Цытазоль
Вадкае змесціва клеткі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Цытазо́ль (англ.: cytosol, паходзіць ад грэч. κύτος — клетка і англ.: sol ад лац.: solutio — раствор) — вадкае змесціва клеткі. Большую частку цытазолю займае ўнутрыклеткавая вадкасць. Цытазоль разбіваецца на кампартменты пры дапамозе разнастайных мембран. У эўкарыётаў цытазоль размяшчаецца пад плазматычнай мембранай і з’яўляецца часткай цытаплазмы, у якую, апроч цытазоля, уваходзяць мітахондрыі, пластыды і іншыя арганелы, але не вадкасць, якая змяшчаецца ў іх, і ўнутраныя структуры. Такім чынам, цытазоль уяўляе сабой вадкі матрыкс, які атачае арганелы. У пракарыётаў большая частка хімічных рэакцый метабалізму адбываецца ў цытазолі, і толькі невялікая іх частка адбываецца ў мембранах і перыплазматычнай прасторы. У эўкарыётаў, хоць многія рэакцыі працякаюць у арганелах, некаторыя рэакцыі адбываюцца ў цытазолі.
Хімічна цытазоль уяўляе сабой складаную сумесь рэчываў, раствораных у вадкасці. Хоць большая частка цытазоля прадстаўлена вадой, яго структура і ўласцівасці ўнутры клетак вывучаны недастаткова. Канцэнтрацыі іонаў, такіх як катыёны калію і натрыю, адрозніваюцца ў цытазолі і пазаклетачнай вадкасці. Гэта розніца канцэнтрацый істотная для такіх працэсаў, як осмарэгуляцыя, перадача сігналу і генерацыя патэнцыялу дзеяння ва ўзбудлівых клетках, такіх як эндакрынныя, нервовыя і мышачныя клеткі. У цытазолі таксама ўтрымліваецца шмат макрамалекул, якія могуць змяняць паводзіны малекул пасродкам эфекту цеснаты макрамалекул (англ.: Macromolecular crowding).
Хоць раней цытазоль разглядалі як просты раствор малекул, ён мае некалькі ўзроўняў арганізацыі. Сярод градыенты канцэнтрацый іонаў (напрыклад, кальцыю), буйныя ферментатыўныя комплексы, якія ўзаемадзейнічаюць адзін з адным і ажыццяўляюць разнастайныя хімічныя рэакцыі, а таксама бялковыя комплексы накшталт карбаксісом і пратэасом, якія змяшчаюць у сабе частку цытазоля.