манаскі ордэн From Wikipedia, the free encyclopedia
Бенедыкцінцы (лац.: Benedictini, Ордэн св. Бенедыкта, лац.: Ordo Sancti Benedicti, OSB) — манахі найстарэйшага ў Еўропе каталіцкага манаскага ордэна святога Бенедыкта. Заснаваны ў 529 г. Бенедыктам Нурсійскім у горадзе Монтэ-Касіна (Італія). Статут бенедыкцінцаў патрабаваў сталага жыхарства ў кляштары (кляўзуры), паслушэнства, устрымання і беднасці. Мэта ордэна — кантэмпляцыя (прывядзенне псіхікі ў стан глыбокай засяроджанасці), фізічная і разумовая праца, выхаванне моладзі. Адным з абавязкаў бенедыкцінцаў было правядзенне ўрачыстай літургіі.
Лацінская назва | Ordo Sancti Benedicti |
---|---|
Скарачэнне | O.S.B. |
Царква | каталіцтва |
Дэвіз | Ora et labora |
Заснавальнік | Бенедыкт Нурсійскі |
Дата заснавання | 529 |
Колькасць удзельнікаў | 6 865 (2016) |
Афіцыйны сайт |
У IX—X стст. кляштары ордэна мелі аўтаномію, карысталіся шматлікімі прывілеямі, сабралі вялікія багацці. Гэта прывяло да адходу ад статута ордэна. Дзеля вяртання да першапачатковых ідэалаў была праведзена Клюнійская рэформа (X—XI ст.), у выніку якой утварыліся новыя кангрэгацыі: картузаў, цыстэрцыянцаў, трапістаў, камедулаў. Бенедыкцінцы адыгралі вялікую ролю ў развіцці каталіцкай тэалогіі, умацаванні каталіцкай царквы і папства. У XIII ст. бенедыкцінцы страцілі першынство, саступіўшы яго дамініканцам і францысканцам. У 1893 г. Папа Леў XIII заснаваў федэрацыю бенедыкцінцаў, якая пацверджана статутам Папы Пія XII у 1952 г. Гэты ж Папа ў 1947 г. прысвоіў Бенедыкту Нурсійскаму тытул «Бацька Еўропы», а Папа Павел VI у 1964 г. абвясціў яго «патронам Еўропы».
У XI—XIII ст. бенедыкцінцы ўдзельнічалі ў місіянерскай дзейнасці на славянскіх землях і ў Прыбалтыцы. У Вялікім Княстве Літоўскім яны прыйшлі з Польшчы, на Беларусі бенедыкцінцы мелі кляштары ў Гарадзішчы каля Пінска (1659—1855 гады, фундатар ваявода полацкі Ян Караль Копаць; заснаваны менахамі, якія прыйшлі з Монтэ-Касіна, таму атрымаў назву Castrum Cassinum — «Пастаянны лагер Касіна»), Мінску (1700—1832 гады, фундатар жонка менскага харунжага Стацкевіча), Нясвіжы (1590—1872 гады, фундатар Мікалай Радзівіл Сіротка), Слоніме (1669—1850 гады, фундатар Ганна Пшэўдзецкая; першыя манашкі прыйшлі сюды з закрытага смаленскага кляштара, таму называўся Exulantki Smolenski). Былі і жаночыя кляштары, пры якіх існавалі школы для дзяўчынак з шляхецкіх сем'яў. У ВКЛ манашкі-бенедыкцінкі мелі права прышываць да вэлюму крыж з ярка-чырвонага аксаміту, як напамінак пра ахвяры ордэну ў час Паўночнай вайны. Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі царскі ўрад аб'яднаў кляштары бенедыкцінцаў і іншых каталіцкіх манаскіх ордэнаў у бенедыкцінска-цыстэрцыянска-камедула-картузскую кангрэгацыю. Пасля паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гг. на Беларусі кляштары бенедыкцінцаў былі закрыты.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.