Брэсцкая крэпасць
крэпасць у горадзе Брэсце ў Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
крэпасць у горадзе Брэсце ў Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Брэсцкая крэпасць — комплекс абарончых збудаванняў XIX — пачатку XX стагоддзяў у Брэсце (Брэст-Літоўск). Пабудаванa як частка сістэмы ўмацаванняў на захадзе Расійскай імперыі. Размешчана на 4 астравах утвораных рэкамі Заходні Буг і Мухавец, іх рукавамі і сістэмай каналаў. Будавалася паводле праекта генералаў Малецкага і К. І. Опермана, палкоўніка А. І. Фельдмана. У 1832 годзе найвышэйшы нагляд за будаўніцтвам крэпасці быў ускладзены на генерал-фельдмаршала Івана Фёдаравіча Паскевіча.
Мемарыяльны комплекс | |
Брэсцкая крэпасць | |
---|---|
| |
52°05′00″ пн. ш. 23°39′10″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | Брэсцкая вобласць |
Тып будынка | Крэпасць |
Заснавальнік | Расійская імперыя |
Дата заснавання | 1836 |
Будаўніцтва | 1833—1914 гады |
Асноўныя даты | |
чэрвень-ліпень 1941 — Гераічная абарона крэпасці Узнагароды: |
|
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 110Г000707 |
Матэрыял | цэгла |
Стан | Часткова захавалася |
Сайт | brest-fortress.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Абарончая сістэма падзялялася Заходнім Бугам і Мухаўцом на ўмацаванні: Цэнтральнае (Цытадаль), Валынскае (Паўднёвае), Цярэспальскае (Заходняе), Кобрынскае (Паўночнае).
Цытадэль размешчана на востраве, на месцы старажытнага гандлёва-рамеснага цэнтра горада (места). Па перыметры акружана замкнёнай пяцівугольнай абарончай двухпавярховай казармай (даўжыня 1,8 км) з 500 казематамі, у якіх маглі размесціцца 12 тыс. салдат з неабходным для баявых дзеянняў рыштункам і запасам харчавання. Вонкавыя сцены казармы мелі байніцы і амбразуры для стральбы з ружжаў і гармат.
Валынскае ўмацаванне зроблена на месцы Брэсцкага замка, складалася з 2 бастыённых фортаў з 2 равелінамі. Тут у былым кляштары бернардзінцаў у сярэдзіне 19 ст. размяшчаўся Брэсцкі кадэцкі корпус, пазней — ваенны шпіталь. Злучалася з цытадэллю Холмскай брамай і пад’ёмным мостам праз Мухавец.
Цярэспальскае ўмацаванне будавалася на левым беразе Заходняга Буга. Мела чатыры земляныя люнеты, злучаныя ровам. Цярэспальскай брамай і канатным мостам (самым вялікім на той час у Расійскай імперы) праз Заходні Буг злучлася з Цытадэллю. Над уязным праёмам Цярэспальскай брамы былі 4 ярусы вузкіх акон-байніц, над якімі ў 1920-я надбудаваная 5-ярусная вежа з дазорнай пляцоўкай.
Кобрынскае ўмацаванне створана на месцы былога Кобрынскага прадмесця. Яно складалася з 4 бастыённых фортаў (у т.л. Бастыён I) з 3 равелінамі. З Цытадэллю злучалася Брэсцкай і Беластоцкай (Брыгіцкай) брамамі і мастамі праз Мухавец.
Па вонкавай лініі крэпасці праходзіў земляны вал вышынёй да 10 м з каменнымі казематамі ўнутры і запоўненым вадой ровам перад ім. Даўжыня галоўнай крапасной лініі складала 6,4 км. З прылеглай да крэпасці тэрыторыяй перадмаставыя ўмацаванні злучаліся праз Аляксандраўскую (Паўночную), Паўночна-Заходнюю, Міхайлаўскую (Усходнюю), Мікалаеўскую (Паўднёвую) брамы і Варшаўскі праезд.
6 чэрвеня 1833 пачаты масавыя земляныя працы. У сувязі з пабудовай крэпасці г. Брэст-Літоўск перанесены на ўсход на 3 км. Калі земляныя працы ў асноўным закончыліся, 1 чэрвеня 1836 адбылася закладка першага каменя, у які былі замураваны бронзавыя дошка з памятным надпісам і шкатулка з манетамі.
