From Wikipedia, the free encyclopedia
Іван Стэфанавіч Любачка (1 мая 1915, Магілёўскі павет[1] або Полацкі павет[2] — 20 ліпеня 1977, Мюрэй, штат Кентукі) — беларускі гісторык.
Нарадзіўся 1 мая 1915 года на Полаччыне.
У 1939 годзе скончыў матэматычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута і скіраваны на працу ў Галоўчынскую дзесяцігодку. У 1940 годзе мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны спаткаў у чыне капітана каля Брэста, адкуль адступаў да Палтаўшчыны і дзе трапіў у палон. Паводле ягоных расповедаў, быў вызвалены дзякуючы аднаму селяніну, які засведчыў, што той ягоны сын. Вярнуўся ў Галоўчын і спрабаваў аднавіць школьную працу, аднак гэта не атрымалася і ён вярнуўся да бацькоў. Працаваў у вёсцы на бацькоўскай гаспадарцы нядоўга, бо быў арыштаваны немцамі нібыта за сувязь з партызанамі, хаця адмовіўся далучыцца да іх. Праз некалькі тыдняў быў вызвалены і выправіўся сам або быў прымусова вывезены на працы ў Германію (1943). Пасля канца Другой сусветнай вайны застаўся ў Германіі, у лагерах для перамешчаных асоб працаваў настаўнікам у беларускіх школах, у гімназіі ў Гібельштаце і ў Бакнангу.
У пачатку 1950-х гадоў эміграваў у ЗША. Спачатку жыў у Нью-Джэрсі, працаваў на фабрыцы. Потым вучыўся на аддзяленні гісторыі ва Універсітэце штата Агая ў Калумбусе. Паводле іншых звестак, скончыў Калумбійскі ўніверсітэт[2]. У 1956 годзе атрымаў амерыканскае грамадзянства. У 1964 годзе атрымаў ступень доктара гісторыі (PhD) ва Універсітэце штата Індыяна ў Блумінгтане (тэма: Беларусь пад савецкай уладай, 1917-1939), дзе працаваў цягам некалькіх гадоў[1]. Пасля атрымаў кафедру гісторыі ў Мюрэйскім універсітэце ў Кентукі, дзе і працаваў да канца жыцця.
Аўтар многіх публікацый, у т.л. «Беларусь пад савецкай уладай, 1917—1957»[3]. Цягам апошніх гадоў свайго жыцця працаваў над вялікай працай па гісторыі Беларусі, якую не скончыў.
18 ліпеня 1977 года падчас ранішняй лекцыі ў Івана Любачкі здарыўся сардэчны прыступ. 20 ліпеня ўжо ў шпіталі здарыўся паўторны прыступ, ад якога ён памёр. Пахаваны на каталіцкіх могілках у горадзе Мюрэй (Murray). Не меў сям’і, таму ашчаджаныя за жыццё сродкі запісаў на заснаванне стыпендыяльнага фонду падтрымання доследаў у галіне беларусазнаўства (Фонд імя І. Любачкі). Паводле тастаменту архіў мусіў быць перададзены ў Лонданскую Беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.