From Wikipedia, the free encyclopedia
СГС (сантыметр-грам-секунда) — сістэма адзінак вымярэння, якая мела шырокае распаўсюджанне да прыняцця міжнароднай сістэмы адзінак (СІ) і выкарыстоўваецца дагэтуль у фізіцы і астраноміі.
У рамках СГС існуюць тры незалежныя размернасці (даўжыня, маса і час), усе астатнія зводзяцца да іх шляхам перамнажэння, дзялення і ўзвядзення ў ступень (магчыма, у дробную).
Акрамя трох асноўных адзінак вымярэння — сантыметра, грама і секунды, у СГС існуе шэраг дадатковых адзінак вымярэння, якія з’яўляюцца вытворнымі ад асноўных. Некаторыя фізічныя канстанты атрымліваюцца безразмернымі. Існуе некалькі варыянтаў сістэм СГС, якія адрозніваюцца паміж сабою выбарам электрычных і магнітных адзінак вымярэння і велічынёй канстант у розных законах электрамагнетызму (СГСЭ, СГСМ, Гаусава сістэма адзінак).
СГС адрозніваецца ад СІ не толькі выбарам пэўных адзінак вымярэння. З-за таго, што ў СІ былі дадаткова ўведзены асноўныя адзінкі для электрамагнітных фізічных велічынь, якіх не было ў СГС, некаторыя адзінкі маюць іншыя размернасці. З-за гэтага некаторыя фізічныя законы ў гэтых сістэмах запісваюцца па-рознаму (напрыклад, закон Кулона). Адрозненне заключаецца ў каэфіцыентах, большасць якіх мае размернасць. Таму, калі ў формулы, запісаныя ў СГС, проста падставіць адзінкі вымярэння СІ, то будуць атрыманы памылковыя вынікі. Гэта ж тычыцца і розных тыпаў СГС — у СГСЭ, СГСМ і Гаусавай сістэме адзінак адны і тыя ж формулы могуць запісвацца па-рознаму.
У формулах СГС адсутнічаюць нефізічныя каэфіцыенты, неабходныя ў СІ (напрыклад, электрычная пастаянная ў законе Кулона), таму сістэму СГС лічаць больш зручнай для тэарэтычных даследаванняў.
Для палягчэння работы ў СГС у электрадынаміцы дадаткова былі прыняты сістэмы СГСМ і СГСЭ.
У СГСМ магнітная пастаянная µ0 вакууму безразмерная і роўная 1, а электрычная пастаянная ε0 = 1/c² (размернасць: c²/см²), дзе c — скорасць святла ў вакууме, 29 979 245 800 см/c.
У СГСЭ µ0 = 1/с² (размернасць: с²/см²), ε0 = 1. Электрычныя адзінкі ў сістэме СГСЭ ўжываюць у асноўным у тэарэтычных работах. Яны не маюць уласных найменняў і нязручныя для вымярэнняў.
У сіметрычнай СГС (яе таксама называюць змяшанай альбо Гаусавай сістэмай адзінак) магнітныя адзінкі роўныя адзінкам сістэмы СГСМ, электрычныя — адзінкам сістэмы СГСЭ. Магнітная і электрычная пастаянныя ў гэтай сістэме безразмерныя і маюць адзінкавую велічыню: µ0 = 1, ε0 = 1.
Сістэма мер, заснаваная на сантыметры, граме і секундзе, была прапанавана нямецкім вучоным Гаусам у 1832 годзе. У 1874 Джэймс Максвел і Уільям Томсан удасканалілі сістэму, дадаўшы ў яе электрамагнітныя адзінкі вымярэння.
Велічыні многіх адзінак сістэмы СГС былі прызнаны нязручнымі для практычнага выкарыстання, і неўзабаве яна была заменена сістэмай, заснаванай на метры, кілаграме і секундзе (МКС). СГС працягвалі выкарыстоўваць паралельна з МКС, у асноўным у навуковых даследаваннях.
Пасля прыняцця ў 1960 сістэмы СІ СГС амаль выйшла з выкарыстання ў інжынерных прыкладаннях, аднак працягвае шырока выкарыстоўвацца, напрыклад, у тэарэтычнай фізіцы з-за больш простага выгляду законаў электрамагнетызму.
З трох дадатковых сістэм найбольшае распаўсюджанне атрымала Гаусава сістэма СГС.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.