26 красавіка 1842 Брэсцкая крэпасць пачала дзейнічаць як крэпасць першага класа. Кампазіцыйны цэнтр Цытадэлі — гарнізонная Мікалаеўская царква (1856—1879, архіт. Г. Грым). Тут жа ў будынку былога кляштара езуітаў (узведзены ў 1623, адноўлены ў 1679) размяшчалася канцылярыя каменданта крэпасці. Будынак кляштара базылян (1629, пазней вядомы як Белы палац) быў перабудаваны пад афіцэрскае казіно.
На пачатку свайго існавання крэпасць была адным з самых дасканалых крапасных умацаванняў Расійскай імперыі. З’яўленне наразной артылерыі запатрабавала перабудовы крэпасці і ўзвядзення вакол яе пояса новых умацаванняў. У 1863 у адпаведнасці з запіскай генерала Э. І. Татлебена аб мадэрнізацыі крапасцей Расіі (1862) пачалася яе рэканструкцыя. Быў патоўшчаны галоўны вал, узведзена 2 рэдзюіты на Кобрынскім умацаванні, напраўлены на Цярэспальскім, пабудаваны 2 парахавыя склады ўмяшчальнасцю па 5 тыс. пудоў і інш. У 1878 зацверджаны план будаўніцтва перадавых умацаванняў. Да 1888 на адлегласці 3-4,5 км адзін ад аднаго ўзведзена 9 фортаў, у кожным з якіх можна было размясціць каля 200 чалавек і да 20 гармат. Даўжыня абарончай лініі дасягнула 30 км.
У рэвалюцыю 1905—1907 у крэпасці адбыліся Брэсцкія выступленні салдат. У 1912 зацверджаны генеральны план пашырэння крэпасці на 1912—1921. За 6-7 км ад ядра крэпасці меркавалася пабудаваць новы фортавы пояс, прадугледжвалася ўмацаванне і перабудова ўстарэлых збудаванняў. Летам 1913 пачата будаўніцтва. Да Першай сусветнай вайны толькі 2 форты былі закончаныя цалкам, 8 — збудаваны часткова. З аб’яўленнем мабілізацыі крэпасць стала пунктам папаўнення дзеючай арміі і базай забеспячэння крэпасці Іван-Горад (Эстонія). Удзень і ўначы вяліся інтэнсіўныя работы па падрыхтоўцы Брэсцкай крэпасці да абароны, штодзённа працавала каля 70 тыс. чалавек, каля 8,5 тыс. падвод. Да кастрычніка 1914 крапасная пазіцыя мела закончаны выгляд. Яна складалася з 14 фортаў і 5 абарончых казармаў, 21 прамежкавага апорнага пункта. Пры агульнай даўжыні фортавага пояса 45 км сярэдняя адлегласць паміж фортамі складала 1 км, г. зн. яны знаходзіліся ў поўнай агнявой сувязі. У будаўніцтве і ўдасканальванні крэпасці ў пачатку 20 ст удзельнічалі ваенныя інжынеры прафесар Мікалаеўскай інжынернай акадэміі генерал-лейтэнант Н. А. Буйніцкі, А. К. Аўчынікаў, палкоўнікі І. В. Бялінскі, Б. Р. Дабашчынскі, Г. І Лагорыя, капітан Дз. М. Карбышаў.
З набліжэннем да Брэста германскіх войск камендант крэпасці Лаймінг стварыў савет абароны, які прызнаў магчымым у выпадку аблогі пратрымацца 8 месяцаў. Аднак па загаду Вярхоўнага камандавання 8-12 жніўня 1915 гарнізон, крапасное ўзбраенне, баявыя запасы, маёмасць і амаль усё насельніцтва Брэста былі эвакуіраваны, частка ўмацаванняў былі ўзарваны. З 15 жніўня 1915 да канца Першай сусветнай вайны крэпасць была занята германскімі войскамі. Тут на тэрыторыі Цытадэлі ў Белым палацы быў падпісаны Брэсцкі мір.
Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора горад Брэст з крэпасцю адышлі да Польшчы. У Брэсцкай крэпасці размяшчаліся часці 9-га Палескага корпуса Войска Польскага.
