Ампір
архітэктурны стыль / From Wikipedia, the free encyclopedia
Ампі́р (ад фр.: empire — «імперыя») — стыль у архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве першай траціны XIX ст. у Францыі і Расійскай імперыі, завяршальная фаза класіцызму[1].
Перадумовай ампіру ў Францыі ў канцы XVIII стагоддзя было імкненне майстроў класіцызму да ўсё большай лапідарнасці і манументальнасці — у праектах К. Н. Леду[ru], Э. Л. Буле[ru] і інш. Іх ідэі аскетычна-лаканічных і геаметрычна выразных збудаванняў насілі ў асноўным утапічны характар, але яны ўзбагацілі наступныя пошукі архітэктараў[1].
Стыль Дырэкторыі (1795—1799) і т.зв. стыль Консульства, якія папярэднічалі ампіру, ужо арыентаваліся на мастацтва грэчаскай архаікі, імперскага Рыма, а таксама Старажытнага Егіпта, пераймаючы яго манументальнасць, лаканізм, пазней — ідэю зацвярджэння імперскай велічы пасродкам шматлікіх атрыбутаў і сімвалаў. Актыўнае выкарыстанне вялікіх непадзеленых паверхняў сцен, геаметрычная правільнасць суцэльных аб’ёмаў будынкаў, масіўнасць пілонаў і калон часткова ўзыходзяць да старажытнаегіпецкага мастацтва. Шырокае распаўсюджанне ў архітэктуры ампіру атрымалі порцікі дарычнага і тасканскага ордараў; дэкор будынкаў быў нярэдка перагружаны ваеннай атрыбутыкай (ліктарскія фасцыі, даспехі, вянкі, геральдычнымі арлы[ru], таксама стылізаваныя сфінксы і да т.п.)[1].
Разам з тым у структуры формаўтварэння ампіру праглядаецца ўзмацненне горадаўтваральнай ролі фасадаў будынкаў, якія забяспечваюць сіметрычнасць і гарманічнасць ансамбля ў цэлым[1].