, пісаў сцэнарыі для кіно, збіраў і апрацоўваў народныя песні.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.