Remove ads
беларускі пісьменнік, журналіст, перакладчык From Wikipedia, the free encyclopedia
Андрэ́й Мрый (сапр. імя Андрэ́й Анто́навіч Шашале́віч; 1 (13 верасня) 1893, в. Палуж, або Доўгавічы, цяпер Магілёўская вобласць — 8 кастрычніка 1943, Мурманская вобласць, ГУЛАГ) — беларускі празаік, перакладчык, журналіст. Найбольш вядомы сваім сатырычным раманам на савецкую рэчаіснасць «Запіскі Самсона Самасуя».
Андрэй Мрый | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | Андрэй Мрый |
Дата нараджэння | 1 (13) верасня 1893 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 8 кастрычніка 1943 (50 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік, перакладчык, журналіст |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся 13 верасня 1893 года ў вёсцы Палуж, паводле іншых звестак у вёсцы Доўгавічы Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Краснапольскі раён, Магілёўская вобласць). Брат драматурга Васіля Шашалевіча. З сям’і валаснога пісара Антона Дзяменцевіча Шашалевіча і Ефрасінні Фамінічны[1]. У сям’і было пяцёра дзяцей: Антаніна, Андрэй, Настасся, Васіль, Аксіння[2]. Бацька памёр у 1902 годзе[3] і маці засталася адна з пяццю дзецьмі (малодшай дачцэ было 2 гады. Андрэй Шашалевіч рана палюбіў музыку, навучыўся іграць на віяланчэлі і разам з братам даваў канцэрты для аднавяскоўцаў[3].
Скончыў духоўнае вучылішча, у 1914 годзе скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. Працягваў вучобу ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. З трэцяга курса ў 1916 годзе мабілізаваны ў школу прапаршчыкаў, вышэйшую адукацыю так і не скончыў. Праз 4 месяцы адпраўлены на фронт у 94-ы Енісейскі полк. У 1918—1921 гадах у Чырвонай Арміі, камандзір 345-й роты 14-га палка. Захварэў на тыф і пасля хваробы накіраваны на Заходні фронт, адкуль у 1921 годзе быў дэмабілізаваны[4].
У 1921—1926 гадах настаўнічаў у школе II ступені ў мястэчку Краснаполле (выкладаў гісторыю і французскую мову). У 1923 годзе разам з братам і шваграм яны ствараюць першы ў раёне народны тэатр[5]. Краснаполле было далучанае да БССР у выніку ўзбуйнення рэспублікі 1924 года, пасля чаго Андрэй Мрый актыўна ўключаецца ў беларускі рух, пачынае супрацоўнічаць з часопісам «Наш край» — органам Цэнтральнага бюро краязнаўства[6]. Выдаваў рукапісны часопіс «Пралеска», збіраў народную лексіку, дасылаў яе ў Слоўнікавую камісію Інбелкульта.
У жніўні 1926 года выехаў у Менск, дзе паводле прапановы Змітрака Бядулі стаў супрацоўнікам часопіса «Наш край», потым інспектарам Цэнтральнага бюро краязнаўства (1926—1930). 29 траўня 1929 года разам з братам Васілём прыняты ў сябры літаратурнага аб’яднання «Узвышша»[7]. З 1933 года і да арышту — стылістычны рэдактар у газеце «Звязда»[8].
У ноч з 21 на 22 лютага 1934 года ў Менску па адрасе Стаўбцоўскі завулак, дом 6, кв. 1 Андрэй Мрый быў арыштаваны па «справе краснапольскіх настаўнікаў»[7]. Асуджаны «тройкай» НКУС 26 сакавіка 1934 года як «член антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі і падазроны ў шпіянажы» да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў і этапаваны ў Карагандзінскі лагер. Пасля падачы апеляцыі Генпракурору СССР 21 лістапада 1934 года тэрмін пазбаўлення волі быў зменены на тры гады высылкі ў Волагду, потым у Вельск, дзе працаваў бухгалтарам у леспрамгасе, рыбным кааператыве да снежня 1937 года.
У пачатку 1938 года прыехаў у Мурманск, выкладаў літаратуру ў адной з сярэдніх школ. Зноў арыштаваны 2 чэрвеня 1940 года па новым абвінавачванні за «ўдзел у антысавецкай арганізацыі». У час арышту ўсё створанае ў ссылцы (раман «Жывы дом», аповесці, навелы) было канфіскавана, рукапісы не знойдзены дагэтуль. 13 жніўня 1940 года асуджаны асобай нарадай НКУС СССР да 5 гадоў пазбаўлення волі. Этапаваны ва Усць-Вымскі канцлагер НКУС Комі АССР. 1 сакавіка 1943 года медыцынскай камісіяй прызнаны інвалідам, 23 верасня 1943 года быў вызвалены і адпраўлены паміраць дадому. Паводле некаторых звесткак забіты рэцэдывістамі ў цягніку.
Пасмяротна рэабілітаваны трыбуналам Беларускай ваеннай акругі 15 студзеня 1957 года. Асабовая справа Андрэя Шашалевіча № 10194-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Быў жанаты з Зоф’яй Андрэеўнай Зыкавай, дзеці Юрый (у 1934 г. 5 гадоў), Артур (у 1934 г. 3 гады), Аксана, Наталля.
Дэбютаваў у друку ў 1924 годзе (газета «Савецкая Беларусь»). Друкаваўся ў «Голасе беларуса» (Вільня), «Узвышшы» і «Чырвоным сейбіце».
Аўтар нарысаў, апавяданняў («Пятрок», «Няпросты чалавек», «Камандзір», «Калектыў Яўмена», «Гармонія ў ружовым», «Моладзь», «Рабін» і інш.). У сатырычным рамане «Запіскі Самсона Самасуя» (часопіс «Узвышша», 1929; цалкам апублікаваны «Полымя», 1988) развенчвае мешчаніна-выскачку, тупога казарменнага паслушэнца, духоўна спустошанае грамадства. Паводле рамана зняты тэлефільм «Пратарчака жыцця, або Запіскі Самсона Самасуя» (1990). Пры першай публікацыі рамана ён быў абвешчаны «злосным пасквілем на савецкую рэчаіснасць», таму цалкам апублікаваны толькі ў часы галоснасці.
Для твораў Андрэя Мрыя характэрныя натуральнасць, складаныя жыццёвыя сітуацыі, рэальная праўда жыцця, паказ няпростых чалавечых характараў.
Навелы, аповесці і раман з лагернага жыцця «Жывы дом», напісаныя ў ссылцы, у час арышту ў Мурманску канфіскаваны і пакуль не выяўлены. Некаторыя творы перадрукаваны часопісамі «Маладосць», «Полымя», дзе надрукаваны таксама лісты «Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну» (1988)
Пераклаў на беларускую мову «Тыса гаворыць» Бела Ілеша (1932), «Шляхамі ўзбочнымі» П. Загаруйкі (1932).
|
|
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.