From Wikipedia, the free encyclopedia
Юзаф (Іосіф, Восіп) Бенядзіктавіч Ярашэвіч (польск.: Józef Jaroszewicz; 22 студзеня 1793, Бельск Гродзенскай губерні, цяпер Бельск-Падляскі, Падляскае ваяводства, Польшча — 1 лютага 1860, Бельск) — правазнавец, гісторык і этнограф. Прафесар права Віленскага ўніверсітэта (1826—1831).
Юзаф Ярашэвіч | |
---|---|
польск.: Józef Jaroszewicz | |
Дата нараджэння | 22 студзеня (2 лютага) 1793 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1 (13) лютага 1860[1] (67 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | правазнавец, гісторык-краязнавец, этнограф, выкладчык універсітэта, юрыст |
Навуковая сфера | правазнаўства, гісторыя, краязнаўства, этнаграфія і права[2] |
Месца працы | |
Навуковая ступень | магістр права[d] |
Навуковае званне | |
Альма-матар | |
Член у |
Нарадзіўся ў сям’і судовага пісара. Скончыў Беластоцкую гімназію (30.6.1812). У 1813 г. прыняты за ўласны кошт на аддзяленне маральных навук маральна-палітычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Падчас навучання звярнуў на сябе ўвагу загадчыка кафедры гісторыі І. Лялевеля і выкладчыка біблейскай гісторыі М. Баброўскага. 24.6.1816 г. атрымаў узнагароду як адказны і здольны ва ўсіх навуках студэнт, у тым жа 1816 г. вытрымаў іспыты на кандыдата, а пасля на магістра права, пра што сведчыць дыплом № 2426 ад 30.9.1816 г. Я. Снядэцкі рэкамендаваў Ю. Ярашэвіча ў якасці хатняга настаўніка ў сям’ю папячыцеля Віленскай навучальнай акругі князя А. Чартарыйскага, але Ярашэвіч не прыняў гэтае прапановы.
З 1817 г. працаваў выкладчыкам права ў Валынскай гімназіі ў Крамянцы (цяпер Цярнопальская вобласць Украіны), пазней гімназія пераўтвораная ў Крамянецкі ліцэй. У Крамянцы працаваў побач з І. Алдакоўскім (пазней прафесар права ў Віленскім універсітэце). Паводле польскага гісторыка М. Роле, Ю. Ярашэвіч у ліку найлепшых настаўнікаў «валынскай школы», яго лекцыі адрозніваліся высокім узроўнем, а сам выкладчык быў папулярны сярод навучэнцаў. Таксама Ю. Ярашэвіч праявіў сябе як метадыст-творца, экзамен па праву ў яго праходзіў у выглядзе судовага працэсу. Разам з М. Хоньскім падрыхтаваў «Projеkt do ustaw sądów rozjemczych między uczniami gimnazjum wołyńskiego ustanowic się mających» (1818). У Крамянцы Ю. Ярашэвіч пазнаёміўся з М. Вішнеўскім, які значна паўплываў на яго погляды. Таксама вёў перапіску з І. Лялевелем.
Пасля справы філаматаў і сыходу І. Даніловіча і І. Лялевеля з Віленскага ўніверсітэта, у сувязі з праблемай кадраў на факультэце маральна-палітычных навук, у 1826 г. як «здольны і варты павышэння па службе» Ю. Ярашэвіч запрошаны выкладаць права ва ўніверсітэце. Прафесар Ю. Ярашэвіч выкладаў грамадзянскае і крымінальнае права ВКЛ і Каралеўства Польскага. Курс Ю. Ярашэвіча пачынаўся з шырокага агляду гісторыі ВКЛ і Польшчы. Выкладчык аналізаваў крыніцы, ацэньваў погляды іншых навукоўцаў, знаёміў студэнтаў са старажытнымі помнікамі права, яго лекцыі высока ацэненыя сучаснікамі. У Вільні зблізіўся з І. Анацэвічам і А. Каравіцкім. З 1828 г. Ю. Ярашэвіч выкладаў яшчэ і курс дзяржаўнай статыстыкі.
У 1828 г. рэктар В. В. Пелікан у сувязі з 250-годдзем заснавання ўніверсітэта прапанаваў Ю. Ярашэвічу зрабіць даклад пра культуру Літвы і значэнне Віленскага ўніверсітэта ў жыцці края. Даклад быў зроблены ў канцы чэрвеня 1828 г. Прафесар узняў цэлы шэраг актуальных праблем, ад гісторыі балтаў і да гісторыі культуры і адукацыі ў ВКЛ. Даклад выклікаў шырокі рэзананс сярод выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта і прыцягнуў увагу жыхароў Вільні.
У канцы 1820-х гг. у Віленскім універсітэце склаліся тры прафесарскія групы. «Старэйшыя» групаваліся вакол загадчыка кафедры фізіялогіі медыцынскага факультэта М. Міаноўскага. Лідарам другой групы быў сам рэктар В. В. Пелікан. Групу «маладых» складалі пераважна маладыя выкладчыкі. А. Снядэцкі і Ю. Ярашэвіч не ўваходзілі ў гэтыя групоўкі, але карысталіся іх павагай. У 1825—1828 гг. на маральна-палітычным факультэце вучыўся Ю. Славацкі, будучы вядомы польскі паэт, якога Ю. Ярашэвіч апекаваў.
