Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 (22 чэрвеня 1941 — 9 мая 1945) — прынятая ў савецкай гістарыяграфіі назва вайны Савецкага Саюза супраць нацысцкай Германіі і яе еўрапейскіх саюзнікаў — Венгрыі, Італіі, Румыніі, Славакіі, Фінляндыі[заўв 1], Харватыі; частка Другой сусветнай вайны (1 верасня 1939 — 2 верасня 1945). Працягвалася 1418 дзён.
Назва
7 лістапада 1944 года выданы загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Іосіфа Сталіна пра святкаванне 27-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, дзе ўпершыню ўжыта паняцце Вялікая Айчынная вайна[1]. У гэтай сувязі важна адзначыць, што сярод франтавікоў, якія пасля вызвалення Беларусі ваявалі за межамі СССР, трывала ўжываўся паняцце «Другая Айчынная вайна». Паняцце «Вялікая Айчыннай вайна савецкага народа» ўпершыню ўжыта толькі пасля Парада Перамогі ў Маскве[2].
Напярэдадні вайны
Артыкул вымагае вікіфікацыі. |
Перадумовы
3 сярэдзіны 1930-х гадоў свет пачаў уцягвацца ў новую вайну. Грамадзянская вайна ў Іспаніі, агрэсія Iталіі супраць Эфіопіі, Японіі супраць Кітая, далучэнне да Германіі Аўстрыі, затым Мюнхенская змова, у выніку якой Чэхаславакія знікла з карты Еўропы, — такія трагічныя вехі развязвання Другой сусветнай вайны. Калі ў канцы 1938 года нацысцкая Германія пачала дыпламатычны наступ на Польшчу, стварыўшы данцыгскі крызіс i рыхтуючыся да вайны, урад СССР у сакавіку 1939 года пачаў у Маскве перагаворы з прадстаўнікамі ўрадаў Англіі i Францыі аб заключэнні дагавора аб узаемнай дапамозе. Дэлегацыя СССР прапанавала акрамя заключэння пакта аб узаемнай дапамозе аказаць падтрымку ўсім усходнееўрапейскім краінам, якія мяжуюць з СССР. Такі крок стаў бы эфектыўным пачаткам працэсу стварэння сістэмы міжнароднай бяспекі ў Еўропе i свеце. Польшча адмовілася ад такой прапановы. Падчас перагавораў ваенных місій СССР, Англіі i Францыі аб арганізацыі сумеснай абароны супраць агрэсіі ў Еўропе кіраўнік савецкай дэлегацыі К. Я. Варашылаў 14 жніўня 1939 года пры заключэнні дагавора аб узаемнай дапамозе i ваеннай канвенцыі паставіў умову: прапусціць савецкія войскі праз польскую тэрыторыю, каб яны маглі непасрэдна сутыкнуцца з ворагам, калі ён нападзе на Польшчу, або праз румынскую, калі агрэсар нападзе на Румынію. Гэта прапанова не была прынята. Міністр замежных спраў Польшчы заявіў, што яго ўрад такі дагавор заключаць не збіраецца. Тым часам становішча паблізу мяжы СССР абвастрылася. 22 сакавіка 1939 года гітлераўцы занялі Клайпедскую вобласць. Літва заключыла дагавор з Германіяй. Былі заключаны дагаворы аб ненападзе Германіі з Літвой i Эстоніяй. У летнія месяцы 1938 i 1939 гг. Чырвонай Арміі давялося адбіваць японскую агрэсію ля возера Хасан, ракі Халхін-Гол. У такіх абставінах I. Сталін i В. М. Молатаў самастойна прынялі рашэнне аб заключэнні з Германіяй дагавору аб ненападзе i спынілі перагаворы з Англіяй i Францыяй. 23 жніўня 1939 года ў Маскве В. М. Молатаў i I. Рыбентроп у прысутнасці I. Сталіна падпісалі акт аб ненападзе тэрмінам на 10 гадоў. Да яго быў прыкладзены сакрэтны пратакол, якім размяжоўваліся сферы ўплыву Германіі i СССР. Паводле тэксту пратакола Літва пачаткова была ўключана ў сферу ўплыву Германіі, а Вільня аднесена да Літвы. Заходняя Беларусь i частка Польшчы на ўсход ад р. Нараў, Вісла, Сан, а таксама Фінляндыя, Эстонія, Латвія i Бесарабія ўвайшлі ў сферу ўплыву СССР. Лёс Польшчы аўтары сакрэтнага пратакола дамовіліся вырашыць у парадку дружалюбнай двухбаковай згоды. Ад дэпутатаў Вярхоўнага Савета СССР гэты сакрэтны пратакол быў скрыты.
