Мядзел
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Мя́дзел[2] (трансліт.: Miadziel) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Мядзельскага раёна. Размешчаны паміж азёрамі Мястра і Баторына, за 160 км на паўночны захад ад Мінска, за 35 км ад чыгуначнай станцыі Княгінін на лініі Маладзечна — Полацк, на аўтадарозе Мінск — Нарач. Насельніцтва 6 949 чалавек (2017)[3].
Горад
Мядзел
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Назва Мядзел ад назвы возера Мядзел, якая балцкага паходжання.
У XVII стагоддзі для тапоніма Мядзел засведчаныя варыянты «Мядзел» і «Мядзолы»[4]. Апошняя форма больш аўтэнтычная, яна дайшла ў выглядзе польскага Miadzioł.
Прамы адпаведнік — літоўскі тапонім Medžiolai (назва вёскі на Вяллі каля літоўскага Еўя). У назвах «Мядзолы» (Miadzioł), Medžiolai корань Med- пашыраны балцкім назоўным фармантам -ol- (як у рачных назвах Даколка, Віхолка і інш.)[5].
Найбліжэй з коранем Med- звязанае літоўскае medis «дрэва», medė «гай», ад балцкага *medja(n) «лес». Далей да індаеўрапейскага *medhi̯os- «сярэдні, сярэдзінны» — лес разумеўся як тое, што знаходзіцца паміж паселішчамі[6].
Назва Мядзельскага возера сягае протабалцкага значэння «сярэдзіна; сярэдні; пасярод».
Азёры з пазнейшымі «сярэдзіннымі» назвамі або размяшчаюцца паміж двух іншых азёраў або з’яўляюцца праточнымі.
Назва возера Мядзел значыць «Сярэдзіннае (возера)».
Таго ж паходжання таксама назва возера Мядзесна (на поўначы ад Віцебска).
Археалагічныя даследаванні выявілі, што першапачаткова ў X—XI стст. умацаванае драўлянае паселішча Мядзел знаходзілася на самым вялікім востраве возера Мядзел (цяпер — востраў Замак), дзе і сёння захаваліся рэшткі ўмацаванняў. Імаверна ў XI ст. Мядзел быў пагранічным горадам Полацкай зямлі. Летапісныя назвы горада: Мядзнозол, Мядела, Мядзела, Мядзила, Мядюль, Медело, Меднол, Медюль, верагодна, паходзяць ад літоўскага слова medinis — лясны, драўляны. У кан. 14 — пач. 15 ст., з невядомых да канца прычын, паселішча было перанесена на паўночна-ўсходні бераг возера Мястра (10 км ад былога месцазнаходжання). Верагодна, прычынай гэтаму стаў мор — насельніцтва, што здолела выжыць у час эпідэміі, заснавала новае паселішча са старой назвай ужо на беразе воз. Мястра. У пісьмовых крыніцах Мядзел упершыню згадваецца ў 1324 у лацінамоўным лісце вялікага князя Гедзіміна рыжскаму архібіскупу, у якім ён скардзіцца на дзеянні братоў-рыцараў Тэўтонскага ордэна:
«Мы паведамляем Вам, … што мір… зараз без якой-небудзь віны нашай па-варожаму парушаны крыжакамі — братамі Тэўтонскага ордэна, якія ўчынілі вялікую шкоду землям, якімі мы валодалі. Таксама яны напэўна захапілі б наш замак Медзела, каб не быў ён так добра ўмацаваны, аднак мноства людзей яны забілі і многіх павялі з сабою.»
Да сярэдзіны XV ст. мястэчка Мядзел ужо падзялялася на Стары (паўночная частка) і Новы (паўднёвая частка) Мядзел. Стары Мядзел вядомы з 1457 года, а Новы Мядзел — з 1527 года. Стары Мядзел у розны час быў у валоданні шмат якіх магнатаў і памешчыкаў — Радзівілаў, Францкевічаў, Райскіх, Грабкоўскіх, Кошчыцаў, а Новы Мядзел заставаўся у ліку велікакняжацкіх (каралеўскіх) уладанняў.