На пачатку Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 нямецкія войскі бамбілі крэпасць, была пашкоджана частка абарончай казармы Цытадэлі, будынак інжынернага ўпраўлення, Белы палац. 14 верасня 1939 да крэпасці падышлі перадавыя часці 19-га танкавага корпуса германскай арміі. Да 17 верасня палкі пад камандаваннем польскага генерала Канстанціна Плісоўскага абаранялі крэпасць. Пасля таго, як супраціў стаў бесперспектыўным у сувязі з уступленнем на тэрыторыю Польскай Рэспублікі Чырвонай Арміі, абаронцы Брэсцкай крэпасці вырашалі пакінуць яе. Але ў ёй засталася добраахвотнікі на чале з капітанам Вацлавам Радзішэўскім. У хуткім часе давялося супрацьстаяць ужо савецкаму войску. У ноч на 27 верасня лічаныя жаўнеры паасобку выходзілі з акружэння. Капітан Радзішэўскі прабраўся да сваёй сям’і ў Кобрын, але неўзабаве быў знойдзены органамі НКВД і арыштаваны, пасля чаго ён згінуў.[1]
22 верасня ў адпаведнасці з сакрэтным пратаколам да савецка-германскага пакта аб ненападзе (23 жніўня 1939) у горад і крэпасць увайшла 29-ая лёгка-танкавая брыгада Чырвонай Арміі[2]. Знаходжанне нямецкіх войск у крэпасці закончылася сумесным развітальным парадам і абменам сцягамі. Сістэма ўмацаванняў, якія акружалі крэпасць, аказалася напаўраскрытай на захадзе, бо форты за Заходнім Бугам трапілі ў рукі немцаў. Крэпасць у сувязі з развіццём ваеннай тэхнікі страціла былое ваеннае значэнне, але разам з пабудаванымі ў ёй 2 дотамі ўвайшла ў Брэсцкі ўмацаваны раён.
З вясны 1941 у крэпасці дыслацыраваліся ў асноўным часці 6-й Арлоўскай і 42-1 стралковай дывізій 28-га стралковага корпуса, якія 22 чэрвеня 1941 прынялі ўдар нямецкай арміі і каля тыдня трымалі арганізаваную абарону. 28 ліпеня 1944 у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі Брэст разам з крэпасцю вызвалены ад нямецкіх войск. За гады вайны крэпасць моцна разбурана, у пасляваенны час многія будынкі разабраны. 15 жніўня 1965 Указам Вярхоўнага Прэзідыума Савета СССР Брэсцкай крэпасці прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой».
У 1971 адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. Скульптурна-археалагічны ансамбль уключае ўцалелыя збудаванні, закансерваваныя руіны, крапасныя валы і творы сучаснага манументальнага мастацтва. Комплекс размешчаны ва ўсходняй частцы Цытадэлі.
Адкрыты 8 лістапада 1956. Размешчаны ў адноўленай частцы былой кальцавой казармы, пабудаванай у 1842 годзе і захаванай у паўночнай частцы цэнтральнага вострава крэпасці (Цытадэлі). Мае 11 экспазіцыйных залаў, каля 40 тыс. экспанатаў у тым ліку больш за 20 тыс. экспанатаў асноўнага фонду. Тэматычныя аддзелы экспазіцыі: гісторыя крэпасці, перадваеннае жыццё, мерапрыемствы па ўмацаванню заходніх рубяжоў, напад нямецкіх войск, дзейнасць кампартыі і Савецкага ўрада па арганізацыі адпору ворагу, прыгранічныя баі, абарона крэпасці, Люблін-Брэсцкая аперацыя, крэпасць- аснова патрыятычнага выхавання. Асноўнае ў экспазіцыі — абарона крэпасці. Нвайбольш каштоўныя экспанаты — прадметы знойдзеныя пры раскопках: сцяг 393-га артылерыйскага дывізіёна, загад № 1 па гарнізоне, подпіс на цаглінах «Умираем не срамя», зброя, гадзіннікі воінаў і шмат іншага. У 2 кіназалах дэманструюцца хранікальна-дакументальныя фільмы пра гераічную абарону крэпасці.
Археалагічны музей «Бярэсце» заснаваны ў 1972, размешчаны на тэрыторыі Валынскага ўмацавання. Мае 14 экспазіцыйных залаў, плошча экспазіцыі 2400 м², больш за 45 тыс. экспанатаў. Музей знаёміць з эканамічным развіцём Брэста ў XI—XIV стагоддзях. Асноўная экспазіцыя ўключае больш як 30 выяўленых у выніку археалагічных раскопак гарадзішча Брэста драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў, рэшткі маставых, частаколаў, якія дзякуючы кансервуючым якасцям магутнага культурнага пласта добра захаваліся на вышыню 12 вянкоў. Сярод экспанатаў рэдкія знаходкі — самшытавы грэбень з выразанымі кірылічнымі літарамі, касцяны мастыхін, металічная пісала і інш.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.