Клетачныя мембраны
From Wikipedia, the free encyclopedia
Кле́тачная мембра́на, цытаплазматычная мембрана, плазмалема — асноўная, універсальная для ўсіх клетак частка паверхневага апарату, якая судакранаецца з унутраным яе змесцівам і не дазваляе яму змешвацца з рэчывамі навакольнага асяроддзя.
Таўшчыня мембраны складае 7-10 нм. Плазмалема забяспечвае цэласнасць клеткі, абмяжоўвае цытаплазму і захоўвае яе ад знешніх уздзеянняў, прымае ўдзел у працэсах абмену рэчываў паміж клеткай і пазаклетачным асяроддзем.
Унутрыклетачныя мембраны падзяляюць клетку на спецыялізаваныя замкнёныя адсекі — кампартменты ці арганэлы, у якіх падтрымліваюцца неабходныя ўмовы ўнутрыклетачнага асяроддзя. Клетачная мембрана здольна прапускаць пэўныя рэчывы з навакольнага асяроддзя ўнутр клеткі, а рэчывы, што ўтвараюцца ў цытаплазме, — вонкі. Гэта забяспечвае клетцы магчымасць жывіцца, дыхаць і вызваляцца ад шкодных рэчываў.
Паколькі праз мембрану праходзяць не любыя рэчывы, а толькі пэўныя, гэту ўласцівасць мембраны называюць выбіральнай пранікальнасцю. Вельмі важна, што на працягу жыцця перамяшчэнне рэчываў у абодвух напрамках пастаянна кантралюецца і змяняецца. Гэта дазваляе жывым клеткам існаваць у зменлівых умовах навакольнага асяроддзя.
У клетак бактэрый, часткі пратыстаў, грыбоў і раслін, акрамя цытаплазматычнай мембраны, ёсць яшчэ і клетачная сценка. Яна размяшчаецца зверху цытаплазматычнай мембраны і ўяўляе сабой тоўсты слой, які складаецца з розных рэчываў.