From Wikipedia, the free encyclopedia
Архітэктура Латвіі
У 1 тысячагоддзі да н.э. на тэрыторыі Латвіі будавалі ўмацаваныя паселішчы родавых абшчын, т.зв. пілскалны, у 1-м тысячагоддзі н.э. — неўмацаваныя паселішчы (крэпасці-сховішчы), абкружаныя валамі з плятнём і частаколам наверсе. Да канца 12 ст. пераважалі пабудовы з дрэва. У канцы XII—XV стст. пераважала будаўніцтва мураваных абарончых і культавых будынкаў у раманскім стылі, найбольш старажытныя з мясцовыя вапняку.
У XIII—XIV стст. склаліся асноўныя тыпы рыцарскіх замкаў: вежа-данжон (Турайдскі замак у Сігулдзе, пачатак XIII ст.; замак у Ліелстраўпэ , сярэдзіна XIV ст.), канвенцкі дом (замкі ў Вэнтспілсе , 1290; у Рызе, 1330—1515), замак т.зв. нерэгулярнага тыпу, канфігурацыя умацаванняў якога імітавала схілы замкавага узгорка (замак у Кокнэсэ , закладзены ў пачатку XIII ст.). Часта замкі станавіліся цэнтрамі гарадоў (Валміера , Цэсіс ).
Храмы ўзводзілі зальныя (царква ў Ікшкілэ, 1185—XIII ст.), базілікальныя з вежай над фасадам (цэрквы Святога Яня ў Цэсісе, 1283—1287; Святога Сімяона ў Валміеры, 1283 — пачатак XV ст.). Пераходны стыль раманска-гатычных форм і канструкцый адлюстраваны ў Домскім саборы ў Рызе (1211—1270).
У XIII—XVI стст. развівалася гарадское будаўніцтва: ратушы, будынкі гільдый, бюргерскія жылыя дамы з высокімі дахамі і ступеньчатымі франтонамі (Рыга, Цэсіс). Да сталай готыкі належыць царква Святога Петэра ў Рызе (XIII—XV стст.). У познагатычнай архітэктуры часцей выкарыстоўвалі цэглу, ускладнены дэкор франтонаў і скляпенняў (царква Святога Яня ў Рызе, канец XV — пачатак XVI ст.).
У другой палове XVII ст. сцвярджаюцца формы барока: фасад царквы Святога Петэра (1689—1694, архітэктар Р. Біндэншу і інш), т.зв. дом Даненштэрна (1694—1698) у Рызе. У перыяд росквіту барока (1700—1770-я гг.) ствараліся буйныя палацава-паркавыя ансамблі (палацы ў Рундалэ, 1736—1740, 1763—1767, і Елгаве , 1738—1772; арх. абодвух В. В. Растрэлі), свецкія будынкі (Акадэмія Петрына ў Елгаве, 1773—1775, арх. С. Енсен ).
У канцы XVIII — сярэдзіне XIX ст. панаваў класіцызм: лютэранская царква ў Алукснэ (1781—1788, арх. К. Хаберланд), арсенал-пакгауз у Рызе (1828—1830, арх. Ю. Шпацыр), будынак гарадскога тэатра ў Рызе (1860—1863, арх. Л. Бонштэт ), палацавыя комплексы ў Казданзе і Дурбэ (арх. І. Г. Берлін).
У другой палове XIX ст. фарміруецца нацыянальная архітэктурная школа новага часу. На мяжы XIX—XX стст. паралельна з эклектызмам (пабудовы Я. Ф. А. Баўманіса ) развіваўся нацыянальна-рамантычны кірунак, які спалучаў традыцыі народнага латышскага дойлідства з элементамі стылю мадэрн (жылыя дамы ў Рызе, 1906—1909, арх. Э. Лаўбэ і А. Ванаг ). Пабудовам першай паловы XX ст. ўласцівы класіцыстычныя тэндэнцыі (актавая зала Латвійскага ўніверсітэта ў Рызе, 1929—1938, арх. Э. Шталберг ), рысы рацыяналізму з захаваннем стылізатарства ў духу нацыянальнага рамантызму (царква ў Алажах , 1927).
З сярэдзіны 1950-х гг. будаўніцтва вядзецца пераважна паводле тыпавых праектаў з цэглы ці зборнага жалезабетону. Будынкі жылых кварталаў групуюцца ў гармоніі з наваколлем, з цэнтрамі транспартнага і бытавога абслугоўвання (жылыя раёны Агенскалнскія Сосны, 1958—1962, арх. М. Рандэль; Пурвунемэ, з 1964, арх. С. Алкснэ, Э. Драндэ ў Рызе, і інш.). Для грамадскіх будынкаў характэрны строгая планіроўка, выразнасць канструкцый (санаторый у Яўнкемеры, 1967, арх. А. Рэйнфельд і інш.), стрыманая па колеры аддзелка інтэр'ераў (летняя канцэртная зала ў Дзінтары , 1959—1960, арх. М. Гелзіс і А. Вецсіліс), выкарыстанне на фасадах абліцоўкі з металу і пластыкаў.
Найбольш значныя збудаванні 1970—1990-х гг.: Мастацкі тэатр імя Я. Райніса (1976, арх. М. Станя , Х. Кандэр, І. Якабсан), комплекс аэрапорта «Рыга» (1974, арх. Л. Іваноў, В. Ермалаеў), жылыя раёны Пурвцыемс і Мэжцыемс (1980—1990-я гг.) — усе ў Рызе, Дом культуры «Юрас варты» ў Вэнтспілсе (1977, арх. В. Вавулс, А. Дамброўскі) і інш. У 1945 годзе заснаваны Саюз архітэктараў Латвіі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.