У «Метрыцы Вялікага княства» захаваўся ліст старасты жамойцкага, падчашага гаспадарскага і дзяржаўцы васілішскага Яна Мікалаевіча Радзівіла пад назвай «Записан(ь)е прав подданых волости Жораньское на земли и повинности их» ад 16 мая 1542 г. У дадзеным лісце запісана:
«Тыми часы, будучы намъ у ее м(и)л(о)сти паней матъки нашое, у Мяделе, жаловали намъ подданые г(о)с(по)д(а)рьскии земли Жомоитское, волости н(а)шое Жоранъское…»
Жыхароў Новага Мядзела, велікакняжацкага (іншым разам «кароннага») мястэчка (часам званага і горадам), ужо ў сяр. 16 ст. называлі «мяшчанамі гаспадарскімі», т.б. велікакняжацкімі, дзяржаўнымі.
Захаваўся падатковы ліст ад 21 верасня 1561 г. пад назвай «До кухни короля его милости кури и гуси мають быти посланы з дворов ег(о) королевское милости на певъные часы», дзе запісана:
«В Маркове, в Мяделе и въ Куренъцы волокъ 510.
Гусей 510 о[т]тол не слати.
Куръ 1020 слати».
Неаднаразова жыхары Новага Мядзела атрымлівалі прывілеі ад валадароў Рэчы Паспалітай на правядзенне кірмашоў. Таксама мястэчка было надзелена разнастайнымі падатковымі льготамі. Новы Мядзел быў абведзены валам, на паўвостраве возера Мястра ў XVI ст. быў каменны велікакняжацкі («каралеўскі») Мядзельскі замак (захаваліся руіны). Па некаторых звестках, жыхары Новага Мядзела атрымалі ад Жыгімонта Старога па просьбе яго жонкі Боны Сфорца магдэбургскае права[7], але цяпер няма дакументальных пацвярджэнняў гэтаму. Новым Мядзелам, як дзяржаўным уладаннем, кіравалі старасты, спецыяльна прызначаныя вялікім князем. Сярод мядзельскіх старостаў з 1590 года быў і канцлер літоўскі Л. І. Сапега, які меў на Мядзельшчыне вялікія ўладанні.
Стары Мядзел у 1736 годзе атрымаў статус мястэчка, а ў 1762 годзе магдэбургскае права з правам на 4 кірмашы на год.
З 1793 года пасля другога падзела Рэчы Паспалітай Стары і Новы Мядзел у складзе Расійскай імперыі, Мядзел — мястэчка ў складзе Вілейскага павета Мінскай губерні, з 1842 — Віленскай губерні.
1 чэрвеня 1920 года мястэчка Мядзел атакаваў 6-ы полк стральцоў Войска Польскага .
З 1921 года Мядзел у складзе Польшчы. З 1939 года ў БССР, 15 студзеня 1940 года ўтвораны Мядзельскі раён. З 1959 года гарадскі пасёлак[8], з 1998 года — горад.
У горадзе тры аўтобусныя маршруты, лінія маршрутнага таксі.
Горад інтэнсіўна развіваецца як цэнтр курортнай зоны вакол возера Нарач. Прадпрыемствы харчовай прамысловасці. 2 гасцініцы. Філіял дзіцячай турбазы.
У горадзе размешчаны Мядзельскі музей народнай славы.
У 2005 і 2008 гадах горад быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля»[21][22].
Дзейнічаюць дзве сярэднія школы і гімназія, два дзіцячыя садкі. Дзіцячы інтэрнат.
У 1930-я гады ў Старым і Новым Мядзеле было два касцёлы, царква, сінагога і мячэць. На сённяшні дзень захаваўся адзін касцёл (1754), касцёл св. Станіслава быў спалены ў 1942 годзе. У 2006 годзе ў Мядзеле пабудавана Троіцкая царква.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.