Максім Багдановіч
беларускі літаратар / From Wikipedia, the free encyclopedia
Максі́м Ада́мавіч Багдано́віч (9 сьнежня [ст. ст. 27 лістапада] 1891, Менск — 25 траўня [ст. ст. 12 траўня] 1917, Ялта) — беларускі паэт, празаік, публіцыст, дасьледчык, літаратуразнавец, перакладчык, клясык беларускае літаратуры[4]. Адзін са стваральнікаў беларускае літаратуры й сучаснае літаратурнае беларускае мовы[4]. Распачынальнік традыцыі беларускага мастацкага перакладу[5]. Нізка «Места» з адзінага прыжыцьцёвага зборніка паэта «Вянок» зьяўляецца першым узорам урбаністычнае лірыкі ў новай беларускай паэзіі[6]. Спадчына Максіма Багдановіча ўвайшла ў залаты фонд беларускае культуры[7][8].
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Багдановіч (неадназначнасьць).
Максім Багдановіч лац. Maksim Bahdanovič | |
М. А. Багдановіч, 1910—1911 гг. (19—20 гадоў) | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | «Максім Кніжнік», «Maksim Hrynica», «Эхо» і іншыя[1] |
Нарадзіўся | 27 лістапада (9 сьнежня) 1891[2] Менск, Беларусь |
Памёр | 12 (25) траўня 1917[2] (25 гадоў) Ялта, Таўрыйская губэрня |
Бацькі | Адам Багдановіч Марыя Багдановіч[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, публіцыст, перакладчык, рэцэнзэнт, літаратурны крытык |
Гады творчасьці | 1907—1917 |
Кірунак | элемэнты імпрэсіянізму[3] і сымбалізму |
Жанр | верш, паэма |
Мовы | беларуская, расейская |
Дэбют | «Музы́ка» (Наша Ніва, №24/1907) |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Творы на сайце Kamunikat.org | |
Вэрсыфікацыйная дзейнасьць Максіма Багдановіча ўзбагаціла беларускую паэзію на такія нязнаныя дагэтуль клясычныя ўзоры вершаскладаньня, як санэт, трыялет, танка, рубай, рандо, рэндэль, тэрцына і інш[9]. Доктарка філялягічных навук і прафэсар МДУ Ала Шэшкен параўноўвае Максіма Багдановіча з Аляксандрам Пушкіным па месцы, якое ён займае ў беларускай літаратуры, трансфармаваўшы паэтычны досьвед эўрапейскае літаратуры на нацыянальную глебу[10]. Выключнае пачуцьцё гармоніі і меры, у дачыненьні да паэтычнае спадчыны, уласьцівае абодвум паэтам, заўважыў паэт і дасьледчык беларускае літаратуры Ніл Гілевіч[11].
Максім Багдановіч заклаў пачатак беларускае літаратурнае прафэсійнае крытыкі[12]. Гісторыка-літаратурная канцэпцыя Максіма Багдановіча найбольш поўна раскрылася ў яго працах «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасьці XVI сталецьця», «За сто лет», «Новый период в истории белорусской литературы» и «Белорусское возрождение»[13]. На палажэньнях, выказаных у літаратуразнаўчых артыкулах «Глыбы і слаі» і «За тры гады» грунтавалася навуковая гісторыя беларускае літаратуры ў будучыні[12]. Максім Багдановіч-крытык выступаў на беларускай, расейскай і ўкраінскай мовах, папулярызуючы дасягненьні маладое беларускае літаратуры, аналізуючы ўкраінскую паэзію і пытаньні гісторыі расейскае літаратуры[12]. Большасьць крытычных матэрыялаў на расейскай мове друкаваліся ў 1913—1916 гг. у яраслаўскай газэце «Голас»[12].