На другі дзень пасля ратыфікацыі дагавору Вярхоўным Саветам СССР, 1 верасня 1939 года, германскія войскі без абвяшчэння вайны напалі на Польшчу. 3 верасня Францыя i Англія аб’явілі вайну Германіі. Пачалася другая сусветная вайна. Мужнае супраціўленне польскай арміі ля Вестэрплятэ, Гдыні, Модліна, Варшавы не змагло процістаяць арміі гітлераўскага рэйха. Польскі ўрад i камандаванне не змаглі арганізаваць эфектыўную абарону i на трэці тыдзень пасля пачатку вайны пакінулі краіну. Праз два тыдні нямецкія войскі акупіравалі ўсю Польшчу, а 14 верасня Брэст.
Дамова аб дружбе i межах
28 верасня 1939 г. у Маскве быў падпісаны дагавор паміж СССР i Германіяй аб дружбе i межах, па якім устанаўлівалася новая заходняя мяжа Савецкага Саюза па так званай «лініі Керзана». У сакрэтным дадатковым пратаколе была запісана дамоўленасць аб уваходзе тэрыторыі Літвы ў сферу ўплыву СССР у абмен на Люблінскае i частку Варшаўскага ваяводстваў, якія ўвайшлі ў сферу ўплыву Германіі. 7 кастрычніка 1939 г. па рашэнні ўрада СССР Літве былі перададзены Вільня i Віленскае ваяводства, а летам 1940 г. — Свянцянскі i Гадуцішкаўскі раёны, частка Астравецкага, Ашмянскага, Пастаўскага i Свірскага раёнаў.
Пакт аб ненападзе i дагавор аб дружбе i межах паміж Германіяй i СССР, сакрэтныя пратаколы да якога падлягалі хуткай ратыфікацыі, абвяшчалі неабмежаваны нейтралітэт у выпадку вайны з трэцяй дзяржавай, падзялілі Еўропу на сферы ўплыву паміж Германіяй i СССР, «развязалі рукі» Германіі для пачатку адкрытых ваенных дзеянняў у Еўропе.
Далучэнне Заходняй Беларусі
Нацысцкая Германія напала на Польшчу 1 верасня 1939 г. Нямецкае кіраўніцтва падштурхоўвала савецкі бок хутчэй выступіць супраць Польшчы, каб ускласці адказнасць за вайну i на СССР. Але Сталін, каб стварыць уражанне нейтралітэту, адцягваў выступленне. Толькі 17 верасня 1939 г., калі польская армія ў цэлым была разбіта, Савецкі ўрад аддаў распараджэнне камандаванню Чырвонай Арміі перайсці граніцу i ўзяць пад сваю абарону жыццё i маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны i Заходняй Беларусі. Чырвоная Армія прасоўвалася хутка. Месцамі ёй дапамагала насельніцтва, дзейнічалі партызанскія групы. Пераважная большасць польскіх войскаў здавалася без бою. Падчас паходу ў Заходнюю Украіну i Заходнюю Беларусь загінула 737 i было паранена 1862 салдаты i афіцэры Чырвонай Арміі. Да 25 верасня Заходняя Беларусь была поўнасцю занята Чырвонай Арміяй. Ужо 22 верасня генерал Гудэрыян i камбрыг Крывашэін на галоўнай вуліцы Брэста прынялі парад германскіх i савецкіх войскаў, затым савецкія войскі былі адведзены за Буг. Падобныя парады адбыліся ў Львове i Пінску.
Галоўнакамандуючы Войска Польскага Э. Рыдз-Сміглы 17 верасня 1939 г. у час пачатку вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходняй Беларусі загадаў сваім падначаленым: ухіляцца ад узброеных сутычак з Чырвонай Арміяй; аказваць супраціўленне ў выпадку адкрытага нападу Чырвонай Арміі; аказваць супраціўленне ў выпадку спроб раззбраення Чырвонай Арміяй.
Пачатак вайны
22 чэрвеня 1941 года а 4:15 (3:15 па маскоўскім часе) раніцы нацысцкая Германія напала на Савецкі Саюз.
У гэты ж дзень на базе Заходняй асобай ваеннай акругі быў створаны Заходні фронт. У яго склад увайшлі 3, 4, 10, 13-я арміі. З першых дзён вайны войскі Заходняга фронту прынялі на сябе ўдар перавышаючых сіл ворага. Яны вялі цяжкія абарончыя баі ў Беларусі (абарона Брэсцкай крэпасці, Брэста, Мінска, Магілёва, Віцебска, Гомеля), наносілі контрудары пад Гроднам, Віцебскам і інш., удзельнічалі ў Смаленскай бітве, абарончых аперацыях на подступах да Масквы, у контрнаступленні пад Масквой.
