Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ізраіль Мацвеевіч (Мордухавіч) Басаў (7 кастрычніка 1918, Мсціслаў — 4 жніўня 1994, Мінск) — беларускі жывапісец і графік, найбольш яркі і самабытны прадстаўнік беларускага савецкага андэграўнду 1970-х — 1980-х. гг. Бацька мастака Мацвея Басава.
Ізраіль Мацвеевіч Басаў | |
---|---|
Дата нараджэння | 7 кастрычніка 1918 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 4 жніўня 1994 (75 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак |
Нарадзіўся 7 кастрычніка 1918 года ў г. Мсціславе Магілёўскай губерні ў сям'і краўца Мацвея Мошавіча Басава і Марыі Рыгораўны (Шыфрыной). Па самавольству чыноўнікаў пры ўзнаўленні ў 1950 годзе пасведчання аб нараджэнні імя па бацьку было зменена на «Мордухавіч», што ўсталявалася потым у дакументах і публікацыях. Акрамя Ізраіля, у сям'і быў яшчэ старэйшы сын (1913) Беньямін, у будучым — мастак-графік. З 1926 года вучыўся ў 9-гадовай яўрэйскай школе ў Мсціславе, але ў 1935 годзе быў вымушаны спыніць навучанне з прычыны хваробы.
У 1935—1941 гадах працаваў рэтушорам фатаграфіі ў арцелі «Путь Октября» (руск.). У 1939 годзе спрабаваў паступіць у Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе вучыўся брат, але не вытрымаў уступны іспыт з-за недахопу школьнай адукацыі. З пачаткам вайны, у 1941 годзе быў эвакуіраваны ў г. Янгіюль ва Узбекістане.
У 1942—1943 гадах праходзіў вайсковую службу ў працоўнай арміі ў г. Паўлаўскі Пасад, адкуль дэмабілізаваўся з-за хваробы і вярнуўся ў Янгіюль. У 1943—1944 гадах працаваў мастаком-выканаўцам у Янгіюльскім драматычным тэатры. У 1944 годзе разам з бацькамі вярнуўся ў Мсціслаў.
У 1944—1947 гадах час ад часу працаваў як мастак-выканаўца ў Мсціславе, потым у Мінску (дзе ў прыватнасці маляваў нумары на аўтамашыны). У 1947 годзе абраў шлюб з Бэлай Закб, з якой ён быў знаёмы з даваенных часоў. Па пераездзе ў Мінск жыў у бараку на вуліцы Чырвонаармейскай. У гэтым жа годзе нарадзіў сын Барыс.
У 1947 годзе паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча на аддзяленне «мастак-педагог» (сярод выкладчыкаў — Іван Ахрэмчык, Хаім Ліўшыц, Віталь Цвірка). На апошнім курсе ў 1951 годзе быў выключаны «за космапалітызм», але дзякуючы абароне з боку студэнтаў, прадстаўнік НКУС вырашаў яго пакінуць.
У 1949 годзе пасля аўтамабільнай аварыі памёр бацька, і дабрабыт сям'і рэзка пагоршыўся. У 1950 годзе нарадзіўся сын Мацвей.
У 1951 годзе паступіў на працу ў Беларускае аддзяленне Цэнтральных мастацкіх майстэрняў Мастацкага фонду СССР (з 1967 года — Мастацка-вытворчы камбінат Мастацкага фонду БССР), дзе амаль да сярэдзіны 1960-х, маляваў на заказ партрэты савецкіх правадыроў. З 1953 года пачаў браць удзел у выстаўках. У 1959 годзе быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР. У гэтым жа годзе пераехаў у новы дом на вуліцы Жданава.
У 1968 годзе ў сувязі з яго 50-годдзем, кіраўніцтва Саюза мастакоў прапанавала яму правесці закрытую персанальную выстаўку без удзелу гледачоў і прэсы, але прапанова была адхілена мастаком, а ў 1972 годзе ў выніку рэарганізацыі звольнены з камбінату ў ліку іншых мастакоў і з гэтага часу нідзе на службе больш не лічыўся.
