From Wikipedia, the free encyclopedia
12-я міратворчая брыгада (арм.: 12-րդ Խաղաղապահ բրիգադ) — падраздзяленне Узброеных Сіл Арменіі, прызначанае для міратворчых місій.
12-я міратворчая брыгада | |
---|---|
Гады існавання | з 2001 |
Краіна | Арменія |
Падпарадкаванне | Міністэрства абароны Арменіі |
Уваходзіць у | Узброеныя сілы Арменіі |
Тып | міратворчыя сілы |
Мянушка | «блакітныя берэты»[1] |
Удзел у |
|
Камандзіры | |
Дзеючы камандзір | Артак Танаян |
У ліпені 2001 года Арменія ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку падпісала мемарандум аб міратворчай дзейнасці[2]. На падставе дакумента быў сфармаваны спецыялізаваны батальён, які затым перафармаваны ў брыгаду[3][4]. У сакавіку 2008 года падраздзяленне перадыслакавана на былую базу сталічнага палка[5]. У 2016 годзе асабісты склад прыняў удзел у парадзе з нагоды Дня незалежнасці Арменіі[6]. У лістападзе 2017 года падраздзяленне адкрыла Цэнтр падрыхтоўкі у Зары (вядомы як Зарскі міратворчы раён)[7][8][9]. У тым жа годзе ў рамках праграмы супрацоўніцтва паміж падраздзяленнем і Фондам ААН у галіне народанасельніцтва быў створаны жаночы ўзвод[10].
У красавіку 2018 года ўспыхнуў скандал, звязаны з удзелам асобных байцоў брыгады ў антыўрадавых выступах. Міністэрства абароны Арменіі ўжыла санкцыі да апазіцыйна настроеных вайскоўцаў[11].
12 лютага 2004 годзе брыгада далучылася да міратворчай місіі ў Косава. Тут у складзе грэчаскіх сіл у горадзе Ферызай дзейнічала армянскае ўзводнае падраздзяленне (тры аддзяленні). Штаб-кватэра групы знаходзілася ў лагеры REGAS FEREOS у складзе Усходняй шматнацыянальнай аператыўнай групы. Байцы 12-й брыгады адказвалі за кантрольна-прапускныя пункты, забяспечвалі бяспеку базы, а таксама працавалі ў якасці сіл хуткага рэагавання і барацьбы з натоўпам і беспарадкамі[12]. У 2008 годзе падраздзяленне KFOR было пашырана за кошт дадання другога ўзвода і асабістага складу роты (у выніку чаго колькасць армянскага кантынгенту склала каля 85 чалавек)[13]. У 2011 годзе 12-я брыгада пакінула Косава, але вярнулася ў 2012 годзе[14] з новым гарнізонам, размешчаным на базе арміі ЗША[15].
У студзені 2005 года, атрымаўшы згоду Нацыянальнага Сходу Арменіі, група з 45 міратворцаў адправілася ў Ірак разам з падраздзяленнем Войска Польскага. Кантынгент складаўся з сапёраў, інжынераў і ўрачоў у складзе шматнацыянальных сіл. 10 лістапада 2006 года старшы лейтэнант Георгій Налбандзян быў паранены ў выніку выбуху міны, але выжыў пасля таго, як быў дастаўлены для аперацыі ў шпіталь у Ландштуле, Германія, недалёка ад авіябазы Рамштайн[16]. 6 кастрычніка 2008 года ў сувязі з паляпшэннем умоў бяспекі служба кантынгенту завяршылася[17].
У ліпені 2009 года міністр абароны Сейран Аганян абвясціў, што да канца года Арменія накіруе атрад брыгады для ўдзелу ў складзе міжнародных сіл садзейнічання бяспецы ў Афганістане[18]. Як заявіў у лістападзе афіцыйны прадстаўнік НАТА, армянскі кантынгент колькасцю 30 вайскоўцаў далучыцца да ISAF дзесьці ў пачатку 2010-га[19]. У пачатку снежня гэты лік быў павялічаны да 40. Вайскоўцы прыбылі ў Афганістан у лютым 2010 года, дзе выконвалі задачу сумесна з Бундэсверам па абароне рэгіянальнага аэрапорта ў Кундузе[20]. Яны таксама служылі ў Кабуле і Мазары-Шарыф. На 2012 год у Афганістане знаходзілася 126 вайскоўцаў[21].
У снежні 2014 года байцы 12-й брыгад далучыліся да місіі ААН у Ліване.
Вясной 2019 года байцы брыгады адправіліся ў Сірыю. У склад кантынгенту ўвайшлі 83 чалавекі, у тым ліку медыкі, спецыялістаў па размініраванні, сілы аховы і іншыя вайскоўцы. Гэта было першае самастойнае замежнае разгортванне армянскіх узброеных сіл[22][23].
У студзені 2022 года каля 100 байцоў брыгады далучыліся да міратворчай аперацыі АДКБ у Казахстане.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.