Акупацыйны рэжым
Адміністрацыйны падзел
Паўночна-заходнія раёны Брэсцкай вобласці i Беластоцкую вобласць з гарадамі Гродна i Ваўкавыскам акупанты далучылі да Усходняй Прусіі: паўднёвыя раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай i Гомельскай абласцей па лініі 20 км на поўнач ад чыгуначнай лініі Брэст-Гомель адышлі да рэйхскамісарыята «Украіна»: паўночна-заходнія раёны Вілейскай вобласці ўключылі ў генеральную акругу Літвы, Віцебскую, Магілёўскую, большую частку Гомельскай i ўсходнія раёны Мінскай абласцей перадалі ў зону аператыўнага тылу групы армій «Цэнтр». У склад генеральнай акругі Беларусі ўвайшлі Баранавіцкая, частка Вілейскай, Мінскай, Брэсцкай, Пінскай i Палескай абласцей, што складала 1/3 даваеннай тэрыторыі БССР, Гэта тэрыторыя была ўключана ў склад рэйхскамісарыята «Остланд» i падзелена на 10 акруг: Баранавіцкую, Барысаўскую, Вілейскую, Ганцавіцкую, Глыбоцкую, Лідскую, Мінскую, Навагрудскую, Слонімскую, Слуцкую. Да верасня 1941 г. тэрыторыя Беларусі была падпарадкавана ваеннай адміністрацыі, яе кіраванне захавалася пазней на значнай частцы Усходняй i Цэнтральнай Беларусі.
Акупацыйныя органы ўлады i самакіравання
Акупацыйныя органы ўлады i самакіравання на тэрыторыі Беларусі ў часы Вялікай Айчыннай вайны:
- Генеральны камісарыят Беларусі;
- акругі (гебіты; на чале — гебіткамісар);
- управы (гарадскія, раённыя, павятовыя — бургамістр);
- валасныя ўправы (валасны старшыня);
- вёскі(стараста, солтыс, войт).
Генеральны камісар Беларусі да верасня 1943 г. — Вільгельм Кубэ. Забіты падчас аперацыі рэалізаванай беларускімі партызанамі i падпольшчыкамі 22 верасня 1943 г. Забойства Генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ 22 верасня 1943 г. ажыццявілі па заданні камандавання партызанскага атрада «Дзімы»: Алена Мазанік, Ніна Траян i Марыя Осіпава. Генеральны камісар Беларусі пасля верасня 1943 г. — А. Готберг.
Калабаранты
Партызанскі падпольны рух
Канец вайны
Тэрыторыя Беларусі была вызвалена ў 1943-44 гг.
4 красавіка 1944 г. Заходні фронт быў перайменаваны ў 3-і Беларускі, яго левае крыло — у 2-і Беларускі, 3-м Беларускім фронтам камандавалі генерал арміі Чарняхоўскі І. Д. (красавік 1944 г. — люты 1945 г.), Маршал Савецкага Саюза Васілеўскі А. М. (люты — красавік 1945 г.), генерал арміі Баграмян І. Х. (красавік — жнівень 1945 г.). Войскі 3-га Беларускага фронту ўдзельнічалі ў аперацыях «Баграціён» і ва Усходне-Прускай.
Вынікі вайны
Падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі была разбурана 209 гарадоў, у тым ліку амаль поўнасцю Мінск, у якім захавалася толькі 4—5 буйных будынкаў (гэта было прычынай прапаноў аб пераносе сталіцы ў Магілёў). Была разбурана і спалена каля 9200 вёсак[крыніца?] (628 — з жыхарамі). Знішчана 10338 прамысловых прадпрыемстваў і амаль усе электрастанцыі. Транспарт таксама знаходзіўся ў заняпадзе. Пасля Рэйкавай вайны былі знішчаны амаль усе чыгуначныя шляхі.
Паводле апошніх падлікаў, Беларусь згубіла трэць свайго насельніцтва. Х. Герлах падлічыў, што падчас вайны загінула ад 1,6 да 1,7 млн чал. БССР з агульнай колькасці насельніцтва 9 млн, з якіх: 700 тыс. палонных, ад 500 да 550 тыс. яўрэяў, 345 тыс. ахвяр антыпартызанскіх аперацый і 100 тыс. прадстаўнікоў інш. этнічных груп. Сюды неабходна дадаць ад 550 да 600 тыс. жыхароў БССР, якія загінулі на фронце. Такім чынам, агульная колькасць ахвяр складае ад 2,3 да 2,4 млн чал. Пры падобным падліку палонныя, якія не ўваходзілі ў склад насельніцтва Беларусі, улічваюцца як насельніцтва, што прыводзіць да двайнога падліку — на тэрыторыі іх нараджэння і на тэрыторыі іх гібелі[3].