З-за адмоўнага стаўлення да яго творчасці выстаўкома ён праз даволі цяглы час (з 1975 да 1988 год) амаль не меў магчымасці прымаць удзел у выстаўках у Мінску. Яго ліст са скаргай у Міністэрства культуры СССР у 1978 годзе не вырашыў пытання. У гэты перыяд ён некалькі разоў выстаўляўся ў Вільні (1972, 1975) і Кіеве (1975, 1982). У самы плённы перыяд сваёй творчасці ён быў пазбаўлены магчымасці быць экспанаваным на радзіме. Толькі пасля другога звароту ў Міністэрства культуры ў 1987 годзе яму вярнулі права выстаўляцца ў Мінску.
1992 год быў пераломным: поспех у выстаўках галерэі «Брама» ў Маскве і ў Мінску (куратар — Ларыса Фінкельштэйн), а таксама запрашэнне пятнаццаці яго палотнаў у Іерусалім (пасля паказу слайдаў на Міжнародным мастацтвазнаўчым кангрэсе).
Памер у Мінску 4 жніўня 1994 года. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках. Большасць твораў знаходзіцца ва ўласнасці сям'і мастака.
Па заканчэнні вучылішча Басаў быў захоплены жывапісам Роберта Фалька і Поля Сэзана, якіх ён вывучаў і пераасэнсоўваў. Гэта непасрэдным чынам адбілася на яго творчасці — ён доўга заставаўся пад значным уплывам менавіта гэтых мастакоў. Усё сваё жыццё ён паўтараў, што вельмі хацеў быць падобным да Фалька, але з гэтага мала што атрымлівалася.
Перыяд пераменаў у мастацтве Басава адбыўся паміж 1966 і 1967 гадамі. На змену натурным краявідаў прыходзяць работы спачатку нібы наўмысна рознастылёвыя, але якія крок за крокам кшталтуюць тую пазнавальную манеру, якая будзе ўласцівая мастаку на доўгія гады. У гэты ўмоўны пераходны перыяд трапляюць «Дом з чырвоным дахам» (1966), «Партрэт жонкі» (1967), «Спатканне» (1967), «Мелодыя» (1967), «Дзяўчына з гета» (1967). Ва ўсіх гэтых работах адчуваецца прынцыповае захапленне мастака французскім жывапісам, але гэта толькі першае павярхоўнае ўражанне, бо перадусім Басаў ставіў сабе іншыя мэты.
Усім яго жывапісным палотнам папярэднічалі малюнкі — завершаныя і самакаштоўныя кампазіцыі з амаль скульптурнай лепкай аб'ёмаў, упэўненай шырокай контур-лініяй-мазком, з асаблівай выразнасцю вялікіх паўзаў на аркушы.
За дваццаць гадоў (1953—1973) яго згадалі двойчы ў агульных аглядах, а ў наступныя пятнаццаць (1973—1988) ён зусім сышоў з мастацкай арэны і пра яго ніхто не згадваў. У канцы 80-х мастак і сам стаў адмаўляцца ад розных прапаноў новых дылераў. Ён марыў аб сваёй персанальнай выставе ў Маскве, Іерусаліме, Нью-Ёрку, але пайшоў з жыцця, не дачакаўшыся ніводнай сваёй персанальнай выстаўкі.
У 1996 годзе, за два гады пасля смерці мастака, адбылася першая яго персанальная выстаўка ў Мінску ў Нацыянальным мастацкім музеі, быў надрукаваны каталог пры падтрымцы фонду Сораса. У 2002 годзе рэйтынгавым цэнтрам Прафесійнага Саюза мастакоў у Маскве быў выдадзены сертыфікат аб прысваенні І. Басаву катэгорыі 2–А (Мастак–прафесіянал высокага класа з ярка выяўленай індывідуальнасцю).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.