Падчас выкладчыцкай дзейнасці Ю. Ярашэвіч працягваў працу, распачатую І. Даніловічам, па збору крыніц па гісторыі Вялікага княства Літоўскага і іх крытычным аналізе. Асабліва высока Ю. Ярашэвіч ацэньваў крыніцы па гісторыі права, бо быў упэўнены, што менавіта яны дапамагаюць лепш зразумець духоўнае жыццё народа. У 1830 г. І. Лялевель атрымаў з Вільні ад свайго былога вучня польскамоўны тэкст Першага статута ВКЛ, знойдзены ў Віленскім кармеліцкім кляштары.
Пасля падаўлення паўстання 1830—1831 г. Віленскі ўніверсітэт у Вільні быў зачынены. Выкладчыкаў раскідалі па вышэйшых навучальных установах Масквы, Пецярбурга і Кіева, а некаторыя выкладчыкі, у тым ліку Ю. Ярашэвіч, наогул пакінулі педагагічную дзейнасць. Паводле характарыстыкі выкладчыкаў да ўладаў В. В. Пеліканам, яны дзяліліся на тры групы: «надзейныя», «сумніўныя» і «ненадзейныя». Асабліва адмоўна характарызаваныя прафесары Л. Бароўскі, І. Фонберг, А. Вырвіч, А. Снядэцкі і Ю. Ярашэвіч. Ю. Ярашэвіч, на думку колішняга рэктара, быў «асобай, якая не правільна мысліць». Паводле характарыстыкі М. Каяловіча, Ю. Ярашэвіч належаў да невялікай групы «польскіх» людзей, якія задумалі прывесці (у навуцы) да самастойнасці «Заходняй Расіі», узяўшы за аснову старую ідэю палітычнай незалежнасці Літвы.
Ю. Ярашэвіч на працяглы час заставаўся без працы. Нарэшце, апякун Віленскай навучальнай акругі Г. Карташэўскі прапанаваў яму ўвайсці ў склад толькі што створанага Часовага Віленскага школьнага камітэта. Апроч Ю. Ярашэвіча, у камітэт увайшлі М. Палінскі (старшыня), Н. Кукальнік і І. Лабойка. Камітэт займаўся асветай і справамі, звязанымі з ліквідацыяй Віленскага ўніверсітэта, роля Ю. Ярашэвіча ў Камітэце была зведзена да мінімуму. Ю. Ярашэвіч займаўся выключна распрацоўкай праграм для сярэдніх школ і вырашэннем некаторых адміністрацыйных пытанняў.
Атрымаўшы пенсію, Ю. Ярашэвіч вярнуўся ў Бельск, працягваў займацца навуковай дзейнасцю. Пісаў на польскай мове. Супрацоўнічаў з часопісамі «Athenaeum» («Атэнэум»), «Pamiętnik Warszawski» («Варшаўскі дзённік»), «Biruta», «Znicz». У Бельску Ю. Ярашэвіч напісаў асноўную сваю працу «Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца XVIII стагоддзя» (Obraz Litwy pod wzgledem jéj cywilizacyi, od czasów najdawiuejszych do konca wieku XVIII; Вільня, т. 1—3, 1844—1845, 830 стар.), пры напісанні «Вобразу Літвы…» выкарыстоўваліся звесткі Літоўскай метрыкі і працы М. Стрыйкоўскага, А. Нарушэвіча, І. Анацэвіча, Т. Нарбута, К. Богуша, М. Карамзіна, Е. Фойгта.
Акрамя таго, Ю. Ярашэвіч — аўтар навуковых прац «Пра ўплыў хрысціянскай рэлігіі на цывілізацыю славян» («Dziennik warszawski», 1826), «Пра стан цывілізацыі Літвы перад i пасля заснавання акадэміі», «Матэрыялы да статыстыкі i этнаграфіі Гродзенскай губерні: Бельскі павет» (1848), публікацый пра Бельск, Драгічын, Супрасль i інш., артыкулаў пра культуру «паганскай» Літвы.
Пасля выхаду «Вобразаў Літвы…» Ю. Ярашэвіч працягваў займацца навуковай дзейнасцю, перапісваўся з І. Анацэвічам, М. Баброўскім, І. Трэмбіцкім. Вывучаў паходжанне колішніх плямёнаў на геаграфічнай Беларусі, фальклор i этнаграфію беларусаў. У сваіх працах часта зыходзіў з паланізатарскіх пазіцый. Цікавіўся археалогіяй, сумесна з Т. Нарбутам праводзіў раскопкі на Замкавай гары ў Беластоку. Калі з дапамогай Я. Тышкевіча 29.4.1855 г. з Пецярбургу быў атрыманы дазвол на стварэнне Віленскай археалагічнай камісіі, Ю. Ярашэвіч быў абраны пастаянным сябрам камісіі. Заснаванаму музею ў Вільні Ю. Ярашэвіч перадаў сваю археалагічную калекцыю.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.