Канстытуцыя 3 мая 1791 года
From Wikipedia, the free encyclopedia
Канстыту́цыя 3 ма́я (польск.: Konstytucja 3 maja), Устава аб кіраванні (польск.: Ustawa rządowa) — асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты Чатырохгадовым соймам 3 мая 1791 года ў Варшаве, які змяняў форму праўлення Рэчы Паспалітай з абмежаванай манархіі (т. зв. «змешанай манархіі» — monarchia mixta) на канстытуцыйную манархію. Канстытуцыя рэгулюе правы і абавязкі ўсіх саслоўяў дзяржавы і вызначае прынцыпы арганізацыі дзяржаўнай улады. Галоўная ўвага надаецца сферы палітычных адносін — вызначэнню падзела галін улады (заканадаўчай, выканаўчай і судовай), а самы вялікі і дэталёва прапісаны артыкул Канстытуцыі прысвечаны каралю (вялікаму князю) як кіраўніку выканаўчай улады. У Канстытуцыі дэталёва прапісана і вызначана важная роля караля (вялікага князя) у грамадстве і сістэме ўлады. Уводзілася спадчыннасць трона замест ранейшай выбарнасці манарха соймам. Канстытуцыяй назаўсёды скасоўваліся такія характэрныя да таго часу для Рэчы Паспалітай правы як права ліберум вета (liberum veto) у сойме і права шляхты на канфедэрацыю. Была першым у Еўропе і другім у свеце (пасля Канстытуцыі ЗША[2]) кадыфікаваным асноўным законам, зафіксаваным пісьмова і падзяляўшым тры галіны ўлады (на сучасны ўзор)[3]. Канстытуцыя адлюстроўвае адносіны раннекапіталістычнага (ці перадбуржуазнага) грамадства. 23 лістапада 1793 года дзеянне Канстытуцыі і створаных на яе аснове органаў улады было скасавана рашэннем Гарадзенскага сойма (1793). Канстытуцыя 3 мая стала легендарнай для сучаснікаў і нашчадкаў гісторыі і традыцый Рэчы Паспалітай, бо разглядалася як апошняя надзея выратаваць Рэч Паспалітую ад гібелі і сімвал справядлівасці, незалежнасці і кульмінацыі Асветніцтва ў айчыне[4]. 17 кастрычніка 2014 года Канстытуцыя 3 мая была занесена ў Польскі дзяржаўны спіс праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету». 15 красавіка 2015 года (паводле рашэння Еўрапейскай Камісіі) Канстытуцыя 3 мая была занесена ў Спіс Еўрапейскай спадчыны.
Канстытуцыя 3 мая 1791 года «Устава аб кіраванні» | |
Тытульная старонка надрукаванай у Варшаве на польскай мове Канстытуцыі 3 мая 1791 года | |
Створаны | ухвалена соймам Рэчы Паспалітай 3 мая 1791 года; паўторна ўхвалена і актыкавана 5 мая 1791 года. |
Ратыфікаваны | не ратыфікавана канчаткова патрэбнымі 3/4 соймікаў[1] (працэс ратыфікацыі спынены па прычыне ваенных падзей) |
Месца захоўвання | арыгіналы: Галоўны архіў старажытных актаў (Польшча);
|
Аўтар | кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст, Гуга Калантай, граф Ігнацы Патоцкі, князь Казімір Нестар Сапега, граф Станіслаў Малахоўскі, Станіслаў Сташыц, Сцыпіён П’ятолі і інш. |
Завяральнікі | 9 прадстаўнікоў канфедэрацыі шляхты Польскага Каралеўства і 5 прадстаўнікоў канфедэрацыі шляхты Вялікага Княства Літоўскага |
Мэта стварэння | канстытуцыйная манархія |