горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Талачы́н — места ў Беларусі, на рацэ Друці. Адміністрацыйны цэнтар Талачынскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 9690 чалавек[1]. Знаходзіцца за 124 км на паўднёвы захад ад Віцебску. Чыгуначная станцыя на лініі Менск — Ворша. Празь места праходзіць аўтамабільная дарога Менск — Ворша, а таксама дарогі ў кірунках на Круглае, Чашнікі, Сянно.
Талачын лац. Tałačyn | |||||
Колішні манастыр базылянаў | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1433 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Віцебская | ||||
Раён: | Талачынскі | ||||
Вышыня: | 199 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 9690 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2136 | ||||
Паштовы індэкс: | 211070 | ||||
СААТА: | 2246501000 | ||||
Нумарны знак: | 2 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°24′35″ пн. ш. 29°41′37″ у. д. | ||||
± Талачын | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
https://tolochin.vitebsk-region.gov.by/by/ |
Талачын — даўняе места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны). Да нашага часу тут захаваўся комплекс манастыра базылянаў з царквой Покрыва Багародзіцы ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII ст., а таксама касьцёл Сьвятога Антонія ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст.
Існуе дзьве вэрсіі паходжаньня тапоніму Талачын. Першая зьвязвае назву паселішча з словам талака — 'згуртаваньнем людзей дзеля калектыўнай працы' (напрыклад, будоўля хаты, вал лесу)[2]. Прыхільнікі другой вэрсіі мяркуюць, што тапонім утварыўся ад слова «толочея» — сыноніму кірмаша[3].
Першы пісьмовы ўпамін пра Талачын датуецца 1433 годам, калі ён ужо меў статус места ў Друцкім княстве (у складзе Вялікага Княства Літоўскага) і знаходзіўся ў валоданьні князёў Друцкіх[4]. У сярэдзіне XVI стагодзьдзя Талачын упамінаецца як гандлёвае мястэчка, дзе штогод праводзілася 3 кірмашы. У гэты час ён належаў Друцкім-Талачынскім. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Талачын увайшоў у Аршанскі павет Віцебскага ваяводзтва. У канцы XVI стагодзьдзя[4] маёнтак перайшоў у валоданьне Сапегаў, пазьней — Сангушкаў.
У 1604 годзе Леў Сапега збудаваў у Талачыне касьцёл, школу і шпіталь для хворых. На 1621 год у мястэчку было 314 будынкаў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Талачын спалілі маскоўскія захопнікі; колькасьць будынкаў скарацілася да 142[4].
У 1769 годзе князі Сангушкі фундавалі ў Талачыне базылянскі манастыр. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) усходняя частка мястэчка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі (атрымала назву Стары Талачын), тым часам заходняя частка, што разьмяшчалася за Друцьцю, пачала называцца Новым ці Зарэчным Талачыном. У 1772—1793 гадах мястэчка было пагранічным пунктам з мытняй. 15 лютага 1782 году ў царскім указе Талачын значыцца як места, аднак ва ўказе ад 9 лютага 1783 году — як мястэчка. У 1779 годзе пры базылянскім манастыры пачалі працаваць школа і шпіталь.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Новы Талачын таксама апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Стары Талачын лічыўся цэнтрам Стараталачынскай воласьці, якая ўвайшла ў Копыскі павет; Новы Талачын быў цэнтрам Зарэчнаталачынскай воласьці Сеньненскага павету Магілёўскай губэрні.
У вайну 1812 году ў Талачыне згарэлі 2 касьцёлы, паштовы двор, 30 крамаў, 56 двароў. У ліпені і лістападзе ў мястэчку спыняўся Напалеон, на загад якога тут спалілі сьцягі «Вялікай арміі».
На 1847 год у Талачыне рэгулярна праводзілася 3 кірмашы — Мікалаеўскі (9 траўня), Ільлінскі (20 ліпеня), Усьпенскі (8 верасьня). З 1859 году каля мястэчка працавала гута. У 1860-я гады беларускіх сялянаў вёскі Загарадзьдзя каля Талачына, што актыўна бралі ўдзел у нацыянальна-вызвольным руху, расейскія ўлады вывезьлі за межы Беларусі. Саму ж вёску засялілі 15 сялянскімі сем’ямі з цэнтральнай Расеі (Разанская губэрня)[5].
У 1861 годзе Стары Талачын увайшоў у Аршанскі павет. У 1863 годзе тут адкрылася расейская народная вучэльня. У 1869 годзе ў Зарэчным Талачыне таксама адкрылася вучэльня, у 1881 годзе — пачаў працаваць крухмальны завод. У пачатку XХ стагодзьдзя ў Талачыне быў 391 будынак, дзеялі царква і касьцёл, працавалі 2 народныя вучэльні, школа, крухмальны завод, 2 гарбарні, цагельня, бровар, гута і вадзяны млын. Мясцовае насельніцтва гандлявала збожжам і лесам.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Талачын занялі войскі Нямецкай імпэрыі[6].
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Талачын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Талачын вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну Аршанскай акругі. У 1938 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу, у Віцебскай вобласьці. На 1939 год у Талачыне працаваў ільнозавод, а таксама шпалапільны, гарбарны заводы, былі іншыя прадпрыемствы, у тым ліку ткацкая фабрыка. У Другую сусьветную вайну з 8 ліпеня 1941 году да 26 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
22 ліпеня 1955 году Талачын атрымаў статус места. 28 лютага 2011 году афіцыйна зацьвердзілі мескі сьцяг[7].
У Талачыне працуюць 3 сярэднія, 1 пачатковая школы.
Дзеюць 4 бібліятэкі, дом культуры, пры якім — народная самадзейная кінастудыя «Летапіс». У 2001 годзе адкрыўся гістарычна-краязнаўчы музэй.
У месьце выдаецца раённая газэта «Наша Талачыншчына» (да 2001 году мела назву «Сцяг Ільіча»). Наклад — больш за 5000 асобнікаў.
Цэнтар Талачына склаўся яшчэ ў XVI—XVІI стагодзьдзях. Яго плянавальная структура сфармавалася ў XVІІI—XIХ стагодзьдзях. Паводле генэральных плянаў, распрацаваных у 1968 і 1977 гадах, утвораны мікрараён. У цэнтры места 2—4-павярховыя будынкі.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
40 год Кастрычніка плошча | Рынак пляц |
Валадарскага вуліца | Віцебская вуліца |
Дзяржынскага вуліца | Лукомская вуліца |
Леніна вуліца | Аршанская вуліца[15] |
Пушкіна вуліца | Мікольская вуліца |
Энгельса вуліца | Віленская вуліца[16] Зарачанская вуліца[15] |
Прадпрыемствы тэкстыльнай, першаснай апрацоўкі лёну, харчовай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Талачыны |
---|
|
Праз Талачын праходзяць аўтамабільныя дарогі Р19 (Талачын — Крупкі), Р25 (Віцебск — Талачын) і Р26 (Талачын — Круглае — Нежкава). За 5 км ад места праходзіць аўтамагістраль М1E30.
Ёсьць рэгулярнае аўтобуснае злучэньне зь Менскам, Віцебскам і Воршай.
Чыгуначная станцыя Талачын на лініі Масква — Менск. Пасажырскія і хуткія цягнікі на Менск, Воршу, Маскву, прымескае злучэньне з Воршай і Менскам.
Працуе Талачынскі гістарычна-краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы[17].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.