дзяржаўная беларускамоўная газэта Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
«Зьвязда» (наркам. Звязда) — штодзённая дзяржаўная газэта Беларусі, заснаваная ў жніўні 1917 году.
«Зьвязда» | |
Тып | штодзёньнік |
---|---|
Фармат | A2, A3 |
Уладальнік | Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь |
Выдавец | Выдавецкі дом «Зьвязда»[1] |
Краіна | Беларусь |
Галоўны рэдактар | Алесь Карлюкевіч |
Заснаваная | 9 жніўня 1917 (107 гадоў таму) |
Палітыка | урадавая |
Мова | беларуская |
Штаб-кватэра | Менск, Савецкі раён, вул. Б. Хмяльніцкага, д. 10а[2] |
Аб’ём | 8 старонак (без дадаткаў) |
Пэрыядычнасьць | 5 разоў на тыдзень (2021 год)[3] |
Наклад | 14,8 тыс. (І.2021) |
Цана | 56 капеек (2021 год)[4] |
ISSN | 1990-763x |
Узнагароды | |
Афіцыйны сайт | zviazda.by |
Штогод выдаецца 250 нумароў. На 2021 год была адзінай цалкам беларускамоўнай штодзённай газэтай краіны. Падпісны індэкс на «Белпошце» — 63850[5]. Налічвала 10 штомесячных дадаткаў: «Алімпіец»[6], «Жырандоля»[7], «Ігуменскі тракт»[8], «Карані і кроны»[9], «Краіна здароўя»[10], «Мясцовае самакіраваньне»[11], «Пляцдарм»[12], «Сямейная газэта»[13], «Фарпост спакою»[14] і «Чырвоная зьмена»[15].
Першы нумар выдаў 9 жніўня [ст. ст. 27 ліпеня] 1917 году ў Менску на расейскай мове Менскі камітэт Расейскай сацыял-дэмакратычнай работніцкай партыі (бальшавікоў) (РСДРП(б)). Наклад склаў 1500 асобнікаў, якія замовілі ў друкарні Абрама Данцыга па вул. Багадзельная, д. 6 (цяпер вул. Камсамольская ў Цэнтральным раёне Менску). Рэдакцыя знаходзілася па вул. Петраградзкая, д. 6 (цяпер цяпер вул. Ленінградзкая ў Кастрычніцкім раёне Менску)[16]. Стваральнікамі і першымі рэдактарамі былі Вільгельм Кнорыньш, Карл Ландэр, Аляксандар Мясьнікян, В. В. Фамін і Міхаіл Фрунзэ(en). Двойчы зачынялася Часовым урадам Расейскай рэспублікі, але выходзіла пад іншымі назвамі: з 15 (28) верасьня па 6 (19) кастрычніка як «Молот»; з 8 (21) кастрычніка па 29 кастрычніка (11 лістапада) як «Буревестник» выдавалася Паўночна-Заходнім абласным камітэтам РСДРП(б). Затым пад першапачатковай назвай.
Праз акупацыю Беларусі немцамі ў першую сусьветную вайну зь лютага 1918-га выдавалася ў Смаленску як газэта Паўночна-Заходняга абласнога і Смаленскага губэрнскага камітэтаў Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў). Пры канцы красавіка 1918 г. прыпыніла выхад. У чэрвені 1918 г. 4-я Паўночна-Заходняя абласная канфэрэнцыя Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) зацьвердзіла Рашэньне аб працягу выданьня газэты, якім абавязала мясцовыя суполкі партыі патрабаваць ад кожнага пісьменнага ў расейскай мове партыйца квітанцыю аб падпісцы на газэту[17]. Са сьнежня зноў у Менску. З пачатку сакавіка 1919-га — орган Цэнтральнага камітэту (ЦК) Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Летувы і Беларусі, 1-19 красавіка выходзіла ў Вільні, з 1 траўня да 8 жніўня — зноў у Менску. У час савецка-польскай вайны праз польскую акупацыю з восені выдавалася ў Смаленску, як штотыднёвік, з 8 жніўня 1920-га — у Менску. З 1925-га друкавалася на беларускай і расейскай мовах.
15 ліпеня 1927 г. Бюро ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі зацьвердзіла рашэньне: «Пры пераводзе газэты „Звезда“ на беларускую мову пакінуць гэту назву газэты, ужываючы беларускую транскрыпцыю („Зьвязда“)»[18]. 9 жніўня 1927 г. газэта ўпершыню выйшла цалкам на беларускай мове і з таго часу зьяўляецца найбуйнейшым беларускамоўным выданьнем у краіне. У 1920-30-я гады асьвятляла калектывізацыю ды індустрыялізацыю. У 1930-я гады вінаваціла беларускую інтэлігенцыю(be) ў контрарэвалюцыйнасьці(en) і нацыянал-дэмакратызме.
Падчас Другой сусьветнай вайны выходзіла ў Менску, потым у Магілёве і Гомлі (да 13 жніўня 1941 г.). У траўні — верасьні 1942-га Менскі падпольны камітэт Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б) нелегальна выдаў 4 нумары (рэдактары: Уладзімер Амельянюк — №1, У. К. Нікіфараў — №2-4). З 27 студзеня 1943-га да 1 ліпеня 1944-га выдавалася ЦК КП(б)Б і Менскім абласным камітэтам КП(б)Б у партызанскай зоне ў Любанскім раёне, на высьпе Зыслаў пасярод балотаў[19]. Выйшлі 93 нумары (у студзені 1943-га — лютым 1944-га рэдактар Міхаіл Барашкаў(be)). З 10 ліпеня 1944-га выдаецца ў Менску, да 1991 орган ЦК КПБ, Вярхоўнага Савету і Савету міністраў БССР.
У газэце «Зьвязда» пачыналі друкавацца народны пісьменьнік Беларусі Іван Шамякін, народныя паэты Беларусі Максім Танк, Пімен Панчанка і Ніл Гілевіч[20].
У 2000 годзе стварылі вэб-бачыну газэты «Зьвязда». 16 чэрвеня 2005 г. у гонар газэты ў Менску назвалі праспэкт. На 18 траўня 2012 г. існавала 10 помнікаў, прысьвечаных газэце[21]. На 9 жніўня 2012 г. зьяўлялася адзінай у Беларусі беларускамоўнай штодзённай газэтай[22], як і найбуйнейшым беларускамоўным выданьнем[23]. У 2013 годзе адзін нумар газэты каштаваў 1800 рублёў[24].
У красавіку 2014 году «Зьвязда» атрымала галоўную ўзнагароду Нацыянальнага конкурсу «Залатая Літара» ў намінацыі «Найлепшы творчы праект году рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў» за спэцвыпуск «Пляцдарм» пра войска і вайскоўцаў пры садзейнічаньні Міністэрства абароны Беларусі[25]. На 9 жніўня 2017 году ў газэце было 175 штатных супрацоўнікаў[20].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.