From Wikipedia, the free encyclopedia
Бітва пад Шкловам (12 жніўня 1654) — бітва Трынаццацігадовай вайны 1654—1667 паміж войскамі Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы.
Трынаццацігадовая вайна | |||
---|---|---|---|
Дата | 2 (12) жніўня 1654 года | ||
Месца | ваколіцы Шклова | ||
Вынік | перамога войска Рэчы Паспалітай[1][2][3] | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
У жніўні 1654 пад націскам колькасна большых маскоўскіх войск корпус вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла (6—8 тыс. чал.[4]) адышоў ад Оршы на поўдзень да Барані, пасля да Копысі і Шклова.
12 жніўня да Шклова падышоў авангард войска маскоўскага ваяводы Чаркаскага (агулам не менш за 20 тыс. чал.[4]) і напаў на вайсковую варту Я. Радзівіла, якая бараніла горад.
Каб не дапусціць злучэння войск Якава Чаркаскага і Аляксея Трубяцкога (15 тыс. чал.) які падыходзіў да Дняпра, Я. Радзівіл вырашыў даць бой.
Для бітвы ён абраў удалае месца — адзіную дарогу на Шклоў за некалькі кіламетраў ад горада, дзе два равы засланялі крылы войска Вялікага Княства Літоўскага. Гэта не дазволіла б маскоўцам выкарыстаць сваю колькасную перавагу. Да таго ж перад сабою ліцвіны мелі рэчку Шклоўку, і маглі біцца з тым аддзеламі маскоўцаў, якія пераправіліся праз брод. Чаркаскі таксама не збіраўся атакаваць Я. Радзівіла ў той дзень — частка яго аддзелаў была расцягнутая па дарозе і мусіла прыбыць толькі праз некалькі гадзінаў.
Януш Радзівіл вырашыў уцягнуць авангард маскоўцаў у бойку і потым разбіваць іх малымі групоўкамі. Некалькім раз'ездам ліцвіны зацягнулі частку маскоўскіх палкоў на абранае поле. Распачаўся бой, які цягнуўся больш за пяць гадзінаў. Войска Вялікае Княства не магло ўзяць верх, бо да маскоўцаў увесь час далучаліся новыя сілы, што рухаліся з-пад Копыся.
Згадваецца, што кожнай літоўскай харугве давялося 5—6 разоў атакоўваць маскоўцаў, а пасля пад націскам адыходзіць да схаваных у засадах у равах драгунскіх палкоў Вялікага Княства. Бітва цягнулася да дзявятай вечара. Януш Радзівіл асабіста ўдзельнічаў у бітве, што дадавала імпэту і ўпэўненасці літоўскаму войску. Апошняя атака ўсёй літоўскай конніцы здолела зламаць шэрагі маскоўцаў і амаль мілю гнаць іх. Да таго ж маскоўскі рэйтарскі полк у цемры абстраляў сваіх.
У выніку шматгадзіннага бою маскоўская конніца адступіла да абозу і пяхоты[4], пакінуўшы поле за войскам ВКЛ. На той час гэта лічылася перамогай[1][2][3].
Аднак перамога дасталася войску ВКЛ дарагім коштам — аддзелы Вялікага Княства Літоўскага страцілі найбольш вопытных жаўнераў. Загінуў пад Шкловам вайсковы суддзя Марцін Ян Чудоўскі, адзіны сын літоўскага стражніка Рыгора Мірскага — Геранім Мірскі. Шмат параненых памерлі, не атрымаўшы першаснай медыцынскай дапамогі. У дакладзе ў Вільню пісалася: «Загінула саміх коннікаў і ротмістраў 200… шмат іншых жаўнераў колькасцю 1000». Пазней згадвалася, што загінула двое паручнікаў, коннікаў больш за 50. Агульныя страты падаваліся — ад 200 да 700 чалавек[4].
Пра маскоўскія страты крыніцы Рэчы Паспалітай ўважаюць на 7000—8000. Але літоўскія жаўнеры пісалі, што налічылі забітых каля 3000 маскоўцаў і два маскоўскія ваяводы.
Страты, стомленасць і нешматлікасць войска Вялікага Княства на дазволіла скарыстацца перамогай. У ноч на 13 жніўня Януш Радзівіл загадаў адыходзіць на захад да Галоўчына і Барысава. Хаця пабітыя аддзелы Чаркаскага і адышлі да Оршы, але ў іх засталася значная перавага ў людскіх рэсурсах. Пасля рэарганізацыі яны маглі ўяўляць новую пагрозу. Свежае войска Трубяцкога было на падыходзе. Авангард Трубяцкога спазніўся толькі на гадзіну да заканчэння бітвы. Але новыя маскоўскія сілы цалкам з'явіліся пад Шкловам толькі 30 жніўня[4].
13 жніўня да ліцвінаў прыбыла дапамога ад князя Багуслава Радзівіла і Юрыя Нямірыча — 2500 жаўнераў. Але гэта было замала і ня выратавала іх ад паразы 24 жніўня 1654 ў Бітве пад Шапялевічамі з войскам Трубяцкога.
У гэты ж дзень адбылося сонечнае зацьменне.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.