Міфалагізацыя вайны
Пасля заканчэння вайны, большасць былых партызан паступова ператварыліся ў кіруючы клас СССР — клас тэхнакратаў, які захоўваў уладу да свайго натуральнага скону напярэдадні распаду СССР. На працягу практычна 40-гадовага перыяду кіравання, гэты клас стварыў шэраг міфаў пра савецкі партызанскі рух, якія шматгадова забіваліся ў свядомасць грамадзян, і паступова ператвараліся ў нацыянальныя міфы.
Цягам 25 гадоў — ад моманту, калі Леанід Брэжнеў стаў генеральным сакратаром кампартыі, і да канца 1980-х гг., якія завяршыліся распадам савецкай сістэмы, партыя стварыла сапраўдны культ Вялікай Айчыннай вайны, са сваімі святымі, недатыкальнымі рэліквіямі, трывалым ваенным метанаратывам… і тысячамі ваенных мемарыялаў. Падобна да таго, што 20 млн грамадзян Савецкага Саюза, якія, паводле брэжнеўскага рэжыму, загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, сімвалізуюць ачышчальную ахвяру, праз якую савецкая дзяржава мусіць прэтэндаваць на выключнае месца ў сусветнай гісторыі[4].
Аляксей Літвін сцвярджае, што той факт, што беларускі нацыяналістыч рух падчас вайны супрацоўнічаў з нацыстамі, дазволіў савецкай «партызанскай» тэхнакратыі дыскрэдытаваць «ідэю беларускага адраджэння, дзяржаўнасці і войска як падмуркаў незалежнай дзяржавы». Такім чынам, яны прывязвалі беларускі нацыянальны рух да здрады і фашызму. Так, «змаганне супраць фашыстаў парадаксальным чынам ператварылася ў барацьбу з беларускай нацыянальнай ідэяй, беларускай дзяржаўнасцю і войскам» [5].
Савецкая ўлада выкарыстала вайну не толькі для таго, каб легітымізаваць уладу былой партызанскай эліты, але і для дыскрэдытацыі варожых савецкай уладзе нацыяналістаў. Маніпулюючы міфамі мінулага, савецкі ўрад вызначаў, хто належаў да савецкай сям’і народаў, а хто не. Прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка, працягнуў гэтую практыку і фактычна прыраўнаў нацыяналістычную апазіцыю да здраднікаў, фашыстаў і агентаў Захаду, аб чым сведчаць яго шматлікія і рознабаковыя інтэрв’ю і выступленні.
Так сталася, што вайна наклала свой адбітак на ўсё. Як напісаў Амір Вейнэр: праз пастаянны, руцінны абрад ушанавання памяці пра вайну, тыя, хто ваяваў, працягваюць перажываць вайну праз дзесяцігоддзі пасля яе заканчэння, а тыя, хто нарадзіўся пасля вайны, дэ-факта ўдзельнічаюць у рытуале. Згадкі пра вайну ўплеценыя ў кожную сферу жыцця простага чалавека. Ад пачатковай школы і да самага дарослага жыцця, праз цырымонію атрымання пашпарта і прыняцця прысягі ў савецкай арміі, падчас шлюбу і святаў, якія шануюць старэйшае пакаленне, — ва ўсім ў пэўнай форме прысутнічала вайна… не кажучы пра незлічоныя сустрэчы з ветэранамі фронту і партызанамі, якія ідэалізавалі вайну ў вачах маладога пакалення. Жывое ўвасабленне міфа размывала розніцу паміж асабістым досведам і памяццю, удзельнікамі вайны і наступнымі пакаленнямі[6].
На сённяшні дзень Вялікая Айчынная вайна стала цэнтральнай міфалагемай пасляваеннага грамадства былога Савецкага Саюза. Ушанаванне перамогі ў вайне застаецца значнай падзеяй для ўсіх урадаў і праўрадавых палітычна-грамадскіх структур.
Гл. таксама
Заўвагі
- У Фінляндыі лічаць свой удзел у вайне супраць СССР (1941—1944) асобнай вайной, скіраванай на выпраўленне несправядлівасцей, прычыненых Фінляндыі Савецкім Саюзам у выніку савецка-фінскай вайны (1939—1940).
Крыніцы
Спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.